Нашы гарады — Жлобін

Жлобін упершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах пад 1492 годам.

Набліжаецца знамянальная падзея — 500-годдзе горада. Паселішча ж на месцы, дзе цяпер стаіць Жлобін, існавала, як сцвярджаюць гістарычныя крыніцы, яшчэ ў язычніцкія часы. Мяркуюць, што сваёй назвай Злобнае месца (пазней — Злобін, Жлобін) абавязана беглым людзям, якія хаваліся тут ад праследаванняў улад. У XV стагоддзі яно належала магнатам Хадкевічам, у час вайны цара Івана III з каралём Аляксандрам далучана да Расіі, затым зноў адышло да Літвы. Вядома, што ў 1818 годзе Жлобін лічыўся мястэчкам, у пачатку нашага стагоддзя, пасля таго, як у 1873 годзе быў адкрыт рух па Лібава-Роменскай чыгунцы, а ў 1902 годзе пачаліся зносіны паміж Пецярбургам і Адэсай — станцыяй, якая грузіла звыш 400 тыс. пудоў «пераважна лясных грузаў і часткова хлеба». Тут былі пабудаваны дэпо, вагонныя майстэрні, працавалі паштова-тэлеграфнае аддзяленне, народнае і чыгуначнае вучылішчы. Жыхароў налічвалася крыху больш чым 3 тыс.

3 таго часу, як тут былі пракладзены першыя чыгуначныя рэйкі, на працягу ўжо многіх дзесяцігоддзяў, нязменнай застаецца галоўная прафесія горада. Кожны чацвёрты жыхар яго — чыгуначнік або член сям’і чыгуначніка. I хоць Жлобін у савецкі час разросся, абзавёўся новымі прамысловымі прадпрыемствамі, стройнымі жылымі кварталамі, усюды па-ранейшаму адчуваецца подых буйнога транспартнага вузла…

У гісторыі Жлобіна, горада з багатымі рэвалюцыйнымі, баявымі і працоўнымі традыцыямі,— усеагульная забастоўка чыгуначнікаў 1905 года, калі рабочыя на некалькі дзён захапілі ўладу ў свае рукі, барацьба з карнілаўшчынай пасля перамогі Кастрычніка, белагвардзейскім корпусам ДоўбарМусніцкага, войскамі буржуазна-памешчыцкай Польшчы. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны часці 21-й арміі, воінам якой устаноўлен помнік у самым цэнтры горада, сталі на шляху ворага, не даючы яму пераправіцца на левы бераг Дняпра. Быў нават момант, калі яны пайшлі штурмам і адбілі ў праціўніка ўжо акупіраваны Жлобін. За мужнасць і адвагу, праяўленыя пры яго абароне ў ліпені 1941 года, капітану Ф. А. Баталаву, імя якога носіць адна з цэнтральных вуліц, было прысвоена высокае званне Героя Савецкага Саюза. У гэтых баях загінуў камандзір 63-га стралковага корпуса генерал-лейтэнант Л. Р. Пятроўскі — сын вядомага дзяржаўнага і партыйнага дзеяча Р. I. Пятроўскага. Яго памяць свята ўшаноўваюць працаўнікі калгаса імя Кірава, дзе ён пахаван.

У гады вайны тут дзейнічалі падпольны райком партыі, камсамольская арганізацыя, партызаны, якія аказалі вялікую дапамогу фронту. 26 чэрвеня 1944 года ў разбураны Жлобін увайшлі савецкія войскі.

Апошняя вайна спаліла маленькі гарадок датла. I першы камень, закладзены на Цэнтральнай плошчы, быў прызначан для помніка воінам-вызваліцелям. Многа свяшчэнных месц у Беларусі. Але такое, як у Жлобіне,— усё ж рэдкасць. На гранітным абеліску надпіс: «У цяжкім 1941 годзе, 15 ліпеня, воіны 21-й арміі штурмам узялі акупіраваны Жлобін». Яшчэ да разгрому немцаў пад Масквой, да Сталінградскай бітвы, калі гітлераўскія орды рваліся наперад, не ведаючы, што значыць пакідаць захопленыя гарады…

Сёння Жлобін — адзін з хуткарастучых прамысловых цэнтраў нашай рэспублікі. Калі ў першыя пасляваенныя гады ў ім развівалася пераважна мясцовая прамысловасць, то ў апошні час пабудаваны такія буйныя прадпрыемствы, як мясакамбінат і камбікормавы завод, якія абслугоўваюць некалькі раёнаў, фабрыка штучнага футра, што дае больш як палавіну айчыннай прадукцыі такога тыпу. Уведзены новыя вытворчыя магутнасці на фабрыцы мастацкай інкрустацыі, вырабы якой паступаюць у 15 краін свету, швейнай і мэблевай фабрыках, доследным рамонтна-механічным заводзе. 15 кастрычніка 1984 года — на два месяцы раней тэрміну — праведзена першая плаўка на Беларускім металургічным заво-дзе. Гэта прадпрыемства дае магчымасць, выкарыстоўваючы мясцовыя рэсурсы металічнага лому, скараціць перавозкі гатовай металапрадукцыі і ў той жа час больш поўна задаволіць патрэбнасці ў ёй народнай гаспадаркі нашай рэспублікі. А ў лістападзе 1987 года на заводзе адбылася яшчэ адна не менш важная падзея — уступіла ў строй дзеючых другая яго чарга па выпуску металакорду для шыннай прамысловасці.

Металургія ў Беларусі — справа даволі новая, таму «ставіць» яе запрошаны вопытныя спецыялісты з розных куткоў краіны: Ліпецка і Чарапаўца, Новакузнецка, Чэлябінска і Магнітагорска. У беларускім горадзе ім падабаецца ўсё: клімат, Днепр, прыветлівыя, гасцінныя людзі. Хутка расце мікрараён металургаў, дзе для навасельцаў прадугледжаны ўсе віды паслуг: магазіны, атэлье, сталовыя. Жыллё, аб’екты культурна-бытавога прызначэння ўзводзіць створаны ў сувязі з будаўніцтвам завода трэст № 40. Горад расшырае свае межы, штогод на 2—3 тыс. чалавек павялічваецца яго насельніцтва, таму пастаянна растуць аб’ёмы будаўнічых работ. За апошні час тут узведзены універсам і гандлёвы цэнтр, вытворчая база камбіната грамадскага харчавання і агароднінасховішча, новая аўтабаза і аўтаматычная тэлефонная станцыя, Дом культуры і 2 дзіцячыя сады, хірургічны корпус і аптэка.

Працягваецца рэканструкцыя сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, лакаматыўнага і вагоннага дэпо, уся станцыйная гаспадарка пераводзіцца на рэйкі аўтаматыкі і тэлемеханікі. Складанасць заключаецца ў тым, што ажыццяўляюцца гэтыя мерапрыемствы на дзеючых аб’ектах — рух на буйнейшым у рэспубліцы чыгуначным вузле не спыняецца ні ўдзень, ні ўначы.

Паспяхова выконваюць вытворчыя заданні калектывы прамысловых прадпрыемстваў. Кожны год імі рэалізуецца на мільёны рублёў звышпланавай прадукцыі. …Тых, хто прыязджае ў Жлобін чыгункай, сустракае мемарыяльная дошка, умацаваная на будынку вакзала. 16 чэрвеня 1919 года тут перад рабочымі выступаў «Усесаюзны стараста» М. I. КаЛінін. Аб чым былі яго словы, звернутыя да чугуначнікаў і фабрычных рабочых? Аб небяспецы, навісшай у тыя дні над маладой рэспублікай Саветаў. У рэзалюцыі, прынятай на мітынгу, пралетарыят Жлобінскага чыгуначнага вузла абавязаўся ўсімі сіламі падтрымліваць родную Савецкую ўладу, абараняць яе да апошняй кроплі крыві.

3 таго часу прайшло больш чым 70 гадоў. Аблічча сённяшняга Жлобіна — лепшае пацвярджэнне таму, што працоўныя стрымалі клятву, дадзеную ў трывожныя дні.

 

 
Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter