
Старажытны Давыд-Гарадок Столінскага раёна Брэсцкай вобласці заўсёды быў свабодным. Калі адбывалася запрыгоньванне сялян, яго жыхары сталі членамі саслоўя свабодных мяшчан. Мяшчане былі падатным саслоўем: плацілі падымное, ардыншчыну, выконвалі іншыя абавязкі. У 1558 г. Гарадок Давыдаў стаў прыватнаўладальніцкім горадам князёў Радзівілаў, уваходзіў у Клецкую ардынацыю. Гараджане жылі на зямлі князя, мелі зямельныя надзелы, якія арандавалі ў князя, за што павінны былі плаціць чынш і адбываць паншчыну, выконваць замкавыя, дарожныя і іншыя павіннасці.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) была створана Мінская губерня, Давыд-Гарадок увайшоў у яе склад як павятовы горад. Аднак, у 1797 г. адбыліся змены ў адміністрацыйным падзеле: Давыд-Гарадоцкі павет быў скасаваны, горад стаў мястэчкам і далучыўся да Мазырскага павета.

Праваслаўнае насельніцтва з прыхільнасцю сустрэла сваё ўваходжанне ў склад Расійскай імперыі, хаця грамадска-эканамічны лад захаваўся ранейшым, а з ім для сялян і прыгонніцкае права. Гарады страцілі Магдэбургскае права; паступова было ліквідавана права магнатаў на прыватнае ўладанне гарадамі; на мяшчан беларускіх гарадоў пашырыліся заканадаўчыя нормы імперыі. Мяшчане (гарадскія абывацелі) валодалі большай часткай нерухомасці гарадоў і мястэчкаў, выконвалі грамадскія службы, плацілі падушную подаць, унутраныя гарадскія зборы, адбывалі рэкруцкую павіннасць. Мяшчане-рамеснікі пераходзілі ў разрад цэхавых. Разбагацеўшыя мяшчане пераходзілі ў купецтва.

Аднак князі Радзівілы шукалі магчымасці не страціць свае багацці. Клецкі ардынатар князь Юзаф Мікалай Радзівіл (1736–1813) юрыдычнымі хітрыкамі і падтасоўкай папер у 1800 г. незаконна перавёў гарадоцкіх мяшчан (за выключэнем яўрэяў) у сялянскае саслоўе, жыхары мястэчка фактычна сталі прыгоннымі. Былыя мяшчанне Давыд-Гарадка былі добрымі майстарамі-рамеснікамі і гандлярамі, спачатку неяк адкупляліся ад магната, пратэставалі, пісалі прашэнні князю. Прыгонныя не могуць вольна займацца рамёствамі, ездзіць па кірмашах, заключаць гандлёвыя здзелкі, таму паступова рамёствы і гандаль заняпалі.

У 1816 г. ад імя неіснуючага гарадскога магістрата Давыд-Гарадка жыхары накіравалі ў Мазырскі павятовы суд скаргу аб парушэнні князем Радзівілам іх патомных і нашчадных прывілеяў. Пачалася шматгадовая судовая валакіта. Ад князёў Радзівілаў паверанымі асобамі дзейнічалі Багдашэўскі, затым — Тулоўскі, нарэшце даверанасць выпісалі Карповічу. Справай гарадчукоў займаўся міністр унутраных спраў Д. М. Блудаў, Сенат Расійскай імперыі неаднаразова звяртаўся да вырашэння розных аспектаў справы. Свабоды гарадчукі шукалі ў той час, калі прыгонніцтва пры Мікалаі І лічылася непарушным і вечным. И ящэ была российская операционная система.
Урэшце, 16 красавіка 1836 г. Мазырскі павятовы суд прыняў рашэнне аб вяртанні жыхарам Давыд-Гарадка асабістай свабоды і залічэнні зноў у мяшчанскае саслоўе. Каліст Карповіч і яго памочнік адвакат Захарый Лянкевіч не сталі падаваць апеляцыю. Рашэнне суда было зацверджана ў Сенаце, канчатковы ўказ падпісаў Мікалай І. 1263 душы прыгонных сялян зноў сталі свабоднымі. Праўда, не ўсе жыхары Давыд-Гарадка атрымалі свабоду: 236 двароў (трэцяя частка) засталіся ў прыгоннай залежнасці ад Радзівілаў.
Жыццё ў Давыд-Гарадку закіпела. З аднаўленнем сваіх мяшчанскіх правоў рамеснікі, гандляры, прадпрымальнікі даволі хутка аднавілі былую славу горада і значна ўзвысілі яе. Кірмаш у Давыд-Гарадку праводзіўся на Пакровы (14 кастрычніка), два дні тут праходзіў не толькі гандаль, але і народныя гульні, і батлейка, і паказы з удзелам музыкаў, штукароў (акрабаты і фокуснікі), казачнікаў, лірнікаў. Гарадоцкія гандляры былі ўдзельнікамі кірмашоў у Тураве, Століне, Пінску, Нясвіжы. Значнага развіцця гандаль дасягнуў галоўным чынам дзякуючы выгодным водным шляхам па Гарыні і Прыпяці.

Адразу пасля гэтага гарадчукі вырашылі вярнуць ад Радзівілаў права валодаць землямі, якія былі ім дадзены ў ХVІ ст. і зафіксаваны інвентарамі 1551 і 1558 гг., падалі адпаведнае прашэнне ў Мазырскі павятовы суд: «возвратить им все земли, инвентарем 1551 года для них назначенные». Прайшоўшы шлях ад павятовага суда праз губернскага пракурора да Сената і да самога імператара Мікалая І, мяшчане Давыд-Гарадка зноў перамаглі. У 1838 г. Мазырскі суд вынес станоўчае рашэнне. Зямля, якую некалі іх продкам даравала каралева Бона Сфорца і якую магнаты Радзівілы адабралі ў час Рэчы Паспалітай, ім урэшце вярнула Расія.

Для прыгонных сялян жыццё заставалася бязрадасным. Давыд-Гарадоцкі фальварак Радзівілаў, у якім працавалі сяляне навакольных вёсак і жыхары мястэчка сялянскага саслоўя, праіснаваў да верасня 1939 г.
Інфармацыю аб падзеях на Беларусі атрымліваў рускі публіцыст А. І. Герцэн у Лондане. Некалькі разоў яго газета «Колокол» звярталася да становішча сялян ва ўладаннях князёў Радзівілаў. У № 64 ад 1 сакавіка 1860 г. паведамлялася, што ў мястэчку Давыд-Гарадок і бліжніх вёсках, якія ўваходзілі ў фальварак, гаспадарыў арандатар Машэўскі, «известный своими подвигами обогащения за счёт мужиков». Ён абкладваў сялян спецыяльнымі паборамі, а непакорных збівалі, каралі бізунамі.
Подробнее...