Гады ліхалецця

У час першай сусветнай вайны на цяперашняй тэрыторыі Лунінецкага раёна размяшчаліся войскі Заходняга фронту, створанага 25 жніўня (па новаму стылю) 1915 года.

У тым жа 1915 годзе з Расіі сюды прыбыў інжынерна-сапёрны атрад. Сярод ваеннаслужачых быў салдат рускай арміі Волін Андрэй Харытонавіч з Калужскай губерні, Нарафамінскага павета, сяла Волкава. Мэта прыбыцця вайскоўцаў была вядома толькі ім адным. Але жыхары вёскі здагадваліся, што будуе гэты атрад, у задачу якога ўваходзілі інжынерныя работы ў раёне маста праз р. Цна, недалёка ад Сокалавага Рога. А будавалі яны, відавочна, невялікія простыя дамбы — перамычкі на выпадак прарыву лініі фронту немцамі ў раёне Пінск — Баранавічы. Успомнім прысутнасць А. Блока таксама ў 1916–17 гадах непапдалёк ад Парахонска. І вось тады дамбы перакрылі б рэкі Цну, Штыр, вада паднялася б і затапіла б шматкіламетровае наваколле на дзесяткі, а то і сотні кіламетраў (гэта толькі гіпотэза).

І сёння ў вёсцы жывуць нашчадкі Воліна. Пасля вайны ён застаўся у Велуце, ажаніўся з мясцовай дзяўчынай. У іх нарадзілася двое хлапцоў: Мікалай 1921 г.н. і Уладзімір. Мікалай Андрэевіч узнагароджаны двума ордэнамі Славы. Сёння радаслоўная вялуцкіх Воліных налічвае не адзін дзесятак чалавек.

Перыяд імперыялістычнай вайны стаў змрочным для жыхароў вёскі. Многія з іх былі забраны на службу “царю и отечеству”, многія загінулі на палях бітваў, страцілі жыццё дарэмна.

Пасля заканчэння вайны большая частка тэрыторыі Заходняй Беларусі заставалася пад уладай кайзераўскай Германіі. Па тэрыторыі раёна шасталі атрады Булак-Булаховіча. Гэта быў самы змрочны перыяд у жыцці жыхароў нашага раёна і в. Велута. 1919 год стаў годам прызыву нашых землякоў у Чырвоную Армію.

Рэвалюцыйныя падзеі 1917–18 гадоў да вёскі не дайшлі, а вось грамадзянская вайна не прайшла бясследна для жыхароў Велуты. Актыўны ўдзел ў грамадзянскай вайне прымалі Адам Раманавіч Каховіч, Яхім Кандратавіч Максімчык.

Адам Раманавіч Каховіч уступіў у Чырвоную Армію ў 1920 годзе, быў залічаны ў 90-ы полк 15-й Сібірскай дывізіі. У 1921 годзе прымаў актыўны ўдзел у разгроме банды Антонава. Потым быў пераведзены ў 7-ю кавалерыйскую брыгаду 1-й Коннай арміі, з якой быў накіраваны на ліквідацыю банд басмачоў у раён Ташкента. У 1923 годзе, у кастрычніку, быў дэмабілізаваны.

Мала імёнаў першых чырвонаармейцаў захавалася ў людской памяці — вельмі імкліва змяняліся падзеі на тэрыторыі нашага краю.

Вядома, што на франтах грамадзянскай вайны загінулі жыхары в. Велута Васіль Васільевіч Каховіч, Васіль Сцяпанавіч Каховіч, Павел Макаравіч Каховіч, браты Сяргей Сідаравіч і Піліп Сідаравіч Каховічы, Ігнат Піліпавіч Максімчык.

Некаторыя з былых чырвонаармейцаў загінулі ў час Вялікай Айчыннай. Захаваліся і іншыя імёны былых чырвонаармейцаў з Велуты — Пракоп Іванавіч Каховіч, Якаў Іванавіч Максімчык.

Праходзіў праз Велуту ў тыя гады і шлях 4-й Паўночнай брыгады пагранічнай аховы, якая пасля рэвалюцыі перайшла на бок Савецкай улады і разам з часцямі Чырвонай Арміі Заходняга фронту ў дваццатых чыслах ліпеня 1920 года гнала польскіх акупантаў з нашай зямлі. Пазней у раёне нашай вёскі была знойдзена круглая пячатка для дакументаў гэтай брыгады. Вельмі верагодна, што на месцы яе знаходкі размяшчаўся штаб.

З 1921 года да вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў верасні 1939 года на тэрыторыі раёна ўладарылі польскія “паны” і шляхта, бязлітасна эксплуатуючы мясцовае насельніцтва і па-варварску знішчаючы палескія лясы, вывозячы драўніну ў Польшчу.

Была такая фірма “Лес”, якая размяшчалася за 6 кіламетраў ад Велуты, у вёсцы Навасёлкі. Займалася гэтая фірма жорсткай эксплуатацыяй рабочых, якія былі прымушаны па 10–12 гадзін у суткі гнуць спіну, атрымліваючы за гэта мізэрную плату. Штрафавалі рабочых за самую нязначную правіннасць. Бязлітасная высечка беларускіх лясоў прыносіла ўладальнікам фірмы велізарныя барышы. У адным з нумароў за 1924 год газета “Савецкая Беларусь” пісала: “Польскія паны і іх урад знайшлі велізарную крыніцу прыбытку ў прыродных рэсурсах, насільна захопленых у Заходняй Беларусі”.

Вось сюды, у кантору фірмы, у адну з зімовых начэй вырашыў прыехаць са сваімі сябрамі-партызанамі граза польскай шляхты “Муха-Міхальскі”, ён жа Кірыла Пракопавіч Арлоўскі.

Адбыўся гэты эпізод, апісаны ў кнізе І. Ражкова “Чалавек з легенды”, у 1923 годзе. Пасля кароткай нарады вырашылі з’явіцца раніцай. З сабой Арлоўскі ўзяў Васіля Каржа, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны стаў легендарным партызанскім камандзірам, і яшчэ 15 чалавек.

У канторы Арлоўскі прад’явіў напалоханым служачым і ўпраўляючаму свае патрабаванні: прыняць на работу незаконна зволеных, спыніць грабіць рабочых, ліквідаваць штрафы, скараціць рабочы дзень, раз і назаўсёды пакончыць са здзекамі з рабочых, спыніць драпежніцкае знішчэнне лясоў. “Такое патрабаванне, — сказаў К. Арлоўскі, — гэта патрабаванне народа”.

Калі служачыя фірмы атрымалі такую “прафілактыку”, Арлоўскі сустрэўся з рабочымі, правёў з імі гутарку аб каланізатарскай палітыцы польскага буржуазнага ўрада, аб мэтах і задачах партызанскай барацьбы, заклікаў усіх актыўна дапамагаць народным мсціўцам. Пасля гэтага жыхары навакольных вёсак пачалі дапамагаць партызанам яшчэ больш ахвотна, чым раней.

Верасень 1939 года быў найвялікшым святам і для жыхароў нашай вёскі Велуты. Ён прынёс ім вызваленне ад белапольскіх акупантаў. У вёсцы пачала працаваць школа. Прозвішча яе першага дырэктара было Пашкавец.

Але пажыць свабодна давялося нямнога. Пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая несла людзям новыя пакуты. Аднак той агеньчык свабоды, новага шчаслівага жыцця, які разгарэўся ў людзях за паўтара года, ужо нельга было патушыць. Жыхары Велуты разам з усімі рабочымі і сялянамі былой Заходняй Беларусі верылі ў перамогу народа. Многія жыхары вёскі пайшлі ў партызанскія атрады, якія дзейнічалі на тэрыторыі Лунінецкага раёна. У атрадзе “За Радзіму” змагаліся Аляксей Іванавіч Хомка, Іван Васільевіч Прымаковіч, Сцяпан Ігнатавіч Хлуд, Іван Пракопавіч Дзедзін. Атрад “За Радзіму”, як і атрады імя Сталіна, імя Калініна, уваходзіў у склад брыгады імя Кірава, што была ўтворана на базе атрада імя Кірава ў жніўні 1943 года. 8 ліпеня 1944 года гэтая брыгада ўлілася ў Чырврную Армію. На яе рахунку шмат баявых аперацый.

У гады вайны ў 1943–1944 гадах у ваколіцах вёскі дзейнічала група атрада “Барацьбіты”, камандаваў ёю Д. Распопаў. Галоўнай задачай атрада было правядзенне разведкі для падрыхтоўкі аперацыі “Багратыён”. Сувязным гэтай групы быў жыхар нашай вёскі Адам Раманавіч Каховіч — удзельнік грамадзянскай вайны.

У баях за вызваленне Велуты загінуў гвардыі лейтэнант Генадзь Іванавіч Іваноў, якога пахавалі ў брацкай магіле ў вёсцы Бастынь. Перад пачаткам аперацыі “Багратыён”, 12 чэрвеня 1944 года, ён пісаў сваёй сястры Вользе: “Хутка будзем дзейнічаць, ды так, што немцу моташна стане, захлынецца ён у балотах”.

“… пусть проходят года,
Не забыта беда.
Нам о ней забывать,
Как себя продавать,
Надо помнить о ней
В мире нынешних дней”.
(Вл. Фирсов)

У кутку баявой славы нашай школы беражліва захоўваецца фатаграфія, з якой на нас глядзіць малады, энергічны юнак са значком ГПА. Такім ён застаўся назаўсёды ў памяці маці, сястры Вольгі. Такім яго ведалі сябры-аднапалчане — юнака, што пражыў кароткае, але яркае і палымянае жыцця. Яму споўнілася толькі 20 гадоў, калі асколак варожага снарада абарваў маладое жыццё. Ён загінуў 8 ліпеня 1944 года, вызваляючы вёску Велута ад фашысцкіх захопнікаў.

...Генадзь Іваноў нарадзіўся ў 1924 годзе ў Аляксандраве Уладзімірскай вобласці. Сябры яго памятаюць як вясёлага, абаяльнага таварыша. А таварышаў у яго было шмат, бо ён умеў сябраваць.

Біяграфія Генадзя вельмі кароткая, як і ў многіх яго аднагодкаў. У камсамол уступіў у школе. Пасля дзевяці класаў, у 1941 годзе, пайшоў працаваць. Фронт знаходзіўся блізка, бацька хварэў, старэйшы брат быў у арміі. Гена працаваў токарам на заводзе, затым разам з прадпрыемствам эвакуіраваўся на Усход, адкуль і пайшоў добраахвотнікам на фронт. Вучыўся на курсах афіцэраў. У званні малодшага лейтэнанта пачаў ваяваць у саставе марскога дэсанта на Чорным моры. У арміі быў прыняты кандыдатам у члены ВКП(б).

Генадзь Іваноў удзельнічаў у баях за Наварасійск, Тамань, Керч. У лістападзе 1943 года пры высадцы дэсанта быў цяжка паранены і трапіў у шпіталь горада Сочы. Быў прадстаўлены да ўзнагароды — ордэна Чырвонай Зоркі.

А дома памылкова атрымалі вестку аб яго смерці. Са шпіталя Г. Іваноў імкнуўся хутчэй трапіць на фронт. І, поўнасцю не далячыўшы, яго выпісалі.

Сястра, Вольга Касмоўская, пісала:

“Таварыш яго расказваў: прыйшоў Гена ў зямлянку (гэта было ў Крыме), кульгаючы, з палкай, з сівымі скронямі. А было яму тады 19 гадоў. Высокага росту, здаваўся старэйшым на гадоў пяць.
Мы яго такім не бачылі, бо з дому ён пайшоў зусім хлопчыкам — у 17 гадоў.
З Крыма ён быў пераведзены на 3-ці Беларускі фронт. Пісаў нам бадзёрыя пісьмы”.

Захоўваюцца ў нашай школе яшчэ два заветныя трохкутнікі. Адно з пісьмаў для нас самае дарагое, апошні ліст Генадзя Іванова з фронту дадому. Датавана пісьмо 12 чэрвеня 1944 года. Вось некаторыя вытрымкі з яго:

“Прывітанне з фронту!.. не крыўдуйце, што пішу рэдка. Тут не кожны дзень маеш час... Хутка будзем дзейнічаць, ды так, што немцу млосна стане, захлынецца ён у балотах... (маецца на ўвазе аперацыя “Багратыён”). Гэты месяц быў цяжкі, амаль два тыдні без адпачынку...”

І другое пісьмо, пісьмо таварыша Генадзя — Уладзіміра Гуменюка:

“Дарагая мамаша! Успамін пра Гену Вас, безумоўна, вельмі хвалюе, я добра разумею гора маці, але просьбу Вашу выконваю.
Гена быў забіты адразу, снарад разарваўся каля яго ў метрах сямі-васьмі, і маленькі асколак трапіў прама ў сэрца...
Дарагая мамаша! Хутка-хутка разаб’ём фрыцаў, і жыццё пойдзе зусім па-іншаму...
Уладзімір, 17 кастрычніка 1944 года”.

Два пісьмы, два салдацкія лёсы. Мы павінны заўсёды помніць тых, хто загінуў за наша сённяшняе жыццё і яшчэ з большай удзячнасцю і пачуццем абавязку адносіцца да ветэранаў вайны і партызанскага руху. Вось так пра гэта пісала ў свой час сястра Генадзя Іванова:

“Рабяты, усе яны — і Гена Іваноў, і іншыя, хто загінуў, і тыя, што жывуць і працуюць побач з намі, — не шкадавалі свайго жыцця дзеля жыцця нашага, дзеля ідэй камунізму, дзеля шчасця на зямлі. Так будзьце дастойнымі загінуўшых, будзьце вернымі памочнікамі і прадаўжальнікамі справы жывых герояў, сціплых і простых, якія робяць агульную вялікую справу — будуюць у нашай краіне камунізм”.

Вучні нашай школы беражліва даглядаюць помнікі, праводзяць сустрэчы з ветэранамі вайны і партызанскага руху, ходзяць у паходы, здзяйсняюць турыстычныя паездкі, вядуць пошукавую работу

* * *
Пасля вызвалення Велуты на фронт з яе пайшло больш як 130 чалавек. Большая іх частка навечна засталася ляжаць на берагах Віслы, Дуная, Одэра дзеля нашага шчаслівага сённяшняга дня. Многія вярнуліся параненымі. Гэта Фёдар Маркавіч Сайко, Іван Пракопавіч Дзедзін, Васіль Аляксандравіч Наварыч і многія іншыя. Цяпер у жывых засталося ўжо нямнога ветэранаў. 45 з іх узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Сярод іх — кавалер двух ордэнаў Славы Мікалай Андрэевіч Волін. Па аднаму ордэну Славы мелі Архіп Сцяпанавіч Гардзюк, Міхаіл Васільевіч Клімчук, Сяргей Касьянавіч Дырман і іншыя.

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter