Гiсторыя Бастыні

У 1458 г. Бастынь — сяло, дзяржаўная ўласнасць, пажалавана Радзівілу Осцікавічу. У 1520 г. — сяло, уласнасць Яна Мікалаевіча Радзівіла — земскага маршалка, дарагічынскага і слонімскага старасты, у 1539 г. — падчашага, жамойцкага старасты, васілішскага дзяржаўцы. У 1545 г. Бастынь — сяло маёнтка Ліпск. У 1550 г. — уласнасць Мікалая Юр'евіча Радзівіла, сяльцо і дварэц (маленькі двор). У 1567 г. — сяло, уласнасць Станіслававай Кішчынай — Ганны Радзівілаўны, сяляне-даннікі, з гэтага маёнтка ў войска ВКЛ выстаўлялі аднаго каня на два двары. У 1588 г. — сяло Наваградскага павета, уласнасць Яна Кішкі — віленскага кашталяна.

У 1603 г . — сяло маёнтка Люсіна (Палескай воласці) Наваградскага павета, уласнасць Станіслава Станіслававіча Кішкі. У 1613 г. — сяло маёнтка Кажан-Гарадок Наваградскага павета, уласнасць Мікалая Станіслававіча Кішкі, маецца царква, зямлі 67 валок (прыкладна 130 двароў).

У 1750 г. арандатар вёскі памешчык Шчыт пабудаваў царкву ў імя Святой Вялікапакутніцы Параскевы.

Па апісанні 1864 г., царква адносіцца да 5-га класа, драўляная. Штатнага жалавання прычту 236 рублёў і, звыш таго, за памінанне сваякоў памешчыка кажан-гарадзецкага Іосіфа Шчыта 36 рублёў серабром штогод. Зямлі прысядзібнай, ворыўнай і сенажаці каля 30 дзесяцін. Прыхаджан мужчынскага полу 481 душа і жаночага — 515. У 1877 г. царква капітальна адрамантавана. Па апісанні 1879г., царва драўляная, у выглядзе працяглага крыжа з адным купалам, пафарбаваным у зялёны колер, з адным ярусам вокнаў і аднымі ўваходнымі дзвярыма, мела каля 20 кв. сажняў унутранай плошчы. Тут знаходзіўся двух'ярусны іканастас з пілястрамі, пазалотай, драўлянай разьбой і рамамі для 15 абразоў. Усе іконы намаляваны мясцовымі мастакамі, але гэта былі копіі з вядомых акадэмічных арыгіналаў. Прастол адзін у імя Святой Вялікапакутніцы Параскевы. Царкоўны посуд быў малакаштоўным: некалькі сярэбраных рэчаў — 2 паціры, 2 сподачкі лыжыца і 1 старажытная уніяцкая дарахавальніца ў выглядзе шара (сведчанне прыналежнасці на некаторы час праваслаўнай Бастынскай царквы да уніятаў). Адно Евангелле было ў вызалачаным вокладзе, другое — у аксамітавым пераплёце з сярэбранымі накладкамі. Пры храме мелася невялікая бібліятэка, архіў метрычных кніг з 1793 г. і спавядальныя спісы з 1842 г. Богаслужбовых кніжак было няшмат. У 1608 г. памешчык Шчыт выдаў дакумент, які там і захоўваўся, аб тым, што на карысць цэрквам і прычту штогод перадавалася па волі завяшчацеля 36 рублёў.

У асобна размешчанай званіцы мелася 4 званы: адзін — 3 пуды, астатнія — па 2.

З 1921-га да смерці ў 1956 г. свяшчэннікам царквы быў Віталь Васільевіч Вячорка, пахаваны на невялікім цвінтары Лунінецкай царквы.

У 60-ыя гады царкву разбурылі. Нельга не адзначыць, што мясцовыя жыхары адмовіліся зрабіць гэта. Былі выкліканы салдаты з Лунінецкага гарнізона, якія ўзарвалі храм.

Да царквы належалі Вялуцкая Святатроіцкая царква і могілкавая Бастынская Нікадзімаўская драўляная царква, пабудаваная ў 1805 г. памешчыкам Іосіфам Шчытом і прыхаджанамі.

У 1795 г. сяло Бастыня ў складзе Кажан-Гарадоцкага маёнтка — 87 двароў, маецца уніяцкая царква.

У 1870 г. — "село Бостына, помещичье владение, 95 дворов, 392 мужчины, 408 женщин, 1 церковь, 1 водяная мельница. В селенье нет хорошей воды". У 1873 г. вёска знаходзіцца ў Пінскім павеце Мінскай губерні, у 2-ой благачыннай акрузе, у лясіста-балоцістай, "скучной местности", "при глухой просёлочной дороге в трёх верстах от речки Цна", мае "84 дыма", гэта значыць хат. Ад Мінска ў 218, ад Пінска і паштовай станцыі — 80, да бліжэишай чыгуначнай станцыі Гарадзея — 195 вёрстаў. У 1886 г. у Бастыні, якая названа былым валоданнем, налічвалася 806 жыхароў пры 89 дварах.

Пасля будаўніцтва чыгуначнай лініі Лунінец — Баранавічы ў 1884 г. праз некаторы час з'явіўся прыпынак, паўстанак, а потым і станцыя Бастынь.

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter