Гiсторыя Обруба

Пясчаная града, што размясцілася за 3 кіламетры на поўнач ад Лахвы, раней насіла назву Пясчаныя горы, а самая высокая іх вяршыня — Высокая гара. У час першай сусветнай вайны тут быў пабудаваны трыянгулятар, так званы ў народзе «маяк» і горы суадносна назвалі Маяковымі.

У ранейшыя часы тут, каля Пясчаных (Маяковых) гор і ўрочышчаў Загор`е ды Улонне, пачыналася пушча, што цягнулася недзе далёка, на дзесяткі кіламетраў на ўсход і поўнач.

Тут у 1870-80-х гадах князем Радзівілам была арганізавана нарыхтоўка лесу і сплаў яго па рацэ Смердзь, далей па Прыпяці, Дняпру на Украіну. Справай кіравалі вопытныя нарыхтоўшчыкі. Кожную зіму на работу нанімаліся дзесяткі сялян з навакольных вёсак.

Праз Пясчаныя (Маяковыя) горы на Улонне з боку Лахвы дабірацца было цяжка, таму каля Загор`я ва ўрочышчы Высокі бераг цераз Смердзь быў пабудаваны аркападобны (каб не мяшаў пры сплаве лесу) мост, які празвалі Гарбатым (ён існаваў да сямідзесятых гадоў мінулага стагоддзя). Тут жа была пабудавана плаціна са шлюзам, а побач, ва ўрочышчы Белбераг, — запасны шлюз. Кожную восень шлюзы закрываліся, і па нізінах і рукавах ды завадзях Смердзі, што ля Загор`я і Улоння, разлівалася вада, ствараючы вялікае вадасховішча. З другога боку вадасховішча, каб вада не залілася ў лясны масіў, насупраць Любачын былі насыпаны гаці. Самы высокі насып і цяпер мае назву Гаць.

Кожны год па заканчэнні асенніх палявых работ пачыналася нарыхтоўка драўніны: галлё дрэў абсякалася ў лесе, а камлі даўгаццём на валакушах ці санях, а то і волакам па зямлі, а ў нізінных месцах праз накаты і бервы, што выкладаліся з бярвенняў, транспарціраваліся на обруб. Обруб — гэта працэс абсякання і апрацоўкі драўніны. Урочышча Улонне страціла сваю ранейшую назву. Тут, у Обрубе, лес праходзіў сарціроўку. Адборная прадукцыя, якую называлі «гатовая», па накатах і сланях, а калі запускалі ваду — па вадзе, у мароз жа — па лёдзе, дастаўлялася на другі бераг, бліжэй да Смердзі (цяпер урочышча Гатова), дзе вязаліся вязкі і гонкі плытоў і дастаўляліся на Смердзь. Там фарміраваліся плыты. Ва ўрочышчы Падлюбачынне ля высокага берага ракі плыты «хвастамі» мацаваліся да слупоў, скрозь ад Высокага берага да Любачын. Месца назвалі Замоствічы, бо яно размяшчалася, калі ехаць з боку Обруба, за двума мастамі: адзін, што бліжэй к Лахве, як ужо ўпаміналася — Гарбаты, другі, каля Любачын — Нізкі. Там, у Замоствічах (цяпер Замотвічы), знаходзілася кантора і баракі для рабочых.

Вясной, з наступленнем крыгаходу шлюзы адкрывалі, і пачынаўся сплаў лесу да Прыпяці і далей у Днепр.

Пасля таго, як у тутэйшых мясцінах у 1886 годзе была пракладзена чыгунка, сплаў лесу па рацэ спыніўся. Але нарыхтоўка па-ранейшаму вялася, апрацоўка рабілася непасрэдна ў лесе, і драўніна вазамі ды санямі дастаўлялася на станцыю Лахва. Пашыралася і плошча лесанарыхтовак: калі раней работы вяліся ў міжрэччы Смердзі і Малой Марочнай, то ў канцы 1890-х гадоў пашырыліся на ўсходзе да вёскі Красная Воля. Блізка да чыгункі лясы былі вынішчаны поўнасцю. Так, масіў паміж Пясчанымі гарамі і Малой Марочнай быў выкуплен лахвенскай шляхтай, распрацаваны пад поле (цяпер гэта ўрочышча Шляхецкае Поле).

На пачатку XX стагоддзя памешчык фон Дэрвіз, які валодаў у той час маёнткам Лахва, усе свае землі, што былі ў межах рэчышчаў Смердзь — Журавінная — Копанка (пазней Чэрабасаўскі канал) — Люта — Лань і на якіх у канцы 1890-х гадоў былі праведзены меліярацыйныя работы, залажыў у Мінскі сялянскі банк (дарэчы, адзін з філіялаў гэтага банка знаходзіўся ў Лахве). Інжынерамі-меліяратарамі землі былі раздроблены на хутары і адрубы, ацэнены па катэгорыях і прадаваліся сялянам. Па аб`явах у друку сюды прыехалі з Гродзенскай і Валынскай губерняў, а таксама людзі з тутэйшых мясцін.

Першыя пасяленцы на Обрубскіх хутарах з`явіліся ў 1908 годзе. Гэта ўкраінцы Варфаламей Яцук, Ксенафонт Тысюк, Лукаш Карпік, беларусы Рыгор Зінюк, Конан Рапіха. У наступным годзе з далёкіх украінскіх земляў прыехалі Місюкі, Шпакі, Бартохі, а Паўло Быстры — аж з-пад Камянца-Падольскага. У асноўным гэта былі людзі, якія змаглі выкупіць зямлю за ўласныя грошы.

Тыя, што не мелі грошай, бралі ў банку ў крэдыт. У 1910 годзе тут было заселена ўжо 12 хутароў. А ва ўсіх блізляжачых урочышчах: Загор`е, Шляхецкі Мох, Гат0ва і Гаць — былі адрубы, якія атрымалі людзі з навакольных вёсак. Праўда, слова «адрубы» ў народзе не прыжылося, участкі называлі надзеламі.

Уладальнікі адрубоў не спяшаліся перабірацца на свае надзелы, ездзілі апрацоўваць зямлю з вёсак. Але, бачачы, як хутаране хутка станавіліся заможнымі, з 1912 па 1917 год ужо першы дзесятак сялян перабраліся на адрубы. А масавае перасяленне на хутары адбылося пры польскай уладзе ў 1928-30 гадах. Калі паглядзець на спіс гаспадарак за 1932 год, то заўважым, што большасць хутаран-перасяленцаў — былыя жыхары Лахвы: напрыклад, Янковічы, Байды, Булатоўскія, Лушчыкі, Лусевічы і іншыя, і толькі адзінкі — любачынцы (Сыцэвічы, Бярозкі).

Хутаране ў параўнанні з вяскоўцамі жылі заможна. А таму, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, сюды на пажытак цягнуліся немцы, паліцаі, уласаўцы.

У 1943 годзе былі спалены многія хаты хутаран: і па той прычыне, што тут у партызанскую засаду трапіў спачатку атрад уласаўцаў, потым — мадзьяраў; і за сувязь мясцовых жыхароў з партызанамі. Толькі дзякуючы таму, што людзей пастаянна ратаваў лес, Обрубу ўдалося пазбегнуць людскіх ахвяр.

У 1945 годзе на Обрубскіх Хутарах было 44 двары, дзе пражывала 223 жыхары.

У 1949-50 гг. тут быў арганізаваны калгас «Маладая гвардыя», першым старшынёй якога абраны мясцовы жыхар Мікалай Яраховіч.

У сярэдзіне 50-х гадоў сельгасарцель далучылі да калгаса «Перамога». Цяпер Обруб з`яўляецца адной з брыгад гэтай гаспадаркі.

У пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя пачалося ссяленне з хутароў у вёску. З`явілася адна доўгая вуліца. Быў пабудаваны магазін, пазней — пачатковая школа, а ў самы росквіт вёскі, у 1970-х гадах — сельскі клуб. Праз вёску пралягла аўтамагістраль Гомель — Кобрын.

Зараз вёска лічыцца неперспектыўнай. Ні школы, ні клуба тут няма, бо колькасць маладых сем`яў змяншаецца, а пенсіянераў — расце. Калі ў 1990 годзе тут было 52 двары і пражывала 144 жыхары, то ў 2002 маецца 50 двароў са 101 жыхаром.

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter