Гісторыя. Шаркаўшчынскі раён. Рэвалюцыйныя падзеі і ўстанаўленне савецкай улады

Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г. паклала пачатак усталяванню на Белаpyci Савецкай улады.

У кастрычніцкіх падзеях, якія адбываліся ў Петраградзе, актыўна ўдзельнічалі многія беларусы, у тым ліку i шаркаўшчынскія землякі. Адны знаходзіліся ў той час на ваеннай службе, іншыя працавалі на заводах, фабрыках. Гэта былі звычайна выхадцы з бедных, малазямельных ці беззямельных сем’яў, якія адправіліся ў горад у пошуках лепшай долі. У Петраградзе i іншых гарадах яны далучыліся да рабочага руху. Свядомымі барацьбітамі супраць самадзяржаўя cтaлi ўраджэнцы шаркаўшчынскіх мясцін Аляксандр Міхайлавіч Буйка, Берта Іосіфаўна Перэльман, Іосіф Перэльман, Іосіф Васільевіч Лагун, Сцяпан Станіслававіч Грыдзюшка.

На месцах фарміраваліся органы новай улады. У Дзісне быў створаны павятовы ваенна-рэвалюцыйны камітэт, надзелены ўciмi паўнамоцтвамі рабоча-сялянскай улады. У лістападзе 1917 г. утвараліся таксама валасныя ваенна-рэвалюцыйныя камітэты, на тэрыторыі Шаркаўшчынскага раёна – у Шаркаўшчынскай, Лужэцкай, Германавіцкай, Ёдскай валасцях. У склад камітэтаў уваходзілі мясцовыя актывісты з ліку беднякоў.

Старшынёй Шаркаўшчынскага валаснога Савета быў абраны М. Ваштаёнак.

Між тым, часу для пераўтварэння жыцця на новы, сацыялістычны лад у новай улады было мала. Працягвалася сусветная вайна. Кайзераўскія войскі пайшлі ў наступленне ў лютым 1918 г., неўзабаве Дзісенскі павет быў акупіраваны немцамі. Яны пачалі аднаўляць у вёсках старыя парадкі: вяртаць памешчыкам ix маёмасць, рабаваць сялян.

Павет быў вызвалены ад нямецкай акупацыі ў лістападзе 1918 г. Зноў у нашым кpai пачалі дзейнічаць Саветы: павятовы ў Дзісне i валасныя на месцах.

24 студзеня 1919 г. на павятовым з'ездзе Саветаў абмяркоўваліся наступныя пытанні: аб самавызначэнні народнасці i далучэнні Дзісенскага павета да адной з губерняў Беларускай рэспублікі, выбары дэлегатаў на губернскі з'езд у г. Мінск.
Па дакументах таго часу можна меркаваць, што мясцовыя Саветы працавалі вельмі актыўна i напружана: iмкнуліся наладзіць разбураную гаспадарку, дапамагчы насельніцтву ў вырашэнні надзённых бытавых праблем, разгарнуць у вёсках культурную, асветніцкую работу. Шмат увагі ўдзялялася забеспячэнню насельніцтва прадуктамі харчавання, навучанню дзяцей i дарослых. У вёсках адкрываліся школы, чытальні, бібліятэкі, ствараліся культурна-асветныя таварыствы, гурткі.

Вясной 1919 г. на тэрыторыі Шаркаўшчынскай воласці былі арганізаваны дзве сельскагаспадарчыя камуны: у маёнтках Лонск i Рацькі.

У Шаркаўшчынскай воласці ў той час налічвалася 546 дзесяцін лесу i 404 дзесяціны хмызнякоў. Быў устаноўлены дакладны парадак водпуску будаўнічага лесу.

Была створана спецыяльная служба па ахове лясоў.

У 1919 г. гаспадаранне на зямлі было ў асноўным аднаасобным: кожная сялянская сям'я апрацоўвала свой надзел. На зямельных угоддзях некаторых гаспадароў меліся ўчасткі лесу. Характэрна, што закон ахоўваў ix гэтаксама, як i лес дзяржаўнага фонду.
Павятовы Савет i валасныя органы ўлады прымалі меры для таго, каб знізіць узровень беспрацоўя, вырашалі пытанні сацыяльнага страхавання, аховы працы. Шмат yвагі ўдзялялася паляпшэнню работы харчовага аддзела.

Мяркуючы па тагачасных пратаколах, якія вялicя на пасяджэннях павятовага Савета, у грамадстве ўзмацнялася класавая барацьба. Няпростая эканамічная сітуацыя, сацыяльная напружанасць у вёсках, супярэчлівыя, нарэдка памылковыя дзеянні прадстаўнікоў Савецкай улады, разбурэнне касцёлаў i рэпрэсіі супраць святароў i іншых слаёў насельніцтва – усё гэта разам прывяло да мяцяжу.

Паўстанне пачалося 14 чэрвеня 1919 г. у м. Германавічы. Вяскоўцы адгукнуліся на заклік мясцовага ксяндза Буклярэвіча i яго сястры абараніць касцёл ад разбурэння бальшавіцкай уладай. У Miёpax з такой жа просьбай да людзей звярнуўся ксёндз Грынеўскі. У адказ на заклік святароў у вёсках пачалі фарміравацца атрады мяцежнікаў. Да ix далучыліся дэзерціры з Чырвонай Аpмii і толькі што мабілізаваныя.

8 ліпеня 1919 г. народным камісарам унутраных спраў Беларусі i Літвы Далецкім была падпісана інструкцыя аб высяленні мяцежнікаў у аддаленыя губерні краіны.

Летам 1919 г. пачалася польская інтэрвенцыя. У Дзісенскім павеце было аб'яўлена ваеннае становішча. Валасныя выканкамы праводзілі зaпic добраахвотнікаў у Чырвоную Аpмiю. Ствараліся партызанскія атрады. Адным з ix камандаваў вядомы чэкіст С. А. Ваўпшасаў.

У адпаведнасці з Рыжскім мірным дагаворам, заключаным 18 сакавіка 1921 г., 113 тыс. км2 тэрыторыі заходняй часткі Беларусі з насельніцтвам больш за 4 мільёны чалавек адышло да Польшчы. Тут быў уведзены польскімі ўладамі новы тэрытарыяльна-адміністрацыйны падзел. У 1920–1921 гг. тэрыторыя сучаснага Шаркаўшчынскага раёна часова дзялілася на некалькі гмін i адносілася да Дзісенскага павета Навагрудскага ваяводства. Павятовая адміністрацыя была пераведзена ў той час у Глыбокае, бо Дзісна знаходзілася на мяжы з Савецкай Беларуссю, якая праходзіла па Заходняй Дзвіне. 3 1921 г. па 1939 г. Лужэцкая, Германавіцкая i Шаркаўшчынская гміны адносіліся да Дзісенскага; Ёдская i Новапагосцкая – да Браслаўскага павета Віленскага ваяводства. Частка населеных пунктаў уваходзіла ў Пастаўскі павет.

Не толькі ў тэрытарыяльных, але i ў эканамічных адносінах Заходняя Беларусь была ўскраінай, аграрным прыдаткам цэнтральных раёнаў Польшчы, крыніцай сыравіны i таннай рабочай сілы. Не з'яўлялася выключэннем i Шаркаўшчына. 80 % насельніцтва краю займалася сельскай гаспадаркай. Буйным памешчыкам, якія складалі менш за 1 % землеўладальнікаў, належала больш як палавіна ўсей прыватна-ўласніцкай зямлі. У сярэднім на памешчыцкі маёнтак прыпадала 500 гектараў зямлі, а на сялянскі двор – менш за 7 гектараў.

У 1921 г. польскія ўлады правялі ўлік насельніцтва i маёмасці па кожнaй гаспадарцы.

Да нашых дзён не захавалася каля паловы вёсак, адзначаных у тых cпicax, зніклі хутары, засценкі, маёнткі.

За час 1-й сусветнай i грамадзянскай войнаў (1914–1921) прыйшлі ў заняпад у першую чаргу буйныя землеўладанні. Многія ўласнікі, вярнуўшыся пасля ваеннага ліхалецця, спрабавалі даказаць, што зямля не была пакінутая без нагляду, i прад’яўлялі дагаворы за 1913 i 1914 гг. на здачу гэтай зямлі ў арэнду, ды гэта мала дапамагалa. Палякі павялі канфіскацыйную палітыку ў адносінax да буйных маёнткаў.

Польскі ўрад прымаў значныя меры, каб каланізаваць заходнебеларускія землі, паланізаваць беларускае насельніцтва. На гэта была накіравана i палітыка ў галіне адукацыі. Існаваўшыя раней рускія i адкрытыя ў 1918 г. беларускія школы закрываліся, сталі стварацца так званыя паўшэхныя (усеагульныя) школы. Беларускіх настаўнікаў звальнялі з працы. Замест ix у Заходнюю Беларусь накіроўвалі настaўнiкaў з Польшчы. Па вёсках складаліся спісы бацькоў, якія згаджаліся аддаць дзяцей у польскую школу. У cпіcax пазначалася веравызнанне. Адначасова складаліся cпісы кандыдатаў у настаўнікі з тых, хто валодаў польскай мовай.

Былі школы ў Шаркаўшчыне, Шкунціках, Барсуках, Лужках.

У наступныя гады пачатковыя польскія школы адкрываліся паўсюдна. Моладзь абмяжоўвалася пераважна пачатковай адукацыяй, мала хто меў магчымасць вучыцца далей (у Дзісне або ў Глыбокім, дзе існавалі гімназіі).

Працоўныя Шаркаўшчынскага краю, як i ўсёй Заходняй Беларусі, змагаліся за вызваленне з-пад польскага прыгнёту, імкнуліся да ўз'яднання з Савецкай Беларуссю.

Некаторыя жыхары, якія трапілі ў невыносныя ўмовы жыцця пад польскай уладай, пераходзілі мяжу з Савецкай Беларуссю. Іншыя вымушаны былі ў пошуках работы і сродкў для існавання эмігрыраваць у краіны Заходняй Еўропы, 3ШA, Канаду, Аргенціну.

Нацыянальны прыгнёт, каланіяльная эканамічная палітыка садзейнічалі росту свядомасці i згуртаванасці людзей, што прывяло да абвастрэння класавай барацьбы. У Заходняй Беларусі разгарнуўся рэвалюцыйны i нацыянальна-вызваленчы рух, у які ўцягваліся шырокія кругі насельніцтва. Нярэдка сяляне палілі маёнткі памешчыкаў, сядзібы асаднікаў, урадавых чыноўнікаў, рабілі налёты на польскія войскі.

Стыхійныя сялянскія выступленні часам перарасталі ва ўзброеныя сутыкненні з паліцыяй. Такія выступленні адбыліся ў Лужках, Германавічах, Ёдах i іншых населеных пунктах павета.

Сяляне масава адмаўляліся выконваць розныя павіннасці, самавольна высякалі лес, які некалі належаў iм, выступалі ў абарону сваіх зямель ад прэтэнзій з боку памешчыкаў, кулакоў, асаднікаў. На тэрыторыях гмін дзейнічалі ячэйкі КПЗБ i КСМЗБ. Асноўнай мэтай ix дзейнасці было вызваленне з-пад улады Польшчы, уз'яднанне з Савецкай Беларуссю, вырашэнне «мучных праблем», у першую чаргу надзяленне ўcix сялян зямлёй, адраджэнне беларускасці. Актыўнымі камуністамі-падпольшчыкамі ў Шаркаўшчыне былі Міхаіл i Вацлаў Ваштаёнкі, паэт Mixaсь Машара. Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, збіралі зброю. У дні рэвалюцыйных свят вывешвалі ў Шаркаўшчыне i іншых месцах чырвоныя сцягі i транспаранты з рэвалюцыйнымі лозунгамі, праводзілі масоўкі, мітынгі.

Размах нацыянальна-вызваленчага руху народных мас прывёў да стварэння легальных рэвалюцыйна-дэмакратычных арганізацый. Першай такой арганізацыяй стала Беларуская сялянска-рабочая грамада.

Актыўнымі грамадскімі дзеячамі з Шаркаўшчыны, якія абаранялі правы сялян, выступалі ў друку з крытыкай iснуючых парадкаў, былі Пётр Ластаўка і Янка Пачопка.

У ліпені 1926 г. пачалася актыўная арганізацыя гурткоў грамады. Гэта работа вялася пад кіраўніцтвам камуністаў.

Актыўным дзеячам нацыянальна-вызваленчага руху ў Шаркаўшчынскай мясцовасці быў паэт Міхась Машара. Тут ён арганізоўваў rypткi Беларускай сялянска-рабочай грамады. Яго паплечнікамі былі Вячаслаў Рымдзёнак, Фама Батвінёнак, Марыя Шаблоўская i іншыя.

У першай палове 1920-х гадоў беларускі рух у Заходняй Беларусі aбaпipaўся на даволі шырокую агульнанацыянальную платформу i, па сутнасці, уяўляў сабой адзіны нацыянальна-вызваленчы фронт.

Уплыў грамады на жыхароў Заходняй Беларусі быў вельмі значны. Уздым нацыянальнага руху быў такім вялікім, што да канца 1926 г. у Дзісенскім павеце 198 гурткоў грамады аб'ядноўвалі 9980 чалавек. Спыніць дзейнасць арганізацыі паставіў сваей задачай урад Ю. Пілсудскага, які прыйшоў да ўлады ў Польшчы ў мai 1926 г.

Польскай дэфензівай быў арыштаваны i Mixacь Машара, які прасядзеў у віленскай турме Лукішкі тры з паловай гады.

Аднак запалохаць народ было нельга. Нацыянальна-вызваленчы рух працягваў развівацца ў Заходняй Беларусі.

Ва ўмовах паланізацыі жыхары нашага краю імкнуліся захаваць родную мову, навучаць ёй дзяцей, зберагчы нацыянальнyю культуру, традыцыі, звычаі.

У 1921 г. у в. Сталіца мастак Язэп Драздовіч адкрыў беларускую школу.

Mixacь Машара, Петр Ластаўка, Янка Пачопка, Язэп Драздовіч сябравалі паміж сабой, часта сустракаліся, абмяркоўвалі рэаліі існуючага жыцця, шляхі яго змянення, будучыню свайго краю i народа, падтрымлівалі aдзін аднаго, пa-сяброўску крытыкавалі. Аб гэтым сведчаць cтapонкi ix дзённікаў, твораў, пісьмы. Месцамі сустрэч былі Лужкі, Германавічы, Пашкі.

У гэту кагорту нашых землякоў – творцаў, беларускіх інтэлігентаў, носьбітаў асветы i культуры на Шаркаўшчыне ўваходзіць i знакаміты садавод Іван Паўлавіч Сікора. У 1930-я гады ён ужо актыўна займаўся развядзеннем пладовых дэкаратыўных культур, ствараў непаўторныя сады і кветнікі, праводзіў доследы.

Актыўная барацьба працоўных Шаркаўшчыны з польскімі ўладамі вялася аж да прыходу Чырвонай Арміі ў 1939 г.

17 верасня 1939 г. тэрыторыя нашага раёна была вызвалена ад польскай улады. Баёў тут не было.

Працоўныя Шаркаўшчыны радасна сустракалі байцоў Чырвонай Арміі.

У першыя дні пасля вызвалення ў Шаркаўшчыне, у вёсках i мястэчках былі створаны Часовыя ўпраўленні. Старшынёй управы ў Шаркаўшчыне стаў Міхаіл Маркавіч Шаблоўскі. Яшчэ пры царызме ён працаваў настаўнікам у Шкунціцкай народнай школе.
На сходах жыхароў паўсюдна выбіраліся органы новай улады – сельскія i валасныя сялянскія камітэты. Яны праводзілі актыўную работу па арганізацыі перадачы зямель памешчыкаў i асаднікаў беззямельным парабкам або малазямельным сялянам, бралі на ўлік i захоўвалі ад раскрадання маёмасць, інвентар, жывёлу, запасы збожжа.

Для аховы грамадскага парадку былі арганізаваны ў сельскай мясцовасці дружыны сялянскай міліцыі, у мястэчках – атрады рабочай гвардыі.

Асабліва плённа працаваў часовы аддзел школ, якім кіраваў М. Машара. Яму дапамагалі вопытныя настаўнікі. Былі вернуты на работу ў школу ўсе настаўнікі-беларусы. Падручнікі былі атрыманы з Мінска. Праз месяц пасля вызвалення пачалі працаваць школы.

Зямляк, пісьменнік Mixacь Maшара на сходзе працоўных Шаркаўшчыны быў вылучаны кандыдатам у дэпутаты Народнага сходу, а ў дзень выбараў людзі прагаласавалі за яго. 28 – 30 кастрычніка 1939 г. адбыўся Народны сход у Беластоку, на якім М. Машара разам з іншымі дэпутатамi прадстаўляў тагачасны Дзісенскі павет.

Народны сход прыняў шэраг рашэнняў гістарычнага значэння: аб устанаўленні Савецкай улады, аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР i СССР, аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель i прызнанні ўсёй зямлі ўсенароднай уласнасцю, аб нацыяналізацыі банкаў i буйной прамысловасці на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Народны сход выбраў дэлегацыю ў складзе 66 чалавек, якія пасылаліся ў Маскву ў Вярхоўны Савет СССР з просьбай аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Савецкага Саюза. Сярод ix быў i М. Машара.

Нечарговая 5-я сесія Вярхоўнага Савета СССР 1-га склікання прыняла 2 лістапада 1939 г. Закон аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР i аб аб'яднанні яе з БССР, а нечарговая 4-я сесія Вярхоўнага Савета БССР (адбылася 12–14 лістапада 1939) пастанавіла прыняць Заходнюю Беларусь у склад БССР i аб'яднаць тым самым беларускі народ у адзінай дзяржаве – БССР.

Уводзіўся новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел. 4 снежня 1939 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР на тэрыторыі Заходняй Беларусі былі ўтвораны Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Віленская i Пінская вобласці. 15 студзеня 1940 г. замест паветаў у заходніх абласцях Беларусі быў утвораны 101 раён, у т. л. Шаркаўшчынскі, якія ўвайшлі ў Вілейскую вобласць.

У склад раёна ўвайшлі былая Шаркаўшчынская воласць, частка Германавіцкай i Лужэцкай валасцей Дзісенскага, частка Ёдскай i Новапагосцкай валасцей Браслаўскага паветаў. Было ўтворана 14 сельсаветаў i адзін гарпасялковы Савет. Тэрыторыя раёна складала 1129 квадратных кіламетраў з насельніцтвам 38 647 чалавек.

Згодна са статыстычнымі данымі таго часу, нацыянальны склад насельніцтва раёна выглядаў наступным чынам: пераважная большасць – беларусы, у Беладворскім сельсавеце – 25 % палякаў, у Каўшэлеўскім – каля 20 %, у Германавіцкім – каля 25 % палякаў; яўрэяў у раёне было каля 3 %, рускіх – 2 %.

Значную дапамогу ў пераадоленні эканамічнай i культурнай адсталасці заходніх раёнаў Беларусі, у тым ліку i Шаркаўшчыны, аказалі саюзныя рэспублікі СССР. Дастаўлялася абсталяванне, тавары шырокага ўжытку. Шмат вопытных партыйных, савецкіх работнікаў, кваліфікаваных спецыялістаў народнай гаспадаркі з усходняй Беларусі ўзначальвалі адказныя ўчасткі вытворчасці. Свой вопыт работы яны перадавалі мясцовым кадрам.

У красавку – маі 1940 г. была праведзена рэарганізацыя былых павятовых камітэтаў партыі. У сакавіку 1940 г. раённая партыйная арганізацыя налічвала 28 членаў i 7 кандыдатаў у члены партыі, у снежні – 67 камуністаў. Былі створаны 4 пярвічныя партыйныя арганізацыі i 2 кандыдацкія групы. Вясной 1940 г. прайшла 1-я раённая партыйная канферэнцыя, на якой быў абраны Шаркаўшчынскі райкам партыі i рэвізійная камісія. Першым сакратаром райкама партыі стаў Зелічонак. Адначасова з партыйнымі арганізацыямі пачалі ўзнікаць камсамольскія. Першыя пярвічныя камсамольскія арганізацыі былі створаны ў вёсках Полава, Рымкі, Пятровічы, Алашкі, Агальніца, Кушталі, Жданы i некаторых іншых. Першымі камсамольцамі былі, як правіла, актыўныя, энергічныя юнакі i дзяўчаты. Сярод ix Генадзь Лысёнак, Віталь Райчонак, Сямён Лашыш, Іосіф Гінько, Уладзімір Бабылёнак, Анфіса Гінько, Марыя Януш, Ксенія Касарэўская, Міхаіл Сікора, Лявон Аляхновіч, Мікалай Райчонак, Фёдар Мурзёнак.

Камсамольская арганізацыя вяла пленную ідэйна-палітычную i выхаваўчую работу сярод моладзі, дапамагала партыйным, савецкім органам у стварэнні калгасаў.

Як сведчаць статыстычныя даныя, у раёне на 1 лютага 1941 г. былі 8022 сялянскія гаспадаркі, з ix – 5841 на хутарах.

У гэты час у раёне былі створаны 5 калгасаў, якія аб'ядналі 229 бядняцка-серадняцкіх гаспадарак. Першыя калгасы мелі 1695 гектараў зямлі, 329 гектараў лугоў, 187 коней, 49 галоў буйной рагатай жывёлы. У раёне была створана МТС, якая размясцілася ў былым фальварку Красны Двор. З райцэнтрам яна была звязана тэлефоннай сувяззю. З'явілася першая тэхніка: 8 трактароў, адна 24-радковая сеялка, конная малатарня, ільноцерабілка, 2 аўтамашыны – грузавая i легкавая. 3 ліку мясцовых жыхароў было падрыхтавана 35 трактарыстаў, у тым ліку 7 жанчын.

Значная ўвага ўдзялялася развіццю прамысловасці раёна. 3 кожным месяцам павялічвалі свае магутнасці 4 заводы па вырабе цэглы: у Полаўскім, Пялікаўскім, Юзафоўскім, Ёдскім сельсаветах. У Куштальскім сельсавеце чарапічны завод выпускаў 5 тысяч штук чарапіц. На 1941 г. намячалася павялічыць яе выпуск да 25 тысяч штук у год. Будаваліся млыны, прымаліся захады па павелічэнні магутнасці электрастанцыі.

Шмат увагі надавалася развіццю адукацыі i культуры. Быў утвораны раённы аддзел адукацыі, загадчыкам якога быў прызначаны М. Машара.

У раёне адкрыліся 54 школы: 46 пачатковых, 8 няпоўных сярэдніх. У 1940 г. працавалі каля 83, у якіх займалася 5200 дзяцей i працавала 130 настаўнікаў, з ix 60 чалавек з ліку мясцовых жыхароў. Многія прайшлі падрыхтоўку на кароткатэрміновых курсах у 1940 г.
Разгортвалася работа па ліквідацыі непісьменнасці. У раёне налічвалася 3200 непісьменных i 4000 малапісьменных. Працавалі вячэрнія школы і курсы ліквідацыі непісьменнасці дарослых.

Паступова пашыралася сетка культурна-асветных устаноў: у Ёдскім, Полаўскім, Германавіцкім, Шкунціцкім i іншых сельсаветах адкрыліся хаты-чытальні, пры якіх меліся бібліятэкі – да 300 кніг у кожнай. Адкрылася бібліятэка пры парткабінеце, дзе налічвалася 1500 кніг. Разгарнулася работа гурткоў мастацкай самадзейнасці. Былі тэлефанізаваны гарпасялковы i 5 сельскіх саветаў. Працаваў раённы радыёвузел на 250 кропак.

Першыя крокі былі зроблены ў арганізацыі аховы здароўя. Пачалі працаваць 2 бальніцы на 65 ложкаў: 40 ложкаў у райцэнтры i 25 – у Германавічах. Адкрыліся ў Шаркаўшчыне амбулаторыя, у Ёдах – медпункт, у Більдзюжскім, Полаўскім, Каўшэлеўскім сельсаветах – фельчарска-акушэрскія пункты. Медыцынская дапамога насельніцтву аказвалася бясплатна.

Значныя сацыяльна-эканамічныя i культурныя пераўтварэнні мянялі аблічча вёсак, стваралі ўмовы для далейшага ix развіцця.

У адзін з кастрычніцкіх дзён 1939 года беззямельныя і малазямельныя сяляне вёсак Астаноўка, Канашоўка, Буда–1, Буда–2, Ляды–1, Ляды–2, Ладуніха сабраліся на агульны сход. На ім вырашалася пытанне арганізацыі калгаса.

Ініцыятарам гэтай справы былі Аляксей Фядотаў, Рыгор Танаеў, Антон Васільеў.

Асноўнай зямельнай базай калгаса сталі двары вёсак Буда–1 і Буда–2, якія раней належылі паненкам Радзевіч і Ладуніха. Сюды адносіліся і землі хутароў Ляды-1, Ляды-2.

Сяляне вёскі Астаноўка Маслякоў, Багачоў, Родчанкавы, Марозавы і інш., у якіх налічвалася ад 10 да 100 га, на арганізацыйны сход не пайшлі і ў калгас не ўступілі.

Кожны, у каго была жывёла і інвентар, здаў яе ў калгас. Першым старшынёй абралі Рыгора Танаева. Кантора калгаса знаходзілася ў хаце Івана Танаева.

У 1940 годзе быў зацверджаны статус калгаса. Назву «17 верасня» ён атрымаў у гонар дня ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР.

У 1940 годзе былі створаны наступныя калгасы: у Слабадскім сельсавеце ў в. Беляі – калгас імя Сталіна, у Навасёлкаўскім – калгас імя Варашылава, у Варонкаўскім сельсавеце – калгас імя Сталіна.

 
Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter