Драматычны лёс польскага насельніцтва

У 1493 годзе — пры першым летапісным прыгадванні аб Кажан-Гарадку - значыцца, што валодаў «Гарадцом» Пётр Янавіч Мантыгірдавіч. Хутчэй за ўсё, ён быў католікам па веравызнанню. Складаней вызначыць, калі ў Кажан-Гарадку пасяліліся продкі сучасных этнічных палякаў і калі была збудавана тут першая каталіцкая святыня.

Звычайна, католік-памешчык меў у сваім маёнтку калі не касцёл, то хаця б капліцу: ксёндз не перахрысціць і не прыме да споведзі, нават не пераступіць парог дома таго памешчыка, які не мае ў сваіх уладаннях каталіцкага храма і не клапоціцца аб яго ўтрыманні.

Першыя пасляваенныя клопаты

Кажан-Гарадоцкі сельсавет аднавіў сваю работу 10 ліпеня 1944 года — у першыя ж гадзіны пасля адступлення немцаў. Гэта агульнавядомая практыка: органы ўлады прыступалі да работы, як толькі на вызваленую тэрыторыю ўступалі савецкія войскі.

Першыя два месяцы старшынёй сельсавета быў Каратыш А.А. (з роду Сідорчыкаў) — былы партызан, сын растралянага немцамі Адама Каратыша.

Ужо 14.07.44 г. сельсавет прымае некалькі пастаноў. Так, пастановаю ад 14 ліпеня “у мэтах забеспячэння хутчэйшай дапамогі насельніцтву, што падарвалася на мінах… адкрыць перавязачны пункт на чале з фельчарам Сцепановічам Малахам Іванавічам і назначыць Саноцкую Габрыню медсястрою”.

Апошні загад каменданта

Найбольш прыкметнай асобай часоў фашысцкай акупацыі быў у Кажан-Гарадку ўжо вядомы нам Жырко — камендант паліцыі Андрэй Міхайлавіч Алесік, беларус, з сераднякоў, пісьменны, нарадзіўся ў 1908 годзе.

…Не лішнім будзе адзначыць, што згодна з Законам аб усеагульнай вайсковай павіннасці ад 13 красавіка 1924 года, у Войска Польскае прызывалі мужчын 21-23-гадовага ўзросту. Тых, хто адслужыў у войску, маглі прызваць на 14-тыднёвыя ваенныя зборы. Але ў Еўропе ўжо пахла порахам: Гітлер рыхтаваўся да агрэсіі, яго суседзі — да абароны. Польскі ўрад унёс неабходныя папраўкі ў закон і 6 сакавіка 1939 года жыхар Кажан-Гарадка Андрэй Алесік быў прызваны ў Войска Польскае. Прызыўніку было, між іншым, за 30 гадоў і меў ён чацвёра дзяцей! Не праслужыў чалавек і паўгода, як пачалася вайна: фашысцкая Германія напала на Польшчу. І трапіў Алесік у нямецкі палон… Малады мужчына ведаў, што з 17 верасня бацькоўскі Кажан-Гарадок знаходзіцца не ў складзе Польшчы, а адыйшоў да СССР, а значыць, там няма немцаў. І Алесік уцякае з нямецкага палону, пераходзіць савецкую граніцу, прыходзіць у Кажан-Гарадок. Але тут чакала Андрэя не свабода, а …зноў палон і канцлагер, бо былых ваеннапалонных, што ўцяклі з фашысцкіх канцлагераў у СССР, тут лавілі і адсылалі ў новыя канцлагеры — савецкія турмы.

Няўдалая спроба здачы кажан-гарадоцкіх паліцаяў у партызанскі палон восенню 1943 года

Няўдачы нямецкіх войск на германа-савецкім фронце, што яскрава праявіліся пасля бітваў пад Масквою і Сталінградам, заставілі моцна задумацца аб непазбежнай адказнасці перад савецкім судом тых, хто супрацоўнічаў з германскімі акупацыйнымі ўладамі. Нават такі перакананы вораг камуністаў і савецкай урады, як Алесік (Жырко), і той прыняў прапанову савецкіх партызан аб супрацоўніцтве. У гэта цяжка паверыць, але факты — рэч упартая…

Як сведчыць жыхар Кажан-Гарадка, былы партызан П.Чарняўскі, які вельмі добра ведае ход апісаных ніжэй падзей, восенню 1943 г. ва ўмовах глыбокай канспірацыі адбыліся перагаворы паміж камендантам кажан-гарадоцкай паліцыі і камандаваннем партызанскай брыгады імя Кірава.

Растрэл яўрэйскага гета 3 верасня 1942 года

...Цяжкім выпрабаваннем для яўрэяў стала Другая сусветная вайна, асабліва 1942 год. Агарадзіўшы яўрэйскі квартал паміж вуліцамі Пяскі і Бірукоўка, гітлераўцы стварылі гета. Яно займала даволі вялікую тэрыторыю, і калі там стаяць цяпер 4 хаты, то ў час вайны іх было не менш дзесятка. Гета ахоўвалі як салдагы, так і паліцаі. Яўрэяў вадзілі на самыя цяжкія работы, як рамонт мастоў і падсыпка дарог, прымушалі рэзаць і калоць дровы. Яны спілоўвалі на хрысціянскіх могілках тоўстыя сосны, а каб падаючае дрэва не пашкодзіла надмагільныя абеліскі, тое дрэва спачатку прытрымлівалі рукамі, а потым падхоплівалі, не даючы ўпасці. Як ні дзіўна, але знясіленыя яўрэйскія мужчыны спраўляліся і з такой задачай. Потым нявольнікі, абсекшы галлё, выносілі бярвенні да дарогі. Трэба былі драўляныя брусы або дошкі — яўрэяў прымушалі распілоўваць драўніну ўручную. Здаралася, замест каня або валоў у падводу запрагалі людзей — яўрэйскіх жанчын, дзяцей, дарослых мужчын або падлеткаў. Зверствавалі часцей за ўсё самыя маладыя салдаты або паліцаі. Так «вышэйшая арыйская раса» дэманстравала свае «перавагі» над некалі Богаабраным яўрэйскім народам...