Хто ж збудаваў царкву?

Сярод даследчыкаў палескага драўлянага дойлідства не прынята выдзяляць архітэктурныя школы асобных майстроў па той прычыне, што імёны апошніх даўно забыты. Куды больш часта даследчыкі звяртаюць нашу ўвагу на рэгіянальныя асаблівасці архітэктуры ў цэлым, на мясцовую трансфармацыю архітэктурных стылей праз дапаўненне іх нейкімі адметнымі элементамі.

Кажан-Гарадоцкая “Візіта царквы”, напісаная ў 1758 годзе на польскай мове, не называе даты збудавання існаваўшага на той час храма, указваючы толькі што “царква пад тытулам св. Мікалая ... з даўніх часоў збудавана. Да еднасці (уніі — В. Т.) вернута... У форме крыжа. З дрэва ... бляхаю белаю пакрыта і крыж на ёй жалезны. Пад пабочнымі капліцамі і вялікім алтаром дах гонтамі крыты...” (Яна, відаць, нагадвала базіліку — В. Т.)

Да канца XVIII ст. паўстала вострая неабходнасць збудаваць новую царкву замест старой. Будаўніцтва доўжылася з 1813 па 1818 год.

Доўгі час мы не ведалі імёны тых майстроў, што у 1818 годзе закончылі ў Кажан-Гарадку будаўніцтва новай царквы. І толькі нядаўна сталі вядомы дакументы на польскай мове, якія сведчаць аб тым, што кантракт на збудаванне храма “в мейсьце Кожангрудзецкім” быў заключаны 29 лістапада 1813 года з давыд-гарадоцкім майстрам Аляксандрам Маліноўскім. Але Маліноўскі не закончыў будаўніцтва і кантракт з ім страціў сілу 10 мая 1816 года.

Прыкладна праз год быў падпісаны кантракт з другімі майстрамі: закончыць будаўніцтва абавязаліся Сымон Канапацкі, “падданы Дзяцелавіцкі” і Васіль Лістапад, “падданы вяльможных Ягомасцяў Юзэфа і Тэклі Шчыттоў”, уладальнікаў Кажан-Гарадка, Дрэбска, Цны...

Згодна з новым кантрактам, парафіяне былі павінны на перыяд будаўніцтва “назначаць штодзённа восем парабкаў, для таго каб работа лягчэй, хутчэй ісці магла”.

Але не толькі названыя майстры і выдзеленыя парафіянамі парабкі будавалі царкву: было задзейнічана нямала людзей і на пастаўках матэрыялаў. Напрыклад, матэрыялы для пакрыцця царквы — “гонталы і брынхталы” (адпаведна тры тысячы коп па 12 грошаў і трыста коп па 3 злоты) — абавязаўся даставіць давыд-гарадоцкі яўрэй Борух Іцкавіч.

Было ў царквы і нямала даўжнікоў: грошы пазычалі пад 7% гадавых — хто на лячэнне, хто на вяселле...

Захаваўся “Рэгестр распазычаных грошай з касы царкоўнай брацтва Кажан-Гарадоцкага”, дзе значацца 22 даўжнікі. Гэтыя людзі вяртаць даўгі не спяшаліся, таму ў канцы “рэгестра” пазначана: “Тых асоб ... апісаных у рэгестру ўпрошвае брацтва ... Вяльможнага Ягомасця айца Эксаніматора, каб не прымаў да споведзі вялікапоснай, аж пакуль не аддадуць даўгі”. Але як вярнуць даўгі, калі няма грошай? І тады брацтва прыдумала новы спосаб пакарання даўжнікоў: некаторых з іх заставілі адрабіць на будаўніцтве царквы. Да ліку такіх работнікаў належыў Андрэй Рашэцкі, які ад 6 мая 1805 года задаўжаў 24 “цалкавітыя рублі”, або 160 злотых. Рашэцкі год не вяртаў доўг, а таму брацтва пастанавіла: “калі захоча Андрэй Рашэцкі аддаць гатоўкаю, то брацтва прыйме ...або ... захоча адпрацаваць пры будаўніцтве царквы, за кожны дзень павінны (спісваць з доўгу) па два злоты”.

Як лічыць вядомы даследчык беларускай архітэктуры мінулага А. Ю. Якімовіч, “асабліва глыбокае ўздзеянне на культавае драўлянае дойлідцтва зрабіў стыль барока, развіццё якога ў беларускім мастацтве супала з пад’ёмам нацыянальнай самасвядомасці і актывізацыяй мастацкай дзейнасці шырокіх слаёў народа. У выніку гэтага стыль барока ў беларускім дойлідстве атрымаў яркую нацыянальную афарбоўку і прывёў да ўзбагачэння пластычных прыёмаў мясцовага паходжання. Наогул гэты стыль у розных мясцовасцях атрымаў розныя напрамкі развіцця, што было звязана з асаблівасцямі народнай архітэктурнай эстэтыкі ...

...Вяршыняй развіцця крыжова-цэнтрычных кампазіцый з’явіліся пяцізрубныя цэрквы з пяццю вярхамі. Асаблівую цікавасць ўяўляе царква Мікалая ў Кажан-Гарадку Лунінецкага раёна (1818), у якой атрымалі далейшае развіццё прыёмы барочнай архітэктуры, што склалася ў трохзрубных трохнефавых цэрквах уканцы XVIII ст. Збудаваная на аснове роўнаканцовага крыжовага плана царква ў кан. XIX – пач. XX ст. атрымала ярусную званіцу ў прытворы да бабінца, што некалькі парушыла яе першапачатковую сіметрычную структуру. Як у Рубельскай царкве, цэнтральны васьмерыковы зруб царквы ў Кажан-Гарадку ўвянчаны двух’ярусным нефам “васьмярык на чацьверыку”. Аднак крайнія зрубы, відаць, па прычыне імкнення дойліда стварыць строга сіметрычны план, атрымалі чацьверыковы характар і ўвянчаны чатырохграннымі вярхамі. Усе вярхі маюць складаныя барочныя галовы. Шырыня чацьверыковых зрубаў вызначалася палавінай дыяганалі васьмерыка. Уся кампазіцыя храма ўпісваецца ў квадрат, г. зн. шырыня цэнтральнага верху роўна агульнай даўжыні збудавання. Вышыня падкупальнай прасторы бакавых вярхоў вызначалася палавінай дыяганалі квадрата, пабудаванага на ўзаемна перпендыкулярных восях храма. Як бачым, і ў гэтым помніку ў вельмі своеасаблівым перапрацаваным выглядзе выступае антычная сістэма прапорцый, занесеная візантыйскімі майстрамі”.

Цяпер наўрад ці хто паверыць, што майстры, збудаваўшыя ў Кажан-Гарадку царкву, былі непісьменнымі: не маглі ні чытаць, ні пісаць, ні нават распісацца. Пад кантрактамі, заключанымі на будаўніцтва, замест подпісаў яны прастаўлялі насупраць сваіх прозвішчаў па тры крыжыкі. І гэтыя людзі стваралі шэдэўры, сапраўдныя цуды дойлідства. А якіх вяршынь дасканаласці дасягнула б нашая старажытная архітэктура, каб майстры, падобныя Маліноўскаму, Канапацкаму і Лістападу, маглі чытаць чарцяжы для пераймання дасягненняў архітэктараў другіх краін, калі б карысталіся хоць якой-небудзь тэхнічнай дакументацыяй!

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter