Правасуддзе ў кіпцюрах двухгаловага арла

Ледзь не ўсімі прыкметамі дэтэктыўнага жанру: масавай экзекуцыяй, ілжывымі сведчаннямі, вочнаю стаўкаю, подкупам сведак, прыцягненнем апошніх да прысягі і ўцёкамі ў аддаленыя паветы некаторых з іх, крывадушшам следчых, умяшальніцтвам у следчы працэс чыноўнікаў высокіх уладных структур, неаднаразовымі прашэннямі на імя мінскага губернатара і нават цара напоўнены востразакручаны сюжэт здарэння, што адбылося ў Кажан-Гарадку ў 1833 годзе.

...А ўсё пачалося вельмі проста. Мешчанін Гершон Сролевіч Латушка і не думаў, што ні за што — ні пра што яго абвінавацяць “в оказании сопротивления полицейской власти и причинении обид заседателю суда Онисимовскому”, што ілжывыя сведкі пакажуць, быццам бы местачковыя яўрэі парвалі мундзір на ключвойту і ледзь не задушылі апошняга, і што наогул яўрэйская грамада Кажан-Гарадка ўчыніла бунт супраць паліцэйскай улады!

Але на самой справе вінаватымі былі паліцэйскія чыноўнікі, для якіх здзекі над бяспраўнымі “обывателями” — звычайная з’ява.

Прывядзем урывак з прашэння кажан-гарадоцкіх яўрэяў на імя мінскага грамадзянскага губернатара фон Дрэбуша. “Ключвойт Кажан-Гарадка Мінякоўскі 6 жніўня 1833 г. запатрабаваў для сястры свае падводу, каб з’ездзіць у манастыр Дзятлаўскі на свята і хацеў сілаю ўзяць у кажан-гарадоцкага яўрэя Гершона Латушкі каня, але Латушка, маючы неабходнасць ехаць у г. Нясвіж з таварам, не даў яму каня.

Ключвойт, затаіўшы за гэта злосць, пасля прыбыцця ў Кажан-Гарадок засядацеля пінскага земскага суда г-на Онісімоўскага для расследавання аб утопленіцы жанчыне, паскардзіўся яму. А засядацель выклікаў 19 верасня яўрэя Гершона... Яўрэй адказаў, што ён не абавязаны даваць для партыкулярных праездаў каня, але г-н засядацель, раззлаваўшыся, ударыў таго яўрэя некалькі разоў “в рожу”.

Як сведчыць іншы дакумент — прашэнне на імя цара ад 2.10.1833 г., Онісімоўскі “заманіў праз дворнага дзесятніка, быццам бы сабраўшага жыхароў для ўплаты аброку або чыншу... яўрэяў Гершона Латушку і Абрама Бягуна, якіх пачаў біць за тое, што яны не далі ключвойту коней. Апошні з яўрэяў пачаў тлумачыць, што яго зусім ні за што б’юць, бо ён коней не мае, і Бягуна адпусцілі.

Кагальныя, даведаўшыся аб гэтым ад вызваленага Бягуна, пайшлі да Онісімоўскага прасіць, каб і Латушку, як роўна ні ў чым непавінным , “изволили освободить”.

Ну, а што было з Латушкаю — аб гэтым пачуем з яго ж слоў — цытуем другое прашэнне на імя цара, падпісанае яўрэйскаю грамадою 3.11.1833 г.

“Засядацель Онісімоўскі, не прымаючы ад мяне ніякіх апраўданняў, прыказаў збіць (мае ногі) у калодкі і адправіць у суд. Адыйшоўшы, я... ад нанесеных пабояў упаў з ног і слёзна стаў прасіць, каб адправілі мяне ў суд уласнаю падводаю, бо ісці ў калодках я быў не ў сілах. Але г-н Онісімоўскі, «тем паче разсердев», загадаў мяне прывалакці на двор ключвойта, дзе прычыніў мне цяжкія і «несносные побои кулачьем» і топчучы нагамі. Калі прыйшоў яўрэй Азік і стаў прасіць аб вызваленні ад пабояў, то Онісімоўскі вырваў з рук вознага Стахоўскага тоўсты кій, прычыніў мне цяжкія пабоі і, нарэшце, схапіў мяне за валасы і валачыў па двары, Пісар, пінскі мешчанін Стэфан Мазалеўскі, таксама біў мяне кулакамі і таптаў нагамі і ўвечыў мяне амаль да смерці.

Сведкаў (яўрэяў), усіх, што там стаялі... біць кіямі (пачалі) і сыпаць у вочы ім пяском, каб яны дзеянні г-на Онісімоўскага і яго саўдзельнікаў не маглі бачыць».

Бацька і сябры Гершона Латушкі кінуліся на засядацеля Онісімоўскага і адабралі свайго родзіча. Пры гэтым на ключвойту быў парваны віцэ-мундзір.

Следства было ўзбуджана на падставе двух рапартаў таго ж Онісімоўскага, які данёс у пінскі земскі суд, што на яго і ключвойта Мінякоўскага напалі «неизвестно с какого поводу... собравшиеся евреи из всего местечка»; што яўрэй Латушка адабраў коней ад паліцэйскіх чыноў, пагражаючы іх забіці: што арганізаваў у Кажан-Гарадку яўрэйскі «бунт». Атрымалася ўсё наадварот: пабіты без усялякае віны Латушка прыцягваўся да суда як злачынца, а Онісімоўскі і Мінакоўскі прыкінуліся пацярпелымі. Разлічвалася, што земскі суд паверыць свайму служачаму Онісімоўскаму, а не яго ахвярам-яўрэям; тады далёкая Сібір яўрэйскім «бунтаўшчыкам» магла б стаць блізкай рзальнасцю... Следчыя ж, што вялі справу аб «бунце». былі сябрамі і калегамі Онісімоўскага. А каб лягчзй дасягнуць мэты, Онісімоўскі і Мінакоўскі сабралі ад «сведкаў», якія «клянясь Всемогущим Богом... целуя Крест и Евангелие», далі прадыктаваныя следчым і ключвойтам ілжывыя паказанні.

Але яўрэйская абшчына таксама сабрала паказанні, толькі іншых сведкаў, якія, «клянучыся Усемагутным Богам... цалуючы нашага Бога і Яго дзесяць запаведзяў», выкрывалі паклёп па яўрэйскую грамаду.

Следчыя спачатку «не заўважалі» розніцу ў паказаннях сведкаў абодвух бакоў, і «накат» на яўрэяў працягваўся. Але вось вынікі хода расследавання дайшлі да Мінскага губернскага праўлення, адкуль паступіў у Пінскі магістрат указ, дзе давалася зразумець, што ў «следственного дела, производимого заседателем Земского суда Выслоухом при бытности уездного стряпчего35... замечено пристрастное действие...» Здавалася, цяпер следчы Выслоух адмовіцца ад «пристрастного действия» і павядзе следства без прыстрасця, але... праз два месяцы прыходзіць новая папера з губернскага праўлення, у якой прызнаецца віна яўрэяў Гершона і Аўзеля «в слушании земской полиции и причинении заседателю Онисимовскому обид ударами два раза в лицо, подрании мундира».

Бездапаможныя перад павятоваю і губернскаю ўладамі яўрэі Кажан-Гарадка вырашылі падаць на імя цара трэцяе (!) прашэнне. Такога выпадку Кажан-Гарадок яшчэ не ведаў! Але цару пісалі ўжо два разы — і гэта не памагло справе. Прашэнне «са слоў прасіцеля» згадзіўся напісаць чалавек, якому губляць ужо не было чаго: гэта зрабіў пінскай інваліднай каманды унтэр-афіцэр Ярмол Дрэсвяннікаў.

Нарэшце, у Пінску паліцэйскія чыны заўважылі, хто сапраўдны віноўнік у справе аб «яўрэйскім бунце», і ў кнізе магістрата 9.08.1834 г. з’явіўся запіс: «...для дополнения дела о бунте... Приказали: свидетельства возного Стаховского и писаря Быркли разноречивы, а потому дать им очную ставку». У той жа дзень правялі вочную стаўку дзвюх сведак, і «возны Стахоўскі ўлічыў пісара Бырклю, што яўрэі кажан-гарадзецкія засядацелю Онісімоўскаму ніякіх пабояў не прычынілі, а насупраць, засядацель Онісімоўскі ім прычыніў... а пісар Быркля аб’явіў, што ён без дэпутата з боку засядацеля Онісімоўскага ніяк супярэчыць Стахоўскаму не згодзен».

Такім чынам, «шытае белымі ніткамі» абвінавачванне ў «бунце» стала трашчаць па швах. Вочная стаўка Стахоўскага і Бырклі перад следчымі і магістратам выкрывала ілжывасць рапартаў Онісімоўскага, Мінякоўскага і іх сведак.

12 верасня 1834 г. у Кажан-Гарадок прыехаў з Пінска судовы засядацель Бруевіч. Сялян-сведкаў сталі выклікаць для дачы новых паказанняў. Праходзіла гэта ў двары памешчыка Шчытта. Можна лёгка здагадацца, у чыіх інтарэсах дзейнічаў Бруевіч: ён унёс у пратакол толькі двухсэнсоўныя паказанні, і то ўсяго... двух сведкаў, падаўшы ў Земскі суд наступныя запісы:

«Лукіян Карэцкі, 28 гадоў, уніяцкай веры, грамату ведае, дваровы фельчар, засведчыў: «пры размове Быркля сказаў, што спадзяецца мець дваццаць пяць рублёў серабром, але за што менавіта і ад каго, не гаварыў»; паказанне даваў Карэцкі пад прысягаю;

«Іван Крук, 40 гадоў, уніяцкай веры, селянін памешчыка Шчытта, грамату не ведае. Засведчыў згодна з першым — Лукіянам Карэцкім — і ў тым прасіў яго распісацца».

Такім чынам, следчы Бруевіч свядома заводзіў справу зноў у тупік. А справа, між іншым, вялася ўжо 10 гадоў...

Неверагодна, але ўсе 10 гадоў — пакуль вялося следства — Гершон і Айзель таміліся ў пінскай турме! Але гэта не цікавіла нікога з чыноўнікаў Расійскай імперыі, як не турбавала іх і тое, на якія сродкі жылі сем’і, у якіх дзяржава адабрала кармільцаў. Не дапамог і цар, да якога, як мы ведаем, яўрэі звярталіся... тры разы! Карацей кажучы, «ад торбы і турмы не заракайся»... Ці закончылася следства судом — таксама невядома, бо ў архіўным фаліянце сабраны ў пераплёт не ўсе матэрыялы па гэтай справе. Следства аб «бунце» яўрэяў Кажан-Гарадка - адзін з самых класічных твораў палітыкі дзяржаўнага антысемітызму, узор фальсіфікацыі крымінальнай справы судовай чыноўніцкай бюракратыі, помнік расійска-імперскаму «произволу» і «беспределу», бяспраўю прыгнечанага народа.

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter