Сустрэча ў вёсцы Велута

Каціўся сталёвы вал да Лунінеччыны

У асабістай бібліятэцы А.А. Гопты, як каштоўная рэліквія, беражліва захоўваецца кніжка “Усё жыццё – Айчыне”. Яе аўтар Кацярына Спірыдонаўна — жонка Васіля Захаравіча Каржа — праўдзіва і ярка распавядае аб слаўным баявым шляху партызан Пінскага злучэння.

Звернемся да тых баявых дзён, якія маюць дачыненне да сумеснай барацьбы воінаў 55-й Мазырскай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі і брыгад, і атрадаў партызан:

“У ноч на 21 чэрвеня партызаны злучэння прыступілі да масіраваных удараў па чыгунцы, — успамінае К. С. Корж. — Яны працягваліся і ў наступныя суткі. Ставілася задача цалкам перакрыць усе шляхі, па якіх варожы фронт атрымлівае падмацаванні. А цяпер у штабе рашалі, як дапоўніць удары па дарогах атакамі атрадаў па воінскіх падраздзяленнях праціўніка. Партызаны здагадваліся, што з дня на дзень пачнецца вялікае наступленне савецкіх войскаў, і рыхтаваліся аказаць усялякую дапамогу Чырвонай Арміі ў разгроме ворага... В. З. Корж прапанаваў:

— Пры наступленні часцей Чырвонай Арміі на Лунінец з усходу і поўдня перакідваем брыгаду імя Кірава — у Добрую Волю, брыгаду імя Будзённага — у Велуту , брыгаду імя Леніна — у Ліпок, Макава ўшчыльную да чыгункі Лунінец — Баранавічы. Штаб перамяшчаецца ў Навасёлкі... Мы сіламі чатырох брыгад пераразаем чыгунку Лунінец — Баранавічы і Лунінец — Пінск.Узаемадзейнічаючы з часцямі Чырвонай Арміі, садзейнічаем узяццю Лунінца...

23 чэрвеня ў радыёграме паведамлялася аб тым, што войскі І Прыбалтыйскага, ІІІ і ІІ Беларускіх франтоў перайшлі ў рашучае наступленне, зламалі варожую абарону. А праз дзень новая радасная вестка: перайшлі ў наступленне войскі І Беларускага фронту.

Па меры набліжэння фронту шырылася баявое ўзаемадзеянне воінскіх часцей з партызанскімі злучэннямі.

Партызаны актывізавалі “рэйкавую вайну”. Дзякуючы гэтаму на чыгунцы ўтварылася вялікае скапленне варожых эшалонаў, што дало магчымасць нашай авіяцыі больш прыцэльна і ў масавым парадку граміць жывую сілу і тэхніку адступаючага ворага”.

Братэрскія абдымкі і слёзы

Заставаліся лічаныя дні да падзеі, якой суджана было стаць гістарычнай для нашага раёна.

А. А. Гопта з пачуццём гордасці ўспамінае аб вялікім даверы, які быў аказаны партызанскаму атраду імя Калініна: першаму сустрэць перадавыя часці Чырвонай Арміі.

А было гэта так. Будучы ў брыгадзе імя Кірава, генерал-маёр В. З. Корж пацікавіўся, як ваюе атрад імя Калініна, якім камандуе Мешытбай Хасенаў. Яму сказалі, што атрад актыўны, наносіць ворагу вялікія страты. Корж загадаў паклікаць Хасенава. Той прыбыў хутка.

— У вёску Велута прыбываюць перадавыя часткі Чырвонай Арміі, — сказаў Корж Хасенаву. — Вам прадастаўляецца права першымі сустрэцца з імі.
— Вялікі вам дзякуй, таварыш генерал, за такі давер!.. — Апраўдаем яго!
— Што ад вас патрабуецца? Перарэзаць чыгунку паміж станцыямі Бастынь і Люшча, дасягнуць раёна возера Белае. Сюды выйдзе і атрад “За Радзіму” Міхаіла Каштанава. Вам трэба таксама “асядлаць” бальшак і не прапусціць адыходзячага праціўніка. А з усходу ўдараць нашы воіны. Зразумела вам?
— Зразумела, таварыш генерал!
— Тады прыступайце да справы. Жадаю вам і ўсяму асабоваму саставу поспехаў.

Атрад імя Калініна паспяхова справіўся з заданнем. Вось што аб гэтым расказваў потым Хасенаў:

— 7 ліпеня раніцай разам са сваім атрадам я прабіраўся да вёскі Велута, дзе ўжо знаходзіліся часці Чырвонай Арміі. Хвалюючай і кранаючай была гэта сустрэча. Партызан па-братэрску вітаў камандзір палка палкоўнік Новікаў...

Непасрэдны ўдзельнік гэтай падзеі А. А. Гопта ўспамінае:

— Сустрэча сапраўды стала трыумфальнай. Чырвонаармейцы кідаліся ў братэрскія абдымкі да партызанаў, на шапках якіх палымелі наўкос прышытыя чырвоныя стужкі, зіхацелі чырвоныя зорачкі, такія ж, як і ў байцоў Чырвонай Арміі. Ніхто не саромеўся слёз, шчырых абдымкаў і пацалункаў. Адзін другога частавалі тытунём. А на потных гімнасцёрках абаронцаў зіхацелі заслужаныя ў баях узнагароды.

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter