Будаўніцтва вузкакалейкі Люшча — Велута — Чучавічы — Бор

Канец ХІХ стагоддзя быў знамянальны для нашага палескага краю тым, што праз тэрыторыю нашага раёна была пабудавана ў трох напрамках “жалезная дарога” — чыгунка, якая звязвала Лунінеччыну з многімі часткамі Еўропы і Расіі:

  • Лунінец — Вільня — 1884 г., 296 вёрст;
  • Лунінец — Пінск — 1884 г., 54 вярсты;
  • Лунінец — Гомель — 1886 г., 282 вярсты.

Гэта быў час, калі да нас пачала даходзіць цывілізацыя. Аб значэнні пабудовы чыгункі на Лунінеччыне напісана і сказана многа.

Пачатак ХХ стагоддзя быў часам завяршэння першай чаргі асушэння балот вакол Навасёлак, Люшчы, Бастыні, Чучавіч і часткова в. Велута (1903 год). Царскі ўрад таксама меў свае інтарэсы ў гэтай мясцовасці. Край наш быў вельмі багаты на лясы. А пакуль мясцовасць была забалочанай да такой ступені, што нічым нельга было вывезці драўніну, а тым больш даставіць яе ў Расію ці нават прадаваць у Еуропу і другія краіны, то і было прынята такое рашэнне — пачаць будаўніцтва чыгункі з вузкай каляінай. Восенню 1905 г. было пачата будаўніцтва чучавіцкай веткі Палескіх чыгунак ад станцыі Люшча да прыпыначнага пункта. Абапал праходзіў канал даўжынёю ў 27,8 вярсты праз вёскі Навасёлкі і Вялікія Чучавічы, і канешне ж ішоў побач з в. Велута. Пры гэтым улічваўся рэльеф мясцовасці і прыродныя ўмовы. З-за моцнай забалочанасці чыгунка як бы вярталася ў напрамку да Лунінца (сёння гэта ўрочышча завецца “Звярынец”), абмінала Сядзельскае балота, лясіста-нізінныя ўрочышчы Сядзельскі Бор і Мушыну Ніву (яны і сёння завуцца так) і накіроўвалася прама на поўнач, перасякаючы р. Цна і яе балоцістую пойму ля ўрочышча “Сокалаў Рог” (праз яе быў пабудаваны невялікі драўляна-бетонны мост, існуючы па сённяшні дзень. Далей ветка перасякала невялікі прыток р. Цна — рэчку Штыр (ёсць і сёння) ля ўрочышча Шпакоўка, ішла ўздоўж канала, за Навасёлкамі ва ўрочышчы Зялёнае паварочвала на паўднёвы ўсход да Вялікіх Чучавіч. За вёскамі дарога праходзіла праз лясны масіў і ўрочышча Рачкі, перасякаючы канаву Заазерскую, і ля хутара Бор паварочвала на паўднёвы ўсход да канаў Крынічнай і Плёса. Тут і знаходзілася канчатковая тупіковая станцыя чучавіцкай веткі — Канал.

Чыгуначнікі станцыі Люшча і будаўнікі чучавіцкай веткі ў кастрычніку — снежні 1905 г. прынялі ўдзел у падзеях Усерасійскай стачкі.

Пасля здачы ў эксплуатацыю 25 сакавіка 1908 г. па чучавіцкай ветцы стала вывозіцца драўніна, неабходная дрэваапрацоўчым прадпрыемствам наваколля, у тым ліку — на Лунінецкі шпалапрапітачны завод для вырабу чыгуначных шпал, а таксама ў цэнтральныя раёны Расіі і на Украіну для выкарыстання пад крапёжны лес для шахтаў.

Курсіраваў цягнік, які падвозіў на лесараспрацоўкі рабочых і служачых, дастаўляў на станцыю Люшча платформы з драўнінай. Потым хадзіў яшчэ адзін — цягнік №33 – 34 з таварнымі платформамі і пасажырскімі вагонамі 2-га і 3-га класаў. Расклад руху цягнікоў, занатаваны ў “Памятной книжке Минской губернии за 1913 год”, адпавядае і 1914 году, калі таварна-пасажырскі цягнік Люшча — Чучавічы — Канал меў нумар 33–34.

Верст  Станціи Тов. - пас. п.
Ваг.
Верст  Станціи Тов. - пас. п.
Ваг.
    Ч.М.     Ч.М.
  Каналъ 10.27 д   Люща 8.10 у
9 Чучевичи 11.21   Новоселки  8.40
  Новоселки  11.43 19 Чучевичи 9.32
28 Люща
Приб.
12.13 28 Каналъ
Приб.
 

У 1914 г. начальнікам станцыі Чучавічы быў адстаўны падпаручык Антон Адамавіч Лянчэўскі, станцыі Канал — Уладзімір Мікалаевіч Корзун. Да пачатку 1917 г. на абедзвюх станцыях пасады начальніка былі вакантнымі.

У пачатку 20-х гадоў частка яе была разбурана. Са станцыі Люшча поезд адыходзіў кожны дзень у 8.10 ранку, на апошнюю станцыю Канал прыбываў у 9.57, а ў 10.27 адыходзіў у адваротны бок. “Поездок” — так называлі гэты поезд палешукі — рабіў два прыпынкі: у Навасёлках і Вялікіх Чучавічах (ст. 79 – 80 кнігі “Памяць. Лунінецкі раён”).

А звярнуўся я да гэтай крыніцы і падзеі па той прычыне, што ўвод у эксплуатацыю вузкакалейкі даў магчымасць жыхарам Люшчы і таксама в. Велута мець добрую, стабільную работу, што існавала яна (вузкакалейка) амаль да канца 80-х г. ХХ стагоддзя. За ўсе часы існавання чыгункі на ёй працавалі і пайшлі на заслужаны адпачынак болей чым 150 жыхароў Велуты, а ад царскіх часоў і таго болей. Акрамя таго, яна была добрым сродкам зносін з “вонкавым” светам. Жыхары Велуты пачалі асвойваць “свет”. Працавалі нават некаторыя жыхары і на шырокай калеі. А Шуляк Адам Анікеевіч, са слоў яго пляменніцы Фядоры, працаваў нават дзяжурным па станцыі ў г. Шэпятоўка, дзе і пахаваны. Ну і трэцяе, а колькі будаўнічай драўніны было вывезена і на пабудову хат у в. Велута. Давозілі па вузкакалейцы да маста р. Цна. Разгружалі, збівалі плыт і гналі па р. Цна да в. Велута. У пасляваенныя гады ў час сенакосу людзей падвозілі з Велуты касіць у “Пярсцец” ці да другога ўрочышча. Вузкакалейка для жыхароў вёскі мела ва ўсе часы, пры ўсіх уладах толькі станоўчае значэнне. І не стала яна патрэбнай толькі тады, калі ўжо было “выпілена” і вывезена ўсё, што толькі можна было. Сёння чыгуначныя рэльсы зняты, ёсць толькі насып, які сведчыць аб яе існаванні. А можа, праз год 50—80 яна яшчэ спатрэбіцца? Старыя людзі казалі, што яна павінна была ісці да Слуцка. Што ж, жыхарам Велуты застаецца ўспамінаць аб ёй з удзячнасцю. Гэта частка гісторыі вёскі.

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter