Растрэл яўрэйскага гета 3 верасня 1942 года

...Цяжкім выпрабаваннем для яўрэяў стала Другая сусветная вайна, асабліва 1942 год. Агарадзіўшы яўрэйскі квартал паміж вуліцамі Пяскі і Бірукоўка, гітлераўцы стварылі гета. Яно займала даволі вялікую тэрыторыю, і калі там стаяць цяпер 4 хаты, то ў час вайны іх было не менш дзесятка. Гета ахоўвалі як салдагы, так і паліцаі. Яўрэяў вадзілі на самыя цяжкія работы, як рамонт мастоў і падсыпка дарог, прымушалі рэзаць і калоць дровы. Яны спілоўвалі на хрысціянскіх могілках тоўстыя сосны, а каб падаючае дрэва не пашкодзіла надмагільныя абеліскі, тое дрэва спачатку прытрымлівалі рукамі, а потым падхоплівалі, не даючы ўпасці. Як ні дзіўна, але знясіленыя яўрэйскія мужчыны спраўляліся і з такой задачай. Потым нявольнікі, абсекшы галлё, выносілі бярвенні да дарогі. Трэба былі драўляныя брусы або дошкі — яўрэяў прымушалі распілоўваць драўніну ўручную. Здаралася, замест каня або валоў у падводу запрагалі людзей — яўрэйскіх жанчын, дзяцей, дарослых мужчын або падлеткаў. Зверствавалі часцей за ўсё самыя маладыя салдаты або паліцаі. Так «вышэйшая арыйская раса» дэманстравала свае «перавагі» над некалі Богаабраным яўрэйскім народам...

Нарадзіўшыся праз 8 гадоў пасля заканчэння вайны, я не мог быць сведкам Халакоста, але ў маёй памяці захаваліся ўспаміны тых, перад чыімі вачыма прайшла гэтая жудасная трагедыя.

«Я, дзеці, добра памятаю і вайну, і растрэл яўрэяў. Як сагналі яўрэяў у гета, то ім і есці не хапала. А галодны — ён і апошняе золата аддасць. Хто здаравейшы — тых ганялі на работу, а хто стары ды слабы — дык тыя з голаду пухлі за калючым дротам. Бывала, адпросіцца Лапецкі ў знаёмага паліцая, той і адпусціць жыда з гета раздабыць сабе ежы. Пройдзе Лапіцкі па хатах — яму і насыплюць у торбу хто кварту гароху, хто жменю грэчкі, хто жыта ці ячменю. Прынясе жыд да мяне гэтую мешаніну, каб змалоць, бо ў мяне ручныя жорны былі. Дык за памол з таго жыда браў напалавіну» (3 успамінаў Андрэя П., вул. Пяскі).

Мне было 8 гадоў, калі пачуў прызнанні «мельніка»; калі ж пераказаў яго «споведзь» дома, то маці не вытрымала: «I ў старога Лоба хапала сумлення браць з няшчаснага чалавека такую плату?! А ці не мог ён падаць Лапецкаму хоць маленькі кавалачак хлеба або змалоць бясплатна? Знай, дзіця: гэта — не чалавек! Яго пакарае Бог за здзекі над народам!»

Мінула яшчэ гадоў 13, я адслужыў ваенную службу на флоце, іду па Пясках і... бачу на месцы хаты дзеда Андрэя абгарэлыя бярвенні і высокі бур’ян: аказалася, згарэў дзед у сваёй хаце ноччу. Тады і ўспомніліся пачутыя ў дзяцінстве словы: «Яго пакарае Бог...» Вось табе і Божае «блаславенне».

«Я памятаю, як яўрэяў растрэльвалі нацысты, — расказваў другі сведка трагедыі, Кузьма Гоман-Гірыч з Пяскоў. — Мяне і яшчэ некалькіх мужчын пагналі паліцаі ў Хвойкі, каб закапаць за расстралянымі яўрэямі магілу. Вялікая была яма: доўгая і шырокая, а глыбінёю куды больш чым у рост чалавека. Калі ж растрэльвалі іх, нас адагналі ад ямы, але мы ўсё бачылі. Як жа крычалі і галасілі тыя яўрэі, што ў небе іх крык стаяў! Так і расстралялі іх, поўную яму да верху налажылі, шчыльна адзін да другога. Яны яшчэ стагналі і варушыліся ў той магіле, як засыпалі іх. Аж тры дні зямля хісталася на той магіле і можна было пачуць сгогны. Насып магільны калыхаўся, месцамі асеў, патрэскаўся, а потым на паверхню выступіла кроў. Пачало ваняць, і ўсе ўжо абыходзілі гэтае страшнае месца”.

Мая маці, Туміловіч Надзея Васільеўна, успамінае: «У той дзень я, не падазраючы ніякай бяды, пайшла з сярпом жаць авёс. А мы, Бастынцы, жылі на Майдане, каля самага Цынянскага балота. Авёс быў пасеяны за ўрочышчам Роў, шго па дарозе з Кажан-Гарадка на Лахву, так што на поле ісці трэба было праз усё мястэчка. Выйшла з дому я вельмі рана і не вельмі здзівілася, што вуліцы ўсе пустыя, нідзе няма ні адной жывой душы. Чула, што яўрэяў будуць расстрэльваць, але ў каторы дзень — не ведала. Ды яны й самыя гаварылі: «Скора нам смерць». Апошнім часам іх перасталі выпускаць з гета і марылі голадам. Жну я жыта за Равом, а на полі — нікога, акрамя мяне. Праўда, паказалася з Дрэбска адна жанчына, нажала травы — і хуценька э поля! Сонца ўжо ў паўнеба паднялося, час абеду мінуў. Гляджу — бягуць прама на мяне дзве яўрэйкі аднекуль з-пад Марочнай. Вочы гараць, як у ашалелых, слова сказаць не могуць, толькі хрыпяць, як загнаныя коні, аж пена з рота падае. І бачу: забіць мяне збіраюцца — адна забягае ззаду, другая кідаецца з кулакамі спераду, Я крычу немым голасам, сярпом адмахваюся, адступаю ад іх на пагорак (тут мяне не возьмеце!). Здагадалася, што яны з-пад Лахвы і ўцяклі з-пад расстрэлу, але ад перажытага страцілі розум. І што ім да мяне, калі наша сям’я з яўрэямі так дружыла?! Бачу я: канец мне тут будзе... «Бярыце хлеб у клунку ды ўцякайце!» — крыкнула ім. Нарэшце, яўрэйкі сцямілі: падаліся да клунка, схапілі ежу, на хаду запіхваючы яе ў рот, пабеглі ў бок чыгункі, на Надаткі. Я азірнулася і ...о, выратаванне! — з Лахвы няспешна ідзе чалавек. Здалёк пазнала яго па грузнай, тоўстай фігуры: гэта Іван Ленінец-Шабатура. Я падбегла да Івана і мы разам пайшлі дадому. Іван расказаў, што ў гэты ж дзень, пакончыўшы з гетам у Кажан-Гарадку, карнікі растралялі і лахвенскіх яўрэяў».

— О, вялікімі трудзягамі былі ў нас яўрэі! — успамінае Петр Піліпавіч Чарняўскі з вуліцы Бірукоўкі. — Мала сярод іх было багатых, лічаныя хаты. Было некалькі сем’яў зусім бедных, што пастаянна галадалі. Але ў яўрэйскім кагале свае законы; свайму бедняку не дадуць прапасці, багацейшыя памагалі. Бедныя яўрэі толькі на вялікія святы маглі ўдосталь наесціся, калі атрымлівалі з Амерыкі пасылкі. А э нашымі палешукамі яўрэі былі першыя прыяцелі. Няма ў мужыка хлеба ці мукі перад Вялікднём — яўрэй абавязкова выручыць, пазычыць. Не вернеш праз месяц-два, ён згодзен пачакаць паўгода, і больш. Пры гэтым і кажа: «Вялікдзень — такое свята, што ты, мужык, не павінен заставацца хаця б у гэты дзень галодным”. У час вайны я быў партызанам. У атрадзе былі і яўрэі, што ўцяклі з гета.

«I што гэта за народ яўрэі? — дзеліцца ўспамінамі Ніна К. з Кажан-Гарадка. — Глянеш, дык на 100 працэнтаў граматная і вельмі разумная нацыя. Але чаму ж яны схілілі галовы, як пакорлівыя ягняты? Зусім розум страцілі, як у гета трапілі. Помню, прыйдзе з гета Фішман Довыд, мельнік (ён і яго браты нежанатымі былі) і кажа: «Я пасябраваў з паліцаем. Аддам яму золата, а ён мяне выпусціць перад самым растрэлам. А ты, Ніна, будзь гатова: пакажаш мне тады дарогу да партызан».

— Довыд, ты золата нікому не давай, а я цябе хоць цяпер пазнаёмлю з правадніком, той укажа к партызанам дарогу.

— Прама цяпер я не магу ісці ў партызаны, бо мяне выпусцілі з гета «пад залог»: не вярнуся — растраляюць братоў-заложнікаў. А я не магу браць грэх на душу.

— Які грэх? Вас жа рана ці позна расстраляюць, а так хоць свае жыццё выратуеш!

— Гэта ты думаеш так. А мы думаем па-другому!

Так і было: забраўшы золата, паліцай А. першым вывеў Довыда і ўласнаручна растраляў яго. Растраляны былі і браты Довыда».

Даніла Гурбановіч (вул. Пяскі) таксама дапоўніў расказ аб яўрэйскай трагедыі 3 верасня 1942 года: “Яўрэяў да ямкі падводзілі невялікімі групамі і тут жа распраналі. Растрэльвалі голых. А што было ў адзенні зашыта — золата, ўпрыгожванні — усё пасля павытрасалі. Перад самым расстрэлам Лейзар (прозвішча не помню, але бацька яго быў балаголам, гэта значыць, перавозчыкам грузаў) як быў голым, так і кінуўся ўцякаць ад ямы. Эх, спраўны ж хлопец быў! Ды не адбег далёка: развярнулі кулямёт і ўдарылі па тым Лейзару… А потым заставілі дзеда П. згрузіць вопратку перабітых яўрэяў на падводу і адвезці ў паліцыю. Вось і паехаў Іван П. на сляпым чорным коніку выконваць той загад”.

Агляд месца растрэлу дазваляе зрабіць вывад, што ўцячы вязням было наўрад ці магчыма. Лес, у якім растрэльвалі, быў яшчэ малады; яго і лесам назваць тады было нельга, бо хвойнік гэты быў насаджаны ў 1934-35 гадах. Значыць, на момант растрэлу 7-8-гадовая хвойная пасадка была нізкарослай і не магла схаваць уцекача: ні адно з пасаджаных дрэваў не магло быць у рост чалавека. Растрэльвалі тут брольш чым 900 чалавек, а так як карнікі спяшаліся ў той дзень растраляць яшчэ адно вялікае гета — у Лахве, то ў магіле на ўскраіне Кажан-Гарадка магло аказацца нямала зажыва пахаваных або лёгка параненых людзей.

“У Кажан-Гарадку пастралялі не толькі нашых яўрэяў, але і давыд-гарадоцкіх. І я дакладна ведаю, — прыпамінае Ніна К. — Усё адбылося нечакана. З гета Давыд-Гарадка ўцяклі яўрэі. Сямёра з іх пераправіліся на пароме цераз Прыпяць ва ўрочышчы Курэнь, прайшлі ў Кажан-Гарадок. Была восень. Ідуць гэтыя сем чалавек вуліцаю, а непадалёку гулялі вяселле. На вяселлі сярод гасцей былі паліцаі. Яны тут жа паслалі веставога, які ўскочыў на каня і паскакаў паднімаць паліцэйскі гарнізон па трывозе. Заўважыўшы ўзброеную паліцыю, яўрэі кінуліся ўцякаць, хто ва ўрочышча Пацярэбля (ускраіна мястэчка, цяпер завулвк Ліпавы), хто — у Панскі сад, думаючы, што там нейкі лес. Іх і перастралялі ў Панскім Садзе, а адзін аж да Маранскай гары дабег, там і забілі яго. Паслалі П. з возам, каб сабраў гэтыя трупы. Уражвала тое, што на забітых былі новыя касцюмы: гэты страшны прывід і цяпер стаіць перад маімі вачыма… Я ж сама была на тым вяселлі і трагедыю ўсю бачыла».

“Няпраўда, што перад растрэлам ніхто з кажан-гарадоцкіх яўрэяў не выратаваўся, — лічыць завуч Кажан-Гарадоцкай школы Рыгор Пятровіч Змітровіч. — Двое маладых хлопцаў, калі іх вялі па Гаманоўцы, забеглі ў двор дзеда Паўла Каратыша-Лівончыка: “Схавай на хізку ў хляве!”

— Не! — ускрыкнуў дзед, — падайце ў бульбоўнік!

Яўрэі тут жа пападалі ў бульбяныя разоры і затаілі дыханне. Як толькі яны схаваліся, урываюцца на падворак немцы:

— Во зынд Юдэн?

— Не бачыў, — замахаў рукамі дзед.

Немцы з сабакаю пабеглі да хлява. Убачыўшы сабаку, дзед збялеў. Але сабака быў на кароткім павадку і не паспеў узяць след. Ён, стаўшы лапамі на ніжнюю перакладзіну драбін, падняў морду ў бок лаза на хізок і гаўкнуў. Салдаты стрэлілі некалькі разоў і, не спускаючы сабаку з кароткага павадка, пабеглі даганяць канвой.

Выратаваныя яўрэі пасля вайны жылі ў Пінску, штогод прыязджалі з падарункамі да дзеда Лявончыка, наведвалі яўрэйскую брацкую магілу. Але хутка пасля вайны польскі ўрад папрасіў аб дэпартацыі сваіх грамадзян з Заходняй Беларусі, гэтыя два чалавекі пераехалі ў Польшчу, адтуль — у Амерыку. Як звалі іх — не помню. Я лічу, што прыкладна 15 яўрэяў з Кажан-Гарадка засталіся тады ў жывых. Сярод іх Уліцкі, Мучнік, браты Сямён і Давід Луцкія…”

Пасля растрэлу яўрэяў нацыстамі мясцовых палешукоў ахапіў жах: апошнія чакалі, што растраляюць і іх. Стаўленне да немцаў стала адназначна варожым. І калі яўрэяў закапалі ў адной вялізнай яме, то для палешукоў былі выкапаны аж дзве ямы. Іх забаранялася засыпаць. Яны як бы чакалі сваіх ахвяр у маладым хвойніку каля выгану.

— І што ж мы будзем рабіць без тых яўрэяў? — шапталіся палешукі, — як быць, калі не стала тых краўцоў, шаўцоў, гандляроў, музыкантаў, сталяроў?

Усе ж яўрэі былі выдатнымі рамеснікамі, людзьмі працавітымі і сумленнымі.

Нагадаем, што калі пачалася вайна, а разам з ёю — эвакуацыя на ўсход, то жыхары Заходняй Беларусі, у тым ліку яўрэі, без спецыяльна аформленых дакументаў далей Мікашэвіч выехаць не маглі: ваенныя патрулі іх вярталі назад, пакідаючы сам-насам перад зграямі германскіх нацыстаў. Так што жыхарам Заходняй Беларусі, якая да 17 верасня 1939 года была ў складзе Польшчы, эвакуацыя на ўсход СССР была надзейна перакрыта.

Закончылася ІI Сусветная вайна. З кажан-гарадоцкіх яўрэяў мала хто ўцалеў. Засталіся ў жывых толькі тыя, каго перад вайной прызвалі ў польскую ці савецкую армію.

Практычна адразу ж пасля вайны пачалася міграцыя ўцалеўшага яўрэйскага насельніцтва з вёсак: хто пераехаў у буйныя гарады, а хто і за межы СССР — у Амерыку, Палесціну, Заходнюю Еўропу.

У 1971 годзе на месцы растрэлу вязняў Кажан-Гарадоцкага гета мясцовыя ўлады ўстанавілі невялікую стэлу з надпісам: “Здесь в 1942 году зверски расстреляно немецкими фашистами 937 советских граждан». У самым надпісу што ні слова — то недагаворка. Па-першае, растрэльвалі не толькі нямецкія фашысты, а салдаты і паліцаі розных нацыянальнасцей: фашызм — з”ява інтэрнацыянальная. Па-другое, хто такія “советские граждане”? Навошта на стэле гэты рэбус? І ці не лепш было прама сказаць: “растраляны яўрэі”. А то зрабілі з нябожчыкаў нейкіх “граждан”, людзей без нацыянальнасці. Да таго ж, растрэльвалі ахвяр не таму, што яны “советские граждане”, а за тое, што яны — яўрэі! Вось і ўся іх «віна»!

1991 год прынёс развал СССР, за якім паследаваў суверэнітэт рэспублік, у тым ліку і Беларусі. Упершыню яўрэі змаглі свабодна прыязджаць з Ізраіля і іншых краін Захаду ў Беларусь. Для многіх з іх наша краіна — Радзіма, зямля, дзе прайшло дзяцінства, прыйшло першае каханне, дзе пахаваны продкі. І калі ў часы СССР турысты з капіталістычных краін маглі перамяшчацца па Савецкім Саюзе толькі па ўказаным маршруце, то цяпер гэты перажытак сацыялізму ліквідаваны.

Прыязджаюць ізраільскія яўрэі на брацкую магілу ў Кажан-Гарадок. Метраў за 180 ад яўрэйскай брацкай магілы — хрысціянскія могілкі; на апошніх пахаваны мой бацька. Наведваючы яго магілу, я часта бываю і каля брацкай магілы нявінна растраляных яўрэяў, маіх землякоў.

Шэсць мураваных прыступак і 139 крокаў ад вуліцы Лахаўскай вядуць у глыб лесу; затым — невялікая пляцоўка: месца растрэлу і брацкая магіла. Мемарыял нагадвае аналагічнае збудаванне на месцы канцлагера Салапілс, што каля Рыгі. На высокім абеліску, абліцаваным чорнымі паліровачнымі плітамі, выгравіравана зорка Давіда, а пад ёю надпіс у пяць радкоў на іўрыце, ніжэй — тэкст па-беларуску: «Брацкая магіла. Яўрэям Кажан-Гарадка, якія загінулі ад рук нямецкіх нацыстаў у 1941-1943 гадах. Вечная памяць загінуўшым. Аб”яднанне яўрэяў з Лунінца і Кажан-Гарадка ў Ізраілі”. У ніжняй частцы абеліска ўмуравана мемарыяльная дошка з таго першага, савецкага абеліска, які быў устаноўлены ў 1971 годзе.

Шумяць вакол сваімі галінкамі высокія сосны. У тую трагічную восень 1942 года гэтыя сосны былі зусім маладзенькімі. Схіліўшы галаву, стаю перад магілаю і думаю: што чакае народ твой, Беларусь? Што чакае цябе ў будучым, зямля Палесся, палітая нявіннай крывёю народа, які Біблія назвала Божым? Для чаго на нашай зямлі адбылася тая трагедыя? Ці ж нам сваёй бяды мала?

Шумяць сосны… Недзе стукае па ствалу дрэва дзяцел, бегаюць пад нагамі мурашкі: працягваецца жыццё… Пакуль працягваецца…

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter