Гісторыя Докшыцаў

Докшыцы ўзніклі не пазней 14 ст., як сяло ў складзе Харэцкай воласці, частка якой належыла віленскаму ваяводзе Войцеху Манівіду, удзельніку Грундвальскай бітвы 1410 г. Упершыню Докшыцы ўпамінаюцца ў грамаце вялікага князя ВКЛ Вітаўта, выдадзенай 13.1.1407 г. у Вільні. У ёй Манівід атрымаў пацверджанне на сёлы і сялян-даннікаў у Харэцкай воласці, сярод якіх названы даннікі “доксычане” (doxyczane). Пасля смерці Манівіда († 1423) Докшыцы перайшлі да яго сына Яна (Івашкі) Манівідавіча, у 1485 г. да сына апошняга – Войцеха. Пасля яго смерці ў 1475 г. спадкаемцамі манівідавай спадчыны сталі дзве сястры – Ядвіга (жонка Алехны Судзімонтавіча) і Соф’я (жонка Мікалая Радзівілавіча). Пры падзеле спадчынай уласнасці частка двароў у Докшыцах дасталася Ядвізе, частка – Соф’і . 

У далейшым Докшыцы зведалі яшчэ большае драбленне паміж уласнікамі. Доля Ядвігі адышла да яе дачкі Соф’і, якая ў канцы 15 ст. выйшла замуж за князя Аляксандра Юр’евіча Гальшанскага, а пасля смерці († 1517) была падзелена паміж чатырмя яе дочкамі і сынам Паўлам, віленскім біскупам. З іх доля ў Докшыцах дасталася Ганне Гальшанскай (жонка Мікалая Юр’евіча Паца), потым яе сынам. Доля ж Соф’і Радзівілавай перайшла да яе чатырох сыноў – Мікалая, Яна, Юрыя і Войцеха. Пасля смерці апошняга з іх († 1519) адбыўся чарговы падзел уладанняў. Частка даннікаў з Докшыц адышла да старэйшага з братоў – Мікалая Мікалаевіча Радзівіла, пазней віленскага ваяводы († 1521 г.). Яго спадкаемцамі сталі жонка Альжбэта і тры сыны – Мікалай, Ян і Станіслаў, якія ў 1526 г. падзялілі бацькоўскія ўладанні.

У 1536 г. сярод спадчыны Мікалая Мікалаевіча Радзівіла ўспамінаюцца “докшыцкія людзі”, памер іх штогадовай даніны складаў 36 пудоў мёду. З трох братоў Радзівілаў апошні, Ян, памёр у 1542 г., пасля чаго гэтага частка Докшыц перайшла ва ўласнасць трох яго дачок. Да 1565 г. дзве з іх памерлі бяздзетнымі. Бацькоўская спадчына адышла да трэцяй сястры – Ганны, якая была жонкай (з 1554 удавой) Станіслава Пятровіча Кішкі. У 1560 г. ёй належылі 48 двароў (службаў) у Докшыцах, дзе ў той час ужо існавала царква.



Род князёў Гальшанскіх, уладальнікаў судзімонтаўскай часткі Докшыц, згас смерцю біскупа Паўла ў 1555 г. Спадчына адышла да нашчадкаў па жаночай лініі. Імі сталі дзве дачкі Ядвігі Гальшанскай ад шлюбу з Янам Літаворам Храбтовічам, а таксама дзеці Ганны Гальшанскай. Судзімонтаўская спадчына была падзелена паміж імі на невялікія долі. Адзін з сыноў Ганны Гальшанскай і Мікалая Паца, Дамінік, у 1557 г. прадаў частку даннікаў “на Руси в Довкишчах” Станіславу Садоўскаму, служэбніку Ганны Кішчынай. Апошняя ў красавіку 1560 г. купіла долю Садоўскага ў Докшыцах за 300 літоўскіх грошай, а праз шэсць месяцаў падаравала докшыцкіх даннікаў (“отчизных” і купленных “на вечность”) служэбніку Пятру Скалдіцкаму. У 1561 г. Ганна набыла ў Станіслава Мікалаевіча Паца са згоды яго братоў Мікалая, Дамініка і Паўла (“маючи от всее братии моц”) іх долю ў Докшыцах, якая налічвала “полтори службы” людзей. Заставалася яшчэ адна частка Докшыц, што належыла сястры Ганны Гальшанскай Ядвізе, потым дачцэ апошняй Ганне і яе мужу Юрыю Осціку. У 1569 г. іх сын Мікалай Юр’евіч Осцік падараваў гэту частку Докшыц свайму зяцю, князю Льву Сангушку-Кашырскаму. Далейшы след яе не прасочваецца.

Паводле адміністрацыйнай рэформы, якая была праведзена ў ВКЛ у 1565-66 гг., Докшыцы ўваходзілі ў склад Менскага павета. У час Інфлянцкай вайны 1558-82 гг. ваколіцы Докшыц з’яўляліся адной з апорных баз войск Рэчы Паспалітай. Пасля смерці ў 1600 г. Ганны Кішчынай Докшыцы належалі яе сыну Станіславу Кішку († 1617 г.), а фактычна сынам апошняга. З іх Станіслаў Станіслававіч Кішка (1584?-1626) перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва і пазней стаў жамойцкім біскупам, у 1608 г. ён заснаваў у Докшыцах драўляны касцёл і падараваў яму фальварак Туркі.

У 1621 г. Докшыцы атрымалі статус мястэчка, а ў 1622 г. Станіслаў Кішка падараваў асноўную яго частку (на правым беразе р. Бярэзіна) з навакольнымі вёскамі Дамашы і Таргуны капітулу жамойцкага біскупства, якое ў той час узначальваў. Левабярэжную частку Докшыц у сярэдзіне 18 ст. набыў у спадкаемцаў Кішкаў менскі кашталян Юдзінскі, які потым прадаў яе Антонію Гутаровічу.

У час вайны маскоўскай навалы 1654-67 гг. Докшыцы моцна пацярпелі. У 1655 г. праз беларускія землі па лініі Слуцк – Менск – Докшыцы – Дзісна планавалася правесці мяжу паміж Масквой і Швецыяй, але маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч адмовіўся ад прапановы шведскага боку. У Паўночную вайну 1700-21 гг. Докшыцы ў 1708 г. апынуліся на шляху руху шведскага корпуса генерала А. Левенгаўпта. Шведы спалілі мястэчка і касцёл. У 1745 г. пачалося будаўніцтва новага касцёла (асвячоны у 1753 г.), пры якім у 1781 г. са згоды Папы Рымскага Пія VI пачало працаваць брацтва св. Тройцы.

Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) Докшыцы былі далучаны да Расейскай імперыі, сталі цэнтрам Докшыцкага павета. У 1795 г. яны атрымалі статус горада, 22.1.1796 г. – герб: у зялёным полі два ўзгоркі, на якіх ляжаць збаны, з іхніх гарлавін цякуць сярэбраныя крыніцы. З 1797 г. Докшыцы ў складзе Барысаўскага павета Мінскай губерні, заштатны горад, які хутка зноў стаў называцца мястэчкам. Уладанні жамойцкага біскупства, канфіскаваныя расейскім урадам, былі перададзены генерал-маёру расейскіх войск В. Мілашэвічу.

У 1800 г. ў мястэчку налічвалася 152 двары, з якіх Мілашэвічу належалі 106 (35 хрысціянскіх і 71 габрэйскіх), 42 двары (у тым ліку 12 габрэйскіх) складалі частку ўдавы Людвігі Гутаровічавай і называліся Докшыцкай Слабадой. Яшчэ 4 двары былі заселены чыншавай шляхтай і належалі плябаніі мясцовага касцёла. Усяго насельніцтва складала 1118 чал. (507 мужчын і 611 жанчын). У мястэчку існавалі габрэйская школа і 2 уніяцкія царквы (па адной у частках Мілашэвіча і Гутаровічавай), якія ў 1843 г. былі пераўтвораны ў праваслаўныя. У Докшыцах штогод праводзіўся кірмаш у дзень Святой Тройцы, у Докшыцкай Слабадзе – у дзень Узвіжання Святога Крыжа.

Маёнтак Мілашэвіча ахопліваў шэраг навакольных вёсак (Валасатку, Вецяры, Плітніцу, Таргуны і інш.). Пазней ён быў вернуты ў скарб. У 1812 г. скарбава частка мястэчка налічвавла 99 двароў. Докшыцкая Слабада (Лісоўшчына) была ў той час уласнасцю Ігнацыя і Бенядзікта Пяткевічаў. У час вайны 1812 г. праз Докшыцы ў ліпені прайшлі войскі віцэ-караля Італіі Я. Багарнэ, а ў кастрычніку – адступаючыя часткі корпуса генерала К.Ф. Врэдэ, якія разрабавалі мястэчка. У перыяд паўстання 1830-31 гг. у красавіку – траўні 1831 г. каля Докшыц адбыліся баі вілейскіх паўстанцаў С. Радзішэўскага з царскімі войскамі.

У 1824 г. ў мястэчку дзейнічала суконная майстэрня Давіда Шапіры. У ёй працавалі тры майстры і чатыры рабочыя, якія абслугоўвалі 2 ткацкія станкі. Д.Шапіру (купцу 3-й гільдыі) належалі ў Докшыцах 3 крамы. Пасля адмены пыгоннага права ў 1861 г. Докшыцы сталі цэнтрам аднайменнай воласці. У 1863 г. тут была пабудавана новая праваслаўная царква на сродкі, адпушчаныя ўрадам. У склад прыхода акрамя праваслаўных вернікаў Докшыц уваходзілі жыхары навакольных вёсак Альхоўка, Валасатка, Дамашы, Загарані, Кожына, Козікі, Крыкуны, Лапуты, Лаці, Плітніца, Свіное, Таргуны, Туркі і Янкі.

У 1868 г. ў Докшыцах пражывала 1613 жыхароў (801 мужчына і 812 жанчын), у тым ліку 310 праваслаўных, 241 католік, 12 магаметан, 1050 габрэяў, сярод месьцічаў – 62 рамеснікі; меліся 1 мураваны і 266 драўляных дамоў, мураваная царква, драўляны касцёл, 4 габрэйскія малітоўныя дамы, 22 лаўкі, 17 шынкоў, 3 бровары і паравы млын. У Докшыцах штотыднёва праходзілі кімашы (больш значныя праводзіліся ў аўторак на масленічным тыдні і ў свята Прачыстай 15 жніўня), на якіх пераважна прадаваліся азімае і яравое збожжа, лён, буйная рагатая жывёла, коні розныя тавары і інш.

Да 1870-х гг. у Докшыцах дзейнічалі магістрат (Ратуша) і Дума (потым – гарадское спрошчанае кіраванне), у 2-й палове 19 ст. размяшчаліся валасное праўленне, кватэра прыстава 3-га стана Барысаўскага павета, паштовая станцыя, працавала народнае вучылішча. На працягу 19 ст. канчаткова сфармавалася вулічная сетка Докшыц (цэнтральныя Барысаўская, Даўгінаўская, Глыбоцкая і Полацкая вуліцы, да іх прымыкалі – Ветраная, Сянная, Татарская і інш.). У канцы 19 ст. ў Докшыцах пачалі дзейнасць пазыка-ашчаднае і пажарнае таварыствы.

Паводле перапісу 1897 г. ў Докшыцах пражывала 3642 жыхары (у 1904 г. – 4103), сярод якіх 119 дваран, 6 святароў, 30 купцоў, 3124 мешчаніны, 337 сялян, 14 іншаземцаў. Па веравызнанні – 439 праваслаўных, 1 старавер, 361 католік, 4 пратэстанты, 75 магаметан, 2762 іўдзеі. Агульная пісьменнасць жыхароў складала 40,6% (усяго па губерні – 17,8%). У 1904 г. ў Докшыцах налічвалася 435 драўляных і 1 мураваны дамоў, 2 гасцініцы, 2 сукнавальні (працавалі 3 рабочыя), 1 аптэка і 2 аптэкарскія крамы. З 1902 г. ў Докшыцах працавала 2-класнае пачатковае вучылішча (з 1907 – 4-класнае, з 1913 – вышэйшае пачатковае).

У пачатку 20 ст. ў Докшыцах і наваколлі была вядома батлейка Патупчыка (асабліва папулярнымі з’яўляліся пастаноўкі “Мікіта” і “Земскі Арскі”). У час 1-й сусветнай вайны 1914-18 гг. Докшыцы з’яўляліся прыфрантавым горадам (у верасні 1915 на непрацяглы час былі заняты германскімі войскамі). У снежні 1917 г. ў Докшыцах была ўсталявана савецкая ўлада. У лютым – лістападзе 1918 г. горад акупаваны германскім войскамі. У сакавіку 1918 г. Докшыцы ўваходзяць у склад абвешчанай БНР.

З 20.08.1919 да ліпеня 1920 г. Докшыцы былі заняты польскімі войскамі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. да 17.09.1939 г. Докшыцы знаходзіліся ў складзе Польшчы, з’яўляліся цэнтрам гміны Дзісенскага павета Віленскага ваяводства.



З 1939 г. Докшыцы ў складзе БССР, у Вілейскай вобласці, 3,6 тыс. жыхароў. 15.1.1940 г. Докшыцы афіцыйна атрымалі статус горада, сталі цэнтрам раёна. У 2-ю сусветную вайну Докшыцы з 9.7.1941 г. былі акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія знішчылі ў горадзе і раёне 4931 чалавека. У Докшыцах стаяў вайсковы гарнізон, які неаднаразова падвяргаўся нападу партызан. Горад вызвалены 2.7.1944 г. У снежні 1962 г. – студзені 1965 г. Докшыцы ўваходзілі ў склад Глыбоцкага раёна. У 1959 г. тут пражывала 2,1 тыс. жыхароў, у 1971 г. – 3,9 тыс. Цэнтр горада захаваў гістарычную планіроўку 17 ст., але з помнікаў захавалася толькі Пакроўская царква — помнік архітэктуры пачатку 20 ст.

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter