Баранавічы ў складзе Польшчы

Дзве вайны падрад зруйнавалі і абяскровілі горад. На момант уваходу Баранавічаў у склад Польшчы ў 1921 г. тут засталося ў некалькі разоў менш жыхароў, чым было да Першай сусветнай вайны. Многія ўцекачы Першай сусветнай вайны працягвалі вяртацца з Расіі ў родныя мясціны праз Баранавічы. З 1921 г. па 1923 г. у горадзе знаходзіўся буйны репатрыяцыйны пункт. У былых казармах чыгуначнай брыгады і каля іх, часта пад адкрытым небам, жылі ва ўмовах неймавернай скучанасці тысячы рэпатрыянтаў. Часам лічба іх перавышала колькасць жыхароў г. Баранавічы. Так, у 1921 г. на 11 тысяч баранавічан прыходзілася 16 тысяч рэпатрыянтаў. Многія з іх памерлі ад холаду і хваробаў, знайшоўшы вечны ўпакой на мясцовых могілках.

Ужо ў дваццатых гадах XX веку сістэма адукацыі ў Баранавічах была прадстаўленая ўстановамі розных ступеняў. Ніжнюю ступень (дашкольныя ўстановы) уяўлялі сабою навучальныя ўстановы пры грамадскіх аб’яднаннях вайскоўцаў, чыгуначнікаў, паліцэйскіх. Гэта былі прыватныя ўстановы, якія наведвалі дзеці служачых. Навучанне ў іх было платным. Адзінай дашкольнай установай у горадзе, даступнай для дзяцей з бедных сем’яў, быу прытулак для дзяцей пры таварыстве «Карытас».

19 красавіка 1921 г. па невыяўленай прычыне згарэў прыходскі храм, які быў узведзены ў 1908 г. на сродкі прыхаджан і дабудаваны ў 1915 г.

30 кастрычніка 1922 г. горад наведаў галава дзяржавы маршал Юзэф Пілсудскі. Кніга-календар «Kalendarz Popularny Baranowicki» так апісвае гэтую падзею: «...Маршал прыбыў у Баранавічы 30 кастрычніка 1922 г. у 11 гадзін спецыяльным цягніком з Варшавы на Цэнтральны вакзал. Там ен быў сустрэты навагрудскім ваяводай, мясцовымі грамадзянскімі і ваеннымі ўладамі. У 11:30 маршал Юзэф Пілсудскі быў сустрэты каля трыумфальнай аркі прадстаўнікамі горада, грамадскіх аб’яднанняў, атрадамі ваеннай падрыхтоўкі і пажарнай аховы са сцягамі. Адтуль экіпажам, запрэжаным парай белых коней, разам з ваяводай навагрудскім Уладыславам Рачкевічам накіраваўся вуліцамі Шаптыцкага і Нарутовіча да староства, дзе прыняў у канферэнцзале дэлегацыі горада і гімн Баранавіцкага павету... ...Пасля прыняцця дэлегацыі маршал правеў канферэнцыю ў кабінеце старасты з ваяводай Владыславам Рачкевічам, старастай Канстанцінам Рдултоўскім і бургамістрам Вацлавам Тэраевічам. Пасля накіраваўся на вакзал, адкуль адбыў сваім цягніком у Варшаву каля 15 гадзін дня. Маршала Юзэфа Пілсудскага суправаджалі, акрамя ад’ютантаў, шэф Грамадзянскай канцэлярыі Станіслаў Цар...» Праз два гады, 11 лістапада 1924 г. гарадскі Савет прыняў пастанову, у адпаведнасці з якой Юзэф Пілсудскі стаў ганаровым грамадзянінам горада Баранавічы.

Польскія ўлады ставіліся да Заходняй Беларусі («Усходнія Крэсы») як да земляў другараднага значэння, якім адводзілася роля крыніцы таннай працоўнай сілы і сыравіны, а таксама роля рынку збыту для прадукцыі прамысловых прадпрыемстваў Польшчы. Гэта было прычынай павольнага аднаўлення прамысловых прадпрыемстваў пасля мінулых войнаў; новыя ж фабрыкі і заводы будаваліся ў невялікай колькасці. Практычна ўсе баранавіцкія прадпрыемствы займаліся перапрацоўкай мясцовай сыравіны і вытворчасцю тавараў штодзеннага попыту.

Засланыя з савецкай тэрыторыі камуністычныя партызанскія атрады доўгі час (1920–1925 гг.) прабавалі праводзіць акцыі, накіраваныя на актывізацыю ўзброенай барацьбы і стварэнне ўмоў для рэвалюцыі ў ІІ-й Рэчы Паспалітай. Так, 24 верасня 1924 г. на чыгунцы Пінск — Лунінец атрад Кірылы Арлоўскага спыніў цягнік з камендантам паліцыі Менсовічам, біскупам Зыгмунтам Лазінскім, сенатарам Віслаух і новым палескім ваяводай Станіславам Даўнаровічам, якога партызаны змусілі адправіць у Варшаву тэлеграму з заявай аб адстаўцы. У ноч на 13 лістапада 1924 г. аналагічную акцыю паблізу станцыі Лясной правялі партызаны Баранавіцкага павету. Яны спынілі цягнік, раззброілі шэсць афіцэраў, некалькі сержантаў і капралаў, дванаццаць салдатаў і двух паліцэйскіх. Улады кінулі ў пагоню буйныя падраздзяленні паліцыі і арміі, перакрылі ўсе дарогі, блакіравалі лес, дзе ўкрываліся партызаны, але лазутчыкі здолелі каля вескі Залессе прарвацца скрозь кальцо акружэння. Шаснаццаць удзельнікаў налету на цягнік, змучаныя праследаваннем, зайшлі перадыхнуць у веску Нагорная Часноўка, дзе і былі схопленыя ўланамі. Суд был хуткім: чатырох членаў атрада расстралялі, а яшчэ чатырох прыгаварылі да пажыццевага турэмнага зняволення. Даставалася і беларускаму сялянству, якое ўлады жорстка каралі за дзеянні камуністаў.

У Польшчы існаваў магутны рэпрэсійны апарат з турмамі, судамі, паліцыяй, які стаяў па большай частцы на абароне інтарэсаў нацыянальнай буржуазіі і вышэйшых варстваў грамадства. Палітычныя свабоды былі зліквідаваныя. Выкарыстоўваючы існуючы эканамічны і нацыянальны прыгнет, нацыянальнае і палітычнае бяспраўе, камуністы агіціравалі людзей на барацьбу супраць існуючага строю.

Да канца 1923 г. у Баранавічах быў створаны часовы гарадскі падпольны камітэт КПЗБ, а ў красавіку 1924 г. — Баранавіцкі акружны камітэт. Партыйная арганізацыя ў горадзе налічвала ў той час каля 50 чалавек. Сярод рабочых, служачых і сялян вялася «палітычна-масавая праца», арганізоўваліся партыйныя адзінкі на прадпрыемствах горада. Ідэі камуністычнай партыі сярод моладзі распаўсюджвалі камсамольцы. У стварэнні акружной арганізацыі КСМЗБ актыўна ўдзельнічала сакратар падпольнага абкама камсамола Заходняй Беларусі В. З. Харужая, якая прыязжала ў Баранавічы ў красавіку 1924 г. Яна выступала на сходах і мітынгах моладзі, прызываючы яе «да барацьбы з эксплуататарамі за ўстанаўленне справядлівага правапарадку».

У 1923–1924 гг. у Баранавічах было арганізаванае аддзяленне «Саюзу купцоў у Варшаве», якое ў сярэдзіне 30-х гг. налічвала больш за 200 членаў.

У 1924 г. было распачатае ўзвядзенне праваслаўнага храму; пад кіраваннем М. Бруні, які ўдзельнічаў у роспісе Аляксандра-Неўскага Сабору ў Варшаве, у 1926 г. на сценах храму ў Баранавічах былі замацаваныя некаторыя мазаічныя палотны, вывезеныя са знішчанага галоўнага праваслаўнага храму польскай сталіцы. Сярод іх была і частка мазаікі М. А. Кошалева «Спас з будаўніком» («Спас з данатарам»), якая прадстаўляла Л. М. Бенуа трымаючага мадэль сабору, а таксама невялікі фрагмент кампазіцыі В. М. Васняцова «Аб Табе радуецца…». Па меркаванні спецыялістаў, баранавіцкія мазаікі адносяцца да найлепшага з таго, што было створана ў свеце ў вобласці мазаічнага мастацтва ў XIX — пачатку XX вякоў (пазней, у 1953 г. сабор быў абвешчаны архітэктурным помнікам і ўзяты пад ахову дзяржавы — СССР). Будаўніцтва храму па праекце варшаўскага архітэктара Мікалая Абалонскага было скончанае ў 1931 г. Бюджэт будоўлі склаў 147 000 злотых, з якіх польскім урадам дзякуючы клопатам сенатара Аляксея Назарэўскага, які ўзначальваў камітэт па будаўніцтве храму, было выдзелена 58 000 злотых.

У 1925 г. на вуглу вуліц Шаптыцкага і Міцкевіча быў адчынены помнік Невядомаму Салдату (другі ў краіне пасля варшаўскага і адзін з першых у Еўропе).

У 1925 г., заўважаючы рост рэвалюцыйнага руху, польскія службы бяспекі пачалі праследаванні членаў КПЗБ і працоўных. Больш за 300 чалавек было арыштавана ў Баранавічах і раене.

У красавіку 1926 г. адбыліся выбары ў другую гарадскую раду. У склад новай рады ўвайшло 12 хрысціянаў і 12 яўрэяў. Рада зацвердзіла склад наступнага баранавіцкага магістрату. Новым бургамістрам быў назначаны Эугэніуш Дэмбіньскі-Пюро. Адным з першых мерапрыемстваў новага магістрату было адкрыцце ў 1926 г. гарадской аптэкі. Аптэка, як паведамлялася ў «Баранавіцкім хрысціянскім каляндары-пуцевадзіцелю», стала важным фактарам рэгулявання цэнаў на лекі ў Баранавіцкім павеце. Трохі пазней у Баранавічах пачаў дзейнічаць гарадскі цэнтр здароўя, пабудаваныя гарадскія бані. У 1928–1929 гг. у нашым горадзе было заснаванае аддзяленне сацыяльнага забеспячэння, дырэктарам якога стаў Б. Авіноўскі. У час Вялікай дэпрэсіі, якая закранула і Заходнюю Беларусь, аддзяленне давала бясплатную медыцынскую дапамогу беспрацоўным.

У 1926 г. у азнаменаванне 150 гадавіны абвяшчэння Дэкларацыі Незалежнасці Штатаў Паўночнай Амерыкі, у Польшчы была складзеная памятковая кніга. У ста адзінаццаці тамах былі сабраныя подпісы людзей, якія жадалі выказаць свае захапленне і памяць аб гэтай падзеі. Прынялі ўдзел у гэтым мерапрыемстве і жыхары Баранавічаў.

У 1927 г. камсамольцы Баранавічаў адзначылі 10-гадовы юбілей Вялікага Кастрычніка, вывясіўшы на відочных месцах у горадзе чырвоныя сцягі. У горадзе і ў весках Баранавіцкага павету распаўсюджваліся камуністычныя лістоўкі і пракламацыі.

У красавіку 1929 г. скончыліся паўнамоцтвы другой рады і магістрату. У склад трэцяй баранавіцкай рады ўвайшлі 11 хрысціянаў і 13 яўрэяў, а трэцім па ліку бурмістрам стаў Конрад Мацкевіч. У перыяд дзейнасці магістрату на чале з Мацкевічам у Баранавічах у 1930 г. было заснаванае бюро вымярэнняў і створаны план горада. Эканамічны крызіс, непаслядоўная фінансавая палітыка тагачасных гарадскіх уладаў, частая змена службовых асобаў прывялі да ўзнікнення дэфіцыту ў гарадскім бюджэце. У гэтай сувязі бурмістар Мацкевіч у кастрычніку 1931 г. адмовіўся ад займаемай пасады. У наступныя гады гаспадарчая і палітычная сітуацыя ў горадзе не вылучалася стабільнасцю. На працягу 1931–1934 гг. пост бурмістра ў Баранавічах займаў спачатку Стэфан Сенькоўскі (снежань 1931 г. – люты 1932 г.), а потым Максыміліян Ярмульскі (жнівень 1932 г. – чэрвень 1934 г.) У 1929 г. ў Баранавічах быў адчынены павятовы музей. У горадзе ў той час налічвалася амаль адзінаццаць з паловай тысяч чалавек (11471) і па гэтым паказчыку горад знаходзіўся на другім месцы ў Навагрудскім ваяводстве пасля Ліды. У 30-х гг. замест булыжнай маставой на вуліцы Савецкай (у той час — Шаптыцкага) быў пакладзены брук, які захаваўся да нашых дзен.

У верасні 1930 г. у Баранавічах быў створаны Аддзел Польскага Чырвонага Крыжа. Ініцыятарам яго стварэння быў маер доктар Анджэй Вэнжык, а кіраўніком быў выбраны Альфрэд Шмідт, камандзір 78-га пяхотнага палка, які ў той час быў раскватараваны ў Баранавічах. З дня заснавання аддзелу ў Баранавічах праводзілася вярбоўка новых супрацоўнікаў, што залежала ад фінансавых мажлівасцяў арганізацыі, а таксама падрыхтоўка на выпадак вайны альбо надзвычайных патрэбаў краю адпаведнай колькасці навучанага медыцынскага персаналу. З гэтай мэтай кіраўніцтва баранавіцкага аддзелу Чырвонага Крыжа заснавала з 1931 г. шэраг санітарных курсаў: курс для санітарных сестраў, для інструктараў Чырвонага Крыжа 2-га класа і курсы для ўдзельнікаў ратаўнічых дружынаў. На курсы для ўдзельнікаў ратаўнічых дружынаў прымаліся жанчыны да 40 гадоў і мужчыны да 50 гадоў, якія ўмелі чытаць і пісаць па-польску. Што ж датычыцца курсаў для санітарных сестраў і інструктараў Чырвонага Крыжу, то патрабаваннем да кандыдатаў было сканчэнне хаця б пачатковай школы. Нягледзячы на тое, што падобныя курсы давалі мажлівасць даведацца, як належыць вясці сябе ў выпадку разнастайных непрадбачаных сітуацый, а таксама дрэннага самаадчування ці хваробы, жадаючых запісацца на іх было няшмат. Да 1937 г. баранавіцкім аддзелам Польскага Чырвонага Крыжа было падрыхтавана 17 санітарных сестраў, 24 інструктара 2-га класа і 162 чалавекі для ратаўнічых дружынаў, з якіх было арганізавана ўслед чатыры мужчынскія і дзве жаночыя дружыны. На выпадак надзвычайных сітуацый супрацоўнікі збіралі сродкі для стварэння палявых шпіталяў і закупалі лекі. У Баранавічах ахвяраванні прымаліся ў бюро аддзелу, якое мясцілася ва ўрадніцкім пасяленні па вуліцы Сташыца.

Баранавіцкі аддзел Чырвонага Крыжа быў абмежаваны ў фінансах. І ўсе ж з фонду аддзелу, які складалі членскія ўзносы і дабраахвотныя ахвяраванні, яму ўдалося закупіць пяць камплектаў экіпіроўкі для ратаўнічых дружынаў. Такі камплект складаўся з аптэчкі для аказання першай дапамогі, кіслароднага апарату, супрацьгаза, ношаў і ахоўнай вопраткі. Баранавіцкі аддзел Польскага Чырвонага Крыжа актыўна праводзіў публічныя акцыі і знаеміў людзей з дзйнасцю арганізацыі. У рамах акцыі пад дэвізам «Клапаціся аб бліжнім» аддзел арганізоўваў школьныя гурткі пры пачатковых і сярэдніх школах. З 1935 г. былі адведзеныя спецыяльныя памяшканні для заняткаў са школьнікамі.

У трыццатых гадах XX веку, калі ў нашым горадзе пражывала больш за 26000 чалавек, тэлефонных абанентаў налічвалася больш за дзвесце, а тэлефонныя нумары складаліся з трох лічбаў. Тэлефоннай сувяззю былі абсталяваныя, у першую чаргу, такія важныя аб’екты, як магістрат, адміністрацыя Баранавіцкага павету, паліцэйскія ўчасткі, казармы. У трыццатых гадах у Баранавічах былі раскватэраваныя 26-ты ўланскі і 78-мы пяхотны палкі, 9-ты дывізіен коннай артылерыі. Тэлефоны меліся ў чатырох аптэках і пяці філіялах розных банкаў. Быў у Баранавічах гават свой атэль з гучнай назвай «Брыстоль».

Рэвалюцыйны рух у Заходняй Беларусі перыядычна турбаваў улады, якія пераходзілі да тэрору і праследавання ўсіх іншадумцаў. Вялікаму ганенню партыйныя і камсамольскія арганізацыі падвергнуліся ў 1929–1932 гг. Былі арыштаваныя першы сакратар КПЗБ І. І. Райскі і сакратар гарадской камсамольскай арганізацыі М. М. Шэўц. Для запалохвання народу ў многіх гарадах былі збудаваныя шыбеніцы. З’явілася шыбеніца і ў Баранавічах. 28 лістапада 1931 г. на ей былі павешаныя сем чыгуначнікаў, якія ўдзельнічалі ў вызваленні палітвязняў. Двое былі асуджаныя на дванаццаць гадоў катаргі, адзін — на дзесяць гадоў. Выязная сесія Навагрудскага акружнога суда толькі за два дні верасня 1932 г. правяла ў горадзе 5 працэсаў і асудзіла 27 чалавек «за прыналежнасць да КПЗБ і дзейнасць, накіраваную на звяржэнне існуючага строю ў Польшчы».

У 1932 г., накіроўваючыся ў Італію да Максіма Горкага, пісьменнік Аляксей Талстой праязжаў праз Заходнюю Беларусь. Аб тым, якія думкі навеяў на яго від горада з акна вагона, ен напісаў у нарысе «Вандроўка ў іншы свет»: «Баранавічы... Якімі былі, скажам, гадоў двадцаць таму гэтыя мястэчкі і гарадкі, з драўлянымі дамкамі, платамі, бруднымі вуліцамі... Якімі былі шэрымі, патрапанымі непагаддзю, такімі стаяць і зараз. Прагрымелі вялікія гады, а тут усе стаіць, як стаяла».

У чэрвені 1934 г., у адпаведнасці з новым Законам аб часовай змене ўстройства тэрытарыяльнага самакіравання, у г. Баранавічы адбыліся выбары ў чацвертую гарадскую раду. У склад гэтай рады ўвайшлі 13 хрысціянаў і 11 яўрэяў. Асаблівасцю чацвертай рады была адсутнасць у ей прадстаўнікоў апазіцыі афіцыйнай польскай палітыцы. На сваім першым пасяджэнні рада зацвердзіла склад чарговага магістрату. З ліпеня 1934 г. пасаду баранавіцкага бурмістра заняў Людвіг Вольнік. Сярод асноўных напрамкаў дзейнасці рады таго перыяду можна вылучыць рамонт дарог і будаўніцтва ў Баранавічах будынку пачатковай школы. Толькі з 1934 г. наступіла некаторая стабілізацыя ў гаспадарцы. Гарадскім уладам удалося прыцягнуць у Баранавічы новыя інвестыцыі і ліквідаваць дэфіцыт бюджэту.

13 снежня 1934 г. партыйная арганізацыя горада пайшла ў падполле. За аднаўленне арганізацыі ўзяліся толькі што выйшаўшыя з турмы камуністы Райскі І. І. і Шэўц М. М. Нягледзячы на рэпрэсіі, баранавіцкае камуністычнае падполле не здавалася. На пачатку ліпеня 1935 г. нават адбылася гарадская партыйная канферэнцыя. Для кіравання ей ў Баранавічы прыехаў прадстаўнік ЦК КПЗБ таварыш Энглер. Быў выбраны гарадскі камітэт, з мэтай канспірацыі склад яго не абвяшчаўся. Было названае толькі прозвішча аднаго сакратара Шэўц М. М. На партыйнай канферэнцыі было таксама разгледжанае пытанне аб узмацненні працы ў прафсаюзных арганізацыях і аб стварэнні новых. У канцы 1935 г. у Баранавічах быў створаны камітэт народнага фронту, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі КПЗБ і шэрагу буржуазных партый.

У лютым 1936 г. шматтысячны мітынг рабочых прыняў рэзалюцыю, зазываўшую рабочых да яднання і да барацьбы з фашызмам. Забастовачны рух узмацніўся. У сваю чаргу ўзмацніліся і рэпрэсіі. Пачаліся масавыя арышты камуністаў, камсамольцаў. Павялічыўся да 15 гадоў срок строгага турэмнага зняволення за камуністычную дзейнасць. 8 сакавіка 1936 г. сотні гараджан прыйшлі да будынка прафсаюзаў з патрабаваннем спыніць самавольства польскай ахранкі. У тым жа годзе ў Баранавічах адбылася першамайская дэманстрацыя, у якой разам з рабочымі ўдзельнічалі і сяляне. Усе актыўней разгортваўся рух за ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Рэвалюцыйныя выступленні ўчасціліся. 16 сакавіка 1936 г. адбылася аднадневая забастоўка рабочых горада пад лозунгам: «Права нацый на самавызначэнне аж да аддзялення». У ход зноў была пушчаная жандармерыя. У канцлагер у Бярозе-Картузскай пацягнуўся натоўп арыштаваных і зняволеных. Праца партыйных і камсамольскіх арганізацый амаль спынілася, але ненадоўга.

У 1936 г. у Баранавічах пражывала 26 287 чалавек. Пастаянных жыхароў налічвалася 22 114 чалавек: 10 718 мужчынаў, 11 109 жанчынаў, а таксама 287 іншаземцаў абоіх полаў. Плошча г. Баранавічы на пачатку трыццатых гадоў складала больш за 2289 га, пры чым улічваліся як забудаваныя, так і незабудаваныя тэрыторыі. Межы горада не былі ўстаноўленыя аж да 1930 г., пакуль 5 сакавіка 1930 г. па рэскрыпце Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы не адбылося ўсталенне выразнай мяжы горада. Пасля вызначэння межаў быў створаны план горада.

У архітэктуры і забудове самога горада адбываліся даволі заўважальныя змены. У 20-х – 1930-х гг. сфарміраваўся гарадскі раен, які атрымаў назву «урадніцкае пасяленне» — своеасаблівы ансамбль тыпавой і сядзібнай забудовы. Квартал, будова якога была распачатая ў 1922 г., складаўся з секцыйных жылых дамоў і асобных сядзібаў, у якіх сяліліся дзяржаўныя ўраднікі. Урадніцкае пасяленне з’яўлялася адным з самых маляўнічых і добраўладкаваных кварталаў горада ў той час. Адзін з будынкаў гэтага раену захаваўся да нашых дзен. За амаль дваццаць гадоў, калі Баранавічы ўваходзілі ў склад Польшчы, у горадзе былі пабудаваныя: будынак «Банка Польскага» (1929 г.), почта (сярэдзіна 30-х гг.), будынак «Польскага вогніва» (сярэдзіна 30-х гг.), аптэка Лаеўскага, якая знаходзіцца злева пры з’ездзе з сучаснага пуцепровада па вул. Тэльмана (1936 г.), пажарнае дэпо і некаторыя іншыя будынкі. У 1927 г. была пабудаваная гарадская бойня, якая пазней ператварылася ў мясаперапрацоўчае прадпрыемства «Крэс-Экспарт», якое штогод перапрацоўвала 40 000 галоў свіней і 10 000 галоў цялятаў на кансервы, вяндліну ва ўпакоўцы, грудзінку, смалец. Прадукцыя, у асноўным, выпускалася на экспарт. Абсталяванне гэтага цалкам сучаснага прадпрыемства забяспечвала машынную перапрацоўку мяса. Акрамя таго, меўся халадзільнік і ўласная чыгуначная ветка, побач з якой у той час думалася размяшчэнне рынку быдла. У закупцы сыравіны прадпрыемства, на якім працавала 200 чалавек, супрацоўнічала з Віленскай Сельскагаспадарчай Палатай. Сення гэтае прадпрыемства — Баранавіцкі мясакансервавы камбінат. Акрамя таго, сення не існуючы кінатэатр «Аполла», больш вядомы старэйшаму пакаленню як «Камсамолец», быў таксама пабудаваны ў той час. У ліпені 1937 г. пачалося будаўніцтва радыестанцыі магутнасцю ў 50 кВт на атрыманым ад магістрату ўчастку зямлі плошчай 10 000 м2, якое працягвалася да вясны 1939 г. У той час радыестанцыя (аддзяленне віленскага радые) знаходзілася на ўскраіне горада па адрасу: вул. Габрыэля Нарутовіча, 72. Агульная кубатура будынка складала 2800 м3. 25 красавіка 1938 г. быў распачаты мантаж тэхнічнага абсталявання і ўзведзеныя дзве мачты вышыней 141 метр. Адна з іх працавала ў якасці галоўнай мачты, а другая ў якасці рэфлектара. Пры пабудове радыестанцыі прыйшлося мадэрнізаваць гарадскую электрастанцыю (якая ў 1922 г. была перададзеная чыгуначнай адміністрацыі і агульная магутнасць якой да 1939 г. дасягнула 1300 кВт пры кошце 1 кВт 78 грошаў), бо выкарыстоўваемая энергія ўдвая перавышала колькасць энергіі, якая выкарыстоўвалася горадам. Баранавіцкая радыестанцыя пачала сталую трансляцыю праграмаў 30 кастрычніка 1938 г. на хвалі 577 м. Зноў жа, калі верыць савецкім дакументам, радыестанцыя акрамя асноўнай дзейнасці — радыевяшчання — «глушыла» інфармацыю аб жыцці ў Савецкім Саюзе.

Гарадскія ўлады выдалі ў 1932 г. 222 дазволы на будаўніцтва новых будынкаў у Баранавічах, у 1933 г. — 150, у 1934 г. — 122. Пры будаўніцтве новага будынка яго ўладальнік быў павінен добраўпарадкаваць прылеглую да пабудовы частку вуліцы.

Гарадскія органы ўлады імкнуліся ствараць і пашыраць прадпрыемствы грамадскага значэння. У Баранавічах была адчыненая вялікая колькасць прыватных прадпрыемстваў, сярод якіх былі лесапільныя заводы, бетонны завод (закладзены ў сярэдзіне 20-х гг.), мэблевая фабрыка, чатыры млыны, гарэлачны і маслабойны заводы, фабрыка «Mydlo» (мыдлаварня), прадпрыемствы па вытворчасці кансерваў з агародніны, цукерняныя фабрыкі, пякарні, фабрыка калбасных вырабаў і фабрыка літоўскіх сыроў, разнастайныя швейныя майстэрні. У горадзе знаходзіўся таксама філіял англа-польскай фірмы па вырабе гумавых вырабаў (чаравікі, галошы, спартыўны абутак, пакрышкі, ніці, рукавіцы і шмат чаго іншага). Акрамя таго, у Баранавічах працавалі чатыры тыпаграфіі, якія прымалі заказы на выраб гандлева-рахунковых кнігаў, квітанцый, брашураў, афішаў, канвертаў, паштовак. У горадзе налічвалася каля 400 рамесных прадпрыемстваў — майстэрняў, цэхаў. У 20-х гг. існавалі неаб’яднаныя цэхавыя арганізацыі слесараў, кавалеў, сталяроў і інш. рамеснікаў, якія ў кастрычніку 1926 г. аб’ядналіся ў «Саюз рамеснікаў хрысціянаў», заснавальнікамі якога былі Е. Яроцкі, Я. Кабальскі і інш. Пры саюзе мелася бібліятэка, былі арганізаваныя курсы павышэння кваліфікацыі. У 1937 г. у Саюзе налічвалася 300 чалавек. Рамеснікі ў асноўным былі занятыя вытворчасцю прадукцыі штодзеннага попыту. Развіваўся ў горадзе аптовы гандаль мануфактурай, аптэчнымі і галантарэйнымі таварамі, літоўскім сырам (як адзначаў «Польскі каляндар», які выдаваўся ў горадзе, Баранавіцкі павет з’яўляўся цэнтрам вытворчасці літоўскага сыру). З Баранавічаў вывозіліся таксама дрэва, лен, сухафрукты, рыба, воцат, жорнавы і інш. тавары. У горадзе меўся базар і два кірмашы быдла, вялікая колькасць крамаў (значная іх частка знаходзілася ў цэнтральнай частцы горада), сярод якіх была крама і склад шкляных вырабаў Валахвянскага, склад гатовага плацця Бергмана, крама касметыкі Фідлера, галантарэйная крама Анекштэйна.

У трыццатых гадах ва ўсходніх ваяводствах Польшчы, дзе пражывалі беларусы, на 10 тысяч жыхароў прыходзілася 2 урача і 8,8 шпітальнага ложка. Што датычыцца Баранавічаў, то ў горадзе меліся толькі 2 аптэкі, медыцынская дапамога была платнай і каштоўнай. Сацыяльны прыгнет у Заходняй Беларусі пераплятаўся з нацыянальным. Адукацыя ў школах была платнай, недаступнай большасці людзей. Дзяцей з малых гадоў вучылі рэлігіі, гісторыі польскай дзяржавы. Зачыняліся беларускія школы. Міністр замежных спраў буржуазнай Польшчы Юзэф Бек заявіў карэспандэнту французскай газеты «Pti Parisien»: «Мы зачыняем у Заходняй Беларусі школы і замяняем іх польскімі таму, што беларусы ўвогуле адсталы і дзікі народ, беларуская мова — мова адсталая, якая прыносіць мала карысці тым, хто на ей вучыцца». Адзін з кіраўнікоў камуністычнай партыі Польшчы Альфрэд Лямпэ так характэрызаваў палітыку палякаў на землях Заходняй Беларусі: «беларусаў трактавалі як людзей «тутэйшых», якія не маюць нацыянальнасці... Пазбавілі школаў і магчымасці свабоднага развіцця нацыянальнай культуры... Правадыром палітыкі была прымусовая паланізацыя».

У 30-х гг. у горадзе налічвалася дзесяць адукацыйных устаноў. Сярод іх было 5 пачатковых школаў: № 1 ім. М. Канапніцкай, № 2 ім. Т. Касцюшка, №№ 3, 4, 6. Акрамя таго, меліся мужчынская гімназія ім. Т. Рэйтана; жаночая гімназія ім. М. Пілсудскай; гімназія Эпштэйна; купецкая гімназія і будаўніча-дарожная школа.

Да 1937 г. у нашым горадзе налічвалася ўжо шэсць сямікласных пачатковых школаў: пяць дзяржаўных і адна прыватная школа для дзяцей вайскоўцаў. Пачатковую школу № 5 наведвалі дзеці з яўрэйскіх сем’яў, а выкладанне ў ей вялося на яўрэйскай мове. Згодна з «Хрысціянскім календаром-пуцевадзіцелем па Баранавічах», выданым парафіяльным камітэтам каталіцкай акцыі, на 1937/1938 навучальны год у дзяржаўных школах вучыліся 3798 дзяцей, а ў школе для дзяцей вайскоўцаў — да 45. У баранавіцкіх школах працавала ў той час 39 настаўнікаў.

Былі ў горадзе і сярэднія навучальныя ўстановы. Сярод іх варта выдзяліць гімназію імя Тадэвуша Рэйтана, прыватную жаночую гімназію імя Марыі Пілсудскай, купецкую гімназію і дарожна-будаўнічую школу.

Гімназія імя Тадэвуша Рэйтана была адчыненая ў Баранавічах у 1922 г. Імя Тадэвуша Рэйтана было нададзенае гімназіі 16 студзеня 1926 г. У гэтым жа 1926 г. адбыўся першы экзамен на атэстат сталасці. З цягам часу гімназія займела ўласную фізіка-хімічную лабараторыю, якая знаходзілася на вул. Шаптыцкага, а таксама чытальную залу. Навучанне было платным і вялося на польскай мове. Плата складала 35 злотых, аднак, яе можна было ўнесці і прадуктамі. З 1930 г. гімназіі было дазволенае школьнае самакіраванне. Гімназія была абсталяваная тэлефоннай сувяззю.

Вытокі стварэння ў Баранавічах жаночай гімназіі належыць шукаць у 1907 г. Менавіта тады ў нашым горадзе была заснаваная чатырохкласная рускамоўная «Прыватная жаночая прагімназія Ісідора Шуліцкага». У час Першай сусветнай вайны прагімназія была эвакуіраваная ў Чэрыкаў і вярнулася ў Баранавічы ў 1918 г. Але навучальная дзейнасць узнавілася толькі з 1920/1921 года, калі ўстанова была рэарганізаваная ў гуманітарную гімназію з сумесным навучаннем дзяўчын і юнакоў. Руская мова выкладання была паступова выцесненая польскай. З 1927 г. сумеснае навучанне было адмененае, і гімназія зноў стала жаночай. Да канца 1930/1931 навучальнага года, у сувязі з недахопам памяшканняў, заняткі праводзіліся ў дзве змены. Гімназія насіла спачатку імя Барбары Радзівіл, а з 1936 г. ей было наданае імя Марыі Пілсудскай. У асноўным гімназію наведвалі дзяўчыны з сем’яў працоўных і чыгуначнікаў.

У 1924/1925 навучальным годзе ў Баранавічах была створаная гандлевая школа. З 1931/1932 навучальнага года школа стала чатырохкласнай, а яе выпускнікі атрымалі аднолькавыя правы з гімназістамі. Гандлевая школа рыхтавала бухгалтараў, у той час як ее асноўнай задачай было навучанне гандлевай справе. Таму польскія ўлады рэфарміравалі школу, якая атрымала назву «купецкай гімназіі». У 1937/1938 навучальным годзе ў ей вучыўся 171 чалавек — 53 юнакоў і 118 дзяўчын, з іх 147 палякаў, 1 беларус і 23 яўрэі. У гімназіі выкладалі 14 настаўнікаў.

Ніжняя тэхнічная чыгуначная школа з’явілася ў Баранавічах у 1925 г. Да яе прыймаліся хлопцы, якія скончылі чатыры-пяць класаў пачатковай школы. Але якасць адукацыі была нізкай, і пасведчанне аб заканчэнні школы не давала яе выпускнікам ніякіх правоў пры працаўладкаванні. У сувязі з гэтым з 1928/29 навучальнага года школа была рэарганізаваная ў сярэднюю дарожна-будаўнічую школу. Навучанне ў ей вялося на працягу трох гадоў, школа карысталася папулярнасцю ў баранавіцкай моладзі. У 1925/1926 навучальным годзе ў ей вучылася 92 чалавекі, у 1926/1927 — 129, у 1927/1928 — 162, а ў 1928/1929 — ужо 177 вучняў. У 1932 г. адбылася чарговая рэарганізацыя школы, якая стала чатырохгадовай дарожнай школай, а яе выпускнікі атрымалі права займаць пасады служачых 2-га класа.

Гаворачы аб навучальных установах, якія дзейнічалі ў той час у Баранавічах, належыць сказаць, што навучанне ў іх вялося на польскай альбо яўрэйскай мовах. Дзеці з беларускіх сем’яў былі пазбаўленыя мажлівасці вучыцца на роднай мове. Што ж датычыцца сярэдняй адукацыі, то вучоба ў той час была платнай і далека не ўсе бацькі маглі дазволіць сабе вучыць сваіх дзяцей у гімназіях.

У 1937 г. у горадзе налічвалася 1288 каменных і драўляных пабудоваў. Аб тым, у якіх умовах жылі працоўныя горада, сведчыла прэса тых гадоў. У «Календары Баранавіцкім» за 1937 г. можна прачытаць: «...25 працэнтаў насельніцтва г. Баранавічы жыве ва ўмовах вельмі антысанітарных, у кватэрах аднапакаевых, дрэнна асветленых і сырых. Сустракаюцца нават выпадкі пражывання ў зямлянках альбо падзелу пакоя па вышыні так, што адна сям’я жыве ў ніжняй частцы пакоя, а другая — у верхняй». Альбо яшчэ такі факт: «Горад падчас добрай кан’юнктуры, калі гадавы бюджэт даходзіў да мільена злотых, утрымоўваў свой шпіталь і меў сем дактароў розных спецыяльнасцяў. Шпіталь быў разлічаны на 25 ложкаў». А вось яшчэ: «Вадаправод пынамсі ў бліжэйшыя 50 гадоў з’яўляецца толькі марай... Рашэнне праблемы патрабавала б пракладкі як мінімум васьмікіламетровага трубаправода і ўстаноўкі адпаведных помпаў і таму адпадае як каштоўнае».

Чыгуначная гаспадарка, калі верыць савецкім крыніцам, панесла ў гады знаходжання горада ў складзе Польшчы вялікі ўрон. Часка пуцеў была разабраная і вывезеная, разбураныя дэпо станцыі Баранавічы-Палескія і некаторыя іншыя станцыйныя памяшканні.

 

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter