Гісторыя Вялікачучавіцкай школы ў 1857 – 1941 гг.

Школа ў Чучавічах адкрылася ў 1857 годзе. Аб гэтым сведчыць запіс у летапісу Чучавіцкай царквы: «В приходе сей церкви Училище приходское открыто для обучения крестьянских детей грамоте в 1857 году по распоряжению Высокопреосвященнейшего Михаила, бывшим священником Николаем Серпужинским».

Вучні ў вучылішчы займаліся спачатку «при церковном доме», затым — у адным з пакояў валаснога праўлення. Малодшых і старэйшых класаў не было, усе вучні займаліся адначасова ў адным памяшканні, вучачы закон Божы, царкоўнае песнапенне, асновы пісьма і ліку.

З гiсторыi Вялiкiх Чучавiч

У 1577 г. — Чучавічы, сяло Наваградскага павета, уласнасць Мікалая Юр'евіча Радзівіла — віленскага ваяводы. У 1626 г. Чучавічы — сяло Лахвенскага маёнтка, зямлі 57 1/3 валокі (прыкладна 115 двароў). Некаторы час сяло прыпісана да Нясвіжскага маёнтка. У 1795 г. Вялікія Чучавічы — сяло зноў Лахвенскага маёнтка, 55 двароў. У 1795 г. — маецца уніяцкая царква. Пасля Радзівілаў вёска перайшла ў валоданне князя Пятра Вітгенштэйна.