Камбрыг з Лахвы

Іван Данілавіч Трусевіч нарадзіўся ў беднай сялянскай сям'і ў лістападзе 1894 г. у мястэчку Лахва Мазырскага павета Мінскай губерні. З сямі гадоў ён пачаў працаваць, паспытаў рознага батрацкага хлеба: быў пастухом, потым ямшчыком, а калі падрос — рабочым на чыгунцы, вартаўніком. Пры гэтым самастойна вучыўся грамаце. У 1915 г. Трусевіч быў прызваны ў армію, служыў у запасным пяхотным палку, здаў экстэрнам экзамены за 5 класаў Петраградскага рэальнага вучылішча. Яму было прысвоена званне унтэрафіцэра, у тым жа 1915 г. скончыў і 3-юю петраградскую школу прапаршчыкаў. Ваяваў у Закаўказзі, у баях за крэпасць Эрзерум быў паранены. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі трапіў на Паўднёва-Заходні фронт, у чыне паручніка камандаваў кулямётнай ротай у 1-ай фінляндскай стралковай дывізіі. Тут Трусевіч сышоўся з бальшавікамі, за што ў хуткім часе быў арыштаваны. З-пад арышту ён уцёк у Мінск, дзе сустрэўся з членамі франтавога камітэта бальшавікоў (Заходняга фронту) М.В. Фрунзе, А.Ф. Мясніковым, П.І. Крывашэіным і інш.

У жніўні 1917 г. Трусевіч уступіў у РСДРП(б). Тады ж Мінскі Савет і франтавы камітэт бальшавікоў накіравалі яго на радзіму. Даручэнне ён атрымаў ад А.Ф. Мяснікова.

З кнігі П.А. Селіванава "Люди высокого долга": "Аляксандр Фёдаравіч сказаў: "Мы тут параіліся і вырашылі: вам неабходна паехаць на радзіму, у Мазырскі павет. У Лахве размешчаны армейскі склад боепрыпасаў. Нельга дапусціць, каб яго захапіў вораг. Карацей кажучы, склад неабходна эвакуіраваць у цэнтр Расіі, у Мцэнск. У родных мясцінах вас добра ведаюць. Таму і другая задача: расстаўляйце ў павеце надзейных людзей, дапамагайце ім".

У Лахву Трусевіч дабраўся на змярканні. Землякі не адразу прызналі ў фартовым паручніку былога рамізніка Ваньку Трусевіча. А прызнаўшы, пачалі ахвотна дапамагаць. У Мазырскім павеце звярнулі ўвагу на энергічнага, дзейнага франтавіка. Трусевіча выбралі старшынёй валасной земскай управы. Толькі паспеў азнаёміцца са справамі, як прыйшло паведамленне, што боепрыпасы па назначэнні не прыбылі. Іван Данілавіч адправіўся на пошукі. Шмат давялося пакалясіць, пакуль не натрапіў на след: вагоны застралі ў тупіку Бранскага чыгуначнага вузла. Нямала намаганняў прыклаў Трусевіч, пакуль скрыні з гарматнымі снарадамі былі згружаны ў Мцэнску. Там жа Івана Данілавіча і напаткала вестка аб пачатку Кастрычніцкай рэвалюцыі. У Мцэнску Трусевіча прызначылі камандзірам чырвонагвардзейскай кулямётнай сотні.

I зноў пацягнуліся франтавыя дарогі. Цяжкія пераходы, імклівыя атакі, рэйды па тылах ворага. На Усходнім фронце Іван Данілавіч камандаваў браняпоездам.

Пасля разгрому Калчака Трусевіча адклікаюць у Мінск. Тут ён быў прызначаны на пасаду Мазырскага павятовага ваеннага камісара. Шмат неадкладных спраў леглі на плечы ваенкама.

У снежні 1918 г. павятовы ваенкам Трусевіч сустрэўся ў Калінкавічах, дзе прадстаўнік ЦК РКП(б) Д.З. Мануільскі праводзіў нараду, з камандзірам 2-ой брыгады 1-ай Украінскай савецкай дывізіі М.А. Шчорсам. Адзін з яе палкоў стаяў у Мазыры. Трусевіч дапамог Шчорсу ў папаўненні людзьмі і забеспячэнні іх вайсковай амуніцыяй. Зімой 1918/19 г. савецкія войскі дзейнічалі на чыгунках Гомель — Пінск, Лунінец — Сарны — Кіеў, Гомель — Бахмач супраць пятлюраўцаў і гайдамакаў.

З кнігі П.А. Селіванава:

"У пачатку жніўня 1919 г. Трусевіча выклікаў да прамога проваду губваенкам. Тэлеграфны апарат адстукаў: Вы прызначаецеся камандзірам Мазырскага стралковага палка. Замест вас Мазырскім павятовым ваенкамам прызначаны тав. Каўроў. Баявое становішча складанае. З ім пазнаёміцеся ў начдыва 17-ай. Тэрмінова мабілізуйце для Мазырскага палка чатыры тысячы чалавек. Матчастку, абмундзіраванне, боепрыпасы і ўсе ўказанні па фарміраванні палка атрымаеце ў штабе 16-ай арміі".
У штаб 17-ай дывізіі, якая размяшчалася ў Калінкавічах, Трусевіч прыехаў з гатовым рашэннем. Ён уважліва выслухаў начдыва К.П. Нявежына, які пазнаёміў яго са становішчам на ўчастку фронту 16-айарміі.
— А цяпер я прадстаўлю вас камандуючаму, — сказаў Канстанцін Пятровіч, верцячы ручку палявога тэлефона.
— Штабарм? Начдыў Нявежын ля апарата. Прашу камандуючага... Таварыш камандуючы! У маё распараджэнне прыбыў павятовы ваенкам Трусевіч, якому загадана сфарміраваць полк і прыняць камандаванне над ім... Так, азнаёміў... Добра. Вас, Іван Данілавіч.
Узяўшы трубку, Трусевіч пачуў нетаропкі басок камандуючага арміяй А.І. Кука.
— Добры дзень, таварыш Трусевіч. Шмат добрага чуў пра вас. Віншую з назначэннем. Упэўнены, што справіцеся з заданнем. Чым магу дапамагчы?
— Прашу выдзеліць у маё распараджэнне параход і дзве баржы для перавозкі мабілізаваных з прырэчных населеных пунктаў у Мазыр.
— Рачная флатылія і ўсе плаўсродкі аператыўна падпарадкаваны штабу вашай дывізіі. Перадайце Нявежыну: я не супраць. Усё? Да пабачэння. Жадаю поспеху.
На світанку наступнага дня караван суднаў адплыў з Мазыра ў Давыд-Гарадок. Яшчэ з вечара ў прыбярэжныя вёскі былі пасланы камандзіры для адбору людзей. Даводзілася спяшацца: вораг прасоўваўся ўперад, займаў новыя гарады і вёскі".

Да падыходу белапалякаў Трусевіч здолеў папоўніць полк. Пазней ён пісаў: "У Мазыр сталі прыбываць добраахвотнікі. Каля паўсотні ўступіла ў Мазырскі полк маёй радні з Лахвы і Ленінскай воласці..." Добраахвотнікі прыходзілі з Сінкевіч, Кажан-Гарадка, Цны, Мікашэвіч, Чэрабасава, Любані, Століна, Давыд-Гарадка...

Нягледзячы на вялікія цяжкасці, Трусевіч выканаў загад: на працягу тыдня полк быў сфарміраваны і ўзброены. У хуткім часе ён заняў баявы ўчастак па лініі Парычы — рака Пціч — станцыя Пціч. Трусевіч рабіў усё магчымае і немагчымае, каб першы бой стаў і першай перамогай.

Аднойчы ў штаб вярнуўся начальнік сувязі палка, які выязджаў аднаўляць сувязь са штабам арміі. Ён паведаміў, што сувязісты, што правяралі лінію, працягнлчую цераз лясны масіў, чулі чужую мову, лязгат зброі і ржанне коней. Гэта пацвердзіў і камандзір першага батальёна Прохараў, і мясцовыя сяляне, якія з ім прыбылі. Яны расказалі, што ў лесе сабралася шмат варожых кавалерыстаў. Паведаміўшы пра зверствы акупантаў, сяляне папрасілі запісаць іх у чырвонаармейцы.

— Добра, — пагадзіўся Трусевіч, — будзеце ў нас праваднікамі. Для ліквідацыі польскай конніцы ён выдзеліў дзве стралковыя роты, два кулямётныя ўзводы і іншыя сілы. Над зводным атрадам прыняў камандаванне камбат Прохараў. Ноччу атрад абхапіў паўкальцом лясны масіў, дзе знаходзіўся праціўнік, і на світанку нанёс нечаканы ўдар. Трусевіч паведаміў у штаб арміі, што ў баі ў раёне Азарычы — Калінкавічы разгромлены ўзмоцнены эскадрон польскага войска. У палон узята каля 100 чалавек, захоплена 150 коней, 5 кулямётаў, 500 вінтовак, шмат боепрыпасаў і 30 кг узрыўчаткі. Забіты камандзір эскадрона. У яго палявой сумцы знойдзены важныя дакументы.

Паказанні палонных пацвердзілі тое, што змяшчалася ў дакументах: эскадрон меў задачу ўзрываць масты на ўчастках чыгункі Гомель — Жлобін і Жлобін — Калінкавічы. Не ўдалося!

У хуткім часе 2-і Мазырскі стралковы полк быў перакінуты на поўнач Беларусі. У баях пад Полацкам і Глубокім, асабліва ўмацаваных праціўнікам, ён паказаў добрую вывучку і стойкасць. Байцы бралі прыклад са свайго камандзіра, які здзіўляў усіх смеласцюі мужнасцю, калі справа даходзіла да рукапашных сутычак.

Надышоў 1920 г. І.Д. Трусевіча выклікалі ў штаб 17-ай дывізіі.

— Давядзецца развітацца, Іван Данілавіч, — сустрэў яго Нявежын. — Вы накіроўваецеся ў распараджэнне штаба 12-ай арміі на пасаду камандзіра 171-ай брыгады 57-ай стралковай дывізіі.

— Сустрэнемся яшчэ, Канстанцін Пятровіч!

"Першая палавіна ліпеня 1920 года. Часці Мазырскай групы занялі мястэчка Парычы, а хутка авалодалі Слуцкам. 171-ая стралковая брыгада ў баях за гэты горад першая ўклінілася ў абарону праціўніка. Камбрыг Трусевіч быў наперадзе атакуючых.

Пераадольваючы ўпартае супраціўленне праціўніка, Чырвоная Армія за тры тыдні прайшла шлях ад Бярэзіны да Буга — больш за 400 вёрст, вызваліла Беларусь. Байцы 171-ай брыгады ўдзельнічалі ў гэтым паходзе. З боем быў узяты Кобрын, фарсіраваны Буг. Але ад Варшавы Чырвоная Армія нечакана пачала адыход.

171-ая брыгада абараняла падыходы да мястэчка Гарадзец. Яго таксама давялося пакінуць. Але толькі замацаваліся на новых пазіцыях, як прыскакаў камандзір дывізіі.

— Усё бачу, Іван Данілавіч, — хутка прамовіў ён, не злазячы з каня. — Пазіцыю ты выбраў добрую. Тут можна пратрымацца. Але табе трэба не ў абароне сядзець, а наступаць. Загадваю ўзяць Гарадзец. Пакуль ты будзеш выконваць гэту задачу, нашы часці паспеюць адысці і надзейна замацавацца. Выручай, камбрыг!

Аб тым, як Трусевіч з гонарам выканаў гэты баявы загад, у архіўных дакументах захаваўся кароткі запіс: "На працягу двух тыдняў 171-ая стралковая брыгада, адбіваючы атакі праціўніка, абараняла мястэчка Гарадзец, якое мела вялікае аператыўнае значэнне. Камбрыг І.Д. Трусевіч праявіў умелае кіраўніцтва абаронай, а таксама асабістую мужнасць і гераізм".

За баі пад Кобрынам і Гарадцом Трусевіч быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

У 1921 г. Іван Данілавіч пачаў вучобу ў ваеннай акадэміі ў Маскве. Прысутнічаў на X з'ездзе РКП(б), быў на прыёме ў Леніна, а ў 1924 г. быў у ганаровай варце ля яго труны. У 1929 — 1932 гг. вучыўся ў Беларускім дзяржаўным планава-эканамічным інстытуце, атрымаў дыплом эканаміста-інжынера па металаапрацоўцы.

Перад пачаткам Вялікай Айчыннай Трусевіч — начальнік ваеннага Аўтамабільна-матацыклетнага вучылішча. Па фронце ён камандаваў танкавым корпусам. Афіцэрамі-танкістамі былі і яго сыны Барыс, Уладзімір, Усевалад (Уладзімір і Усевалад загінулі на Курскай дузе).

Пасля Перамогі Іван Данілавіч працягваў службу ў арміі да выхаду ў адстаўку. Радзіма высока ацаніла яго заслугі. Ён быў узнагароджаны ордэнам Леніна, трыма — Чырвонага Сцяга,ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, 4 медалямі, Ганаровай граматай ЦВК БССР. Памёр 19 верасня 1970 г. у Харкаве.

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter