Апошні загад каменданта

Найбольш прыкметнай асобай часоў фашысцкай акупацыі быў у Кажан-Гарадку ўжо вядомы нам Жырко — камендант паліцыі Андрэй Міхайлавіч Алесік, беларус, з сераднякоў, пісьменны, нарадзіўся ў 1908 годзе.

…Не лішнім будзе адзначыць, што згодна з Законам аб усеагульнай вайсковай павіннасці ад 13 красавіка 1924 года, у Войска Польскае прызывалі мужчын 21-23-гадовага ўзросту. Тых, хто адслужыў у войску, маглі прызваць на 14-тыднёвыя ваенныя зборы. Але ў Еўропе ўжо пахла порахам: Гітлер рыхтаваўся да агрэсіі, яго суседзі — да абароны. Польскі ўрад унёс неабходныя папраўкі ў закон і 6 сакавіка 1939 года жыхар Кажан-Гарадка Андрэй Алесік быў прызваны ў Войска Польскае. Прызыўніку было, між іншым, за 30 гадоў і меў ён чацвёра дзяцей! Не праслужыў чалавек і паўгода, як пачалася вайна: фашысцкая Германія напала на Польшчу. І трапіў Алесік у нямецкі палон… Малады мужчына ведаў, што з 17 верасня бацькоўскі Кажан-Гарадок знаходзіцца не ў складзе Польшчы, а адыйшоў да СССР, а значыць, там няма немцаў. І Алесік уцякае з нямецкага палону, пераходзіць савецкую граніцу, прыходзіць у Кажан-Гарадок. Але тут чакала Андрэя не свабода, а …зноў палон і канцлагер, бо былых ваеннапалонных, што ўцяклі з фашысцкіх канцлагераў у СССР, тут лавілі і адсылалі ў новыя канцлагеры — савецкія турмы.

Але за што і чаму?

Ні за што! І вось чаму: за тыдзень да нападу на Польшчу Германія падпісала з СССР “пакт Молатаў — Рыбэнтроп”, які зрабіў гэтыя дзве краіны калі не саюзнікамі, то сябрамі. Вось чаму ворагаў Германіі — беглых ваеннапалонных — сажалі ў турмы і ў СССР!

Ёсць сведчанні, што ў фашысцкія канцлагеры былі камандзіраваны савецкія афіцэры, якія ўгаворвалі палонных разгромленай польскай арміі (з ліку ўражэнцаў Заходняй Беларусі) выехаць у СССР. Для гэтага трэба было “выкупіцца з палону” — напісаць бацькам у СССР (дакладней — у Заходнюю Беларусь) адпаведнае пісьмо, пасля чаго ваеннапалоннага браліся даставіць у СССР савецкія афіцэры. Сыны багацеяў, што апынуліся ў нямецкім палоне, паверылі агітатарам, але — цытуем: “Лёс паступіў з імі жорстка. Хто знаў, што некаторых вывезуць у Архангельскую вобласць, некаторых — пад Смаленск?57 Там і згубяцца іх сляды назаўсёды”. Тыя, у каго не было грошай на выкуп з нямецкай няволі, засталіся ў Германіі; лёс іх таксама склаўся па-рознаму…

…Алесіку не давялося “выкупляцца” з палону: уцёкшы з фашысцкай няволі, ён хаваўся дома на гарышчы. У гэты час яго бацьку, хаця той і не быў кулаком, мясцовыя камуністы прыйшлі раскулачваць. Андрэй паспеў схавацца на гарышчы; ён чуў, як галасіла яго жонка з чатырма дзецьмі, як плакаў бацька, як іх пад канвоем вывелі з хаты, каб адправіць у ссылку на далёкую Поўнач. Тым больш было крыўдна, што раскулачваць прыйшлі свае ж людзі — Оксенты з Сідорчыкам: апошні даводзіўся нават родзічам — гэта быў хросны бацька Андрэя! Ды і Андрэй, у сваю чаргу, хрысціў Сідорчыкаву дачку Тадосю…

Праз некаторы час арыштавалі і Андрэя, але адбылося ўжо тое не ў Кажан-Гарадку...

У 1940 годзе Андрэй Алесік быў асуджаны савецкім судом і адбываў пакаранне ў гродзенскай турме. У першую ваенную ноч з 21 на 22 чэрвеня 1941 года нямецкія самалёты бамбілі Гродна, разбурылі будынак турэмнай аховы. У турме, згодна з атрыманай інструкцыяй, адных зняволеных збіраліся растраляць, другіх — накіраваць пешшу на ўсход. Зняволеныя, выведзеныя на пляц, разбегліся з крыкамі: “Няхай жыве наш вызваліцель Адольф Гітлер!” Сярод уцекачоў быў і Жырко.

У Кажан-Гарадок ён прыйшоў пехатою з Гродна ў самы час безуладдзя: Саветы даўно адступілі, а немцаў яшчэ не было. Узброіўшыся вінтоўкаю, Алесік хадзіў па вёсцы і быў гатовы сам пастаяць за сябе, не давяраючы ніякай уладзе. Ды і ўлады ў тыя дні не было ў вёсцы ніякай. Сустрэўшы свайго суседа і хроснага Сідорчыка, Жырко ўзрадаваўся:

— А, здороў, хрышчаненькі! Неколі ты мэне хрысціў, а цепэрака і я цебэ пэрэхрышчу!

І, схапіўшы вінтоўку, перацягнуў некалькі разоў Сідорчыка па спіне:

— Гэто тобе, хрышчоненькі, за тое, шчо мою сем’ю ні за шчо на Сібіру одпровадзіў! А прыйдуць немцы, я тобе шчэ не так укіну!

З прыходам немцаў Жырко «па даручэнню нямецкіх акупацыйных улад» арганізаваў паліцыю і стаў яе начальнікам. Кіруючы карным паліцэйскім атрадам, Алесік неаднаразова ўдзельнічаў у карных акцыях… Карны атрад пад кіраўніцтвам Алесіка ў 1941 годзе ўдзельнічаў у некалькіх баях з партызанамі па-за межамі Лунінецкага раёна (у прыватнасці, у Веткаўскім раёне Палескай вобл.).

Як сведчаць старажылы Кажан-Гарадка, у паліцыю да немцаў пайшлі служыць 55 аднавяскоўцаў, двое — з Дрэбска і трое — са Цны. Былі паліцаі з аддаленых мясцовасцей, а ўсяго паліцэйскі гарнізон у Кажан-Гарадку налічваў каля 100 чалавек. Для параўнання: калі ў паліцыі было 55 жыхароў з Кажан-Гарадка, то ў партызанах былі толькі …6 мужчын з гэтай вёскі. Большасць з іх апынуліся ў партызанах не па сваёй волі: яны вымушаны былі ўцякаць у лес, каб не пацярпець ад немцаў ці мясцовых жыхароў за камуністычнае мінулае. Так, у партызанах ваявалі: Андруш Іван (Оксенты), Каратыш Адам (Сідорчыкаў сын), Чарняўскі Пётр і Пётр Янкевіч (усе чацвёра былі камсамольцамі), а таксама Шуляк Рыгор (былы старшыня сельсавета). У канцы вайны да партызанаў далучыўся малады хлопец Крук Адам, які потым быў забіты на фронце.

Але вось дзе загадка мужыцкай натуры! Вось дзе «псіхалогія натоўпу» местачковых палешукоў! Практычна ніхто з кажан-гарадоцкіх паліцаяў (за выключэннем двух чалавек)61 не захацеў адыходзіць у Германію разам з адступаючымі немцамі!

Нават не гледзячы на тое, што ў многіх паліцаяў былі рукі ў крыві, яны зрабілі свой выбар: засталіся дома, пасіўна чакаючы рашэння свайго лёсу. Гэтым паліцыя нагадвала ўжо не войска, а статак жывёлы, якую збіраюцца гнаць на ўбой. А ведалі ж гэтыя паліцаі, што ўлада бальшавіцкая ох якая суровая! Перажылі ж яны перад вайною і раскулачванне, і сталінскія рэпрэсіі нявінных аднавяскоўцаў. На што ж спадзяваліся паліцаі цяпер, ва ўмовах ваеннага часу? Які трыбунал мог памілаваць іх? І за што?

Але паслухаем расказ былога партызана П.Чарняўскага: «К канцу вайны многія з паліцаяў — у тым ліку і камендант Андрэй Міхайлавіч Алесік — устанавілі сувязь з партызанамі. Кожны з паліцаяў па-свойму разлічваў, што не панясе сур’ёзнага пакарання ад савецкай улады.

Але самыя трывожныя дні, калі не існавала ніякіх органаў улады - час адступлення немцаў і наступлення савецкіх войск — трэба было перачакаць дзе-небудзь у бяспечным месцы. І паліцаі са зброяй у руках схаваліся на пакосах каля Прыпяці. У гэты час група немцаў, што прабіралася з Ястрабля ў Кажан-Гарадок, была спынена ўзброенай паліцыяй. Тры ці чатыры салдаты былі забіты, астатнім удалося ўцячы. Узброеная сутычка з немцамі таксама абнадзеіла паліцаяў на пэўную міласць з боку савецкіх улад.

Адразу ж пасля адступлення немцаў устанавіліся неабходныя органы ўлады: райкам партыі, райвыканкам, сельсаветы… Паліцаі вярнуліся ў вёску і разыйшліся па сваіх хатах. Зброю схавалі.

Тады раённыя ўлады прыслалі з Лунінца Рыгора Іванавіча Шуляка, што быў перад вайною старшынёй Кажан-Гарадоцкага сельсавета, які ад імя ўлад прад’явіў паліцыі ультыматум; у сельсавет быў выкліканы былы камендант Алесік: «Сабірай усю паліцыю, здавайце зброю і вас прызавуць у Савецкую армію». У назначаны дзень Алесік сабраў паліцэйскіх. Яны тут жа былі акружаны салдатамі ўнутраных войск і злажылі зброю. «Чырвонапагоннікі» пад канвоем даставілі паліцыю ў Лунінец. Арыштантаў размясцілі ў зямлянках і прыставілі ахову. Адсюль паліцэйскіх вывозілі ў абласны цэнтр Пінск на суд».

Дапоўнім расказ былога партызана ўспамінамі жыхара в. Ракітна К. Караваевіча: «Паліцаям, што былі пад арыштам у Лунінцы, яшчэ «пашанцавала»: ім не далі памерці з голаду. Зусім інакш было ў Століне, там над арыштантамі праявілі «клопат» былыя партызаны: яны разносілі паліцаям ежу. Пашлюць партызана аднесці абед, а ён адыйдзе крыху і вываліць усю ежу ў ямку. Так многія паліцаі ў Століне з голаду і паўміралі. Столінская турма была самым страшным месцам мучэння».

Што да паліцаяў з Кажан-Гарадка, то не ўсе з іх здаліся ўладам: два чалавекі не выканалі апошні загад свайго каменданта і не склалі зброю. Яны працягвалі хавацца на пакосах. Калі ж пахаладала — знайшлі апошні прытулак на Майдане ў клуні родзіча. Іх там і арыштавалі. На пакосе ў стагу сена адзін з тых калабарантаў аставіў пісьмо сваёй сям’і. Зімою, калі сена перавозілі, родзічы знайшлі ў стозе тое пісьмо і доўга захоўвалі яго, як сямейную рэліквію. Арыштаваных на Майдане двух паліцаяў судзілі і растралялі; усяго прысуджана да растрэлу чацвёра чалавек.

Лёс астатніх паліцаяў, якія здаліся разам з Алесікам, склаўся па-рознаму: большасць з іх была прыгаворана судом да 10-15 гадоў турмы. Частку паліцаяў апраўдалі: яны ў свой час тайна супрацоўнічалі з партызанамі — іх прызвалі ў Савецкую армію і накіравалі на фронт ваяваць супраць адступаючых германскіх войск…

Некалькі гадоў назад у Польшчы выйшла кніга «Дзеянні НКУС на тэрыторыі Беларусі» — зборнік дакументаў, якія захоўваюцца ў беларускіх архівах і адносяцца да работы савецкіх карных органаў ў даваенныя і пасляваенныя гады. У гэтай кнізе зноў усплывае імя і прозвішча …Андрэя Алесіка. У зборніку дакументаў НКУС — ні слова аб тым, што Алесік сам прывёў паліцэйскіх, каб здацца ў палон! Праўда надзейна пахавана: дабравольная здача — гэта раскаянне паліцыі, а Алесіка з яго сябрамі хацелі паказаць людзям як нераскаянага бандыта. Невыпадкова «падрабязнасці аперацыі па арышту Алесіка кніга не ўтрымлівае».

Усё выглядае так, быццам здачы з павіннай не было, быццам Алесіка арыштавалі дзякуючы ўмела праведзенай агентурна-аператыўнай аперацыі, а заслуга ў гэтым належыць лунінецкім міліцыянерам і больш нікому.

Цяпер можна ўпэўнена сцвярджаць, што ніякага «арышта банды» не было, бо паліцаі самі прыйшлі і здаліся ва ўмовах пэўных гарантый, а не на літасць пераможцаў.

Тады і прадсталі перад савецкім судом каля 17 кажан-гарадоцкіх паліцаяў на чале з камендантам — Алесікам (Жырко). Сведкі з Кажан-Гарадка, выкліканыя на суд, потым аднадушна сцвярджалі, што «Личное дело», заведзенае СМЕРШам на Алесіка, даволі “ліха закручанае” хітрыкамі следчых. Па-першае, у пратаколы паказанняў Алесіка не ўнеслі паказанні аб яго ўдзеле ў баях супраць немцаў — маецца на ўвазе перыяд службы Алесіка ў Войску Польскім. Па-другое, следчыя забылі, што Алесік не толькі здаўся добраахвотна савецкаму НКУС, але прывёў на здачу каля двух дзесяткаў паліцаяў. Па-трэцяе, следчыя час ад часу змяняліся і ніводзін з іх не давяраў у класавай пільнасці свайму папярэдніку: такая сістэма правядзення допытаў цалкам выключала магчымасць занясення ў пратакол паказанняў, якія б маглі ў далейшым хаця б часткова апраўдаць падсуднага.

Алесік заявіў у сваё апраўданне ў зале суда, што будучы камендантам, хаваў ад растрэлу савецкага актывіста, за што сам жа быў арыштаваны і пасаджаны ў Пінскую турму немцамі, пасля выхаду з якой зняты з пасады. Немцы пакаралі Алесіка тым, што на 2 месяцы накіравалі служыць у Мокрава — вёску, дзе было небяспечна з-за частых сутычак з партызанамі.

Не паўплывала на замену смяротнага прыгавору і тое, што Алесік неаднаразова нават дапамагаў партызанам. Так, у пачатку ліпеня 1944 года — перад самым адыходам немцаў з Кажан-Гарадка — Алесік атрымаў ліст ад партызанскага камандзіра Ойкіча з прапановаю перайсці на бок партызанаў. Тады група паліцаяў на чале з Алесікам — усяго 25 чалавек — перадалі атраду імя Кутузава звыш 20 адзінак стралковай зброі, у тым ліку 3 кулямёты, 3 тысячы патронаў і 1 аўтамат…

Немалаважны штрых: пры арышце выявілася, што Алесік не меў савецкага пашпарта… Гэта азначала, што калі б Алесік здагадаўся ўцячы на тэрыторыю Польшчы і, адсядзеўшыся крыху, здацца польскім уладам, то яго судзілі б палякі як польскага грамадзяніна і не было б юрыдычных падстаў выдаваць яго СССР: для палякаў Алесік — грамадзянін Польшчы. А ў іх краіне Алесіка ніяк не растралялі б…

Закончылася вайна. Вярнулася ў Кажан-Гарадок сям’я Андрэя Алесіка з ссылкі — з таёжнага пасёлка Архангельскай вобласці, дзе зведала ўсе пакуты расійска-савецкага ГУЛАГа: памёр любімец сям'і Міша, а з таго гора маці кінулася пад вузкакалейку, толькі нехта з “спецпасяленцаў” успеў яе выхапіць з-пад вагонных калёс…

Нам, людзям другой эпохі, ніколі не зразумець, якую рану нанеслі ім тыя, хто праводзіў дзяржаўную палітыку па раскулачванню і высылцы на гібель у глыб Расіі нявінных людзей — працавітых гаспадароў, нашай нешматлікай інтэлігенцыі, самай элітнай часткі народа. Людзям нашай эпохі наўрад ці зразумець крыўду і боль, што прымусілі Алесіка стаць на бок тых самых немцаў, якіх ён у 1939 годзе сустракаў са зброяй у руках на тэрыторыі Польшчы.

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter