З даўніх часоў і аж да пачатку XX стагоддзя тут пралягала бойкая дарога з Давыд-Гарадка на Лахву і на Мокрава. Праўда, бойкай яна была толькі летам ды зімой, а ў часы веснавых і асенніх паводак усё наваколле залівалася вадой. Затое летам між кустоўя лазнякоў раслі пышныя травы ў пояс чалавека. На невысокай градзе, на якой скрыжаваліся дарогі і быў паварот на Мокрава (адсюль і назва Намакрава), высіліся бярозы, вольхі ды асіны.
У канцы XIX стагоддзя гэтыя мясціны закранула меліярацыя. Побач, па рэчышчы рачулкі Чадачкі пралягла канава Копанка, а пазней Чэрабасаўскі канал.
Першым жыхаром, хто пасяліўся тут, быў Юзік (так запісана афіцыйна) Іванавіч Адамец. Калі ў 1907 годзе Сялянскі Пазямельны банк «Лахва» пачаў распрадажу зямлі, ён, дваццацівасьмігадовы хлопец, які прыехаў недзе з-за Ковеля, уладкаваўся стражнікам сцерагчы паўднёвыя рубяжы банкаўскіх земляў, што належалі да рэалізацыі. У хуткім часе ажаніўся на лахаўчанцы Ксені Юльеўне Дземідовіч. Летам 1908 года на ўласныя грошы купіў 229-ы квартал (22,29 дзесяціны) зямлі, які аформіў на жонку Ксеню Юльеўну, і яшчэ, узяўшы ў банку «Лахва» грошай у растэрміноўку, купіў 228-ы квартал (19,68 дзесяціны), аформіўшы на сябе.
Была збудавана хата з гаспадарчымі будовамі, распрацавана зямля пад поле. Але падзолістыя глебы, даволі бедныя на арганічныя рэчывы, давалі нізкі ўраджай, і таму ў 1912 годзе Адамец прадаў 228-ы квартал жыхару Дрэбска Стэфану Іванавічу Мардухаю.
І напоўніліся хутары галасамі, асабліва дзіцячымі, як-ніяк, 4 сыны і дачка ў Мардухая ды 3 сыны і 2 дачкі ў Адамца.
Асабліва ажылі гэтыя мясціны ў 20-х гадах XX стагоддзя. На землях Мардухая былі выяўлены вялікія залежы гліны. Яўрэй-прадпрымальнік Нырацкі, узяўшы ў Мардухая ў арэнду ладны кавалак зямлі, дзе была гліна, пабудаваў цагельню. Цэгла выпускалася высокай якасці, а таму карысталася попытам у Давыд-Гарадку, Лунінцы, Пінску і нават у Польшчы. Нырацкі арганізаваў пагрузачныя пляцы: адзін — за 3 км ад Намакрава ля Прыпяці (прычал Крупа), адкуль транспарціроўка ішла баржамі, а другі — на станцыі ў Сінкевічах, і цэгла вывозілася цягнікамі. Рабочы калектыў цагельні быў невялікі. Заробкі добрыя. І лахаўчане ды мокраўцы, што працавалі тут, у хуткім часе купілі зямлю, пабудавалі хаты. Вырасла невялікая вёсачка.
Нырацкі арганізаваў рыбалавецкую брыгаду, ды к таму ж дапамог Адамцам стварыць свой рыбгас, дзе вырошчваліся карпы, а Мардухаям — завесці пасеку і бортню. Усе гэтыя промыслы давалі значны даход як гаспадарам, так і прадпрымальніку.
Ажыло, зазвінела песнямі і музыкай Намакрава ў 1930-х гадах: тут часта спраўляліся вяселлі, наваселлі, радзіны, хрысціны. І расла, шырылася вёсачка. У 1939 годзе тут было 15 двароў з 58 жыхарамі. Не памяшала росту вёскі нават Вялікая Айчыная вайна. На пачатку 1946 года налічвалася 22 двары (62 жыхары). Самы росквіт Намакрава прыпаў на пачатак 70-х гадоў, калі тут пражывала больш за 80 чалавек.
Як і ва ўсёй Беларусі, дэмаграфічны стан, цяжкае матэрыяльнае становішча вяскоўцаў і чарнобыльская бяда адклалі свой адбітак і на жыццёвы стан намакраўцаў. У 1992 годзе ў Намакраве было 30 двароў (77 жыхароў), у 2002 г. — 25 двароў (63 жыхары).
Зараз у вёсцы працуе адзінае прадпрыемства — старая цагельня, якая, змяніўшы шмат гаспадароў, пакуль што трымаецца і дае значны прыбытак Сінкевіцкаму заводу «Палімер»; ды маецца адзіны магазін, што забяспечвае вяскоўцаў таварамі першай неабходнасці.
Крыніца - luninec.somee.com
Подробнее...