Гісторыя Маларыты

Маларыта (мясц. Малурыта, Рыта), горад, цэнтр раёна. Размешчаны на р. Маларыта (прыток Рыты), за 52 км на паўднёвы ўсход ад Брэста. Чыгуначная станцыя на лініі Брэст — Ковель, аўтамабільнымі дарогамі злучаны з Брэстам і Кобрынам.

Сведка пражывання людзей на тэрыторыі горада ў старажытнасці — крамянёвы кінжал, знойдзены ў 1965 г. на паўночна-ўсходняй ускраіне, на беразе р. Маларыта. Паверхня яго апрацавана плоскім рэтушам, край завостраны, пільчаты. Магчыма, рэч паходзіць з разбуранага пахавання культуры шнуравой керамікі Палесся і датуецца 1800-1500 гг. да н. э.

У 1546 г. праводзілася апісанне мяжы паміж Каронай Польскай і Вялікім княствам Літоўскім. У час абходу, фіксацыі і ўдакладнення мяжы прысутнічалі жыхары памежных і суседніх населеных пунктаў. У дакуменце рытчане згадваюцца разам з суседзямі — арэхаўцамі (жыхарамі сяла Арэхава), олтушцамі (жыхарамі Олтуша), хаціслаўцамі (жыхарамі Хаціслава), ляхаўцамі ці ляхаўчанамі (жыхарамі Ляхаўцаў). Сяло Вялікая Рыта знаходзілася ад апісваемай мяжы значна далей на поўнач.

Да 1566 г. адносяцца звесткі пра сяло Рыта Малая, якое ўваходзіла ў склад Ляхаўскага войтаўства Палескай воласці Берасцейскага павета. У 1566 г. у ім налічвалася 36 двароў, пражывала 59 сем'яў, працаваў вадзяны млын.

Паводле рэвізіі 1668 г., сяло Рыта Малая знаходзілася ў складзе Рыцкага войтаўства (цэнтр Рыта Вялікая) Палескай (Рудскай) воласці. Дакументы, якія пацвярджаюць валоданне зямлёю уніяцкай царквой у Малой Рыце: 1668 г. (рэвізія), 1679 г. (рэвізорны ліст), 1724 г., 1758 г. (прывілей караля), 1786 г. (інвентар). Іншыя згадкі пра сяло Рыта Малая ў эпоху Рэчы Паспалітай: 1742, 1754 гг.

У 1768-90 гг. дзейнічала металургічная мануфактура.

З канца XVIII ст. Маларыта — цэнтр воласці. З 1795 г. сяло ў Брэсцкім павеце Слонімскай, з 1797 г. - Літоўскай, з 1801 г. - Гродзенскай губерні Ресейскай імперыі. У 1803 г. адкрыта земскае народнае вучылішча. У 1860-я гады налічвалася 540 рэвізскіх душ (261 мужчына, 279 жанчын), адносіліся да маёнтка Збураж памешчыка Нефідовіча, воласць Маларыцкая, сельская грамада Маларыцкая. Была праваслаўная царква. У 1886 г. у сяле Маларыта 62 двары, 749 жыхароў, чыгуначная станцыя, тры лаўкі, піцейны дом. Чыгуначная станцыя знаходзілася ў 0,5 км ад сяла. У народным вучылішчы навучалася 29 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі. Паводле перапісу 1897 г., у Маларыце 203 двары, 1275 жыхароў, 2 лесапільні (у 1914 г. - 41 рабочы), шпалапрапітны завод (20 рабочых), цагельня (4 рабочыя), вятрак. Вучылішча наведвалі 60 дзяцей, з іх 6 дзяўчынак. Настаўнікам працаваў Міхаіл Мышко.

У 1905 г. у сяле Маларыта налічвалася 1097 жыхароў, былі валасное праўленне, царква, аддзяленне сувязі. Побач знаходзіліся чыгуначная станцыя (18 жыхароў) і пасёлак Маларыта (381 жыхар). Існавалі промыслы: лоўля рыбы і ракаў, шавецкія, кравецкія, ткацкія, дрэваапрацоўчыя, кавальскія, збор ягад, грыбоў, лекавых траў, прадзенне. Частка насельніцтва займалася дробным гандлем, наймалася да памешчыкаў і прамыслоўцаў нарыхтоўваць будаўнічыя матэрыялы і дровы, сплаўляць лес.

Восенню 1915 г. Маларытчына акупавана германскімі войскамі, многія жыхары падаліся ў бежанцы. З 18 сакавіка 1921 г. Маларыта ў складзе Польшчы, цэнтр гміны Брэсцкага павета Палескага ваяводства. З 1921 г. Маларыта з'яўляецца мястэчкам.

У 1918-21 гг. Маларытчына - спрэчная тэрыторыя паміж Беларускай і Украінскай Народнымі Рэспублікамі. Некаторы час дзейнічала ўкраінская адміністрацыя.

Паводле перапісу 1921 г., у Маларыце налічвалася 266 двароў, 1791 жыхар. З іх 939 праваслаўных, 98 католікаў, 1 евангеліст, 753 іудзеі. У 1930 г. — 400 двароў, тут дзейнічаў падпольны райком Кампартыі Заходняй Беларусі.



З верасня 1939 г. Маларыта ў складзе Брэсцкай вобласці БССР. 15 студзеня 1940 г. утвораны Маларыцкі раён. З 12 кастрычніка 1940 г. Маларыта - гарадскі пасёлак. 25 снежня 1962 г. Маларыцкі раён скасаваны, адноўлены 6 студзеня 1965 г.



У першыя дні нямецкай акупацыі ў 1941 г. ў раёне Маларыты вялі баі часці 75-й стралковай дывізіі. Дзейнічалі атрады Украінскай Народнай Арміі, Арміі Краёвай, падпольная антыфашысцкая група і савецкія партызанскія брыгады імя Сталіна, імя Леніна. Гарадскі пасёлак вызвалены 20 ліпеня 1944 г.



23 снежня 1970 г. гарадскі пасёлак Маларыта ператвораны ў горад раённага падпарадкавання. У горадзе дзейнічаюць: бальніца, аптэка, паліклініка, вузел сувязі, тры сярэднія агульнаадукацынныя школы, пачатковая школа-сад, сярэдняе прафесійна-тэхнічнае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі, дзіцяча-юнацкая спартыўная і музычная школы, дом культуры, дом быту, дзве бібліятэкі (дзіцячая і для дарослых), сем дзіцячых дашкольных устаноў, дом дзіцячай творчасці, кінатэатр, гасцініца, лазня, рэстаран, універмаг, шэраг магазінаў і гандлёвых кропак, прадпрыемствы харчовай прамысловасці. Архітэктурны помнік другой паловы XIX ст. — драўляная Мікалаеўская царква. Паводле перапісу 1989 г. у горадзе налічвалася 10 194 чалавекі.

У Маларыце знойдзены скарб (манеты Рэчы Паспалітай, срэбра), захаваны каля 1647 г.

На 1.1.1998 г. у горадзе налічвалася 11 130 чалавек.

 

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter