Калінкавічы. Назва паводле легендаў і паданняў

Жыў-быў адзін чалавек. Звалі яго Мацей, а жонку ягоную — Хрысця. Усё ў іх добра ішло. Толькі пабраліся, як аддзяліліся ад свайго роду, не пажадаў малады гаспадар разам з усімі жыць, не даспадобы яму прыйшлося тое, што ўсё трэба пароўну дзяліць. Узарваўся перад бацькамі:

 Чаму гэта дзяліць?
— А як жа па-іншаму, сынку?
— Сам зрабіў, дык сам і карыстайся.
— Вунь ты які суровы, — не вытрымала матуля. — Усе ж так жылі, і нічога — абыходзілася.
— То ўсе, а я не хачу. Не хачу марна на некага гнуцца.
— А каму хочацца?
— То чаму тады ўсе трымаюцца жыць па-старому?
— Тут, бачыш, такая справа… Тут з людзьмі разам жывеш. Яны і дапамогуць пры выпадку, і самому да іх звярнуцца можна.
— З гэтым згодны. Але хочацца пачаць самастойнае жыццё, каб ні ад каго не залежаць.
— Я таксама ў маладосці так хацеў зрабіць.
— I не зрабіў?
— Шчыра скажу — пабаяўся.

Тут пачуўся нерашучы галасок Хрысці:

— То, можа, і мы не пойдзем, Мацейка? З людзьмі ж спакайней.

Мацей паказаў, што ў новай сям’і ён гаспадар, і гаспадар паўнаўладны:

— Будзем рабіць так, як сказаў я!

Маладая жанчына ўгнула галаву ў плечы і падалася ў кут да свякроўкі, нібыта чым дапамагаць, а сама тут жа захліпала носам.

Бацька асуджальна пахістаў галавой:

— Глядзі, сынку, ты вырас, і трэба самому станавіцца на ногі. Калі вырашыў, то збірайся. Кожны павінен сам паспрабаваць наладзіць уласнае жыццё. Будзе дрэнна ды цяжка — няма каго будзе вінаваціць, сам папёрся — сам і адкажаш. Толькі памятай: калі надумаешся вярнуцца, то не саромейся, мы з маці будзем тут чакаць заўсёды. Не стануць ад гэтага горш адносіцца да цябе і браты з сёстрамі. Глядзі.
— Дзякую, тата, за шчырыя словы.

Раніцай, яшчэ толькі пеўні пракукарэкалі трэці раз, Мацей з бацькам ужо тупалі па падворку. Стары гаспадар даваў маладому ўсялякае прычындалле, без якога нельга будзе абысціся, усялякія надзвыча» важныя парады. Потым выдыхнуў:

— На добры ўспамін, сынок, ды на ўсё самае лепшае, дам я табе яшчэ коніка і калёсы. Коніка — самага лепшага, якога ты выгадаваў, выпасвіў. Ведаю, як ён табе падабаўся, таму і забірай. Без яго цяжка любому гаспадару на ногі стаць.

Паступова сабралі ўсё, увязалі, і Мацей прамовіў:

— Ну, час і ў Дарогу.
— Чакай, яшчэ зойдзем у хату, перакусім, развітаемся па-людску. Няблага мы жылі, і зараз трэба ўсё па-шчыраму зрабіць.

Мацей слова не прамовіў супраць, бо ведаў, што такі адвечны звычай і парушаць яго нікому не дадзена.

Пасядзелі, развіталіся, і паехалі маладыя шукаць сабе прыдатную для жыцця мясціну. Ехалі паволі, пазіралі па баках, захапляліся прыгажосцю мясцін. Хрысця не раз прапаноўвала далёка не ехаць, спыніцца дзе паблізу ад родных, але Мацей не пагаджаўся:

— Праз пару гадоў вакол нас пачнуць з’яўляцца людзі, і мы вымушаны будзем зноў выбірацца далей.
— Забяромся ў глуш, дык і пагаварыць не будзе з кім, — захліпала носам маладзіца.
— Каму што, а табе, каб пагаманіць. Млынару вецер, а жонцы плёткі.

Ехалі яны даволі доўга. Спыняліся, адпачывалі, начавалі, а раніцай гаспадар адмоўна круціў галавой і казаў:

— Не, тут мне не падабаецца. Падамося далей. Трэба шукаць лепшую мясціну.

Жонка ўжо не ўмешвалася, бо адчувала, што ўсё роўна не пераканае мужа. Нарэшце ўсё ж знайшоў гаспадар прыдатную мясціну. А куточак і на самай справе быў прыгожым: навокал лясы, сярод іх невялічкая паляна, вакол яе хмызняк, які лёгка можна павысякаць і раскарчаваць пад ляда. А яшчэ, праз нейкую сотню крокаў, цякла-вурчэла вірлівая рэчка. Гэта было таксама немалаважным фактарам. У крайнім выпадку можна было перабівацца ад галадухі і свежай рыбай.

— Вось тут і асядзем.
— Тут?
— А што, табе не падабаецца?
— Глуха вельмі, ды і няма нічога.
— Гэта ўсё будзе залежаць ад нашых рук. Глядзі, дзе будзем хаціну стаўляць.

Так, загаварыўшыся, забылі і пра страх, і пра смутак, бо працы было па самае горла. Да восені паспелі паставіць хаціну. Ставілі на доўгія гады — крэпкую, прасторную, светлую. Мацей, пасміхваючыся, сцвярджаў:

— Пачнеш мне дзяцей нараджаць, а яны ж дзесьці жыць павінны.
— Табе б толькі языком ляскаць, — сарамацілася Хрысця, прыкрываючы рукамі вялізны жывот.

Калі ўдарылі халады і лёдам скавала рэчку, то маладая сям’я адчувала сябе спакойна. Жылі ў хаціне, марозу не баяліся, а да вясны хапала, па папярэдніх падліках, тых прыпасаў, якія даў з сабой бацька.

Выпаў першы снег, у хаце закугікала немаўлё. Дачушку нарадзіла Хрысця. Мацей і тут не ўтрываўся, каб не ўпікнуць:

— Не магла яшчэ крыху пастарацца.
— Не разумею…
— Каб адразу і дачку і сына нарадзіць.
— Сам мала стараўся, — адрэзала шчаслівая матуля.

Але па ўсім было відаць, што немаўлём яны задаволены абое.

Час ляцеў непрыкметна. З таго дня, як яны ўпершыню тут з’явіліся, прайшло ўжо гадоў дзесяць. Усё ішло добра, ды толькі пасля нейкай хваробы Хрысця не магла болей нараджаць дзяцей. Так і засталася ў іхусяго адна дачушка — Марылька. Прыгажосцю яна пайшла ў Хрысцю, характарам — у Мацея, а працавітасцю — у абоіх. Бацькі нарадавацца не маглі, але матуліны вочы часта затуманьваліся слязамі:

— Яшчэ пару гадоў, і забяруць цябе сваты з сабой.
— Кінь зараней аплакваць, — астуджваў Мацей. — Каб толькі людзі добрыя былі. Мы ж таксама так рабілі.
— Адна яна ў нас. Як мы тады застанемся?
— Неяк жа будзем…

Хрысця плакала, нібы бяду тую прадчувала. I яна не прымусіла сябе доўга чакаць. Прыйшла. Няпрошаная, суровая, бязлітасная. I ўдарыла. Ударыла моцна, жорстка. А здарылася вось што.

Ягад ды рыбы, грыбоў ды дзікіх звяроў хапала паблізу заўсёды. Не трэба было асабліва далёка адыходзіцца ад хаціны, каб набраць ці здабыць гэтага багацця. Аднаго разу Хрысця сабралася па ягады.

— Якія зараз ягады? — здзівіўся Мацей.
— А калінка. Хіба забыўся? Зімой яна добра ад галавы дапамагае. Зараз ужо прымаразкі трымаюцца, дык калінка салодкай стала.

У гэты момантзахадзілася Марылька:

— Матулечка, родненькая, вазьмі і мяне з сабой.

Відаць, гаспадыні нешта кальнула, бо ў другім выпадку яна абавязкова ўзяла б. Тут жа падумала і прамовіла:

— Едзь, дачушка, лепей з таткам па сена. Ён табе зайчыка па дарозе пакажа, сароку-белабоку. Вы прыедзеце, а я ўжо вас дома буду чакаць.
— Хачу з табой.
— Я цябе ў наступны раз вазьму.

Мацей падхапіў дачушку на рукі і, жартуючы, ускінуў на сані:

 Паганяй коніка, Марылька, паганяй.

Паехалі па сена, а Хрысця падалася ў лес. Крыху адышлася ад хаты па рацэ і стала ягады рваць. Ды на сваю бяду натрапіла на мядзведзя, які на зімоўку не залёг, а валэндаўся па лесе і таму быў надзвычай небяспечным для любога чалавека. Жанчына нават не пачула, як ён падышоў ззаду, толькі ў апошні момант паспела дзіка загарлаць, але на дапамогу ніхто не мог прыйсці, бо блізка нікога не было.
Мацей забраў сена і, седзячы наверсе разам з дачушкай, вяртаўся дамоў. Малая пастаянна паўтарала:

— Трэба было мне з мамай ісці, то ягад бы болей набралі.
— Сядзі, зараз прыедзем, а мама ўжо дома.

Прыехалі, а Хрысці няма. Марылька ўскінулася:

 Во, і цямнець пачынае?
— Зараз, зараз, дачушка, яна прыйдзе, відаць, крыху затрымалася.

Але ішоў час, а гаспадыні не было. Пабег шукаць жанчыну, ды каб жа ведаў, дзе яна была. А тут яшчэ малая адна баялася. Прачакалі ўсю ноч, але Хрысця не прыйшла. Не з’явілася і на другі дзень. Колькі ні шукалі — не знайшлі. I толькі недзе ўжо, можа, праз месяц, калі Мацей з Марылькай вярталіся берагам ракі на падворак, напароліся на шматкі тканіны. Па іх і здагадаўся гаспадар, што здарылася з жонкай. Нічога не сказаў ён дачушцы, адно толькі сам горка заплакаў і прамовіў:

— Вось і засталіся мы, Марылька, з табой удваіх.
— Як гэта? А дзе ж наша матуля?
— Удваіх, родненькая, — нібы і не чуў пытання Мацей.
— Не, мамка прыйдзе.
— Прыйдзе, прыйдзе, але не ў хуткім часе.
— Далёка зайшла?
— Ага.
— То пачакаем?
— Ведама што.

Так яны засталіся ўдваіх. Цяпер яшчэ больш часу аддаваў Мацей дачушцы: глядзеў за ёй, гуляўся з малой і пастаянна паўтараў: «Вылітая маці».

Прайшло яшчэ гадоў сем. Марылька стала сапраўднай прыгажуняй. Цвіла так, што ажно Мацей за галаву хапаўся:

— I дзе ж гэта табе мужа шукаць?
— Кінь, тата, — адгаворвалася тая, — калі захочуць, то самі мяне знойдуць. А мне і з табой добра.
— Не, дачушка, жыццё ідзе, хутка і ў цябе кроў зайграе. Сваю сям’ю захочаш стварыць, застануся я адзін. Добра, што непадалёку пачалі з’яўляцца хутары…

I на самай справе, не прайшло і месяца, як прыехалі на падворак да Мацея сваты. Пачалі здалёк гаманіць-таргавацца, а ў выніку Марылька пагадзілася выйсці замуж за іхняга жаніха. Дамовіліся пра дзень вяселля і паехалі назад.

Але вяселле не адбылося, бо папярэднічала яму жахлівая падзея. Справа была ўвосень. Ці то Марыльцы сэрца падказала, ці то ад суму не ведала, што рабіць, ці то перажывала, што неўзабаве прыйдзецца жыць у новай сям’і — хто яе ведае, але, нічога не сказаўшы бацьку, пайшла ў каліннік. Ды якраз туды, дзе некалі загінула яе матуля. Як пакіравала, то назад і не вярнулася. Мацей пабег шукаць і знайшоў пад калінкамі кроплі свежай крыві ды парваную сукенку.

Загаласіў тады бацька. Страшны гэта быў плач, бо ён розумам крануўся. З таго дня і сядзеў пад кустамі каліны ды ўсё плакаў.

Калі прыехалі сваты, то пачулі той плач, пайшлі прама і знайшлі Мацея, які быў ужо ледзьве жывы, але ўсё роўна стагнаў:

 Калінкі мае.. Хрысця… Марылечка… Калінкі…

Так, на іх вачах, і сканаў. Пахавалі яны таго няшчаснага чалавека, а месца тое назвалі Калінкавічамі, ад тых дрэўцаў, звязаных з трагічнымі падзеямі.

 
Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter