Князь-Бор

Маляўнічы, светлы дубовы гай падступае да самай вёскі. Магутныя ствалы з шэрай, нібы літой карой падпіраюць, здаецца, само неба. Такое ўражанне, нібы I. Шышкін пісаў у гэтай дуброве сваю вядомую карціну «Дождж у дубовым лесе». За гаем — нізіна, зараснікі лазы — і шырокія прырэчныя лугі з азёрамі і старыцамі, з магутнымі дубамі- асілкамі, не раз адзначанымі маланкамі, напалову сухімі, але надзвычай жывучымі. Сцяжынка выводзіць на бераг ракі. Тут ціхая лясная Случ уліваецца ў паўнаводную Прыпяць...

Ніколі не бачылі ў вочы мясцовыя сяляне ўладальніка дубровы М. Агаркава, і бытавала думка, што такі багаты чалавек, які валодае землямі вялікай часткі Палесся, павінен быць не ніжэй чым княжацкага роду. Дуброву, ці бор, называлі Княжацкім — Князь-Борам.

У 1924 г. у час лесанарыхтовак дуброву часткова высеклі. На чыстых плошчах жыхары суседняй вёскі Вільча мазолістымі рукамі стварылі ворыва. Каб бліжэй быць да зямлі, сяляне адзін за другім перабіраліся жыць на цаліну. Хутар, а затым вёску на яго месцы называлі, як і дуброву, Князь-Борам.

Расказваюць, што яшчэ М. Агаркаў паставіў сцерагчы бор лесніка, якога звалі Вільманам. Ен пасяліўся ў зацішным лясным месцы — урочышча і цяпер завуць Агаркавым — і сумленна вартаваў багацці магната. Аднойчы цёмнай ноччу бандыты ўварваліся ў хату лесніка. Шукалі золата. Нічога не знайшлі, усю сям’ю лесніка забілі...

Пачыналіся трыццатыя гады. У Вільчы і Князь-Боры створаны калгас «Чырвоны памежнік». Арганізатарам яго ў Князь-Боры быў Рыгор Швец. Паступова расла і мацнела гаспадарка. У вёсцы адкрыўся клуб, дзе вечарамі, у святы гаманілі калгаснікі, пабудавана пачатковая школа.

...Вайна ўсё парушыла. З’явіліся немцы і ў гэтым ціхім і далёкім кутку Палесся, дзе на многія кіламетры навокал — лясныя прасторы. Зручна было партызанам, было дзе хавацца і мірным жыхарам ад аблаў карнікаў. Цудам уцалела вёска ў той час, калі суседні Поўчын быў спалены разам з жыхарамі, згарэлі і многія іншыя вёскі.

Аднойчы карнікі сустрэлі непадалёку ад Князь-Бора павозку. Гаўрыла Канапацкі вёз свайго параненага сына Андрэя дамоў з партызанскага атрада, каб вылечыць. 3 імі была 60-гадовая жонка Гаўрылы Канапацкага Ефрасіння.

Фашысты скінулі Андрэя з воза, на яго вачах білі і калолі штыкамі бацьку, пакуль ён не сканаў, мёртваму загналі ў рот кол. Потым забілі Андрэя. Ефрасінні Канапацкай удалося збегчы, яна і расказала, як загінулі яе муж і сын. Яе расказ знаходзіцца ў жудасным дакуменце - акце па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Беларусі.

А ў пачатку ліпеня 1944 г. князь- борцы радасна сустракалі чырвона- армейцаў: на прырэчных прасторах быў выкінуты дэсант. На Балонні каля Прыпяці прызямліліся самалёты. Князь-Бор стаў сапраўдным вайсковым лагерам. Жанчыны варылі салдатам бульбу, пяклі дранікі, яшчэ з вечара рыхтавалі снеданне на многа чалавек. У вяскоўцаў упершыню за некалькі гадоў прасвятлелі твары...

Працалюбівыя, энергічныя людзі жывуць у Князь-Боры — нашчадкі тых, хто ў далёкія гады асвойваў цяжкі куток палескай зямлі, абрабляў зямлю, ствараў калгасы... Маляўнічыя месцы ў міжрэччы Прыпяці і Случы паланілі сэрца беларускага пісьменніка В. Казько, які вырас у Вільчы. Ен і цяпер жыве пераважна тут у вёсцы. У Вільчы напісаў многія свае творы. Месцам дзеяння рамана «Неруш», які перакладзены на многія мовы народаў СССР і за мяжой, В. Казько выбраў менавіта Князь-Бор. Многія героі рамана, дэталі падзей, апісаныя ў кнізе, напамінаюць тыя, што былі калісьці ў сапраўднасці... Пра вёску, быў час, забылі. Але апошнім часам да яе праклалі выдатную дарогу, там знаходзяцца жывёлагадоўчыя памяшканні калгаса «XX партз’езд». Верыцца, што ўздыхне вёска на поўныя грудзі, ажывіцца і будзе існаваць каля старадаўняга бору, непадалёку ад паўнаводнай Прыпяці, яшчэ доўга-доўга...

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter