Цяжкі ранец рэкрута

У 1793 годзе расійская імператрыца Кацярына ІІ адарвала ад Рэчы Паспалітай чарговы кавалак зямель, населеных беларусамі, палешукамі і ліцьвінамі — гэтая падзея ўвайшла ў гісторыю як Другі разбор (падзел) Рэчы Паспалітай. Так Кажан-Гарадок упершыню і надоўга трапіў пад цяжкі гнёт Расійскай імперыі.

З’явілася новая надзвычай цяжкая павіннасць — рэкруцкая. Раней, у часы Рэчы Паспалітай, войска ў нас было наёмным, таму сялян на ваенную службу не прызывалі. А ў Расіі, пачынаючы з 1793 г., забіралі ў армію, у рэкруты, на 25 гадоў, за якімі ішоў “безтэрміновы водпуск на працягу 5 гадоў”.

На захопленых Расіяй землях насельніцтва, як магло, ўхілялася ад здачы ў рэкруты. Судовыя справы Пінскага павета сведчаць, што многія абывацелі Палесся калечылі сябе адсяканнем пальцаў, спрабавалі прыкінуцца хворымі. Сярод яўрэяў былі распаўсюджаны ўцёкі ў аддаленыя паветы, дача хабару за прызнанне “хворымі” і непрыгоднымі да службы, падробка дакументаў. Беглых рэкрутаў нярэдка выяўлялі ў павятовым Пінску, аб чым было заведзена нямала следчых спраў.

Цікавыя вывады можна зрабіць, аналізуючы дакументацыю Кажан-Гарадоцкай царквы; у першай палове ХІХ ст. тут было “модна” браць у царкоўнай касе ў буйных памерах пазыкі з выплатай 7% гадавых. Прычым, часта крэдыты бралі ...маладыя мужчыны прызыўнога ўзросту. Нагадаем, што прызыўны ўзрост з 1832 да 1855 года складаў ад 20 да 35 гадоў. Чым больш у царкве пазычыш грошай — тым больш гарантый, што ў войска не забяруць. Праўда, цяжка было выплачваць працэнты па крэдыту. Але і тут было знойдзена выйсце: працэнты аддавалі не грашыма, а ...мёдам! Мёд выконваў свайго роду ролю тавара-грошай: ім не толькі выплачвалі працэнты за ўзяты крэдыт, ім спрабавалі падкупляць службовых асоб, ад якіх залежыў прызыў на рэкруцкую службу. Як толькі ў вёсцы з’яўляліся “гіцлі”, якія хапалі маладых мужчын у рэкруты, адразу ж пачыналася ліхаманка па збору мёду “для выплаты працэнтаў”; у царкве захаваліся доўгія спісы асоб, што “ахвяравалі” мёд “на царкву”.

Злавіўшы першага сустрэчнага местачкоўца, “гіцлі” вялі яго да свяшчэнніка, каб устанавіць па царкоўных дакументах асобу будучага рэкрута, удакладніць узрост і выкрэсліць са спісаў парафіі. Але тут і выяснялася, што не кожнага з гэтых людзей можна забраць у рэкруты. Свяшчэннік не згодзіцца аддаваць у войска чалавека, які, дапусцім, задаўжаў царкве грошы на пакупку каровы! Па просьбе святара і з улікам вернутых мёдам працэнтаў, адхіленага ад набору ў рэкруты даўжніка даводзілася адпускаць. Часцей за ўсё ў рэкруты проста-напраста здавалі тых, хто чым-небудзь правініўся. У царкоўных дакументах так і адзначалі: “здадзены ў рэкруты”.

У Кажан-Гарадку адзначана яшчэ адна арыгінальная спроба ўхіліцца ад рэкруцтва. Так, захаваўся спіс асоб (складзены на польскай мове), якія ахвяравалі грошы на будаўніцтва царквы. Трэцім у спісе значыцца Цімох Каратышэвіч, які ахвяраваў аж дзве тысячы злотых, “каб з яго патомства не бралі рэкрута”. Гэта сведчыць аб тым, што голас мясцовага свяшчэнніка быў вельмі значным у вырашэнні пытання, каго ў рэкруты браць, а каго — не. І рэкрутаў з роду Каратышэвіча не бралі! Нават калі адзін з родзічаў Цімоха — Апанас Каратыш — у 1843 г. “бунт супраць свяшчэнніка ўчыніў” — нават згаданы “бунтаўшчык” не быў здадзены ў рэкруты! О, вялікая сіла грошай!..

Захаваліся дакументы аб рэкруцкіх наборах у Кажан-Гарадку за 1836, 1838 і 1839 гг. Ніжэй публікуецца толькі частка тых спісаў.

Такім чынам, набор на дваццацігадовы тэрмін рэкруцкай службы ў 1836 годзе:

1. Бірук Рыгор, 19 гадоў. Забраны ад 19-гадовай жонкі Арыны і “здадзены ў рэкруты” у снежні 1836 г. Будучыня маладой сям’і аказалася скалечанаю назаўсёды.

2. Гусціновіч Іван Салаўянавіч, узрост 25 гадоў. 2 снежня 1836 года развітаўся з цяжарнаю жонкаю Агапаю, “здадзены ў рэкруты”. Яму пашчасціла вярнуцца з войска, але за скалечанае жыццё гэты чалавек па-свойму помсціў Расіі: імёны сваім дзецям даваў толькі польскія.

3. Масковіч Васіль Ярмолавіч, меў 20 гадоў. Разлучаны з жонкай Васіяй і здадзены ў рэкруты 2 снежня 1836 года. Род Масковічаў у Кажан-Гарадку звёўся.

4. Русак Онісько, 24 гады. 2 снежня1836 года “здадзены ў рэкруты”.

У 1838 годзе адбыўся яшчэ адзін рэкруцкі набор. Тады з Кажан-Гарадка забраны ў войска наступныя людзі:

5. Андруш Грыгор, ад роду 17 гадоў, вул. Замкавая. Здадзены ў рэкруты наогул незаконна, бо не дасягнуў прызыўнога 20-гадовага ўзросту.

6. Кулеш Ігнат, 28 гадоў. Забраны ад жонкі Тэклі і “здадзены ў рэкруты”.

7. Пінчук Іван, 28 гадоў. У лістападзе 1838 года “здадзены ў ваенную службу”.

На наступны год прыйшла чарга новага рэкруцкага набора і тады, у 1839 годзе, развіталіся з Кажан-Гарадком наступныя жыхары:

8. Домашэвіч Янко, 23 гады. Відаць, ён “паступіў у рэкруты” таксама не па сваёй волі, бо дома прыйшлося пакінуць жонку Марцэсу.

9. Гуляр Марко, 36 гадоў. У 1839 г. “здадзены ў рэкруты” — забраны ад жонкі Ганны і 7-гадовай дачкі. З Маркам таксама абыйшліся несправядліва, бо браць у рэкруты асоб старэй 35 гадоў лічылася парушэннем закона.

10. Зміч Мікіта, 17 гадоў. У 1839 г. “здадзены ў ваенную службу”. Гэтага падлетка забралі ў войска, зноў-такі парушыўшы закон: Мікіта не падлягаў рэкруцкаму набору, бо не дасягнуў 20-гадовага ўзросту.

На канец 1841 г. у Кажан-Гарадоцкай парафіі пражывала ваенных мужчынскага полу (рэкрутаў запаса) 15 чалавек, жанчын-рэкрутак - 45. І хаця ў тыя часы сялянскія сем’і былі многадзетнымі, на згаданых 45 рэкрутак прыпадала толькі 11 дзетак. Трэба адзначыць, што многія з дзяцей рэкрутак значацца ў дакументах як незаконнароджаныя.

Жанчыне, муж якой забраны ў рэкруты, выдаваўся губернскім начальствам “вид на жительство”, у якім прадпісвалася “вести себя честно” і забаранялася пакідаць межы губерні. Нярэдка, каб пракарміцца, рэкрутка з дзецьмі вымушана была жабраваць, а ў гэты час збройнай сілай абманутых рэкрутаў дужэла і ўзмацнялася на еўрапейска-азіяцкіх прасторах Расійская імперыя, названая пазней турмою народаў.

Рэкрут, якому пашчасціла выжыць, вяртаўся пасля 20-гадовай службы і знаходзіў дома запушчаную гаспадарку, якая сяк-так трымалася на жаночых руках. У хаце — галеча, голад; у жонкі — чужыя байструкі, якія часта не пускалі і на парог адстаўнога рэкрута. Асабліва цяжкі лёс быў у тых рэкрутаў, якіх скалечыла на вайне, якія сталі непрыгоднымі да цяжкае сялянскае працы.

У народнай памяці палешукоў і дагэтуль захаваліся песні аб цяжкай долі рэкрута, адзначана гэта ў казках, прыслоўях, сямейных паданнях і нават казцы, запісанай у Кажан-Гарадку.

Сямейнае паданне, расказанае ў 1970-х гадах Надзеяй Васільеўнай Туміловіч (Бастынец), распавядае аб наступным.

“Я малая была — гэта было “пры Польшчы” — баба мая расказвала, што дзед яе служыў некалі ў рэкрутах. А як злавілі яго, каб на службу забраць, то было бабінаму дзеду толькі 17 гадоў. А старэйшы яго брат Іван быў жанаты. Іван і ўзрадаваўся: хоць мяне ад жонкі не забяруць! А сям’я ўся плакала, плакаў і малады салдат...

...Яшчэ тады спрыт цаніўся: гоняцца за хлопцам па вёсцы, а той — скок цераз плот — і ўцёк. Значыць, заслужыў сабе свабоду; пачынаюць другога, больш шалапаватага лавіць. Злавіўшы, будучага рэкрута тут жа звязвалі... А потым у армію ішлі так: стараста адной вёскі вядзе хлопцаў да старасты суседняй ці ў воласць; той далей вядзе іх — і так перадаюць рэкрутаў з рук у рукі, аж пакуль прывядуць да месца службы... А з арміі ўжо не вялі, самыя прыходзілі. Вярнуўся і бабін дзед праз 20 гадоў; яго і не пазналі ў маскалёўскім убранні. А ён зайшоў на падворак прыцемкам і пытае: “Хозяева, пустите служилого на ночлег”. У адказ маўчаць усе, але і адмовіць не маюць права. А потым селі за стол вячэраць, а салдат сядзіць аддалёк на лаве, у цёмным кутку. Нарэшые, маці шэпча старэйшаму сыну: “Іванко, то можэ і коцапу яку бульбіну дамо?”

Пачуў тыя словы салдат і не вытрымаў, заплакаў: “Мамо! Я ж сын ваш!” Што тут было! Як усе ўзрадаваліся! Як плакалі ад шчасця! Браціха, жонка Іванава, і кажа: “Я ж гаварыла Івану, што гэта наш салдат: у яго такія ж вочы, як у Івана...”

Доўга ў сям’і захоўваліся рэчы таго рэкрута: драўляная шкатулка з інкрустраваным з фанеры арнаментам і надпісам “Кто денежки бережёт, без нужды тот проживёт” і вялікая сярэбраная лыжка.

Рэкрут расказваў, што за малейшую правіннасць і нават без віны навабранцаў у арміі білі, зневажалі. Білі за тое, што уніяцкай веры, білі за тое, што не ўмеў гаварыць па-руску, білі, бо “за одного битого семь небитых дают”, білі, каб зрабіць жорсткім і выбіць усе чалавечыя пачуцці... А старэйшыя салдаты трымаліся групамі асобна ад неарганізаваных, ад маладых. Многія з рэкрутаў да канца службы стараліся авалодаць граматай. Рускія афіцэры вельмі лютавалі, калі ўдавалася выкрыць групу салдат, што тайна абучаюць адзін другога грамаце. Лёсу такіх салдатаў не пазайздросціш. Але рэкруты на свой страх і рызыку вывучалі грамату. І наш рэкрут абучыўся пісьму і чытанню “Псалтыра”, а пасля ваеннай службы граматным чалавекам на вёсцы лічыўся”.

Источник- luninec.somee.com

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter