Феадальныя міжусобіцы

XVI стагоддзе, што прайшло ў няспынных войнах з Маскоўскай дзяржавай, вымусіла Вялікае Княства Літоўскае знайсці паратунак у зліцці з Каралеўствам Польскім — утварылася новая дзяржава, Рэч Паспалітая.

У кароткіх зацішшах паміж войнамі не спыняліся на нашых землях жорсткія разборкі паміж праваслаўнымі і каталіцкімі феадаламі. У часы каралявання Уладыслава IV Вазы (1632–1648) у адной з “Выпісак з кніг градскіх Пінскіх года 1647” утрымліваецца скарга на мяшчаніна віленскага “дзяржаўца Кажан-Гарадоцкага” Факенду, які выслаў “атрад баяр і людзей службовых з 100 чалавек на конях” са зброяй, косамі, бердышамі і віламі на манастырскія палі Дзяцелавіцкага праваслаўнага манастыра. Ва ўрочышчах Манцаў Дубок і Табарова Ніва манахі пасеялі грэчкі “13 бочак меры клецкай для харчавання ўбогіх шпіталя манастырскага”. На гэтыя палі і быў зроблены наезд — грэчку патапталі коньмі, скасілі, збілі бердышамі і кіямі. З-за адсутнасці настаяцеля манастыра скаргу склаў манастырскі служачы “Гладкі — ураднік Дзяцелавіцкі і Лунінецкі”.

Мінула яшчэ 100 гадоў, але ненасытная прага захапіць больш зямель не пакінула феадалаў і ў сярэдзіне XVIII ст. У Кажан-Гарадоцкім маёнтку былі ўжо новыя ўладальнікі — Шчытты, але вораг у іх ранейшы — той жа Дзяцелавіцкі манастыр. Каралём ужо быў Аўгуст ІІІ Сас, трыццацігоддзе праўлення якога (1733–1764) стала перыядам абвастрэння анархіі ў краіне. Кароль быў пасіўны ў міжнародных справах, не спраўляўся з безуладдзем унутры краіны: з 14 соймаў паспяхова завяршыў работу толькі 1, астатнія 13 былі сарваны...

У гады каралявання Аўгуста ІІІ феадальная анархія зноў ажыла ва ўсёй сваёй разбуральнай велічы. Час феадальных міжусобіц, даўно забытых у Еўропе, захоўваўся на нашай шматпакутнай зямлі. Не быў выключэннем і Кажан-Гарадок.

“У 1748 г. Кажан-Гарадоцкі шляхціц Шчытт захапіў у таго ж Дзяцелавіцкага манастыра значную колькасць палёў, сенажацяў, участкаў рыбнай лоўлі. Суд, стоячы на абароне памешчыкаў-католікаў, адклаў справу на няпэўны тэрмін. Шчытт тым часам вырашыў адпомсціць манастыру за перадачу справы ў суд. Восенню ігумен Іаанікій па справах манастыра са світаю накіроўваўся ў Кіеў. Шчытт, даведаўшыся аб шляху ігумена праз свае валоданні, пасадзіў на лясной дарозе некалькі прыгонных, якія па яго загаду напалі на ігуменскі абоз, збілі асоб, суправаджаючых ігумена. За гэтыя злачынныя дзеянні ніхто не панёс ніякай кары”

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter