Легенда пра Чачэрск

Здарылася гэта гісторыя падчас аднаго падарожжа. Можа, нават і нельга яго назваць падарожжам, але, тым не меней, плылі па невядомай рачулцы людзі, сядзелі ўперамежку з грабцамі воі, і лілася над неабжытымі прасторамі дзівосная песня: 

— Едзь,едзь, Ванечка,

Бо ў цябе конік чужы, не свой,

Начаваць будзеш ночку ў дарозе,

Пывязаўшы коніка к бярозе. 

— Бяроза ж ты мая белая,

Галоўка ж ты мая бедная,

Хто ж майго коніка напасе,

Да новай стаенкі завядзе?

 

Адазвалася дзеўчына ў саду:

— Я твайго коніка напасу.

Мы ж яму аброку – пшаніцы,

Мы ж яму вадзіцы з крыніцы. 

Лунала песня над вадой, над кустамі ды прыбярэжнымі пушчамі – барамі.

А прабіраўся па тутэйшых мясцінах багаты князь. Ехаў – плыў з аховай моцнай, са слугамі шматлікімі і, што самае галоўнае, дачкой – прыгажуняй Марылькай. Вырасла яна,распусцілася, што тая рабінка пад акном, і сталі да яе розныя жаніхі – сваты ездзіць, адбою ад іх не было. Плакала дзяўчына, да бацькі звяртаючыся:

— Татка, надакучыла мне ўсё гэта.

— Нічога не зробіш, дачушка, такі дзявочы лёс.

— Ва ўсіх? Ой, як мне гэта надакучыла!

— Не перажывай надта, супакойся. Прыйдзе твая часіна, спадабаецца табе хлапчына, і тады сама ўжо будзеш у мяне прасіцца, каб аддаў цябе замуж.

— Не,не будзе такога,- упарта сцвярджала князёўна.

— Будзе,ды, мабыць, ужо ў хуткім часе.

— Адкуль ты ведаеш?

— З жыцця, дачушка.

— Хочацца схавацца ад людзей, пабыць адной, каб ніхто не перашкаджаў, не парушаў цішыню.

— Ранавата ты захацела ад людзей схавацца.

— Татачка, роднінькі, пашкадуй мяне ды загадай завезці ў які палац, каб слуг там было мала, каб не хозіў, не назаляў ніхто чужы. Гэтыя багачы ды князі, паны ды падпанкі намазолілі мне вочы. Спаць ужо спакойна не магу, прачынаюся на ноч па некалькі разоў. Ўсё здаецца, што вязуць мяне некуды з роднага дому.

— Вось такія сны, дачушка, і сняцца звычайна перад вяселлем.

— Не ўсе сны, татка, збываюцца.

— Так, але рана ці позна такое адбываецца ў жыцці. А зараз не хвалюйся, ідзі сабе ды паляжы ці пахадзі па лузе, з пакаёўкамі пагуляйся.

— У тых пакаёшках не маю патрэбы.

— Чаму?

— У іх жа толькі і размоў – што пра жаніхоў.

— А ты думала, у жанчын нейкія іншыя інтарэсы ёсць? Супакойся. Як ты ні круці, а ад уласнага лёсу не ўцячэш, не схаваешся, прыйдзе часіна – і сама адчуеш, што замуж цягне.

— Не цягне мяне нікуды,- прамовіла князёўна.

— Эх, Марылька, мая,- ласка прамовіў князь, — дарослай стала, а дзіцём засталася.

— Як гэта?

— Потым зразумееш, а зараз ідзі, адпачывай.

Пайшла дзяўчына, а князь задумаўся. І сапраўды атрымівалася, што ніякага спакою дачцэ не было – там тыя круцяцца, там гэтыя свайго дамагаюцца. Вось бы прыдумаць ёй добры адпачынак. Але як ні меркаваў валадар,нічога ў яго не атрымлівалася. Вырашыў тады паклікаць свайго пастаяннага дарадчыка – садоўніка. Маладым яго ўзяў на службу яшчэ князяў бацька, і вось да гэтага дня чалавек спраўна выконваў свае абавязкі.

Ля дзвярэй, ахоўваючы князя і на выпадак, што таму захочацца тэрмінова некага паклікаць, стаяў дружыннік.

Валадар падміргнуў яму:

— Што, братка, стаіш?

— Стаю, княжа.

— Не сумна?

— Сумна.

— То чаму ж не шукаеш іншага занятку?

— Такая мая служба, княжа, і яе трэба несці спраўна.

— Зразумела. Колькі ж табе гадоў, хлапчына?

— Ужо дваццаць.

— Так мала?

— А мне здаецца, што ўжо многае ў жыцці пабачыў за свае гады.

— Якія яны, твае гады? Малады зусім,- сказаў князь, а сам падумаў, як хораша разважае чалавек, няхай сабе і малады, як сумленна выконвае свой абавязак. Усміхнуўся яшчэ раз, на здаравяка – дружынніка гледзячы, і прамовіў:

— Пакліч, братка, да мяне садоўніка.

Вой парянуўся і затупацеў уніз па лесвіцы, якая вяла на падворак. Гаспадар застаўся адзін і нецярпліва барабаніў пальцамі па моцным дубовым стале. Нарэшце пачуліся крокі і з–за дзвярэй выслізнула невысокая постаць сухенькага чалавечка.

— Хадзі сюды, браце, — пазваў князь.

— Нешта здарылася?

— Ды не, хачу параіцца.

— Адносна чаго?

— Дачка пастаянна гаворыць, што стамілася, пры палацы седзячы, што нідзе не бывае, што надакучылі ёй жаніхі ды сваты.

— Ясная справа.

— Чаго ты ўсміхаешся?

— Бо не пабачыла яна яшчэ свайго любага. Калі пабачыць, то сум той нібы рукой здыме.

— А як мне яго зараз развеяць?

— Давай, княжа, разам падумаем.

Селі два чалавекі, нібы сябрукі, і паціху размаўлялі, а ля дзвярэй, маўкліва на іх пазіраючы, узвышаўся здаравенны дружыннік.

Пра што толькі ні перагаварылі князь з садоўнікам,якія толькі варыянты ні падбіралі, а рады не далі. Потым садоўнік ускінуўся:

— Прыдумаў!

— Ну?

— Княжа, усё вельмі проста. Вазьмі дачку ды правязі па сваіх ўладаннях. Яна ж ніколі ў такім падарожжы не была. Перамена месца, перамена настрою….

— Гэта добрая думка.

— І вось яшчэ што княжа. Вазьмі і мяне з сабой.

— І табе сумна стала, у садзе займаючыся?

— А што, памочніка сабе я падрыхтаваў, ён будзе сачыць за дрэвамі. Я ж таксама нідзе не быў, то хоць перад смерцю пагляджу, якія там іншыя землі, чым ад нашых адрозніваюцца.

— Вазьму, ці ж мне шкада

— То, княжа, дамовіліся. Цяпер толькі скажы, на які дзень збірацца?

— Марудзіць не станем. Два дні на зборы – і рушым у дарогу.

— Яшчэ вось, княжа, што

— Ну?

— Треба наперад маршрут вызначыць, каб потым з боку ў бок не кідацца.

— І то праўда.

— Значна лягчэй будзе па вадзе плыць. Рэчкі ж адна ў адну ўпадаюць , і перашкод значных у гэтым плане не будзе. А калі коньмі ехаць, то, па-першае, дарог добрых няма, а па-другое, князёўна так стоміцца за пару дзён, што загарлае, каб яе назад вязлі.

— І гэта чыстая праўда. Ідзі, адпачывай, рыхтуйся, а праз два дні, з самае раніцы, паплывём.

Садоўнік, пажадаўшы валадару спакойнай ночы, выйшаў за дзверы, а валадар, задаволена ўсміхнуўшыся, прагаварыў, да ахоўніка звяртаючыся:

— Бачыш,як удваіх з такім складаным пытаннем разабраліся?

— Бачыў і чуў, княжа.

— Ну і як?

— Чужы край – ён заўсёды цікавы, але свой намнога мілейшы.

Зноў здзівіўся кязь, як хораша хлапчына разважаў.

Раніцай усе ў палацы ўжо ведалі, што трэба збірацца ў падарожжа, а праз два дні князь выйшаў, апрануты па–паходнаму. Поруч з ім стаяла князёўна.

— Ну, дачакалася ты, дачушка, свайго.

— Загадвай хутчэй выязджаць, бо карціць пабачыць тыя землі, якія людзі там жывуць.

Князь зірнуў на начальніка аховы, на садоўніка, якія сталі і пра нешта ціхенька паміж сабой гаманілі, і махнуў ім рукой. Праз імгненне загучала каманда:

— Усім садзіцца па чаўнах! Займаць месцы — і адплываем!

Людзі весела, штурхаючыся, кінуліся да чаўноў, каб паспець заняць зручныя месцы, бо былі папярэджаны, што падарожжа пратягнецца не адзін і не два дні, а, магчыма, пару месяцаў. За такі час і ў чоўне сядзець надакучыць.

Плылі не спяшаючыся, бо не ваяваць выбраўся князь са світай, а адпачыць. Таму лавілі вецер у парусы і тады, калі неўтаймаванная стыхія сама, па сваёй добрай волі, несла чаўны, людзі спявалі, адпачывалі, распавядалі ўсе магчымыя гісторыі.

Марылька спачатку месца сабе не знаходіла – туды кідалася, сюды бегла, каб і там паспець, і там паглядзець ці паслухаць. Князь пасмейваўся:

— Ну, тут ужо да цябе сваты не прылепяцца.

— Ат, татка,- адмахвалася дзяўчына. – Каму што.

Аднаго разу, калі князь збіраўся спаць, на носе чоўна стаяў у начной ахове той самы малады дружыннік.

— Ну як ты, братка? – запытаўся ў яго валадар.

— Ўсё добра, княжа.

— Цікава?

— Цікава.

— То і выдатна. Ахоўвай мяне, а я спаць буду.

— Дабранач, княжа, — прамовіў дружыннік і ўважліва, на ўсялякі выпадак, азірнуўся.

Прачнуўся князь, пацягнуўся – ажно косці хруснулі – і штурхнуў садоўніка, які соладка спаў побач:

— Сонейка ўстала і нас падняла!

Той таксама прадзіраў вочы. Валадар глянуў туды, дзе павінна была спаць Марылька, але яе не было. Усхапіўся валадар.

— Што, княжа? – запытаўся садоўнік.

— Дачкі няма.

— Во, згубіў, — папракнуў дзедка. – Не палохайся, тут яна нікуды не схаваецца.

— Але ж няма….

Князь адкінуў полак і зірнуў на палубу. Тое, што ён убачыў, выклікала ўсмешку: дачка была на носе чоўна, і не адна. Поруч стаяў той самы здаравенны дружыннік і весела нешта расказаваў дзяўчыне.

— Мы спалі, княжа, а некаму ж трэба і сон наш ахоўваць? – жартаўліва шапнуў садоўнік.

— Твая праўда, братка.

— Няхай пагамоняць. Ім ёсць пра што.

Селі князь з садоўнікам снедаць, а валадара думка не пакідала, што мабыць, спадабаўся гэты вой Марыльцы, калі і спаць на ноч не пайшла, з ім засталася. Падумаў, але ўголас нічога не прамовіў, ды садоўнік і так здагадаўся.

— Відаць, княжа, дачка болей не будзе сумаваць?

— Хто ж яго ведае…

— Як галубкі вуркочуць.

— А хіба мы іншымі былі? Сіла была, адвага, хацелася і нам перад прыгажунямі красавацца. Адгулялі мы сваё…

— Нічога, жыццё ідзе, яно ўсе забірае і перастаўляе, аднаўляе і ачышчае. У яго свае законы.

— А ў людзей свае.

Старыя сядзелі – сабе размаўлялі, а маладыя – сабе. Дружынніка ўжо даўно змянілі, але ён не ішоў адпачываць, так спадабалася Марылька. Калі б дзяўчына сядзела з якім іншым воем, то князь, магчыма, і прагнаў бы яе ці паклікаў, але гэты хлапчына і яму падабаўся. Прыгадаў свае маладыя гады, калі разам з простымі дружыннікамі ў паходах на голай зямлі спаў, колькі разоў яны яго ад вернай смерці выратоўвалі, і падумаў, што не стане Марыльцы нічаго гаварыць, каго сама абярэ, хай з тым і лёс свой звязывае, каб потым не крыўдавала на бацьку.

— Добра ім, — прашаптаў садоўнік.

— Зайздросціш?

— Ведама што. Яны ж маладыя, здаровыя, а я ? Сваё ўжо аджыў.

— Яны яшчэ нічога не бачылі.

— Так, у іх ўсё наперадзе.

— Дай Бог, каб добра склалася. Дзецям заўсёды шчасця хочацця.

Прыціхлі старыя, і тут да іх выразна данеслася:

— Глядзі, Марылька, якая рачулка.

— Ага, прыгажанькая.

— Не тое слова – непаўторная.

— Як цяцерка,- прамовіла князёўна.

Князь паўтарыў:

— Як цяцерка.

Так тая рэчка Цяцерай, а пазней Чачэрай і стала. Калі людзі па яе берагах аселі, то паселішча сваё назвалі Чачэрскам, ад той рачулкі.

 
Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter