Гісторыя. Шаркаўшчынскі раён. Дарэвалюцыйны перыяд

У XIV–XVI стст. частка тэрыторыі сучаснага Шаркаўшчынскага раёна – землі па берагах ракі Дзісны і яе прытокаў Янкі, Мнюты, Бярозаўкі – уваходзіла ў Полацкае княства, што з'яўлялася паўночным парубежжам ВКЛ.

Развіццю эканомікі і культуры Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага перашкаджалі шматлікія войны. Ваенныя дзеянні разгортваліся на тэрыторыі сучаснага Шаркаўшчынскага раёна.

Па тэрыторыі гэтага краю прайшло безліч ваенных паходаў. У XIII–XV стст. Вялікае княства Літоўскае супрацьстаяла безупыннай агрэсіі крыжакоў, аж да поўнага іх разгрому пад Грунвальдам у 1410 г. I кожны раз крыжацкія харугвы праходзілі па землях Падзвіння. Крыжакі прыходзілі сюды ў 1324, 1333, 1343, 1374, 1375, 1377 гг., што адзначаецца ў пісьмовых крыніцах. Рыцары-крыжакі былі пад сценамі Браслава і Дзісны, ішлі яны праз шматлікія вёскі. Зусім абгрунтавана можна сцвярджаць, што не абмінулі яны і тыя паселішчы, якія знаходзіліся ў нашай мясцовасці. Разбуральная вайна пакідала свае сляды па ўсім краі.

Увогуле пісьмовыя звесткі аб землях і пасяленнях на тэрыторыі сучаснага раёна выяўляюцца з пачатку XVI ст. Гэта княжацкія граматы аб надзяленні зямлёй (воласцю) службовых асоб княства, а таксама купчыя на маёнткі, судовыя справы ды іншыя дакументы.
У XVI–XVIII стст. у гэтым краі адзначаны рост і бурнае развіццё паселішчаў гарадскога тыпу – мястэчак. У іх канцэнтраваліся рамяство і гандаль. Развіваліся ганчарная, гарбарная, кавальская, сталярная, шавецкая, кравецкая справы. У мястэчках 1–2 разы на тыдзень праводзіліся кірмашы, а ў некаторых бывалі і штогадовыя кірмашы. Гандлявалі лёнам, пянькой, салам, мёдам.

У дакументах тых часоў упамінаюцца некалькі буйных мястэчак на тэрыторыі раёна: Шаркаўшчына, Лужкі, Гарадзец, Германавічы, Ёды.

3 XVI ст. да XVIII ст. тэрыторыя сучаснага Шаркаўшчынскага раёна дзялілася паміж Полацкім і Браслаўскім ваяводствамі. Мяжа ішла прыблізна па рэках Дзісенцы (Дзісне) і Бярозаўцы да Глыбокага. Горад Дзісна адносіўся да Полацкага ваяводства, мястэчка Шаркаўшчына – да Браслаўскага. Цэнтрамі адміністрацыйнага кіравання ўсёй падуладнай тэрыторыяй былі маёнткі. Так, уладару маёнтка Шаркаўшчына была падуладна тэрыторыя сучасных Станіславоўскага, Валожынскага і Ручайскага сельсаветаў. Германавіцкім уладальнікам Шырыным была падуладна воласць прыкладна ў межах сучаснага Германавіцкага сельсавета, Гарадзецкаму маёнтку – тэрыторыя сучаснага Лужкоўскага сельсавета.

Дакладная дата заснавання Шаркаўшчыны не ўстаноўлена, аднак вядома, што гэта адно з самых старадаўніх паселішчаў у паўночнай частцы Беларусі.

Упершыню маёнтак Шаркаўшчына згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1503 г. Ён быў размешчаны над ракой Янкай, за 58 вёрст ад Дзісны, адносіўся да Лорнскай сельскай акругі, меў 1 дом, 33 жыхары.

У XVII ст. Беларусь заставалася плацдармам ваенных дзеянняў.

У 1654 г. пачалася цяжкая і доўгая вайна, у час якой маскоўскія войскі зноў пакінулі вогненны след у краі. Цар Аляксей паслаў ваяводу Шарамецева з чатырохтысячным войскам на Полацк, Дзісну, Друю і Глыбокае. Як бачна, шляхі рускага войска зноў прайшлі праз гэту мясцовасць.

У кастрычніку 1661 г. буйная групоўка рускіх войскаў пацярпела паражэнне каля Дзісны.

13-гадовая вайна пакінула ў Беларусі папялішча. Дашчэнту былі разбураны і спалены сёлы і вёскі.

На беларускай зямлі разгортваліся падзеі Паўночнай вайны (1700–1721) паміж Расіяй і Швецыяй. Нашу мясцовасць яны закранулі таксама.

Тры апошнія вайны нанеслі непапраўны ўрон беларускай дзяржаўнасці, беларускаму народу.

Пасля войнаў і спусташэнняў Вялікае княства Літоўскае страціла сваю магутнасць у параўнанні з Польскім Каралеўствам, якое не несла падобных страт.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай царскімі ўладамі была праведзена адміністрацыйная рэформа. Утвораны Дзісненскі павет. Ён ахопліваў тэрыторыі сучасных Шаркаўшчынскага, Міёрскага, Браслаўскага, Глыбоцкага і Пастаўскага раёнаў.

У мясцовых органах кіравання кіруючыя пасады займалі расійскія чыноўнікі. Шляхецкія вольнасці і самакіраванне змяняліся самадзяржаўным дэспатызмам. Патрыятычныя колы не жадалі з гэтым мірыцца. У 1794 г. успыхнула паўстанне Тадэвуша Касцюшкі. Наш зямляк Юзаф Мікалай Лапацінскі быў удзельнікам гэтага паўстання. Пасля падаўлення паўстання адбываецца масавае разарэнне і распад вялікіх памешчыцкіх маёнткаў. Уладальнікі Шаркаўшчыны Лапацінскія ў выніку гэтага вымушаны былі ў 1801 г. прадаць частку зямель маёнтка Шаркаўшчына і фальварка Дварышча, Камартва, вёскі Забор'е, Каўшэлева і інш.

У 1802 г. адбыўся падзел маёнтка Шаркаўшчына паміж крэдыторамі. Узніклі новыя фальваркі: Галінова, Ульянова, Базыльполле, Буда, Мікалаёва, Станіславова, Себастыянава, Тэрэзіянава.

У 1807 г. Ян Лапацінскі перадаў Шаркаўшчыну і Юзафова сыну Тамашу, а Хіны – Юзафу Лапацінскаму.

Пачатак ХIХ ст. адзначаны ў гісторыі Шаркаўшчынскага краю разбуральным нашэсцем Напалеона. У канцы чэрвеня – пачатку ліпеня 1812 г. большая частка Беларусі, у тым ліку наша мясцовасць была акупіравана войскамі Напалеона. Былі праведзены новыя адміністрацыйныя прызначэнні, якія складаліся з палякаў і паланізаванага беларускага дваранства. У маёнтках, у тым ліку і ў Германавічах, у гонар Напалеона спраўлялі балі. Жыхары нашага краю прымалі ўдзел у будаўніцтве абарончых збудаванняў, а таксама ўдзельнічалі ў партызанскай барацьбе супраць чужынцаў. Напрыклад, у вёсцы Варонка партызаны напалі на французскі атрад і знішчылі яго.

У лістападзе 1812 г. адступаючыя французскія войскі зноў праходзілі па нашай тэрыторыі.

Пасля вайны абвастрыліся пытанні грамадска-палітычнага жыцця Расійскай імперыі. Прагрэсіўныя дзеячы прапаноўвалі цару скасаваць прыгоннае права, але большасць памешчыкаў была супраць. Вялікім цяжарам на сялянах ляжала паншчына і грашовыя падаткі. Нормы падаткаў паўсюдна парушалася ў бок павелічэння. На працягу першай паловы XIX ст. ішоў паступовы працэс сялянскага абеззямельвання, памешчыкі стараліся як мага больш прысвоіць сабе зямлі. Незаможная шляхта траціла свае пазіцыі і набліжалася да стану сялянства. З 1829 года шляхта абкладалася падаткамі.

Паколькі эканамічныя і палітычныя змены ўрадам Расіі не разглядаліся, выбухнула паўстанне 1830–1831 гг. Падрыхтоўка да паўстання ў Дзісненскім павеце пачалася ў сакавіку 1831 г. Галоўным сакрэтным начальнікам па падрыхтоўцы паўстання быў памешчык з Ёдаў Аляксандр Лапацінскі. У мястэчку Шаркаўшчына 10 красавіка 1831 г. адбыўся арганізацыйны сход. Потым у Лужках памешчыкі Лапацінскі, Багуцкі, Хомскі, Корсак і інш. (больш за 50 чалавек) склалі першапачатковы акт польскай канфедэрацыі. Далі клятву на агульнае паўстанне супраць Расіі для аднаўлення Польскай дзяржавы ў межах 1772 г. Быў створаны паўстанцкі камітэт. Старшынёй стаў памешчык з Плісы. Галоўным начальнікам паўстанцаў стаў падпалкоўнік у адстаўцы В. Брахоцкі.

Сродкі для дасягнення мэты паўстання вызначаліся прадпісаннем паўстанцкага камітэта ад 14 красавіка 1831 года. Кожны памешчык на другі дзень сам з’явіўся ў Лужках, са зброяй і даставіў разам з сабой 7 рэвізскіх душ.

Вялікую дапамогу Лужкоўскаму паўстанцкаму камітэту ў арганізацыі войска аказаў Глыбоцкі кармеліцкі кляштар. Са сваіх маёнткаў ён выправіў 300 сялян і 6 ксяндзоў.

Сабраная сіла была асвячона ксяндзом А. Татурам у Лужэцкім касцёле. 23–24 красавіка 1831 г. паўстанцы ў колькасці 3000 чалавек пайшлі з Лужкоў на Дзісну. Рухаліся да горада з 3-х бакоў. Коннікі Храпавіцкага вырваліся ўперад, але былі адбіты, паняслі страты. Дзісна была захоплена паўстанцамі на 3 дні. На падаўленне паўстанцаў быў адпраўлены корпус Талстога, які заняў Друю, Дрысу, Полацк.

Паўстанцы, выціснутыя з Дзісны, зноў злучыліся ў Лужках, і не мелі ўжо надзеі ўтрымацца ў Дзісненскім павеце. Яны паздзяліліся на дзве часткі. Адна частка рушыла да Лепеля, другая мела намер рухацца да Вільні.

Расійскія войскі М. Мураўёва ў хуткім часе разграмілі паўстанцкія атрады. У Глыбокім працавала следчая камісія, куды былі абманам запрошаны памешчыкі. 15 чалавек было адпраўлена ў Дынабургскую крэпасць, многія трапілі ў турмы, некаторыя паўстанцы эмігрыравалі ў Паўночную Амерыку. Сярод эмігрантаў было 52 удзельнікі паўстання ў Дзісненскім павеце. Са следчых дакументаў бачна, што ў Шаркаўшчыне кіравалі Лапацінскія і адсюль ішлі ў Лужкі. Другая група разгромленых потым паўстанцаў зноў прайшла праз Шаркаўшчыну на Вільню. Вяліся следчыя дазнанні супраць памешчыкаў А. Багуцкага, А. Шырына і інш.

У 1839 г. уніяцкая царква была прымусова аб’яднана з праваслаўнай. У Шаркаўшчыне і наваколлі былі спалены ўсе беларускія царкоўныя кнігі і закрыты беларускія школы пры царквах, звольнены святары беларускага паходжання. Уціск цяпер прыйшоўся на беларусаў-каталікоў. У Шкунціках, Празароках і іншых месцах адбыліся рэлігійныя бунты.

У 1-й палове ХIХ ст. ва ўмовах нарастаючага крызісу феадальна-прыгонніцкай сістэмы эксплуатацыя сялян яшчэ больш узмацнілася, становішча іх пагоршылася. Прыгонніцтва стрымлівала развіццё прадукцыйных сіл.

У 1858–1860 гг. стыхійныя сялянскія выступленні супраць прыгоннай няволі набылі ў беларускіх губернях масавы характар. Сяляне змагаліся за адмену паншчыны і аброку, за перадачу ім зямлі. Многія паўстанні падаўляліся ваеннай сілай.
19 лютага 1861 г. цар зацвердзіў Маніфест аб адмене прыгоннага права.

Беларускія сяляне былі аб’яўлены асабіста свабоднымі, але ўся зямля заставалася ва ўласнасці памешчыкаў.

На Шаркаўшчыне, як і ва ўсей Віленскай губерні, рэформа праходзіла па асобаму палажэнню: за сялянамі замацоўваліся іх дарэформенныя надзелы, якія памешчык па свайму меркаванню мог паменшыць на шостую частку. Да заключэння выкупу павіннасць сялян скарачалася на 10 %. Дваровыя людзі два гады пасля рэформы былі залежнымі ад памешчыка, а затым вызваляліся без зямлі. Такім чынам, аграрнае пытанне вырашалася не на карысць большасці сялян. Такія ўмовы рэформы, што служылі перш за ўсё інтарэсам памешчыкаў, выклікалі незадавальненне сялян. Вясной 1861 г. выступленні сялян прайшлі ў многіх паветах Беларусі, у тым ліку ў ваколіцах Шаркаўшчыны. Хваляванне сялян у маёнтку Іегуменава пачалося 8 красавіка 1861 г. Сяляне сабраліся ў дваровым упраўленні і аб’явілі, што «не будуць выконваць інвентарных павіннасцей, акрамя адной паншчыны, якую яны згодны адбываць не па прызначэнню, а па свайму меркаванню». Іх падтрымалі сяляне маёнтка Людвінова і іншых.
Генерал-губернатар Назімаў аддае загад «Аб прыняцці надзвычайных мер па барацьбе з сялянскімі хваляваннямі». Царскім уладам удалося на нейкі час прытушыць сялянскі рух. У Дзісенскім павеце паўстанне 1863 г. не дасягнула тых маштабаў, якія мела тут паўстанне 1831 г. Аднак на тэрыторыі павета былі створаны і дзейнічалі некалькі невялікіх паўстанцкіх атрадаў. Дзейнічаў такі атрад паблізу Шаркаўшчыны.

Арганізаваў яго памешчык В. Лапацінскі, які і кіраваў атрадам. Мясцовыя ўлады называлі атрад шайкай Лапацінскага. У 1863 г. за 5 вёрст ад Старой Шаркаўшчыны, ва ўрочышчы Дубавое, адбылася сутычка расійскіх войскаў з паўстанцамі на чале з памешчыкам В. Лапацінскім. У маёнтку Юзафова 14 мая 1863 г. быў разгромлены атрад паўстанцаў, якім камандаваў Г. Дмахоўскі. Да пачатку верасня 1863 г. у Беларусі і Літве паўстанне было задушана.

Значны след у гісторыі Шаркаўшчынскага краю на працягу ХV–ХIХ ст. пакінулі прадстаўнікі вядомых магнацкіх і шляхецкіх родаў – буйныя землеўладальнікі і дзяржаўныя служачыя ВКЛ і Рэчы Паспалітай Зяновічы, Сапегі, Лапацінскія, Плятэры, Канаплянскія, Шырыны, Вазгірды, Вярыгі, Федаровічы і Багуцкія.

Канец ХIХ – пачатак ХХ ст. – складаны перыяд, у які адбываліся значныя гістарычныя, палітычныя і сацыяльна-эканамічныя падзеі. Яны прынеслі змены ва ўсе сферы жыцця грамадства таго часу. Не засталася ў баку ад іх Шаркаўшчына.
У сувязі з капіталізацыяй гаспадаркі пашырыўся рознічны гандаль, вырасла колькасць крам. Сацыяльна-эканамічныя ўмовы ў мястэчках і вёсках на Шаркаўшчыне ў пачатку ХХ ст. у аснове заставаліся такімі ж, як і ў канцы ХIХ ст. Захаваліся буйное памешчыцкае землеўладанне, перажыткі феадальнай сістэмы-адработкі, арэнда з часткі ўраджаю і г. д.

У Шаркаўшчынскай мясцовасці адным з буйнейшых землеўласнікаў быў граф Віктар Генрыкавіч Плятэр-Зіберг, уладальнік маёнтка Гарадзец. Графу належылі самыя лепшыя землі, лугі, палі. Ён быў жорсткім эксплуататарам. Цяжкім было жыццё рабочых і сялян, якія працавалі ў маёнтку. Менавіта ў маёнтку Плятэра-Зіберга ў 1898 г. пачаліся хваляванні рабочых і сялян.

З пачатку ХХ ст. рух сялянства актывізаваўся. Хваляванні былі звязаны з барацьбой за захаванне сервітутаў. Выступленні сялян падтрымалі іншыя слаі насельніцтва. Так, 13 ліпеня 1902 г. каля г. Дзісна адбылася сходка рабочых.
З кожным годам пратэст сялянства супраць царскіх улад, памешчыкаў, чыноўнікаў станавіўся больш свядомы.

Сялянскі рух у восень 1905 г. быў больш актыўным і арганізаваным, чым у папярэдні перыяд. Узмацнілася работа сацыял-дэмакратаў. Яны заклікалі сялян да захопу памешчыцкіх зямель, да стварэння рэвалюцыйных сялянскіх камітэтаў, да актыўнай падтрымкі рабочага класа ў яго барацьбе з царызмам. Але 1-я руская рэвалюцыя не вырашыла пастаўленых перад ёй задач, асабліва сялянскага пытання. Яны па-ранейшаму пакутвалі.

Цяжкім выпрабаваннем для працоўных Шаркаўшчыны, стала 1-я сусветная вайна. Некалькі гадоў вайны прывялі да разбурэння эканомікі, збяднення насельніцтва. Настаў голад, пачалі панаваць розныя хваробы.

Працоўныя Шаркаўшчыны горача сустрэлі вестку аб Лютаўскай рэвалюцыі, звяржэнні царскага самадзяржаўя. У населеных пунктах прайшлі сходы працоўных і мітынгі ў падтрымку рэвалюцыі.

Перамога Лютаўскай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі прывяла да ажыўлення грамадска-палітычнага жыцця. Ствараліся новыя органы ўлады, абіраліся выканаўчыя камітэты.

 
Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter