З гiсторыi Кажан-Гарадка.

У 1493 г. Гарадзец — сяло маёнтка Лахва, уласнасць Пятра Янавіча Мантыгірдавіча. Гісторыкі XIX ст. выказвалі думкі што гэта вельмі старажытнае мястэчка, хаця ніякіх звестак аб ім не захавалася. Паблізу мястэчка знаходзяцца дагістарычныя валы. З раду могілкавых курганоў выдзяляецца адзін, які знаходзіцца на плыні ракі, пры вусці Цны ў Прыпяць — Відзіуш-Гара, якую ўжо сотні гадоў прымаюць за магілу рымскага паэта Авідзія. Некаторыя аўтары мяркуюць таксама, што па самому размяшчэнню і па адносінах да Давід-Гарадка і іншых мястэчак сяло ўваходзіла ў састаў нейкай старажытнай умацаванай лініі, магчыма, нават далучалася да "Гарынскіх гарадоў", хаця і ляжала ўжо за Прыпяццю.

У 1588 г. Гарадзец — сяло, маёнтак Наваградскага павета, уласнасць Яна Кішкі, віленскага кашталяна, жамойцкага і берасцейскага старасты. У 1594 г. Гарадзец ("имение Лаховское"), двор, цэнтр маёнтка Наваградскага павета, уласнасць Станіслава Станіслававіча Кішкі — віцебскага ваяводзіча. У 1599 г. Кажан-Гарадок — мястэчка Наваградскага павета.

У 1603 – 1605 гг. Кажан-Гарадок маёнтак Наваградскага павета, уласнасць Станіслава Станіслававіча Кішкі, віцебскага ваяводзіча, які за 11 тысяч коп грошаў заклаў яго Юрыю Самсону Падбярэзскаму — брацлаўскаму маршалку. У 1613 г. Кажан-Гарадок — двор, цэнтр маёнтка-воласці (мястэчкі і сёлы: Бастынь, Бродніца, Велута, Вічын, Дварэц Дрэпская Даліна, Кормыж, Ракітна, Цна, Язвінкі і інш.) Наваградскага павета, уласнасць Мікалая Станіслававіча Кішкі — каралеўскага двараніна, які за 30 тысяч коп грошаў прадаў гэты маёнтак Юрыю Самсону Падбярэзскаму — брацлаўскаму маршалку, у мястэчку царква "русская", 116 дамоў, 33 валокі зямлі. У 1613 г. Кажан-Гарадоцкі маёнтак налічваў зямлі 368 сялянскіх валок (больш 700 двароў), не лічачы мяшчанскіх пляцаў у самім Кажан-Гарадку. У 1635 г. пабудаваны кальвінісцкі храм Даратэяй Падбярэзскай (з дому Завіша). Пазней маёнтак перайшоў да польскіх магнатаў Тарнаўскіх. 21 красавіка 1646 г. Марк Давыдавіч, арандатар "города названого Кожангородецкого в воеводстве Новогородоцким будучего", пісаў скаргу ў Пінскі гарадскі суд. У 1655 г., у час вайны Расіі і Украіны з Рэччу Паспалітай, рускія войскі пайшлі "раздобывать литовские города", Кажан-Гарадок быў захоплены і спалены.

Яўрэі з'явіліся ў Кажан-Гарадку ў ХVІ ст., што пацвярджалі старыя помнікі, могілкі, будынак халоднай сінагогі. У 1679 г. пінскія жыхары пазычалі Лагішынскаму езуіцкаму манастыру 1500 злотых, а сярод яўрэйскіх абшчын, якія пералічвалі грошы, упамінаецца і Кажан-Гарадок.

У 1702 г. мястэчка захапілі атрады шведскага караля Карла XII, але неўзабаве сяляне прагналі прышэльцаў. Тры курганы на ўскрайку Кажан-Гарадка — магілы шведскіх салдат. У 1744 г. памешчык Шчыт перадаў праваслаўную царкву уніятам. У 1766 г. яўрэйская абшчына ў Кажан-Гарадку стала самастойнай. У 1795 г. у мястэчку 129 хрысціянскіх і 21 яўрэйскі двор.

У 1818 г. памешчык Шчыт пабудаваў у мястэчку праваслаўную Мікалаеўскую царкву.

Пабудавана ў 1818 г. з дрэва, перабудавана ў 1876 г., у канцы XIX ст. з заходняга боку прыбудавана трох'ярусная званіца. Будынак крыжападобны у плане. Да цэнтральнага васьміграннага аб'ёму з 4 бакоў прымыкаюць прамавугольныя ў плане зрубы алтара, бабінца і бакавых прыбудоў.

Цэнтральны зруб мае двух'яруснае завяршэнне (васьмярык на чацверыку) з гранёнай галоўкай на барабане. Астатнія зрубы завершаны аднаяруснымі чацверыковымі вярхамі. Сцены гарызантальна ашаляваны, умацаваны лапаткамі і прарэзаны прамавугольнымі і лучковымі аконнымі праёмамі. У інтэр'еры дамінуе трохсветлавое цэнтральнае памяшканне, з якім непасрэдна злучаюцца астатнія. Цэнтральны чацвярык падтрымліваецца 4 слупамі. Пераходы паміж ярусамі зрубаў зроблены пры дапамозе ветразяў. Значнае месца ў інтэр'еры займае розны арнаментальны скульптурны дэкор, выкананы народным майстрам разьбяром I. Астапчыкам. Мастацкую каштоўнасць мае двухярусны пазалочаны іканастас, выкананы ў тэхніцы накладной разьбы. Цэнтральны алтар зроблены ў выглядзе двух'яруснага порціка.

Помнік архітэктуры з рысамі мясцовай школы дойлідства, якая складалася пад уплывам стылю барока.

Дзеючая. Статыстычныя зборнікі XIX ст. указваюць, што Кажан-Гардок — старажытнае і вялікае валоданне, размешчанае над ракой Цна за 3 км ад упадзення яе ў Прыпяць. Мястэчка знаходзіцца ў Пінскім павеце, на ваенна-камунікацыйнай дарозе з Мазыра ў Пінск, у 225 км ад губернскага Мінска, да бліжэйшай паштовай станцыі і да павятовага цэнтра 94 вярсты, да чыгункі — 126, пасля ўвядзення ў дзеянне Палескіх чыгунак — 9 вёрстаў да станцыі Лунінец. У 1861 г. у Кажан-Гарадку 1239 жыхароў, у 1870 г.— 1764 (846 мужчын і 918 жанчын), 245 дамоў, царква, яўрэйскі малітоўны дом, 2 млыны — вадзяны і паветраны; у 1886 г. — 1075 жыхароў, 165 дамоў, царква, каталіцкая капліца, сінагога, 2 яўрэйскія малітоўныя дамы (або 2 бажніцы). Розніца ў колькасці жыхароў і дамоў адбылася, відавочна, з-за прыпіскі да мястэчка навакольных хутароў... У 1863 г. тут была адкрыта двухкласная царкоўная школа, дзе ў 1886 г. займаліся 36 хлапчукоў з Кажан-Гарадка, Дрэбска і яшчэ некалькіх вёсак. Дзяўчынкі ў школу не прымаліся.

Да канца XIX ст. у Кажан-Гарадку меліся 10 лавак і пастаялы двор, якія належалі ў асноўным яўрэям, 3 млыны, 181 дом, 1215 жыхароў, мястэчка вызначаецца як былое валоданне, а славіцца — кірмашамі.

Штогод у Кажан-Гарадку праводзілася некалькі кірмашоў: калядны — 6 студзеня, майскі, чэрвеньскі і снежаньскі, у гонар святога Мікалая. Гэта былі невялікія па колькасці прадстаўленага тавару, гандлёвых здзелак і наяўнасці прадаўцоў і пакупнікоў кірмашы. Самы ж вялікі кірмаш, вядомы далёка за межамі не толькі воласці, але і павета, на які з'язджаліся гандляры і пакупнікі здалёк, быў Сямёнаўскі. Ён штогод праводзіўся 1 верасня. Тут можна было набыць смажаную рыбу і сельгаспрадукты, мёд і воск, лён і пяньку, лес і мясцовыя ганчарныя вырабы, сані і вазы, жывёлу і зерне, даматканае палатно і сукно, скуру і скураны абутак. У 1873 г. на Сямёнаўскім кірмашы было прадстаўлена тавараў на 25 тысяч рублёў і на 19 тысяч — прададзена. Адбываліся таксама штотыднёвыя таргі па нядзелях.

У 1863 г. у склад Кажан-Гарадоцкай воласці ўваходзілі 12 вёсак, у 1886 г. — 10 вёсак, 10 абшчын, 10 сельскіх таварыстваў, 676 двароў, па сямейных спісах — 2491 мужчына, па рэестру — 2226 мужчын, 2503 жанчыны. Агульная плошча зямлі — 9501 дзесяціна, ворыўнай — 4835, у прыватным валоданні — 22 494 дзесяціны. У 1876 г. памешчык Х.В. Шчыт валодаў у Кажан-Гарадку 11 732 дзесяцінамі зямлі (не ўлічваючы валоданняў у іншых вёсках), 2 вадзянымі млынамі і карчмой, якія прыносілі штогадовы прыбытак адпаведна ў 650 і 280 рублёў. У 1897 г. у мястэчку 1597 яўрэяў. Яны жылі ў асобным квартале: ад моста, на працягу ўсёй вуліцы да участка Пяскі. Іх дамы з саламянымі дахамі часта знішчаліся пажарамі, але хутка адбудоўваліся. Калі б не канкурэнцыя Лунінца, куды з пачаткам будаўніцтва чыгункі сталі перасяляцца яўрэі з Кажан-Гарадка, і эміграцыя ў Амерыку канца XIX — пачатку XX ст., мястэчка не згубіла б сваё значэнне маленькага гарадка.

Па даных 1909 г., у Кажан-Гарадоцкай воласці было 14 623 дзесяціны сялянскай зямлі, 13 паселішчаў, 784 двары, 8654 жыхары (4306 мужчын і 4348 жанчын). У 261 двары пражывалі яўрэйскія рамеснікі, лавачнікі і гандляры.

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter