Яўрэйская гісторыя Ганцаўшчыны

Да Другой сусветнай вайны ў Ганцавічах і навакольных вёсках жыло шмат яўрэяў. Яны былі амаль знішчаны падчас нацысцкай акупацыі. Гэта шырокавядома. Але ўсёй гісторыі яўрэяў на гэтай зямлі практычна ніхто ведае. Між тым, яна была багатай, хоць і кароткачасовай.

Яўрэі як у мястэчку Ганцавічы, так і щ вёсках сталі важнай часткай грамадства, рухавіком і чыннікам многіх сацыяльна значных працэсаў і развіцця мясцовай эканомікі. Нават нягледзячы на тое, што шмат разоў за разгледжаны перыяд мяняліся ўлады. Аднак фашысцкая акупацыя жорстка, бесчалавечна завяршыла яўрэйскую гісторыю ў азначаным рэгіёне.

Пачатак яўрэйскай прысутнасці на беларускай зямлі

Яўрэі на беларускай зямлі з`явіліся ў XIV ст., за часамі Вялікага Княства Літоўскага. Першая пісьмовая крыніца пра гэта – грамата князя Вітаўта брэсцкім яўрэям, датаваная 1383 годам.

Доўгі час, да прыходу савецкай улады, яўрэяў у многіх краінах, у тым ліку ў нашай, называлі жыдамі. Гэта была нейтральная назва, без аніякага намёку на абразу. Прыйшлі яўрэі ў ВКЛ з захаду. У XIV і XV стст. цёк ручаёк яўрэяў з нямецкіх гарадоў у Польшчу і Вялікае княства Літоўскае. Перасяляліся цэлымі абшчынамі. Перавозілі свае капіталы, пераносілі векавыя звычкі да гандлёвай дзейнасці. Захавалі кагальны лад і нямецка-яўрэйскую гаворку – ідыш, рэлігійныя традыцыі і сістэму талмудычнага выхавання. Да канца XV ст. у Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім жыло больш за 20 тыс. іўдзеяў.

У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) тэрыторыя ВКЛ адышла да Расійскай Імперыі. Яўрэі, якія пражывалі на тэрыторыі цяперашняй Беларусі, паводле ўказа Кацярыны II 1791 г., трапілі ў «мяжу аселасці». Ім дазвалялася займацца купецкімі і мяшчанскімі промысламі ў заходнерасійскіх губернях.

Цар Аляксандр ІІ, аднак, у дачыненні да яўрэяў павёў палітыку змякчэння і задабрэння. У 1863 г. ён ліквідаваў абмежаванні адносна жыхарства яўрэяў. Закон дзейнічаў да 1882 г. Затым зноў наступілі абмежаванні. Тым не менш. у 1903 годзе царскі ўрад уключыў чыгуначныя станцыі ў лік паселішчаў, дзе маглі жыць яўрэі. Абодва адзначаныя паслабленні ў дачыненні да іўдзеяў сталі лёсавызначальнымі для іх прысутнасці ў Круговіцкай воласці, пра якую будзе весціся гаворка далей.

Як з’явіліся яўрэі ў Круговіцкай воласці

На тэрыторыі Круговіцкай воласці, куды ўваходзіла і мястэчка Ганцавічы, яўрэйская прысутнасць выяўляецца яшчэ да канца ХІХ стагоддзя. І таму ёсць дакументальныя звесткі.

Так, статыстыка па знішчаных у мястэчку фашыстамі яўрэях указвае народжанай у Ганцавічах Хану Фрыдман (1875 г. н.). Дадзеныя Міжнароднага таварыства «Мемарыял» падаюць таксама Азрыэля Ісаакавіча Слуцкага, 876 г. н. Паказальна, што першым начальнікам чыгуначнай станцыі (значыць, не пазней 1884 г.) стаў чалавек з характэрным прозвішчам – Пётр Мікалаевіч Зінбург.

Гэтыя самыя раннія выпадкі нараджэння ў Ганцавічах адносяцца да часу, калі не было яшчэ чыгуначнай станцыі. Відавочна, яўрэі ведалі пра задуму пракласці па азначанай мясцовасці чыгунку, якая ўзнікла ў 1873 г., і пасяляліся там на перспектыву.

Тым жа часам пазначаны першыя звесткі пра яўрэяў у вёсках Круговіцкай воласці. Па сведчанні Ганны Самойлавай, якая пасля Другой сусветнай вайны ўспамінала з мэтай дакументацыі ахвяраў Халакосту, у Круговічах з`явілася на свет цётка рэспандэнткі Гінда Некрыч. Год нараджэння – 1870-ы. Апошні з прыведзеных выпадак – самы ранні з нам вядомых па воласці. На канец ХІХ ст., як падае статыстыка Халакосту, прыходзіцца яшчэ нямала народжаных у вёсках акрэсленай тэрыторыі. Пералічым толькі колькасна па некаторых паселішчах:

Агарэвічы – 3,

Ганцавічы – 13,

Дзяніскавічы – 7,

Еськавічы – 1,

Лактышы – 4,

Круговічы (напэўна, маюцца на ўвазе абедзве круговіцкія вёскі) – 5.

Акрамя таго, сяліліся яўрэі ў Начы, Востраве, Будчы ды іншых вёсках. Натуральна, бацькі народжаных (прынамсі, у большасці выпадкаў) стала жылі ў тых вёсках. Значыць, пачатак яўрэйскай прысутнасці ў Круговіцкай гміне можна смела адносіць да 1860-х гг. Яўрэі былі ў ліку першых жыхароў мястэчка Ганцавічы. Населены пункт пры чыгуначнай станцыі ў пачатку ХХ ст. рос у пераважнай ступені за кошт асоб яўрэйскай нацыянальнасці, нягледзячы на існаванне перашкод.

Паводле ведамасці пасёлка пры станцыі Ганцавічы, датаванай 1902 г., на два гады раней там налічвалася іўдзеяў – 75 (або 30% ад усіх жыхароў), хрысціян – 184 (або 70%). У 1909 г. пасёлак насялялі ўжо 376 чалавек.

Яўрэяў прырастала кожны год на 1 працэнт

Польскі перапіс 1921 г. канстатуе наяўнасць у Ганцавічах 485 іўдзеяў (47,8%) з 1015 жыхароў. Можна ўбачыць дынаміку, калі разгледзець дыяграму (ніжэй).

Заняткі ганцавіцкіх яўрэяў былі звычайнымі для іх асяродка ў Беларусі. Гэта перадусім дробны гандаль. Мясцовая лясная прамысловасць і яе вынікі таксама не абыходзілася без яўрэйскай прадпрымальнасці. Дапаўняе шэраг важнейшых работ з удзелам яўрэяў праца на чыгунцы ці з ёю звязаныя, напрыклад, камісіянерства па адпраўцы грузаў. Так, сярод лесапрамыслоўцаў, якія супрацоўнічалі з Радзівілам пры эксплуатацыі яго «вузкакалейкі» Ганцавічы – Дзяніскавічы, даследчык В. Кахновіч называе шэраг асоб. Калі меркаваць па прозвішчах, усе яны мелі яўрэйскую нацыянальнасць.

Паводле «Журнала генеральнай праверкі гандлёвых і прамысловых устаноў у Круговіцкай воласці за сакавік месяц 1895 года», напрыканцы ХІХ ст. у эканамічнай дзейнасці вёсак Круговіцкай воласці таксама прымалі ўдзел яўрэі. Цікава, аднак, што іх няма сярод уладальнікаў корчмаў, якія былі ў кожнай больш-менш вялікай вёсцы. Гаспадарылі там, як правіла, тутэйшыя беларусы.Затое прамысловымі і гандлёвымі прадпрыемствамі нярэдка запраўлялі якраз яўрэі. Назавём вядомых ды іх маёмасць:

мяшчанка Стыся Хан: крама ў Круговічах;

дзве прадстаўніцы мяшчанскага роду Лекехмазер: кожная мела па краме ў Агарэвічах;

мешчанін Моўша Яновіч: млын у Лахаўшчыне і сталярна-шкіпінарны завод у Дзяніскавічах;

мешчанін Файвеля Айзікавіч: вадзяны млын у Лактышах;

мешчанін Давід Бляхер: млын у Мельніках;

мешчанін Лейзер Бусель: сталярна-шкіпінарны завод у Востраве;

купец другой гільдыі Гірш Янкелеў Мілер: лесапільны паравы завод у Вялікіх Круговічах;

купец другой гільдыі Абрам Іцкаў Каплан: лесапрамысловае прадпрыемства ў Востраве;

віленскі купец мешчанін Абрам Лур`я: лесапрамысловае прадпрыемства ў вёсцы Ганцавічы;

Шэпцель Найгуз: лесапрамысловае прадпрыемства на станцыі Ганцавічы.

Уладальнікі прадпрыемстваў не маглі непасрэдна кіраваць працэсам вытворчасці, яны прызначалі так званых прыганятых. Так, лесапільным паравым заводам у Агарэвічах загадваў Іцка Драпкін, а згаданым вышэй лесапрамысловым прадпрыемствам у Востраве – Моўша Рабіновіч.

Можна сказаць, што яўрэйская супольнасць была адным з асноўных рухавікоў мясцовай эканомікі. Зразумела, яўрэі пякліся аб лепшых умовах для сябе. Важнейшым крокам тут стаў бы статус мястэчка для пасёлка з чыгуначнай станцыяй. У гэтай справе актыўны ўдзел прымаў мешчанін Шая Натовіч Хігеровіч, павераны графа Станіслава

Адольфавіча Гутэн-Чапскага. Але рэалізацыя задумы заняла сем гадоў і ўсё адно не мела поспеху.

Змена месца жыхарства для яўрэяў ужо у той час была натуральнай. У адрозненне ад прывязаных да зямлі сялян, нашчадкі Маісея пастаянна знаходзіліся ў сацыяльным руху. Існуючыя абмежаванні, з аднаго боку, ім перашкаджалі. Але ў той жа час – стымулявалі мабільнасць. Таму выхадцы з Круговіцкай гміны яшчэ на мяжы ХІХ і ХХ ст. раз’язджаліся па гарадах Беларусі.

Так, сямейства круговіцкіх Каганаў перамясцілася ў Мінск. Паколькі сын аднаго з іх, Іосіф, нарадзіўся ў 1907 г. яшчэ ў Круговічах, можна зрабіць выснову, што пераезд адбыўся недзе пасля ўказанага года, але хутчэй за ўсё, не пазней 1915 г., калі Першая сусветная вайна ўпрытык наблізілася да Круговіцкай воласці. З канца 1920 г. гэта тэрыторыя ўвайшла ў склад Польскай Рэспублікі, а Мінск апынуўся за мяжой – у савецкай дзяржаве

Міграцыя пашырала магчымасці (асабліва маладому пакаленню) «выбіцца ў людзі». Напрыклад, ураджэнец Круговіч Рувім Шарашэўскі набыў надзвычай прэстыжную ў той час прафесію доктара. Асталяваўся ён у Мінску. Згаданая вышэй сярод самых першых яўрэйскіх ураджэнцаў Круговіцкай воласці Гінда Некрыч апынулася ў Бабруйску, вядомым як яўрэйская сталіца Беларусі.

Але мігранты не абмінулі ўвагай і Ганцавічы. Тут апынулася бабруйчанка па нараджэнні Рыўка Гельфанд. Лік яўрэяў рос да Першай сусветнай вайны. Ганцавічы нацыянальным складам набылі выгляд тыповага беларускага мястэчка.

У часы ваеннага ліхалецця праявіліся антысеміцкія адносіны, якія здаўна мелі месца, хоць і не ў радыкальнай ступені. У 1918–1922 гг. беларускія яўрэі сталі ахвярамі пагромаў з усіх бакоў. Іх крыўдзілі і польскія войскі, і Чырвоная Армія, і часці Булак-Булаховіча, і вайскоўцы, якія знаходзіліся пад ідэйным кіраўніцтвам Барыса Савінкава, і проста банды розных рабаўнікоў (напрыклад, «зялёных»). На тэрыторыі Беларусі ў гэты перыяд было ўчынена 225 пагромаў.

У 1918 г. не абышла бяда і ганцаўчан. У выніку, нават меліся ахвяры са смяротным зыходам (іх колькасць не ўстаноўлена).

Яўрэі ў Круговіцкай гміне «за польскім часам»

Калі настаў мірны час, у 1921 годзе (мясцовасць уваходзіла ў склад Польскай Рэспублікі), улады правялі перапіс і выявілі ў Ганцавічах 485 іўдзеяў (чытай: прадстаўнікоў яўрэйскай нацыянальнасці). Гэта – без малога палова ад усіх жыхароў населенага пункта. Колькасць ганцавіцкіх яўрэяў за два дзесяткі гадоў вырасла ў пяць разоў! Пры ўсім пры тым, што з 1915 па 1920 год праз Круговіцкую воласць некалькі разоў пракаціліся лініі франтоў розных войнаў. Спачатку – германа-расійскай, затым – савецка-польскай.

Па гміне ў цэлым такой нацыянальнасці было 592 чалавекі. Значыць, больш чым сотня іўдзеяў жылі ў сельскай мясцовасці. Яўрэйскую прысутнасць там, аднак, па-ранейшаму можна назваць збольшага кропкавай. 107 яўрэяў па вёсках Круговіцкай гміны ў 1921 годзе размяркоўваліся наступным чынам: найбольш – у Дзяніскавічах (34) і Еськавічах (16), а таксама ў Агарэвічах (17). Цікава, што нават у Малых Круговічах пражывалі 8 яўрэяў – у два разы больш, чым у Вялікіх. Пражывалі яўрэі таксама ў Будчы (6), Дубняках (6), Начы (6), Лактышах (5), Востраве (3), Лахаўшчыне (2). Думаецца, усе яны адносіліся да ганцавіцкай абшчыны.

Яшчэ больш хуткі прырост яўрэйскага насельніцтва назіраўся ў 1920–1930-х гадах. Фактычна, яшчэ ў першай палове 1920-х гг. яно пераваліла за палову ўсіх жыхароў мястэчка. У суадносінах з астатнім насельніцтвам у 1930-я гг. яўрэі ўжо складалі каля 70%. У1935 г. мястэчка налічвала каля 2300 жыхароў, з іх яўрэйскай нацыянальнасці – прыкладна 1600. Гэта адпавядае вышэй прасочанай тэндэнцыі размнажэння ганцавіцкіх яўрэяў. Калі за 19 гадоў (1902–1921) іх колькасць вырасла ў пяць разоў, дык за 14 гадоў (1921–1935) колькасць павялічылася яшчэ больш чым у тры разы (гл. дыяграму)

Яўрэйскія барацьбіты-камуністы

Беларускія нашчадкі Маісея прымалі актыўны ўдзел у агульнадзяржаўным жыцці і праяўлялі высокую палітычную актыўнасць. Яўрэі годна адстойвалі свае правы. Прычым, як паведамляюць архіўныя дакументы, у ход ішлі як легальныя метады, так і сродкі, якія выходзілі за рамкі закона.

Так, сярод удзельнікаў камуністычнага руху ў Круговіцкай гміне было шмат з яўрэйскімі прозвішчамі. Напрыклад, арганізаваную ў 1925 г. мястэчкавую ячэйку КПЗБ узначаліў Навум Майсеевіч Шмуклер. Сярод падазраваемых у камуністычнай дзейнасці і затрыманых паліцыяй у Лунінцы таксама аказаліся два ганцавіцкія месцічы з характарыстычнымі імёнамі і прозвішчамі – Рахэль Кербэль і Янкель Пацыкольскі.

У недалёкай будучыні, калі прыйшла савецкая ўлада і ёй спатрэбіліся мясцовыя сімпатыкі для нізавых кіраўнічых пасад, у гміне адшукалі 33 колішніх камуністаў, з якіх роўна трэць былі яўрэйскай нацыя-нальнасці (плюс 20 беларусаў і 2 палякі). Гэтыя лічбы сведчаць, якімі былі прыкладныя суадносіны паміж нацыяналь-насцямі сярод камуністаў Круговіцкай гміны напя-рэдадні роспуску КПЗБ у 1938 годзе.

Некаторыя прадстаўнікі яўрэйскай нацыянальнасці, напэўна, паддаваліся не толькі агітацыйным заклікам да барацьбы за светлую будучыню на заходнебеларускай зямлі пад прыгнётам Польшчы, але і хацелі заглянуць у тую камуністычную перспектыву. Яна, па іх меркаванні, матэрыялізава-лася ў Савецкім Саюзе. Варта было толькі перайсці не такую і далёкую дзяржаўную мяжу.

Гэтакага шчасця, відаць, і вырашыў пакаштаваць Гірш Аронавіч Лось. Народжаны ў мястэчку Ганцавічы ў 1910 г., ён з нейкай прычыны (магчыма, пераехалі бацькі) пражываў у Івацэвічах. Займаўся тым, што шыў адзежу прыватным чынам. З канца 1920-х гг. эканоміка ва ўсім свеце перажывала крызіс. Не выключана, што ў маладога краўца справы не ладзіліся. Таму пад канец 1931 г. 21-гадовы маладзён перайшоў мяжу. 25 снежня ён быў арыштаваны. Складваецца ўражанне, што гр. Лось вырашыў прымяніць хітрасць – пайшоў на рэалізацыю сваёй задумы па перасячэнні мяжы ў Калядную ноч (па каталіцкім каляндары). Таму польскія пагранічнікі маглі святкаваць – і прытупіць пільнасць.

У савецкай краіне праводзілася атэістычная прапаганда і рэлігійныя святы адзначаць было катэгарычна забаронена. Таму на савецкім участку мяжы парушальніка не прамаргалі. 16 мая 1932 г. яго, як «агента польскай разведкі», згодна з артыкуламі 68 і 120 КК БССР, прыгаварылі да трох гадоў папраўча-працоўнага лагера. Такім чынам, 21-гадовы заходнебеларускі хлопец паехаў вяршыць гісторыю на сумнавядомы Беламорканал. Што праўда, над наіўным «заходнікам» зжаліліся – і выпусцілі раней, 22 жніўня 1933 г. А багата пазней, 25 жніўня 1989 г., – увогуле рэабілітавалі. злачынцы і ахвяры па лініі матэрыяльных каштоўнасцей

Як паказаў аналіз матэрыялаў паліцыі, сярод удзельнікаў крымінальных злачынстваў ці правапарушэнняў на бытавой глебе практычна не фігуруюць яўрэі. Але з іх удзелам знаходзяцца факты махлярства з мэтай нажывы. Напрыклад, 6 сакавіка 1937 г. жыхар Ганцавіч Баруховіч паведаміў у мясцовы пастарунак, што ганцавец Мойша Біргер пад прэтэкстам перапродажу дзелавога лесу выманіў 500 злотых. Гешэфт не адбыўся, бо грошы апошні прысвоіў, не даставіўшы заказу.

Мала яўрэяў значыцца і сярод ахвяр супрацьпраўных паводзін.

Адной з такіх ахвяр стаў Павел Тэнгель, намеснік кіраўніка вузкакалейнай чыгункі ў Дзяніскавічах. Ён паведаміў у мясцовы пастарунак, што 18 студзеня 1936 г., калі ён адсутнічаў, ад 14 да 16 гадзін з шуфляды яго бюрка скралі грошы – 45 злотых 67 грошаў, уласнасць камітэта дапамогі бедным дзецям у Дзяніскавічах.

А 25 красавіка таго ж года ў жыхара Баранавіч Якуба Глікмана неўстаноўленыя асобы скралі з адзежы 160 злотых, залаты гадзіннік кішэнны з ланцужком фірмы «Wilma», нікеляваны гадзіннік на руку, залатое пяро. Агульныя страты ацэнены на суму ў 400 злотых.

Два напады запар былі здзейснены ў Будчы. Першы – 12 чэрвеня 1925 г. Невядомыя ўзламалі краму Гэрш Кортуша. Нарабавалі розных мануфактурных вырабаў на больш чым 800 злотых. Яшчэ больш не пашанцавала Пэйсаху Галембэрту з вёскі Будча. Літаральна праз пару тыдняў абрабавалі яго краму. Укралі мануфактурныя матэрыялы і грошы. Агульная шкода склала 3.000 злотых. Было ўстаноўлена, што ўдзельнічалі ў рабаванні пяцёра чалавек. Прычым на варце стаяла ахова з агнястрэльнай зброяй. Па гэтай прыкмеце можна меркаваць, што акцыю маглі ўчыніць прасавецкія партызаны.

Як яўрэі падымалі ганцавіцкую эканоміку

Усім вядомая эканамічная актыўнасць іўдзеяў яскрава праявілася і ў Ганцавічах. У міжваенны час мястэчка стала важным цэнтрам лясной прамысловасці. Прыкладна 60% яўрэяў жылі з гэтай галіны вытворчасці. Яны валодалі дрэваапрацоўчымі заводзікамі. Працавалі рабочымі на іх. Акрамя таго, меўся шэраг іншых прадпрыемстваў з яўрэйскімі гаспадарамі ці супрацоўнікамі. Астатнія яўрэі займаліся дробным гандлем і рамёствамі.

Так, адзін з іх, ганцаўчанін Л. Мардухоў 18 сакавіка 1932 года атрымаў рамесную карту на права заняцця рамяством па ўладкаванні электрычных работ. Як відаць, абраўшы спецыяльнасць электрыка, чалавек прадугадаў хуткі надыход эры электрычнасці. Не абыходзілі яўрэі прадпрымальніцкай увагай і вёскі. Часцей за ўсё там яны трымалі карчму ці краму. Напрыклад, у Вялікіх Круговічах была піцейная ўстанова, якая належала нейкаму Хаіму.

Як і ў часы Расійскай імперыі, яўрэі ў пошуках лепшай долі маглі перасяляцца ў іншыя гарады і мястэчкі. Ураджэнцы Круговіцкай гміны, найперш мястэчка, зафіксаваны ў якасці жыхароў Клецка, Баранавіч, Брэста...

Прыязджалі на пражыванне і ў Ганцавічы. Такія былі, напрыклад, з Вільні, Нясвіжа, Клецка, Целяханаў, Сіняўкі, бліжэйшых вёсак, а таксама нават гарадоў Польшчы (некалькі чалавек, да прыкладу, – з заходнепольскага мястэчка Колкі). Яўрэйская эканамічная дзейнасць дапамагала дабрачыннаму фонду. У прыватнасці, у 1932 г. быў заснаваны дзіцячы дом. Мелася некалькі адукацыйных і культурных устаноў, перадусім школы і бібліятэкі.

Сімптаматычна, што менавіта яўрэі першымі паклапаціліся пра стварэнне даступнага шырокім масам кніжнага фонду: у 1923 г. Таварыства «Тарбут» адкрыла бібліятэку пры ўсеагульнай школе.

У 1931 г. ганцавіцкія яўрэі стварылі яшчэ адну грамадскую бібліятэку – у сувязі з прыходам туды сіянісцкай арганізацыі «Гехалюц». Кніжны фонд яе, праўда, не перавышаў сотні кніг. Затое ўсе яны знаходзіліся ў звароце жыхароў. Не дзіўна, бо яўрэі на нашых землях вылучаліся вышэйшым узроўнем адукацыі, імкненнем да яе. У большасці выпадкаў культурна-асветныя ўстановы працавалі пры рэлігійных асяродках. Спярша пры польскай уладзе, на пачатку 1920-х гг., у мястэчку было дзве сінагогі. Але ў хуткім часе пабудавалі яшчэ столькі ж.

Вядома прозвішча аднаго з равінаў – Зухавіцкі. Першай з яўрэйскіх навучальных устаноў была школа пад характэрнай назвай «Тарбут» («Культура»). Побач з ёю дзейнічаў аматарскі драматычны гурток. Для непісьменных дарослых таксама існавала спецыяльнае навучанне. Такім чынам, у міжваенным часе яўрэі Круговіцкай гміны працягвалі існаваць у рамках свайго традыцыйнага ўкладу. Разам з тым, праявілася і неаднароднасць у іх палітычных прыярытэтах.

У асноўным, у поглядах яўрэі падзяліліся на прыхільнікаў сіянізму і камунізму. У любым выпадку іўдзеі складалі найбольш актыўную частку тагачаснага заходнебеларускага грамадства.

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter