Тры гады жыцця ў акукпацыі (10.07.1941 – 10.07.1944)

У ноч на 22 чэрвеня 1941 года Германія напала на СССР. Цяпер даказана, што гэтае нападзенне не было нечаканым для кіраўніцтва.

Праз Кажан-Гарадок адступалі савецкія войскі, сярод якіх панавала поўная неразбярыха. Мясцовыя жыхары сведчаць, што так званае “адступленне” выглядзела наступным чынам: натоўп чырвонаармейцаў накіроўваўся з Кажан-Гарадка назад у Лунінец (адкуль толькі што ён і прыбыў), каб узяць напрамак на Баранавічы; праз дзень-другі тых самых салдат зноў бачаць ў Кажан-Гарадку — цяпер яны накіроўваюцца на Мікашэвічы. Але, не дайшоўшы да Мікашэвіч, паварочваюць у раёне Мокрава назад: адусюль мроіцца акружэнне... Камандзіры не могуць знайсці свае падраздзяленні, а салдаты — камандзіраў...

Устанаўленне Савецкай улады ў 1939 г.

Перад пачаткам Другой сусветнай вайны ніхто не ведаў, што паміж Сталіным і Гітлерам існавала змова - сакрэтны дадатак да пакта «Молатаў — Рыбэнтроп». Згодна з гэтаю змоваю, два дыктатары дзялілі Еўропу на сферы ўплыву, а таму Польшчу павінны былі захапіць як фашысцкія, так і савецкія войскі.

1 верасня 1939 г. Гітлер напаў на Польшчу, а 17 верасня ў гэтую ж краіну ўварваліся войскі СССР, якія акупіравалі Заходнюю Беларусь і Заходнюю УкраІну, уступілі ў Брэст. Немцы ж перастараліся: яны захапілі Брэст раней, чым парушылі сакрэтную дамоўленасць. Але сябры-агрэсары разыйшліся мірна: савецкія і германскія войскі наладзілі сумесны ваенны парад, сведкамі якога былі тысячы жыхароў Бреста.

У часы Другой Рэчы Паспалітай

У выніку Рыжскага мірнага дагавора, падпісанага 18 сакавіка 1921 года, тэрыторыя Беларусі была падзелена паміж СССР і Польшчай, што выклікала рэзкі пратэст з боку беларускіх нацыяналістычных арганізацый. Адной з такіх арганізацый, што была незадаволена падзелам Беларусі «чужынцамі, чорных дарог махлярамі», была Беларуская Сялянская партыя Зялёнага Дуба, якая дзейнічала і на Лунінеччыне.

Спасылаючыся на газету беларускай дыяспары ў ЗША «Беларус» (№461 за сакавік 1999 г.), вядомы на Лунінеччыне краязнаўца Л.Коласаў паведамляе: «Беларуская Сялянская партыя Зялёнага Дуба была арганізавана у 1910 годзе, як палескае зямляцтва студэнцкай моладзі. У пачатковы перыяд галоўнай дзейнасцю была арганізацыя сельскіх кааператываў, збіранне беларускіх песень, легенд, казак — усяго таго, што суправаджала жыццё беларускага народа. У час рэвалюцыі 1917 года партыя налічвала 5 тысяч членаў, падтрымлівала стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі і з 1918 года пачала выступленні супраць бальшавікоў. Ваенная секцыя партыі ў сакавіку 1919 года зблізілася з польскім ваенным камандаваннем у агульнай мэце — барацьбе з Саветамі.

Падзеі 1920 года

1920 год пачаўся для Кажан-Гарадка вельмі непрыемным навагоднім сюрпрызам. «Довудца III батальёна 35 палка пяхоты» ў апошні дзень 1919 года перадаў мясцовай царкве распараджэнне, напісанае алоўкам на бланку «карты службовай»: «Зважаючы на тое, што часта бываюць абарваныя лініі телефоннай сеткі, прашу вас аб’явіць, што вінаватыя будуць пакараныя павешаннем, а калі не будзе магчымасці выявіць вінаватага, будзе несці адказнасць грамадства. Камандзір 3-га батальёна падпаручнік Стокоўскі».

У сярэдзіне лета польска-савецкая вайна разгарэлася з новай сілай: у ліпені пачалося адступленне палякаў і 20 чысла ў Лунінец уступілі савецкія войскі. Гаспадарылі “першыя Саветы” нядоўга: праз два з паловаю месяцы прыйшла чарга ім адступіць.

Кажан-Гарадок паміж Кастрычніцкай рэвалюцыяй і пачаткам Савецка-Польскай вайны (Х 1917 – VII 1919 гг.)

Галоўнае, чаго чакаў селянін ад звяржэння расійскага самаўладдзя — гэта магчымасць атрымаць зямлю. Зямля корміць, дае прыбытак — і тады можна будзе працаваць толькі на сябе, пазбавіцца эксплуатацыі.

Бальшавіцкія лозунгі аб міры і зямлі абнадзейвалі, што пакончыўшы з Мікалаем II, Часовым урадам, рэвалюцыйныя ўлады змогуць вырашыць гэтыя набалелыя пытанні. Пасля Кастрычніка астатак 1917 года так і завяршыўся ў гэтых марных чаканнях.

У пачатку 1918 года, у лютым, пачынаецца наступленне немцаў: толькі на чацвёрты год вайны іх войскі з’яўляюцца і ў Кажан-Гарадку. Увесь 1918 год на Лунінеччыне знаходяцца і падтрымліваемыя немцамі войскі Украінскай Рады — гайдамакі, а таксама пятлюраўцы.