Лунінец, гісторыя. Частка 1

У 1449 г. Малы Лулін, шляхецкая ўласнасць. У 1471 г. Лулінец — сяло маёнтка Ішкальдзь, уласнасць Мікалая Янавіча Неміровіча і яго жонкі Альжбеты. У 1552 г. Лулінец — маёнтак, які разам з іншымі Ян Пятровіч Неміровіч — чаркаскі і канеўскі стараста — некалі запісаў (падараваў) у 1500 копах грошаў сваёй жонцы Ганне Сапежанцы. Апошняя, не маючы дзяцей, узяла "вместо сына родимого" пана Станіслава Станіслававіча Давойну — Полацкага ваяводу — і падаравала гэту суму яму і яго жонцы. У 1561 г. Луненец, Лунінец — маёнтак, уласнасць Станіслава Станіслававіча Давойны — полацкага ваяводы і дрыскага дзяржаўцы, які быў узяты ў маскоўскі палон у 1563 г. Таму Жыгімонт Аўгуст прызначыў апекуном усіх яго маёнткаў Станіслава Андрэевіча Давойну — пінскага і кобрынскага старасту. Каля 1571 г. Лунінец Малы — сяло Палескай воласці маёнтка Ішкальдзь Наваградскага павета, уласнасць Станіслава Станіслававіча Давойны — полацкага ваяводы, 53 дымы. У 1580 г. Лунінец Малы — двор, цэнтр маёнтка Наваградскага павета, уласнасць князя Паўла Янушавіча Друцкага-Любецкага, які разам з іншымі маёнткамі прадаў яго Мальхеру Сноўскаму Граўжышскаму — віцебскаму кашталяну і яго жонцы Барбары Янаўне Клачкоўне.

У 1581 г. Лунінец Малы — двор, цэнтр маёнтка Наваградскага павета, уласнасць Станіслававай Давойнавай — княгіні Барбары Саламярэцкай. У 1586 г. Малы Лунінец — маёнтак Наваградскага павета, сумесная ўласнасць княгіні Барбары Іванаўны Саламярэцкай і князя Паўла Янушавіча Друцкага-Любецкага — двараніна караля. У выніку раздзелу перайшоў да князя. У 1588 г. Лунінец, Лулінец — сяло Наваградскага павета, уласнасць Мальхеравай Сноўскай, Граўжавай — Барбары Янаўны Клачкоўны — віцебскай кашталянавай, якая дорыць яго Мікалаевай Нарутовічавай — Барбары Купцаўне — земскай падскарбінай і пісаравай ВКЛ; у сяле панскі палац, праваслаўная царква, стадола, 75 дымоў сялян-даннікаў на чале са старцам і сем сялян-агароднікаў. У 1595 г. Малы Лунінец — сяло, маёнтак Наваградскага павета, уласнасць Мікалаевай Нарушовічавай — Барбары Якубаўны Кунцавічоўны, межавы канфлікт з Сімонам Мікалаевічам Харлінскім, абмежаванне. Да 1600 г. Малы Лулінец, Лулінец — сяло, маёнтак Наваградскага павета, уласнасць Мікалаевай Нарушовічавай — Барбары Якубаўны Кунцавічоўны, якая перадала яго Якубу Кужцавічу — гародзенскаму харужаму і яго жонцы Багдане Фурсаўне, абмежаванне.

У 1617 г. Якуб Кунцэвіч разам з сынам Мікалаем прадалі Лунінец і Дзяцелавічы Канстанціну Багданавічу Долмату. У 1620 г. у Лунінцы зямлі 122 валокі. Аднак асаблівасцю гэтага маёнтка былі вялікія сялянскія надзелы — тыповым быў надзел не ў паўвалокі, а ў цэлую валоку. Паселішча ў Лунінцы складалася з трох частак, якія мелі асобныя назвы: Любазедзя, З'елы і Ясенаўка. Першая з іх мела 62 валокі і 44 агароды (пляцы), другая — 14 валок ітрэцяя — 2 валокі і 9 агародаў. 5,5 валокі былі пустымі, 2 — належалі да царквы. Усяго ў Лунінцы было 127 двароў. З 1 валокі належала плаціць чынш у памеры 160 грошаў. Захоўвалася і натуральная даніна (дзякло) у памеры 1 медніцы мёду ёмкасцю ў 28 кварт (крыху менш за 20 літраў), па дзежцы жыта і аўса, 3 курыцы і 10 яек у год.

Паміж 1622 і 1625 гг. быў узведзены Дзяцелавіцкі Прэабражэнскі мужчынскі манастыр, уласнасцю якога стала, разам з сёламі Дзяцелавічы і Мелясніца, і сяло Лунінец са сваімі жыхарамі.

У 1762 г. удава Юзэфа Багданавіча Друцкага-Любецкага, стольніка Аршанскага павета, Вікторыя Скірмуны і сын Францішак судзіліся з Дзяцелавіцкім манастыром. Падданыя князёў з вёсак Лунін і Волька Харлінская цярпелі крыўды ад манастырскіх падданых з Малага Лунінца.

У 1793 г. Лунінец па-ранейшаму заставаўся ва ўласнасці Дзяцелавіцкага манастыра, увайшоў у склад Пінскага павета Мінскай губерні. У 1795 г. тут было 75 двароў і 624 жыхары (па іншых даных — 73 двары і 312 "рэвізскіх душ", г.зн. мужчын). Паступова колькасць насельніцтва ўзрастала. У сярэдзіне XIX ст. жыхароў было 714, налічвалася 90 цяглавых і 2 бабыльскія двары. Зямлі ў іх было: сядзібнай — 81 дзесяціна, ворыўнай — 948, сенажацяў — 632, пастбішчаў — 118,5, а ўсяго — 1779,5 дзесяціны.

Крыжаўзвіжанская царква. Знаходзіцца ў цэнтры старой часткі горада. Пабудавана на месцы старой царквы, пра якую вядома наступнае:

Пабудавана ў 1811 г. на сродкі прыхаджан, на самым высокім месцы ў цэнтры паселішча — на жоўта-белым пясчаным узвышшы грудка. У чэрвені 1873 г. прыходы Мінскай епархіі з інспекцыйнымі мэтамі наведаў епіскап Мінскі і Бабруйскі Аляксандр. Адслужыўшы малебен, пасля агляду царквы, пагоста і пабудоў, епіскап зрабіў нешта накшталт экзамена па веданні закона Божага для вучняў народнага вучылішча, і за добрыя адказы ўзнагароджваў дзяцей крыжыкамі. З апісання царквы: "Царква Лунінецкая ў імя Узвіжання Чэснага Крыжа, драўляная, трывала абноўленая, іканастас не стары, з абразамі старога жывапісу, але прыстойны, посуд харошы, бібліятэка значная, архіў знойдзены ў парадку. Прыхаджан 480 душ мужчынскага і 490 жаночага полу. Мясцовасць у Лунінцы вясёлая..."

Па апісанні 1879 г., драўляная царква мела выгляд працяглага крыжа з трыма купаламі, "покрытых английской жестью", дах царквы быў гонтавы, не вельмі трывалы, чырвонага колеру. Двое ўваходных дзвярэй, тры рады вокнаў, вонкавыя і унутраныя сцены без афарбоўкі, яшчэ моцныя, столь — зводчатая, дашчатая, унутраная плошча памяшкання — 35 кв. сажняў. Царква мела трох'ярусны дашчаты іканастас, пафарбаваны ў белы колер з 24 іконамі "не вельмі харошага жывапісу" ў пафарбаваных рамах. Асобнага памяшкання для рызніцы не было. Усё адзенне свяшчэнніка для службы размяшчалася ў шафе. У наяўнасці было 13 не вельмі добрых і дарагіх рыз, з іх толькі 4 новых. Ацяпленне адсутнічала. Прастол адзін у імя Узвіжання Чэснага Крыжа. Царкоўнага посуду дастаткова, хаця ён не ўяўляў каштоўнасці. Мела два Евангеллі, але не было "псалтыри общей и месячных миней". Усе царкоўныя кнігі былі старажытнага друку і вельмі старыя.

На асобна пабудаванай званіцы мелася чатыры званы. Прыход царквы — вёскі Лулінец і Мелясніца, былыя валоданні Дзяцелавіцкага манастыра. Прыхаджан на той час — "мужчынскага полу 523 і жаночага — 496 душ. Усе сялянскага саслоўя. Займаюцца земляробствам, пчалярствам, сплавам плытоў, а ў рэлігійных адносінах заслугоўваюць пахвалы". Прычт тады складаўся з настаяцеля царквы — свяшчэнніка Андрэя Бярнадскага, які закончыў Мінскую духоўную семінарыю і служыў у Лулінцы з 1868 г. У вышэйшых духоўных колах ён карыстаўся аўтарытэтам і ў 1875 г. быў выбраны членам Благачыннага савета 2-ой акругі Пінскага павета. З 1861 г. на пасадзе псаломшчыка знаходзіўся Мікалай Былінскі.

Гадавы даход царквы складаў 70 рублёў. Храм меў сваюз ямлю: 3,5 дзесяціны прысядзібнай, ворыўнай і сенажаці (у 6 участках, адзін з якіх знаходзіўся ў раёне цяперапшяга аэрадрома, а другі — на месцы завода"Палессеэлектрамаш") — 71 дзесяціну, няўдобіц — 5,5.

Свяшчэннік жыў у хаце, якая была пабудавана ў 1871 г., меўся таксама свіран, тры хлявы для жывёлы, гумно і хлеў для экіпажаў. Псаломшчыку былі выдзелены хата і два хлявы. Аднак пабудовы гэтыя былі вельмі старыя, і камісія епархіі вырашыла забяспечыць прытч новымі будынкамі.

У прыходзе мелася штатнае народнае вучылішча. Сярод насельніцтва Лулінца толькі 5 працэнтаў жыхароў былі пісьменнымі. Багадзельня адсутнічала. Царкоўнапрыходскае папячыцельства было створана ў 1877 г. і выбіралася на трохгадовы тэрмін. Яго старшынёй стаў свяшчэннік А. Бярнадскі (які выконваў гэтыя абавязкі да 1900 г.), а членамі — настаўнік народнага вучылішча Іван Палхоўскі, сяляне Іван Санюковіч, Сцяпан Харытановіч, Парфен Чарнавокі і Міхаіл Неўдах. Царкоўным старастам быў выбраны Карнілій Аляшкевіч. У 1887 і 1893 гг. на пасаду царкоўнага старасты выбіраўся лунінецкі селянін Фёдар Кацуба, а членамі прыходскага папячыцельства ў 1894 г. былі сяляне Даніла Чарнавокі, Павел Жук, Васіль Галоўніч, Сцяпан Аляшкевіч. Вядома яшчэ аб тым, што прыхаджане рабілі неаднаразовыя ахвяраванні на карысць храма грашамі ці рэчамі, што сведчыць аб высокай духоўнасці нашых землякоў. У 1887 г. падрадчык Віленска-Ровенскай чыгункі Барыс Арлоў ахвяраваў "в Лулилецкую церковь гробницу к плащанице и икону св. Николая на сумму 150 рублей". На наступны год, ужо стаўшы падрадчыкам Палескіх чыгунак, ён ахвяраваў у нашу царкву ківот (разную раму) коштам 50 рублёў да сваей жа іконы. Ветэрынарны ўрач Палескіх чыгунак Міхаіл Мігай падарыў храму трохсвечнік і лампаду на суму 50 рублёў. Ім абодвум была аб'яўлена ўдзячнасць Мінскай епархіі. У канцы 90-ых удзячнасць за ахвяраванні атрымалі царкоўны стараста Ф. Кацуба і члены папячыцельства за падарунак царкве адзення для свяшчэнніка і для прастола на суму 74 рублі і камендант станцыі Лулінец капітан Аляксей Аляксандравіч Шрэцерза за царкоўны посуд — "серебропозолоченную утварь 82-й пробы", а таксама некалькі метраў рознага атласу на суму ў некалькі сотняў рублёў.

У пачатку XX ст. насельніцтва Лунінца, які стаў буйной чыгуначнай станцыяй, значна ўзрасло. Адпаведна стала і больш прыхаджан. Старая драўляная царква, якая да таго ж патрабавала пастаяннага рамонту, ужо не адпавядала часу, таму паўстала пытанне аб будаўніцтве новага цаглянага храма на тым жа месцы, дзе стаяў стары. Вясною 1912 г. быў закладзены фундамент Лунінецкай Крыжаўзвіжанскай царквы, аб чым сведчыць медная шыльдачка, умураваная ў сцяну справа ад уваходных дзвярэй з наступным тэкстам: "...основана сия церковь в честь Воздвижения Честного и Животворящего Креста Господня при державе Богочестивейшего само державнейшего Государя нашего императора Николая II Александровича при Святительстве Высокопреосвященного Михаила Архиепископа Минского и Туровского Настоятельстве же священноиерея Николая. В лето от сотворения мира 7420 от Рождества же во плоти Бога Слова 1912 месяца Апреля в 17 день".

Яшчэ да закладкі першага царкоўнага каменя ў Лунінецкім прыходзе быў аб'яўлены збор ахвяраванняў на будаўніцтва новай царквы. I прыхаджане адгукнуліся на гэты заклік. Грошы паступалі ад тады яшчэ не шматлікіх служачых станцыі, настаўнікаў і вучняў вучылішчаў, ваенных прыватных асоб, уладальнікаў прадпрыемстваў, вясковых абшчын, паліцыі, прычым не толькі з Лунінецкага прыходу. Вялікія сродкі ахвяравалі Упраўленне Палескіх чыгунак, чыгуначнікі Лунінца, кіраўніцтва дэпо, станцыі (на той час у Лунінцы мелася чыгуначная царква — па лініі курсіраваў вагон-царква для задавальнення духоўных патрабаванняў веруючых). Так што царква сапраўды будавалася ўсенародна.

Але будаўніцтва працягвалася амаль 10 гадоў. Тлумачыцца гэта проста: першая сусветная вайна, германская і белапольская акупацыі, грамадзянская вайна, пастаянныя змены ўлады не садзейнічалі ўзвядзенню культавага храма. Шмат дыпламатычнага ўмення давялося выкарыстаць лунінецкаму свяшчэнніку Цімафею Дзюкаву, каб захаваць будаўнічы матэрыял і паціху працягваць узвядзенне храма ў полымі "сусветнага пажару".

Ў рэвалюцыйныя гады на плошчы ля царквы часта адбываліся мітынгі. Існуе некалькі тагачасных фотаздымкаў, якія адлюстравалі гэтыя падзеі, яны апублікаваны ў шэрагу выданняў. На заднім плане аднаго з іх праглядваецца драўляная царква. У пачатку 20-ых гадоў яе разабралі і прадалі ў нейкую вёску.

Вакол старой царквы былі размешчаны могілкі (цвінтар). Пры будаўніцтве новай царквы могілкі былі ліквідаваны, астанкі беражліва выкапаны і перазахаваны ў адной магіле пад алтаром новай царквы, толькі ў левым кутку царкоўнага двара пакінуты некалькі магіл свяшчэннікаў і ганаровых грамадзян Лунінца. Потым тут жа хавалі свяшчэннікаў з вёсак раёна. А на месцы алтара старой драўлянай царквы цяпер стаіць металічны крыж, абнесены драўлянай агароджай. Са старой царквы ў новую былі перанесены многія іконы, харугвы, посуд, якія захоўваюцца дагэтуль.

У 1905 г. царкве падарыла ікону Свята-Мікалаеўскае брацтва, якое дзейнічала пры храме з пачатку стагоддзя і набывала ва ўласнасць на ахвяраванні сваіх членаў шмат прадметаў культавага прызначэння. Ікона дагэтуль захоўвае надпіс пра гэта.

Яшчэ больш цікавая гісторыя іконы Святога Міколы-Цудатворца ў ківоце цёмнага дрэва, якая з'яўляецца уласнасцю Лунінецкага паравознага Дэпо. Набытая на грошы, сабраныя чыгуначнікамі, яна была ўстаноўлена пасля асвячэння прадпрыемства ў невялікім пакоі ля галоўнага ўваходу ў дэпо. Кожны дзень рабочыя і служачыя праходзілі на свае рабочыя месцы, верылі ў дапамогу і заступніцтва святога. Але пасля ўваходжання Лунінца ў склад Польшчы ў 20-ыя гады мясцовыя ўлады загадалі перадаць ікону ў царкву. Нягледзячы на тое што большасць працаўнікоў дэпо былі праваслаўнымі, над уваходам прымацавалі каталіцкі крыж.

Новая царква мела патрэбу не толькі ў культавых прадметах (іконах, харугвах, рызах, посудзе), але і ва ўнутраным упрыгожванні. Ва ўмовах пануючага рэжыму апалячання і акаталічвання насельніцтва праваслаўным прыхаджанам многае было не па сілах, але яны пераадольвалі цяжкасці па меры магчымасці ва ўладкаванні свайго храма.

Шырока вядомы нават за межамі Лунінца быў мебельшчык Сцяпан Ішчанка. Ён выдатна рабіў разьбу па дрэве і выканаў для новай царквы шмат рам і ківотаў для ікон, якія дагэтуль упрыгожваюць і алтар царквы. Яго сыны Міхаіл і Георгій распісалі столь над алтаром і намалявалі некалькі ікон. Таленавіты мастак Міхаіл скончыў прэстыжнае Віленскае вучылішча выяўленчага мастацтва, але незадоўга да ўз'яднання Заходняй Беларусі ў склад БССР перайшоў разам з братам "зялёную мяжу" па волі бацькі. Бацька не мірыўся з польскай уладай і жадаў сваім дзецям лепшай долі ў Савецкім Саюзе. На жаль, Міхаіл перад вайной быў рэпрэсіраваны і загінуў, а Георгію пашчасціла вярнуцца на радзіму і яшчэ доўгі час выкладаць маляванне і чарчэнне ў СШ № 1 і № 2 г.Лунінца. Можна толькі выказаць шкадаванне, што царкоўныя работы братоў Ішчанкаў пры чарговым рамонце былі знішчаны.

Лунінецкая царква славілася сваім хорам. Многія прыхаджане спявалі ў хоры на працягу дзесяцігоддзяў, мелі цудоўныя галасы. У горадзе ўсе ведалі Серафіму Бесан, якая не толькі спявала ў царкве ў даваенныя і пасляваенныя гады, але і стварыла ў 1939 г. самадзейны хор, які ўдзельнічаў ва ўсіх мерапрыемствах Савецкай улады. Асабліва памятаюць жыхары выступленні ў час першых выбараў.

У 1944 г. благачынны Лунінецкай акругі протаіерэй Кіпрыян Дылеўскі, з 1950 — Мікалай Яноўскі.

Па апісанні 1990 г., асноўны кубічны аб'ём, да якога з усходу далучаецца алтарная група памяшканняў з паўкруглай апсідай, з захаду — шатровая званіца, увянчаны чатырохсхільным шатром з 5 галоўкамі. Неатынкаваныя фасады ўпрыгожаны багатым дэкорам (аркатурны фрыз, плоскія фігурныя і конхавыя нішы, трохвугольныя франтоны).

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю.

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter