Горкі: даты і падзеі

Адкуль пайшла назва? Па адной з версій у пачатку XVI ст. частка жыхароў старажытнага горада Горы перасялілася на месца цяперашняга горада Горкі, бо тут было перасячэнне двух гандлёвых шляхоў: Орша – Мсціслаў і Магілёў – Раманава (далей на Смаленск). Спачатку новае паселішча мела назву Горы Малыя, а старое – Горы Вялікія. З цягам часу Горы Малыя сталі Горкамі, а Горы Вялікія проста Гарамі.

Па звестках гісторыкаў, першыя людзі з’явіліся на тэрыторыі сучаснага Горацкага раёна ў эпоху мезаліту (X-VII ст. да н.э.). Аб гэтым сведчаць знойдзеныя рэшткі тагачасных стаянак ля вёсак Вялікія Шарыпы і Пнеўшчына. Напачатку Нашай эры тут жылі плямёны балтаў. Са старажытных гарадзішчаў таго часу найбольш буйныя і вядомыя тыя, што знаходзяцца ля вёсак Горы і Мікадзімава. У другой палове I тысячагоддзя ў вярхоўях ракі Проня з’явіліся крывічы.

У X-XI стст. сучасныя Горацкія землі ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі, а з адасабленнем у XI ст. – Полацкага княства.

Першыя пісьмовыя звесткі пра тэрыторыю раёна вядомы з ХII ст., калі гэтыя землі належалі Смаленскаму княству.

У 1497 г. у "Літоўскай метрыцы" ўпершыню з’явіўся запіс пра сучасную вёску Горы. Горкі ўпершыню ўзгаданыя ў такім жа дакуменце ў 1544 г.

На мяжы ХIII-XIV стст. Горацкая зямля ўвайшла ў склад ВКЛ.

Ад 1584 г. Горкі належалі Сапегам.

У 1619 г. Горкі атрымалі ад Ільва Сапегі "Статут аб вольнасцях" (малое магдэбургскае права). Горад вызваляўся ад большасці феадальных павіннасцяў, меў ільготы. Тут дазвалялі весці гандаль, наладжваць кірмашы. На рынку было адведзена спецыяльнае месца (склад), куды прыезджыя купцы і гандляры маглі здаваць свае тавары. У мястэчку з’явіліся самакіраванне і суд.

1643 г. – у горадзе ўзнiкла яўрэйская абшчына.

1654-1667 гг. – падчас "Невядомай вайны" мясцовыя жыхары, як і многія тысячы жыхароў іншых беларускіх земляў, прымусова пераганяліся на ўсход, перадаваліся ў прыгон маскоўскім служылым людзям, прадаваліся ў рабства.

Сакавік 1659 – горацкія жыхары, які ўзняліся на ўзброеную барацьбу з усходнімі захопнікамі, доўга трымалі ў аблозе ў Вялікіх Гарах атрад маскоўскіх салдатаў.

У 1676 г. у Горках было заснавана праваслаўнае брацтва, а пры ім – школа.

У маі-чэрвені 1655 г. сяляне Гор, Раманава і Горак удзельнічалі ў хваляваннях супраць царскай улады.

У 1683 г. у Горках было два прадмесці – Зарэчча і Казіміраўская Слабада.

Падчас Паўночнай вайны ў 1709 г. тут спыняўся Пётр І. Пагорак, дзе стаяў ягоны шацёр, зараз завецца Пятровай горкай. Існуе карта-схема "Лагер расійскай арміі пад кіраўніцтвам Пятра І з 13 ліпеня па 1 жніўня 1708 г. на рацэ Проні", а таксама карціна А.Ціткова "Агляд рускіх войск у Горках".

У 1717 г. горад з навакольнымі землямі набыў князь Меншыкаў і валодаў імі да высылкі ў Сібір у 1727 г.

Пасля канчатковага пераходу пад уладу Расіі ў 1772 г. Горацкая зямля была падзелена паміж Аршанскім, Чавусскім, Мсціслаўскім і Копысскім уездамі.

Напрыканцы ХVIII ст. Горкі сталі ўласнасцю графа Салагуба.

1799 г. – у Горках і навакольных вёсках быў расійскі паэт Г.Дзяржавін і напісаў тут вершы "Горки", "Мельник", "Виша" і інш.

Канец 18 ст. – з "Эканамічных заўвагаў" да планаў Магілёўскай губерні гэтага часу вядома, што жыхары Горак у асноўным займаліся шавецкім, кравецкім, сталярным, слясарным і гарбарным рамёствамі.

На працягу першай паловы 19 ст. у Горках працуюць прадпрыемствы суконнай, парусінавай, палатнянай, гарбарнай, чыгуна-ліцейнай галін, гарэлачны і піваварны заводы, крупадзёрня, тры маслабойні, вадзяны млын.

У 1809 г. у маёнтку заснавана суконная мануфактура з фарбавальняй, дзе чатыры станкі абслугоўвалі 34 рабочыя.

У 1811 г. у Гарах адкрылася найбуйнейшая ў Беларусі палатняна-парусінавая фабрыка (150 станкоў, 200 рабочых).

З ліпеня па лістапад 1812 г. Горацкая зямля знаходзілася пад акупацыяй французскіх войск.

У 1828 г. за невыкананне абавязальніцтваў па забеспячэнні арміі Кутузава харчаваннем у 1812 г. расійскі ўрад вырашыў канфіскаваць Горы-Горацкі маёнтак (ён уключаў на той час 15 фальваркаў, 2770 прыгонных і 1760 дзесяцін зямлі) у графа Л. Салагуба.

1829 г. – прыгонныя музыкі з аркестра графа Салагуба перавезены ў Санкт-Пецярбург. Дзесяць чалавек, што гралі на скрыпках, віяланчэлях, альтах і кантрабасах, былі прызначаны ў тэатральную Дырэкцыю. Астатнія 19, якія гралі на духавых інструментах – у палкі лейб-гвардыі.

Ад 1837 па 1848 гг. – пры праваслаўных цэрквах створаны вучылішчы ў Горках і Расне.

15 жніўня 1840 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё Горы-Горацкай земляробчай школы, якая ў 1848 г. была пераўтворана ў земляробчы інстытут. У 1859 г. былі адчынены каморніцка-таксатарскія курсы.

Школа мела 2 разрады: 1-ы (ніжэйшы) і 2-і (вышэйшы). Тэрмін навучання ў кожным – 3 гады. У 1848 г. ніжэйшы разрад быў пераўтвораны ў земляробчае вучылішча з 4-гадовым тэрмінам навучання, а Вышэйшая сельскагаспадарчая школа – у Горы-Горацкі земляробчы інстытут.

Інстытут існаваў у 1848-1864 і 1919-1925 гг. Гэта першая ВНУ сельскагаспадарчага профілю ў Беларусі. У розныя гады ў інстытуце навучалася ад 112 да 222 студэнтаў. За ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў у паўстанні 1863-1864 гг. інстытут у 1864 годзе быў пераведзены ў Санкт-Пецярбург. У 1919 г. адноўлены ў Горках.

У 1840 годзе ў Горках з'явіўся першы ў Беларусі яблыневы гадавальнік. Саджанцы паступалі з усёй Расійскай імперыі – ад Рыгі да Пензы.

У Горацкім гісторыка-этнаграфічным музеі знаходзяцца фотакопіі пісем Т.Р.Шаўчэнкі, якія ён дасылаў прафесару Ф.М.Каралёву. Існуе версія, што аўтарам беларускай паэмы "Тарас на Парнасе" з’яўляецца студэнт нашага ВНУ. З 1851 па 1853 год тут вучыўся П.А.Бахмецьеў, прататып галоўнага героя рамана М.Г.Чарнышэўскага "Что делать?" Рахмецьева.

Сярод выпускнікоў інстытута вядомыя вучоныя А.В.Саветаў, І.А.Сцебут, А.М.Бажанаў, А.П.Людагоўскі, І.М.Чарнапятаў і інш.

Канец XIX ст. – дзякуючы працы Эдуарда Рэга, прафесара батанікі, па праекце італьянскага архітэктара А.Кампіёні на тэрыторыі Горацкага інстытута быў закладзены дэндрарый.

1852 г. выйшаў першы том "Записок Горы-горецкого земледельческого института" – першага ў Расійскай імперыі перыядычнага сельскагаспадарчага навуковага выдання. У ім размяшчаліся матэрыялы па працы вучэбнай фермы, адлюстроўваліся дасягненні сельскагаспадарчай навукі таго часу.

1853 г. – у Горках адбылася сельскагаспадарчая выстава, у якой прымалі ўдзел агароднікі Магілёўскай і сумежнай Смаленскай губерняў. Выстаўляліся гарбузы вагою па два пуды, кавуны, іспанская кукуруза, амерыканскі, турэцкі і гавайскі тытунь, кітайскі рэвень.

1857 г. – у горадзе ўтвораны легальны прафесарска-студэнцкі клуб. Яго ўдзельнікі абмяркоўвалі надзённыя пытанні і будучую сялянскую рэформу па адмене прыгоннага права.

Да 1860 г. у Горках з'явілася металаапрацоўчая фабрыка.

26 снежня 1861 г. мястэчка Горкі пераведзена ў стан павятовага горада, і быў утвораны Горацкі павет. Існаваў да 1924 г. Плошча складала 2487 кв. вёрст, насельніцтва каля 80 тыс. чал.

У канцы ХIX ст. уключаў 12 валасцей: Баеўскую, Гарадзішчанскую, Горацкую, Дубровенскую, Любініцкую, Маслакоўскую, Нічыпаравіцкую, Пугляеўскую, Раманаўскую (з кастр. 1918 г. Ленінская), Саўскую, Святошыцкую, Хаўбнянскую. Была заснавана гарадcкая дума.

У 1862 г. сфарміравалася падпольная студэнцкая арганізацыя, якая рыхтавалася да ўдзелу ў паўстанні К.Каліноўскага. У яе склад уваходзілі С.Віскоўскі, В.Дамарацкі, В.Антановіч, Р.Чарвінскі, З.Міткевіч, С.Дымкевіч і інш. Яны разам са студэнтамі адкрылі для сялянскіх дзяцей народную школу, у якой выкладалі на беларускай мове.

21 красавіка 1862 г. паўсотні студэнтаў зладзілі ў фальварку Шыманоўка палітычную акцыю, падчас якой спявалі патрыятычныя і рэвалюцыйныя песні.

24 красавіка 1863 г. паўстанцы на чале з Людвігам Звяждоўскім, паплечнікам Кастуся Каліноўскага, вызвалілі Горкі ад царызму. Але паўстанне было задушана. Існуе карціна Б.Первунскіх "Выступленне Л.Звяждоўскага на базарнай плошчы 24 красавіка 1863 года".

1864 г. – за ўдзел мясцовых студэнтаў і выкладчыкаў у паўстанні К.Каліноўскага інстытут у Горках зачынены і пераведзены ў Санкт-Пецярбург.

1867 г. – урадам Расійскай імперыі зацверджана палажэнне аб гербе горада "ў залатым полі тры чорныя горкі, з іх вырастае па адным зялёным коласе".

1873 г. – каля вёскі Пнёўшчына на правым беразе ракі Лядня на складзеным з камянёў кургане быў знойдзены гранітны валун пірамідальнай формы з рунічнымі ці фінікійскімі надпісамі: "Помнік Ваала. Тут мы яго выдзеўбалі (высеклі)".

1881 г. – на земскія сродкі ў горадзе былі пракладзены два масты праз Парасіцу і Проню.

У 1888 г. дзейнічала 7 паўкустарных прадпрыемстваў, у 1900 – 29, а ў 1904 – 34.

Канец XIX ст. – у горадзе з’явіліся паштовая станцыя, аптэка, пачаў працаваць чыгуналіцейны завод, метэастанцыя.

Напачатку 1902 г. у Горках была арганізавана першая сацыял-дэмакратычная група, а ў 1903-04 гг. – арганізацыі сацыял-дэмакратаў і Бунда.

16 студзеня 1905 г. у Горках прайшла першая буйная палітычная дэманстрацыя. У ёй прынялі ўдзел 250 чалавек. Падчас акцыі загінулі Пётр Бруцар і Фама Ерафееў. Існуе карціна Ф.Кісялёва "Палітычная дэманстрацыя ў Горках 16 студзеня 1905 года".

1914 г. – Магілёўскую губерню напаткала засушлівае надвор’е, якое стаяла з 20-х дзён мая да сярэдзіны ліпеня. Былі пашкоджаны ўсе расліны, у тым ліку і агародныя, прайшоў моцны град, які на некаторых палях ляжаў суткі.

1917 г. – узнікла Секцыя вучняў горацкіх сельскагаспадарчых школаў, якая займалася вывучэннем беларускай мовы, пашырэннем цікавасці мясцовага насельніцтва да нацыянальнай культуры, ладзіла выступы моладзевага тэатра.

Ад 1917 да 1918 гг. выдавалася газета "Горацкі веснік".

1919 г. – у складзе Гомельскай, з 1922 – Смаленскай губерні РСФСР.

7 красавіка 1919 г. Горацкія сярэднія сельгасустановы рэарганізаваныя ў Горацкі сельскагаспадарчы інстытут.

10 кастрычніка 1919 г. пачала працаваць Беларуская секцыя студэнтаў інстытута. Яна мела на мэце пашыраць свядомасць паміж беларусамі, знаёміць з літаратурай, тэатральнымі творамі, гісторыяй, культурным і эканамічным становішчам Беларусі і дапамагаць беларускаму нацыянальнаму руху.

1921 г. – пачаў працаваць участак чыгункі Орша-Крычаў, які праходзіў праз Горкі. Пабудаваны будынак чыгуначнай станцыі "Беларускія Горкі" (з 1930 г. – "Пагодзіна").

17 ліпеня 1924 г. утворана Аршанская акруга, у склад якой увайшоў Горацкі павет. Горкі вярнуліся ў склад Беларусі.

5 жніўня 1925 г. утворана Беларуская акадэмія сельскай гаспадаркі імя Кастрычніцкай рэвалюцыі.

28 лістапада 1925 г. горад наведалі народныя пісьменнікі Янка Купала і Якуб Колас.

З ліпеня 1925 па снежань 1929 гг. у Горках дацэнтам БДСГА працаваў Ян Серада, першы старшыня Рады БНР.

У 1926 г. у Горках адкрыты двухгадовы ўніверсітэт для сялян (з 1930 г. – калгасны ўніверсітэт).

Ад 1926 да 1928 гг. у Горках жыў і працаваў загадчыкам кафедры беларускай мовы, літаратуры і гісторыі БДСГА Максім Гарэцкі.

Летам 1928 г. у Горках свае вершы чытаў народны паэт Беларусі Янка Купала. На гэтым месцы ўстаноўлены мемарыяльны знак з выявай літаратара.

22 кастрычніка 1930 г. выйшаў першы нумар раённай газеты "Ленінскі шлях" (цяпер – "Горацкі веснік").

12 ліпеня 1941 г. раён быў захоплены фашыстамі. За гады акупацыі было спалена 110 вёсак, загінула каля 8 тыс. жыхароў.

7 кастрычнiка 1941 г. – фашысты расстралялi больш за 2500 членаў яўрэйскай грамады.

Ліпень 1942 г. – гітлераўцы арыштавалі 75 удзельнікаў падпольнага супраціву ў горадзе.

У кастрычніку 1943 г. была вызвалена ўсходняя частка Горацкага раёна, а 26 чэрвеня 1944 г. падчас аперацыі "Баграціён" – раён цалкам.

12 кастрычніка 1943 г. пад вёскай Леніна (Рамава) бой фашыстам дала 1-я польская дывізія імя Тадэвуша Касцюшкі.

1948 г. сельскагаспадарчы інстытут рэарганізаваны ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію.

У 1953 г. у Горках была заснавана музычная школа, а ў 1957 – адкрыты Дом піянераў.

5 жніўня 1959 г. адкрыта паветраная лінія Горкі-Мінск. Пачаў працаваць аэрапорт, які зараз не функцыянуе.

У 1967 г. пабудавана штучнае возера на р.Парасіца. На яго беразе закладзены парк імя 50-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі.

12 кастрычніка 1968 г. у вёсцы Леніна адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяла савецка-польскай баявой садружнасці.

1974 г. – у вёсцы Леніна пачало працу Горацкае педагагічнае вучылішча. Адчынены будынак аўтавакзала.

1975 г. – пабудаваны мемарыял "Тужлівая маці". Ля яго запалены Вечны агонь.

Ад 1976 г. у Горках пачала працу дзіцяча-юнацкая конна-спартыўная школа.

1984 г. – заснаваны раённы гісторыка-этнаграфічны музей.

1987 г. – пачаў працаваць гарадскі стадыён.

1992 г. – адкрыта Гімназія № 1 (першы дырэктар – М.А.Добышаў).

1989 г. – частка тэрыторыі раёна перададзена ў склад новаўтворанага Дрыбінскага раёна.

Канец 1980-х – арганізаваны незалежны "Клуб выбаршчыкаў" начале з Яўгенам Мажугіным.

1999 г. – пачала выдавацца першая ў Горках прыватная газета "Региональные ведомости" (больш не выдаецца).

1998 г. – адбылося аб’яднанне Горацкага раёна і горада Горкі ў адну адміністрацыйную адзінку, гарадскі выканкам быў скасаваны.

2001 г. – заснавана першае прыватнае прадпрыемства з замежным капіталам ТАА "Скайфораст". Вядзе перапрацоўку драўніны ўсохлых ельнікаў.

2004 г. – у Горках у БДСГА пачалася падрыхтоўка магістраў.

2004 г. – у Горках адбыўся рэспубліканскі экалагічны форум.

2007 г. – пачаў працу сайт horki.info.

У 2008 г. горацкі малочны завод перайменаваны ў "Малочныя горкі" – цяпер гэта вядомы брэнд.

24 красавіка 2009 г. – у Горках пачала выходзіць абласная агульнапалітычная газета "УзГорак".

У кастрычніку 2012 г. у Горках адбыўся рэспубліканскі фестываль-ярмарка "Дажынкі". Да свята ў горадзе з’явіўся новы інтэрнат БДСГА і хірургічны корпус раённай бальніцы, адрамантавана гасцініца "Проня", кінатэатр "Крыніца", чыгуначны і аўтавакзал. Пабудавана Лядовая арэна і моладзевы забаўляльны цэнтр і многае другое.

 
Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter