Хутар Княжыстановішчы

Ведучы размову аб в. Велута, нельга не ўспомніць невялікі па колькасці населены пункт — хутар Княжыстановішчы, які знаходзіцца за 4,5 км ад в. Велута. Чаму такая назва была яму дадзена, ужо ніхто не памятае, але жыхары памятаюць яшчэ да польскіх часоў, што гэта ўрочышча называлася — «Княжы Востраў». Назва яму была дадзена, відавочна, яшчэ з 15–16 стагоддзяў. А калі ў 1922 годзе Лунінецкі р-н апынуўся ў складзе Польшчы, то праз 3 гады, а дакладней, у 1925 годзе, польскімі ўладамі было вырашана на Княжым Востраве пасяліць частку жыхароў в. Велута. Таму першыя пасяленцы тут з’явіліся ўжо вясною 1925 года. Гэта былі бацькі Каховіча Аляксея Уласавіча, Каховіч Іван Апанасавіч, Каховіч Фёдар, Клімчук Сяргей, Хлуд Рыгор Марціпавіч. Пазней, у 1928 годзе, перабраліся сюды Клімчук Мікалай, Максімчык Фёдар, Кашэль Міхаіл, Арэхва Сцяпан, Гардзюк Адам, Шыйч Іван Іванавіч і другія. З тых часоў месца засялення пачалося называцца хутар Княжыстановішчы. Недалёка ад яго былі другія невялікія пасяленні, напрыклад, урочышча “Турцы”, дзе жылі Клімчук Даніл, Гунчык Якім, Драбовіч Адам, Хадатчук Васіль, Каховіч Фёдар Гаўрылавіч. На “Сухім Барку” жылі Сайко Піліп, Максімчык Анісім, Каховіч Іван, Каховіч Піліп, Шуляк Сяргей.

У Кармужскіх быў хутар, дзе жыла сям’я Радзюка Мікалая. Тут жа хачу зазначыць, што вакол в. Велута было яшчэ некалькі хутароў: урочышча “Бярэза” — Зялевіч Дзяніс, урочышча “Краснае” — жылі сем’і Каховіч Міхаіла, Прымаковічаў, Насеняў. Але самым аддаленым хутарам лічыўся хутар ва ўрочышчы “Восава”. Там жыла сям’я Драбовічаў да 1942 года, пакуль немцы іх не заставілі пераехаць у в. Велуту, падазраючы сям’ю ў сувязі з партызанамі. Гэты хутар знаходзіўся каля 8,5 км ад в. Велута. Сёння там плёхаюцца хвалі вадасховішча “Велута”. Быў невялікі хутар на “Зарэччы”, дзе жыў Драбовіч Васіль, “Міронаў хутар” — гаспадыня Лукер’я.

Побач з вёскаю было ўрочышча “Масцішча”, дзе таксама жылі 3 сям’і. Тут жа з 1944 па 1956 год была пачатковая школа.

Аднак вернемся да хутара Княжыстановішчы. Да сказанага патрэбна дадаць, што вакол Княжыстановішч было яшчэ 10 хутароў, размешчаных ва ўрочышчах “Татарка» «Сані», “Падсанечча”, “Ражон”, “Падліпечча”, “Пыдцерла”, “Сухі Барок”, “Турца”, “Прыслон”. Таму на хутары Княжыстановішча ў 1944 годзе таксама была адкрыта пачатковая школа. Да 1954 года яна размяшчалася ў наёмных памяшканнях. А ў 1955 годзе была пабудавана прыгожая драўляная школа. За часы яе існавання тут атрымаў пачатковую адукацыю не адзін дзесятак хутарскіх дзяцей. За часы існавання тут працавалі Кірэйчык, Юхневіч, Руткоўскі Б. В., Міхневіч Ст. Ад., Барысік Л. Ад. Будынак школы стаяў на ўскрайку лесу, прыгожага сасновага бору. Па восені вучні са сваімі настаўнікамі праводзілі часта ўрокі на прыродзе. Для дзяцей навакольных хутароў іх родная школа назаўжды засталася ў памяці. Будынак выдзяляўся сваёй велічнасцю, прыгажосцю. Вакол стаяла такая цішыня, экалагічная чысціня, якую сёння знайсці цяжка (я маю на ўвазе школу). Чаму я так пішу? Таму што мне ў 1969 годзе, студзені месяцы, пашчасціла мець магчымасць папрацаваць 24 дні ў гэтай школе, таму што настаўніца іх захварэла. Выходзіў з в. Велута ў 7 гадзін раніцы на лыжах, снегу было многа, мароз — 15°–17°С. У лесе прыгажосць непаўторная, паветра чыстае. Колькі птушак і звяроў пабачыш, пакуль дабярэшся да “зялёнай школы”.

Трэба сказаць, што і дзеці тут вучыліся асаблівыя. Яны выраслі сярод прыроды ці, лепш сказаць, з самой прыродай. Былі ў добрым сэнсе слова “дзецьмі лесу”. Часта маглі стаць добрымі дарадчыкамі маладому настаўніку, дакладна ведаючы ядомыя і неядомыя грыбы і ягады; месца, дзе збудавалі свае гнёзды пугач, чорны бусел, зялёны дзяцел; дзе жыве “рыжая хітруха” — ліса — ці барсук, ціхенька перадаючы мудрасць бацькоў аб забароне разбураць птушыныя гнёзды. Яны нават не ўсведамлялі сваю мудрасць і, па-сялянску сціплыя, трошачкі насцярожана глядзелі на настаўніка, які размаўляў не так, як яго бацькі, і апрануты інакш. Колькі багацця мела іх душа, яны мабыць тады так і не ўсведамлялі. Настаўнікі перадавалі ім свае веды, а атрымлівалі ад іх незвычайную энергетыку ад прыроды, якую ў другім месцы атрымаць было немагчыма.

Пасля заканчэння пачатковай школы дзеці наведвалі да 1970 года базавую Вялуцкую школу, пасля 1970 ужо сярэднюю школу. Вельмі многія былыя вучні х. Княжыстановішчы закончылі вышэйшыя навучальныя установы, універсітэты, тэхнікумы. Сёння працуюць у розных галінах народнай гаспадаркі не толькі нашай роднай Беларусі, але і за яе межамі. Многія абралі сабе прафесію, звязаную з лесам — Клімчук Васіль і Вольга Міхайлаўны; Шуляк Іван Іванавіч.

У гэтым годзе хутару Княжыстановішчы споўнілася 80 гадоў. Змены тут вялікія. Больш як 20 гадоў няма тут школы. Паменшылася катастрафічна насельніцтва. З 16 сядзіб толькі ў 8 жывуць хутаране. На 90% яны людзі пенсійнага ўзросту. Але як і раней па святах, у водпуск ці на выхадныя прыязджаюць сюды тыя, хто тут нарадзіўся, дзе прайшло іх дзяцінства і юнацтва. Дым бацькоўскага дома і паветра роднага лесу заўсёды чакае. Хацелася б верыць, што такі прыгожы хутар павінен жыць доўга. Ен таксама часцінка гісторыі в. Велута.

Свежы вецер даляцеў да Велуты толькі недзе на рубяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў.

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter