У глыбіні Палесся Частка 2

Што датычыцца ўмоў працы, то яны былі неаднолькавымі на розных прадпрыемствах. Зразумела, што рабочыя больш буйных заводаў былі ў лепшым становішчы. Захаваліся даныя праверак некаторых прадпрыемстваў інспектарамі па працы. Звычайна адзначалася, што ўмовы працы здавальняючыя, на заводзе ёсць сталовая, вада для піцця, умывальнікі, медыцынскія аптэчкі. Не ўсюды меліся лазні, душ і г.д. Правяраўся і стан механізмаў, абсталявання. Працаваць афіцыйна дазвалялася 8 гадзін у змену, што выконвалася не ўсюды. Інспекцыя сачыла, каб на прадпрыемствах працавалі людзі, якім споўнілася 18 гадоў. Такім чынам, пэўныя меры па захаванні працоўнага заканадаўства былі. Але ў жыцці нярэдка ўсё было складаней, чым на паперы. Нярэдка ўзнікалі працоўныя спрэчкі. У шэрагу выпадкаў рабочыя звярталіся ў інспекцыю па працы. Напрыклад, у 1931 г. 16 рабочых паскардзіліся, што лясное прадпрыемства фірмы "Хорастаў" у Сінкевічах не заплаціла ім за работу (сплаў лесу па рацэ Лань). Інспекцыя пасля перапіскі з фірмай параіла рабочым звярнуцца ў суд.

У глыбіні Палесся Частка 1

Але і пасля спынення партызанскіх дзеянняў польскія ўлады трымалі тут досыць буйныя сілы. Напрыклад, у 1931 г. яны размяшчаліся наступным чынам: у Лунінцы — батальён 84-га пяхотнага палка, у Навасёлках і Сінкевічах — па кавалерыйскаму эскадрону. Павет уваходзіў у склад Пінскай судовай акругі і складаў яе 4-ы пракурорскі раён. Тут меліся 3 міравыя суды і 24 пастарункі (паліцэйскія аддзяленні; найбольш буйныя — у Лунінцы, Лахве, Мікашэвічах, Луніне, Кажан-Гарадку, Чырвонай Волі, Бастыні, Дзятлавічах, Сінкевічах, Навасёлках, Люсіне). Тэрыторыя павета была падзелена на некалькі паліцэйскіх акруг. Дарэчы, некалькі парадаксальна гучала назва адной з іх — "Ленінская паліцэйская акруга". (Вось якое тлумачэнне дае кароткі тапанімічны слоўнік Беларусі: "Леніна (варыянт Ленін) — вёска Жыткавіцкага раёна. Назва патранімічная (гэта значыць утвораная ад імён ці прозвішчаў першапасяленцаў або пераважаючых у даным месцы прозвішчаў). Гэта імя вёска насіла яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі. Цяпер у назву ўкладваецца новы сэнс — імя У.І. Леніна. Двухсэнсавасць заўважылі. У 1938 годзе палякі перайменавалі мястэчка Ленін у Сасновічы. Відаць, ім не падабалася спалучэнне "Ленін ля Мікашэвіч", таму што пастаянна нагадвала пра бальшавіцкага правадыра. Але позна яны адумаліся — прыйшоў 1939 год.

Лунінецкае падполле

З пачатку польскага панавання ў Заходняй Беларусі супраць яго пачалі барацьбу палітычныя партыі і арганізацыі самага рознага накірунку — як "прасавецкія", "пракамуністычныя", маючыя цесную сувязь з БССР, так і іншыя. Рознымі былі мэты іх дзейнасці, рознымі былі і сродкі. Першая палова 20-ых гадоў — час актыўных партызанскіх дзеянняў. Але не толькі камуністы стваралі свае атрады. Нейкі час дзейнічалі партызанскія групы Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). Вясной 1922 г. з гэтай партыі выйшла Беларуская рэвалюцынная арганізацыя, якая 30 снежня 1923 г. самаліквідавалася (у 1924 г. яе члены былі прынятыя ў Камуністычную партыю Заходняй Беларусі). Астатняя ж частка беларускіх эсэраў абвясціла аб самароспуску на акруговай канферэнцыі ў Гродне (верасень 1924 г.). Партызанамі таксама кіравалі Галоўны штаб беларускіх партызан, пазней — Беларускі стралецкі саюз.

З сярэдзіны 20-ых гадоў партызанскі рух саступіў месца іншым сродкам барацьбы. Яшчэ ў кастрычніку 1923 г. у Вільне адбылася ўстаноўчая канферэнцыя Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ). З 1924 г. існаваў КСМЗБ (Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі). Камуністы стварылі таксама "Чырвоную дапамогу" — беларускі "філіял" МОПРа (Міжнароднай арганізацыі дапамогі рэвалюцыянерам), — яна збірала сродкі для вязняў у турмах і г.д.

Легендарны Кірыла Арлоўскі

Кірыла Пракопавіч Арлоўскі нарадзіўся 30 студзеня 1895 г. у в. Мышкавічы сучаснага Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям'і. Скончыў царкоўнапрыходскую школу. У 1915 г. быў прызваны ў армію, удзельнічаў у першай сусветнай, атрымаў чын унтэр-афіцэра. З 1918 г. член РКП(6) — у Чырвонай Арміі і органах ЧК, удзельнічаў у баях на Заходнім фронце, у партызанскай барацьбе супраць нямецкіх і польскіх акупантаў, супраць фарміраванняў Булак-Балаховіча, знаходзіўся на нелегальнай рабоце ў Літве.

Народ, падзелены кардонам

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам ад 18 сакавіка 1921 г., Лунінеччына была ўключана ў склад Польшчы. У сувязі з гэтым быў зменены адміністрацыйны статут раёна. На яго тэрыторыі быў створаны Лунінецкі павет, у які ўвайшлі гміны (воласці) былых Пінскага (Дабраслаўка, Кажан-Гарадок, Пагост, Столін, Лунін, Плотніца, Церабежаў, Хатынічы), Мазырскага (Бяроза, Давыд-Гарадок, Лахва, Хорск, Чучавічы) і Слуцкага (Кругавічы, Заастровічы) паветаў. Яшчэ раней, у лютым 1921 г., Лунінец афіцыйна стаў горадам і павятовым цэнтрам. А пасля дагавору павет увайшоў у склад Палескага ваяводства, дзе і заставаўся да 1939 г.