“Мы даспяваем...”

Самая жудасная з усіх войнаў чалавецтва — Вялікая Айчынная — з кожным годам адыходзіць у гісторыю. Разам з гэтым яна яшчэ па сённяшні дзень забірае людскія жыцці, меншымі становяцца рады ветэранаў. Вечна будзе жыць у памяці народнай подзвіг, які здзейсніў савецкі салдат — салдат-вызваліцель.

Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны захавала для нас шмат імён сваіх жывых і паўшых герояў. Нам вядомы подзвіг Зоі Касмадзям’янскай, Мікалая Гастэлы, Аляксандра Матросава, 28-мі герояў-панфілаўцаў і многіх, многіх іншых. Аб адных героях даведваліся людзі ў гады вайны са скупых зводак Савінфармбюро, са старонак газет. Іх ратны подзвіг высока ацэнены Радзімай. Побач з такімі імёнамі ў гераічны летапіс Вялікай Айчыннай вайны ўпісаны імёны людзей, якія былі радавымі яе ўдзельнікамі, чые подзвігі сталі сімвалам воінскай доблесці.

“Многае мяняецца на свеце: мяняецца ўзбраенне, характар вайны, а людзі застаюцца людзьмі, і моц чалавечай душы, сіла людской стойкасці застаюцца ў той жа высокай цане, што і былі. І менавіта таму імёны людзей, якія здзейснілі свае подзвігі ў даўно адгрымеўшай вайне, застаюцца для нас жывымі імёнамі праз 25 гадоў пасля смерці тых, хто насіў іх”,— гаварыў у час пахавання астанкаў Невядомага салдата Канстанцін Сіманаў.

Нам вядомы імёны тысяч герояў, але яшчэ шмат і невядомых. Невядомы салдат — гэта сімвал усіх безыменных герояў, загінуўшых у атаках, або якія да апошняга патрона змагаліся ў тых невядомых акопах, дзе час даўно ўжо не пакінуў і следу.

Тысячы невядомых салдат здзяйснялі подзвігі, тысячамі ўвайшлі яны ў бессмяроцце. Але мы, хто жыве зараз, павінны зрабіць усё, каб узнавіць іх імёны, каб тыя, хто ў гады вайны атрымаў “Прапаў без весткі”, ведалі лёс сваіх мужоў, сыноў, братоў і бацькоў. І ў гэтай рабоце адно з галоўных месц павінна заняць школа.

Важнай формай арганізацыі работы па ваенна-патрыятычнаму выхаванню вучняў з’яўляецца дзейнасць следапытаў. Яны вядуць мэтанакіраваную пошукавую работу пад дэвізам: “Ні адзін подзвіг не павінен застацца невядомым”. У выніку такой дзейнасці сталі і становяцца вядомымі многія новыя імёны герояў.

У нашай рэспубліцы з гэтай мэтай у сакавіку 1979 года быў створаны штаб Рэспубліканскага клуба чырвоных следапытаў агульнаадукацыйных школ «Пошук». Група нашай школы таксама стала членам Рэспубліканскага клуба.

Адным з пунктаў сваёй работы ў нас было запісана: “Устанавіць прозвішчы двух невядомых салдат, якія загінулі пры вызваленні вёскі Велута”. Заданне сваё выканалі. Мы ўстанавілі, што два невядомыя салдаты былі паранены 8 ліпеня 1944 года і памерлі ад ран 9 ліпеня таго ж года ў палявым шпіталі. Прозвішчы іх: Іван Сцяпанавіч Назарэнка, 1905 года нараджэння, ураджэнец Запарожскай вобласці Мелітопальскага раёна, сяла Фёдараўка, і Даніла Аляксеевіч Каваленка, 1901 года нараджэння, ураджэнец Мікалаеўскай вобласці, Н-Бугскага раёна, сяла Аляксандраўка.

Сталі вядомымі прозвішчы яшчэ чатырох патрыётаў, якія палі смерцю храбрых пры вызваленні Велуты. Гэта Павел Аляксеевіч Сямёнаў, Цюрачан Бахрамаў, Трафім Давідавіч Зазуля і Рыгор Уладзіміравіч Дзіхухін (усе — партызаны атрада Чуклая). Яны былі пахаваны ў вёсцы Навасёлкі. У 1960 годзе чацвёра перапахаваны ў вёсцы Бастынь, а І.С. Назаранка і Д.А. Каваленка былі перапахаваны ў 1967 годзе ў вёсцы Велута.

Члены групы «Пошук» напісалі пісьмы па дамашніх адрасах, і біяграфіі чатырох невядомых салдат сталі нам вядомы. Рабяты вельмі беражліва адносяцца да тых пісьмаў, фатаграфій воінаў, загінуўшых пры вызваленні нашай вёскі.

Вось радкі з пісьма жонкі І.С. Назаранкі: «Добры дзень, дарагія мае дзеткі… Вялікае вам дзякуй за вашы клопаты і ўвагу да магілы майго мужа…». Пісьмо дачкі П.А.Сямёнава: «Добры дзень, юныя следапыты!.. Дзякуй вам за вашыя юныя, добрыя і чулыя сэрцы…». Пісьмо дачкі І.С. Назаранкі: «Добры дзень, дарагія рабяты групы «Пошук» Вялуцкай сярэдняй школы. Дарагія рабяты! Я не ведаю, як вам аддзякаваць за вашу працу і клопаты. Вы не ўяўляеце, як вам ўдзячны ўсе мы, сям’я і блізкія Івана Сцяпанавіча».

Марыя Пракопаўна, жонка І.С. Назаранкі, паабяцала прыехаць на свята Першамая. Мы з рабятамі звярнуліся ў праўленне калгаса «Зара», да старшыні гаспадаркі, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Сяргея Андрэевіча Дземянчука з просьбай дапамагчы устанавіць мемарыяльную дошку на магіле, дзе пахаваны І.С. Назаранка і Д.А. Каваленка. 23 лютага ва ўрачыстай абстаноўцы гэтая дошка была адкрыта.

У плане работы — і такі пункт: «Устанавіць месца пахавання, імя, імя па бацьку і прозвішча партызана Ціма (ці Цімура) атрада імя Кутузава брыгады імя Леніна”.

Праглядаючы біяграфію Настассі Раманенка, якую расстралялі фашысты (яна пахавана ў вёсцы Чучавічы), чытаем, што адным з сакавіцкіх дзён 1944 года група партызан з дзесяці чалавек, якую ўзначальваў начальнік штаба атрада Заненка, атрымала некалькі заданняў.

Першае агульнае заданне гэтай групе — знішчэнне патруля на чыгуначным перагоне Люшча — Бастынь.

Другое заданне — паспрабаваць устанавіць сувязь з гарнізонам, у які ўваходзілі трапіўшыя абманным шляхам на службу да гітлераўцаў “добраахвотнікі”, што ахоўвалі чыгуначнае палатно Бастынь — Малькавічы. Аб гэтым заданні ведалі толькі Заненка і Настасся. Выканаць заданне даручалася Раманенка. Чаму? Таму што сама яна родам са Смаленскай вобласці, адкуль фашысты сфарміравалі з былых паліцаяў і эвакуіраваных батальён для аховы чыгункі. А яшчэ Настасся добра ведала нямецкую мову.

На хутар паміж станцыяй Люшча і вёскай Бастынь часта прыходзілі ахоўнікі чыгункі. Сярод іх былі і такія, што трапілі ў батальён выпадкова. Начальнік штаба Заненка павінен быў вывучыць абстаноўку ў раёне вёсак Люшча, Велута і Бастынь, увесці ў курс справы Раманенка, знайсці хутараніна і пакінуць там Насцю пад выглядам бежанкі.

На хутары Раманенка павінна была знайсці кагосьці з землякоў і прыступіць да выканання задання. Аднак гэтае заданне выканаць не ўдалося. Калі партызаны вярнуліся з чыгункі і размясціліся ў ваколіцах вёскі Велута, на іх напала ўзброеная варожая група. У няроўным баі партызан Ціма быў забіты, а Раманенка смяртэльна паранена. Партызаны пахавалі Ціму ў вёсцы Велута, а Насценьку прывезлі ў Вялікія Чучавічы.

Закончыць гэты расповед хацелася б словамі Канстанціна Сіманава: “У нас, у жывых, ёсць шмат усялякіх правоў. У нас ёсць права працаваць у імя Радзімы, з’яднанае з абавязкам стаяць за яе ў баі. У нас ёсць права на каханне і ёсць права на дружбу, і ёсць права на шчасце. Аднак аднаго права ў нас, у жывых, няма і ніколі не будзе. У нас няма права забываць пра тое, што зрабілі нашы мёртвыя таварышы ў імя перамогі, у імя Радзімы, у імя жыцця на Зямлі. І менавіта таму, што мы больш, чым хто-небудзь іншы, думаем аб будучым, мы не маем права забываць аб мінулым”.

«Именем жизни клянёмся павшим героям!
То, что отцы не допели, — мы допоём!»

(“Лунінецкія навіны” 21 і 24 лютага 1981 г., тэкст аўтара)

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter