Кіраўнік Слуцкага паўстання

Аднавіць сапраўдную біяграфію гэтага чалавека няпроста, бо ў розныя часы, у залежнасці ад палітычнай сітуацыі, ён расказваў яе па-рознаму.

Антон Андрэевіч Сокал-Кутылоўскі нарадзіўся 7 лютага 1892 г. на хутары Перавалока-Дарагішча (пазней — Чырвоная Горка) Чучавіцкай воласці Лунінецкага павета. Бацькі былі дваранамі (адзін з продкаў у свой час змагаўся супраць туркаў на караблі "Сокал", за мужнасць атрымаў дабаўленне да прозвішча). У 1900 — 1905 гг. Антон вучыўся ў пачатковай школе ў Лунінецкім павеце. У 1910 г. закончыў Панявежыскую настаўніцкую семінарыю, у 1914 г. — геаграфічны факультэт Пецярбургскага універсітэта (па іншых даных, нібыта ў 1913 — 1915 гг. вучыўся на Пецярбургскіх політэхнічных курсах; потым працаваў тэхнікам-будаўніком у Тульскай губерні). У 1914 г. быў прызваны ў армію, прайшоў шлях ад падпаручніка да капітана, камандзіра роты і батальёна, меў салдацкі Георгіеўскі крыж. У 1918 г. некалькі месяцаў добраахвотна служыў у арміі Дзянікіна ў Растове, з-за хваробы вярнуўся на радзіму, дзе быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію, але ў сакавіку 1919 г. дэзерціраваў да палякаў. З лета 1919 г. каля года ваяваў у арміі Юдзеніча пад Петраградам, потым — у Эстоніі, а неўзабаве вярнуўся на радзіму, жыў у Слуцкім павеце.

Сокал-Кутылоўскі стаў адным з кіраўнікоў Слуцкага паўстання, якое пачалося ў канцы 1920 г. Случчына пасля адыходу з яе польскіх войск апынулася ў нейтральнай паласе. 14 — 15 лістапада адбыўся Першы з'езд Случчыны, які выказаўся за незалежную Беларускую Народную Рэспубліку. Неўзабаве пачаліся першыя баі з Чырвонай Арміяй. 3-4 снежня Сокал-Кутылоўскі прыняў камандаванне 1-ай Слуцкай брыгадай у складзе двух палкоў (спачатку яна налічвала каля 3 тысяч чалавек). На працягу некалькіх тыдняў брыгада змагалася супраць Чырвонай Арміі, але паступова была адцеснена да савецка-польскай мяжы па рацэ Морач, якую пазней і перайшла. Палякі інтэрніравалі слуцкіх паўстанцаў і трымалі ў лагерах да мая 1921 г.

З 1921 г. Сокал-Кутылоўскі жыў у Гарадзеі, вёсках Жалезніца і Востраў, служыў у царкве і выкладаў у школе. 19 чэрвеня 1941 г. быў арыштаваны органамі НКУС, але ўжо праз 4 дні, у час налёту фашысцкай авіяцыі на Баранавічы, разам з групай зняволеных уцёк з турмы. Сямъя яго была тым часам вывезена ў Сібір. Пасля прыходу немцаў супрацоўнічаў з імі, удзельнічаў у рабоце беларускіх нацыянальных арганізацый, інспектаваў школы, дзе навучалася беларуская моладзь, і паліцыю Ганцавіцкай акругі. Атрымаў званне маёра і нямецкі бронзавы медаль. У 1944 г. разам з немцамі пайшоў на Захад, у Германіі служыў у беларускіх вайсковых злучэннях, якія стваралі фашысты. 30 красавіка 1945 г. Сокал-Кутылоўскі ў складзе гэтых злучэнняў здаўся ў палон амерыканцам, але ў жніўні быў перададзены ў савецкую зону, дзе адразу ж арыштаваны.

Знаходзіўся пад следствам у турме МДБ у Пінску, а з пачатку 1948 г. — у Мінску. 20 красавіка 1948 г. ваенны трыбунал войскаў МУС Беларускай акругі прыгаварыў удзельніка антысавецкай барацьбы да 25 гадоў пазбаўлення волі. У 1956 г. тэрмін быў зменшаны да 13 гадоў, а праз год Сокал-Кутылоўскі быў амнісціраваны.

Апошнія гады жыцця пражыў у Ганцавічах, у доме дваюраднай сястры. У 1959 г. ён быў вымушаны напісаць артыкулы, дзе абвяргаў факт антысавецкага Слуцкага паўстання ў канцы 1920 г. Між тым ранейшыя ўспаміны Сокал-Кутылоўскага аб гэтым паўстанні былі добра вядомыя ў беларускай эміграцыі.

Лёс нашага земляка, звязаны з драматычнымі момантамі гісторыі Беларусі, такі ж супярэчлівы і неадназначны.

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter