Гісторыя палацу у Жалудку

Першую згадку мясцовасці вакол Жалудка знаходзім у «Паведамленнях аб літоўскіх шляхах», тэксце, напісаным паміж 1385 і 1404 г. шпіёнамі крыжакоў. Нейкі Сцегявіла Шалутка меў двор каля сучаснага Жалудка.

Як і большасць маёнткаў, вакол якіх потым выраслі мястэчкі, Жалудок спачатку быў вялікакняскай маёмасцю, якая кіравалася намеснікамі ці цівунамі. Юры Стырнель, «чинивший суд и управу» ў Жалудоцкай воласці ў канцы княжання Казіміра і ў пачатку княжання Аляксандра, у дакументах зваўся жалудоцкім цівуном ці жалудоцкім намеснікам. Пераемнік яго па ўрадзе, дворны канюшы пан Марцін Храбтовіч, тытулуецца ў актах «наместникомъ» жалудоцкім.

У 1511 г. вялікі князь апавяшчаў жалудоцкага намесніка пана Шымку Кібартавіча пра тое, што віленскаму падканюшаму Шымку Мацкавічу пакідаецца «землица пустовскоя лейтская Можейковщины», якую яму даў папярэднік пана Шымкі Кібартавіча, пан Мікалай Юр’евіч Пацэвіч. У 1516 г. кароль здаў у заставу (арэнду) за 600 коп грошай князю Васілю Андрэевічу Палубенскаму свой двор Жалудок Троцкага павета, з усімі людзьмі жалудоцкай воласці, з іх службамі і падаткамі і з усімі прыбыткамі. Князь Палубенскі, які трымаў Жалудок, завецца ў актах «державцею Жолудским». Імаверна, назва мясцовасці паходзіць ад слова «жолуд», бо вядома, што ў тым ліку жалудамі падданыя плацілі падаткі намесніку, а мясцовасць вакол Жалудка славілася сваімі дубравамі.

Потым Жалудок становіцца маёмасцю Сапегаў і праз дачку Івана Сапегі Ганну пераходзіць да яе мужа, Мікалая Францкевіча-Радзімінскага. У 1726 г. дачка Давіда Францкевіча-Радзімінскага Аляксандра прыносіць палову гэтай маёмасці свайму мужу Міхалу Тызенгаўзу. Міхал за 5000 талераў купляе ў цесця другую палову і робіцца гаспадаром усяго маёнтка. Унукам Міхала быў знакаміты надворны падскарбій ВКЛ Антоній Тызенгаўз. Тызенгаўз залажыў тут вялікі парк, у якім раслі прыгожыя ліпавыя алеі. Адна з гэтых алей вырошчвалася гэтак: да ветак прывязваліся камяні, якія нагіналі іх да зямлі, пры гэтым канцы галін імкнуліся расці ўгару. У выніку атрымалася алея ў выглядзе перавернутай літары «V».

У 1835 г. дачка былога палкоўніка артылерыі арміі Напалеона Рудольфа Тызенгаўза Германцыя (7.08.1822, Жалудок — 6.11.1891, Піза), выходзіць замуж за графа Севярына Урускага, і Жалудок становіцца маёмасцю гэтай сям’і.

Севярын Урускі (1817, Львоўшчына — 1890, Піза) валодаў шматлікімі маёнткамі ў Галіцыі, Люблінскай, Віленскай і Гродзенскай губернях. Таксама Урускі меў палац у Варшаве, вядомы як Палац Урускіх, пабудаваны ў 1844–1847 гг. архітэктарам Анджэем Галонскім, у гэтым палацы цяпер размешчаны геалагічны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта.

З 1857 г. Севярын Урускі — маршалак шляхты Варшаўскай губерні, член Дзяржаўнага савета Царства Польскага Расійскай імперыі, тайны дарадца і гофмайстар расійскага імператарскага двара, старшыня геральдычнай камісіі Царства Польскага. Пры абмеркаванні сялянскага пытання Севярын Урускі адкрыта выступіў за скасаванне прыгоннага права. Самае цікавае для нас тое, што Севярын Урускі — аўтар 15-томнай працы «Сям’я. Гербоўнік польскай шляхты» (Rodzina. Herbarz szlachty polskiej), выдадзенай пасля яго смерці, у 1904–1917 гг.

У 1854 г. на сродкі графіні Германцыі Урускай па праекце архітэктара Караля Падчашынскага ў Жалудку быў пабудаваны мураваны касцёл Успення Маці Божай, у алтарнай частцы касцёла знаходзяцца памятныя дошкі ў гонар Германцыі і Севярына Урускіх.

Вядома як Германцыя Уруская пасля паўстання 1863 г. перашкодзіла царскім уладам пабудаваць у Жалудку царкву. Улады выбралі для храма найлепшае месца — сярэдзіну рынкай плошчы мястэчка і накіравалі план пабудовы на зацвярджэнне ў Вільню. Але пакуль члены камітэта па пабудове царквы вярнуліся ў Жалудок, пасярэдзіне рынку ўжо стаялі масіўныя сцены гандлёвых залаў, якія пабудавала абшарніца.

Дачка Гермацыі і Севярына Урускіх Марыя (1853–1931), выйшла замуж за князя Уладзіміра Чацвярцінскага (1837–1918) і прынесла гэтую маёмасць Чацвярцінскім. Апошнім уладальнікам Жалудка быў сын Марыі і Уладзіміра Людвік Чацвярцінскі (1877–1941), жанаты з Ружай з нясвіжскіх Радзівілаў (1884–1949).

З часоў Тызенгаўзаў у парку стаяў жылы палацык у неагатычным стылі з вежай і цікавым ўваходным партал. На вежы быў бляшаны сцяжок з лічбамі і словам «Тызенгаўз».

Але ў новыя часы палацык Тызенгаўзаў, дзе раней жылі ці толькі спыняліся на нейкі час Урускія і Чацвярцінскія, ужо стаў малым і незадоўга да Першай сусветнай вайны, у 1907–1908 гг., Чацвярцінскія пабудавалі новы палац у стылі неабарока (суседзі Чацвярцінскіх казалі пра старафранцузскі стыль гэтага палаца) па праекце вядомага варшаўскага архітэктара Уладзіслава Марконі. Але сучаснікі пісалі, што першасны праект палаца распрацаваў віленскі інжынер-архітэктар Тадэвуш Раствароўскі (жанаты з адной са спадкаеміц маёнтка Вялікае Мажэйкава), а Марконі толькі ўнёс пэўныя змены. Раствароўскі былі незадаволены ўдзелам Марконі бо сын Тадэвуша Раствароўскага Андрэй пісаў, што менавіта яго бацька спраектаваў палац Чацвярцінскіх у Жалудку а потым, «па жаданні гаспадароў, Марконі няўдала перарабіў яго». Дадам, што бацька Уладзіслава Марконі Генрых у свой час недалёка ад Жалудка пабудаваў прыгожы касцёл у Ражанцы.

Знаўца архітэктуры Анатолій Кулагін лічыць, што палац князёў Чацвярцінскіх мае велічны і арыстакратычна-імпазантны выгляд.

«Двухпавярховы будынак (з трэцім мансардным паверхам — Л. Л.), на франтальных фасадах раскрапаваны глыбокімі прамавугольнымі бакавымі і авальным цэнтральным рызалітамі з аўтаномнымі фігурнымі шатровымі завяршэннямі на фоне пластычнага мансардавага даху. Галоўны ўваход вылучаны балконам на чатырох парных калонах, з боку дваровага фасада яму адпавядаў высокі шкляны вітраж параднай лесвіцы. Паміж рызалітамі дваровага фасада працягнута балюстрадная тэраса, на якую выходзілі парадныя памяшканні першага паверха. Да буйных архітэктурных форм дададзены лёгкія элементы ракако — авальныя люкарны, вазы, картушы, гірлянды, высокія панелі, фігурныя ліштвы і рустоўка», — піша Анатоль Кулагін.

Рэдактар «Лідскай зямлі» Людвік Абрамовіч у 1938 г. зрабіў такое апісанне сядзібы:

«У кіламетры ад мястэчка, у цяні прыгожага парку, слыннага сваімі алеямі, знаходзіцца маёнтак князя Людвіка Рудольфа Святаполк-Чацвярцінскага. Апрача вялікага палацу заслугоўваюць ўвагі арыгінальныя каменныя афіцыны пабудаваныя графам Рудольфам Тызенгаўзам, млын і піўніца і так званы стары палацык ў вежай які мае выгляд сярэднявечнага феадальнага замка. У глыбіні парка знаходзіцца выбітая ў адным вялікім гранітным камяні лаўка з датай 1823 г. Дрэвы ў алеях парка пасаджаны так, што верхнія галінкі робяць скляпенні над алеямі і таму алеі нагадваюць падземны тунель».

Гэтую каменную лаўку з высечанай датай «A. D. 1823» згадвалі розныя аўтары.

«У далечыні ад серпантыну сцяжынак, у цяні дрэў, над хуткім струменем, які цячэ з вышыні апрацаваных палёў, ёсць старая каменная лаўка. … Імхом параслі літары, але цвіль ад вільгаці выпісала на старым камяні дзіўныя знакі, якія пакінуў на лаве хутка мінаючы час. Зараз ужо ніхто не шукае тут натхненне, бо ў сонечнай частцы парка з’явіліся новыя паркавыя павільёны для князёў і княжон, рэдка хто сюды прыходзіць і ўжо даўно старая лава, не чула слоў рамансаў, якія раней тут гучалі…» — пісаў аўтар артыкула «Наднёманскае княства Чацвярцінскіх» Фелікс Дангель у часопісе «As» (№ 17. 1936 г.)

Падчас Першай сусветнай вайны немцы занялі палац пад ваенны шпіталь. У тыя часы розныя арміі цалкам разрабавалі маёнтак, зніклі каштоўныя мастацкія калекцыі. Пасля вайны палац стаяў нежылы і без мэблі — праз тое, што зімой 1918 г. палопаліся трубы цэнтральнага ацяплення і потым не былі адрамантаваныя. Палац служыў летняй рэзідэнцыяй для моладзі. Калі-нікалі тут праводзіліся прыёмы і балі, але толькі летам ці ранняй восенню.

Сусед Чацвярцінскіх з Ішчалны Караль Лясковіч апісаў некалькі такіх баляў. Першы баль у Жалудку, які ён памятаў, даваўся ў гонар афіцэрскага корпусу 2-га палка грохаўскіх ўланаў, які стаяў у Сувалках, у ім служылі маладыя князі. На баль прыехалі ўсе афіцэры палка разам з камандзірам брыгады, брыгадным генералам графам Мараўскім, прыехалі сваякі і сябры князёў а таксама суседзі. Разам сабралася каля 70 асобаў.

Вячэру падалі ў вялікую залу. Увагу гасцей звяртаў на сябе не багаты і вытанчаны смак ежы, а сталовыя прыборы. Сервізы былі з парцаляны найвышэйшага гатунку, а кожная адзінка сервіза аздобленая падвойным гербам: чорным арлом з трубамі ўсярэдзіне — Радзівілаў — і «Пагоняй» Чацвярцінскіх. Разам яны выглядалі як падвойны герб Рэчы Паспалітай. Дапаўнялі сервізы залатыя покрыўкі з гербамі і знакамі пробы каштоўнага металу. Невядома, з якой колькасці тузінаў складаўся гэты парцалянавы сервіз і колькі было залатых покрывак з усімі дадатковымі прыборамі, пачынаючы ад апалонікаў і падмісаў і заканчваючы малымі лыжачкамі для перцу і солі. Каля кожнай покрыўкі ляжаў поўны камплект патрэбных прыбораў, а прыбораў, якімі ў той вечар Караль Лясковіч не карыстаўся, ён нават і не ведаў — якую назву маюць і для чаго служаць.

Іншая падзея, якую апісаў Лясковіч, таксама мела месца ў мурах Жалудоцкага палаца, гэта была вячэра і раўт у гонар прэзідэнта Ігнацыя Масціцкага, які адбыўся ў верасні 1929 г. Прэзідэнт наведваў Навагрудскае ваяводства і прыехаў з Ліды ў Жалудок каля 17-й гадзіны. Узгоднены з уладамі ліст запрошаных гасцей уключаў паслоў і сенатараў, а таксама кіраўнікоў дзяржаўнай адміністрацыі і самакіравання. Баль не праводзіўся і мела месца толькі ўрачыстая вячэра, падчас якой у гонар госця выступіў гаспадар дому, князь Людвіг Чацвярцінскі. Прысутнічала каля 60 чалавек. Пасля вячэры адбыўся раўт з удзелам гасцей як з кола землеўладальнікаў, гэтак і з чыноўнікаў. Спадары былі ў фраках з ардэнамі, спадарыні — у вячэрніх туалетах.

Халодны, афіцыйны настрой перапыніў малады энтузіяст, кузэн Караля Лясковіча Юльян Лясковіч. Юльян, высокі, прадстаўнічы бландзін з тыповай славянскай знешнасцю, хутка наблізіўся да прэзідэнта і ўкленчыў:

— Шаноўны наш спадар прэзідэнт! — сказаў ён глыбока ўзрушаным голасам.

— Першы раз у жыцці маю шчасце бачыць першага саноўніка Рэчы Паспалітай. Прашу дазволіць мне як сыну прывітаць цябе!

Прэзідэнт выцягнуў далонь, якую шчаслівы Юльян пацалаваў, пасля чаго абняў Юльяна за галаву, прыціснуў да сябе і выказаў яму сардэчную ўдзячнасць. Караль Лясковіч заўважыў, што гэтая сцэна была быццам з ранейшых вякоў, гэтак калісьці віталі сваіх каралёў.

Пасля Першай сусветнай вайны Чацвярцінскія мелі вялікія эканамічныя праблемы. Апошні ўладальнік суседняга маёнтка Малое Мажэйкава Андрэй Брахоцкі пісаў, што калі яго бацька купіў сабе брычку, дык «пасля вайны нейкі час быў адзіным уладальнікам брычкі ў павеце. Тады нават большыя абшарнікі, як напрыклад, кн. Чацвярцінскі з Жалудка, ці таксама кн. Друцкі-Любэцкі са Шчучына брычак яшчэ не мелі, і пакупка брычкі для Малога Мажэйкава была вялікім выдаткам, пра які шмат гаварылі…»

28 снежня 1925 г. польскі сейм прыняў законы пра аграрную рэформу, і пастановай Рады міністраў былі прымусова прадзеныя 300 га з маёнтка Жалудок (фальваркі Хацееўшчына і Варацішча) князя Людвіка Чацвярцінскага, а ў 1927 г. прымусова прададзена яшчэ 100 га княгіні Марыі Чацвярцінскай каля мястэчка Жалудок.

Аднак паступова матэрыяльны стан паправіўся, сучаснікі памятаюць, што ў толькі што створаным Шчучынскім павеце толькі чатыры чалавекі мелі аўтамабілі: Андрэй Брахоцкі з Малога Мажэйкава, князь Чацвярцінскі з Жалудка, Міхал Верашчака з Вялікага Мажэйкава і Андрэй Раствароўскі (сын архітэктара) са Скабеек (каля Дзікушак). І толькі гэтыя землеўладальнікі ў маёнтках мелі тэнісныя пляцоўкі.
Аднак і пасля гаспадарчай і фінансавай стабілізацыі Чацвярцінскія вялі аскетычнае штодзённае жыццё. Андрэй Раствароўскі ўспамінаў, што сыны Людвіка і Ружы, хлопцы Чацвярцінскія, часта гасцявалі ў яго і неяк запыталіся ў сваёй маці, Ружы з Радзівілаў, сястры апошняга ардыната Нясвіжа: «Чаму ў Раствароўскага на сняданак ёсць такая смачная кава, а мы п’ём такую дрэнную?» У княжацкім жалудоцкім доме панавала прастата, і штодзень ужывалася кава са збожжа. Сям’я жыла ў невялікім белым мураваным доміку, які летам тануў у моры кветак.

Уладальнікі Жалудка князі Чацвярцінскія былі сапраўднай арыстакратыяй і ўзорам сацыяльнай адказнасці багатых за стан жыцця народа. У пачатку 1909 г. народны карэспандэнт «Нашай Нівы» пад псеўданімам Дзяцел паведамляў:

«М. Жалудок Лідскага павета. У нас ёсць гаспадарская суполка, але надта моцна яна не працуе. Аткрылі тут хаўрусную краму, за 7 месяцаў яна дала 400 руб. чыстага даходу. Хаўруснікаў у краме 120-140, кожны даў па 10 рублёў. Яшчэ большая была бы карысць, каб у нас была не толькі хаўрусная крама, дзе мужык толькі купляе за свае грошы, але яшчэ хаўрусы для прадажу мужыцкага дабра, здабытага мужыцкай працай — напрыклад, малака, масла, збожжа і др. Тут ёсць вялікая старасвецкая карчма, якая належыць памешчыку князю Чацыярцінскаму. Ён перабудаваў нанава гэтую карчму пад краму і чайную, хочуць зрабіць тут і заезд дзеля начлега. З крамы кн. Чацыярцінскі бярэ 50 руб. Арэнды, — значыць ня шмат. Вядома рэч, што як багатыя людзі памагаюць завясці карысныя для грамады рэчы, то гэта добра. Але хаўрусныя крамы і таварыства будуць моцныя толькі тады, калі самі мужыкі будуць на іх складацца. Мужыцкі грош будзе цвярдзейшы! Княгіня аткрыла тут бальніцу на 10 ложкаў, лечаць дарма».

Усе працаўнікі маёнтка Чацвярцінскіх разам са сваімі сем’ямі мелі медыцынскае абслугоўванне, і таму пры двары жыў лекар. Ён жа працаваў у шпіталі св. Ружы ў мястэчку, які фундавала княгіня Ружа. Шпіталь працаваў без усялякіх датацый з боку дзяржавы ці мясцовага самакіравання і быў адкрыты для ўсіх, грошы за медычныя паслугі бралі па дзяржаўным каштарысе, тыя ж, хто плаціў дзяржаўную медыцынскую страхоўку, абслугоўваўся бясплатна. Лекары шпіталя мелі права прыватнай практыкі. Для работнікаў маёнтка працаваў дзіцячы садок.

Князі ніколі не адмаўлялі ў дапамозе тым, хто меў у гэтым патрэбу. Сялянам і сваім рабочым, хаты якіх згарэлі ў пажары, дрэва на пабудову новых хат давалася дарэмна разам з грашовай дапамогай. Журналіст Фелікс Дангель пісаў, што «калі, напрыклад, захварэе ляснік Пятрук, дык князь без ваганняў выдае 5 000 злотых для лячэння… у Закапанэ а колькі грошай было дадзена працоўным па ціху…» Чацвярцінскія паважалі працавітых людзей, але былі жорсткія да хуліганаў і п’яніц, гэтых нават маглі выселіць з мястэчка на хутары.

У 1936 г. жалудоцкі маёнтак у выглядзе заробкаў выплаціў сваім работнікам каля 1 мільёна злотых. Лічба красамоўная, і, ведаючы прыкладныя заробкі таго часу, няцяжка падлічыць, што ў маёнтку працавала да 1000 чалавек.

Чацвярцінскія мелі каля 17 000 гектараў зямлі, большая частка з якой, да 15 000 гектараў, была пад лесам. Таму для маёнтка лясная гаспадарка была галоўнай крыніцай даходаў.

Адміністрацыя жалудоцкага маёнтка пасля Першай сусветнай вайны знаходзілася ў энергічных руках Юзафа Славінскага. У 1936 г. той жа Фелікс Дангель пісаў пра гэтага чалавека:

«Юзаф Славінскі, шляхціц і сын гэтай зямлі, вырас на ёй, добра ведае патрэбы і норавы мясцовых людзей. …Няўдзячная яго праца. Усе добрае — заўсёды заслуга князя, а дрэннае застаецца з ім. Але гэта яго заслуга, што, стаўшы каля князя ў цяжкія пасляваенныя часы, ён дапамог яму стварыць моцную, а зараз ужо і ўнікальную гаспадарку, якая нават падаткі плаціць наперад».

Найбольшым аграрным аб’ектам маёнтка, 600-гектарнай Ліпічнай, кіраваў сярэдні сын князя Станіслаў. Аднак галоўны грашовы даход давалі лясы і кіраваў лясной гаспадаркай інжынер Пясецкі. Пясецкаму падначальваліся два лясніцтвы, у якіх працавала 88 аб’ездчыкаў і леснікоў. Гаспадарка мела школкі маладых дрэў, прамысловы адбор саджанцаў, вялікі паравы тартак над Нёманам і ўласны рачны порт. Таксама ўзорна была пастаўленая справа падкормлівання і адстрэлу жывёл і гадоўля фазанаў.

Узровень лясной гаспадаркі ў Жалудку стаяў настолькі высока, што Управа дзяржаўных лясоў прысылала сюды для вучобы сваіх ляснічых. Вырубкі рабіліся згодна з планам і вельмі ашчадна. Выцярэбліваліся толькі 200-гадовыя асіны і дубы (замест 100-гадовых, як звычайна). Рымскае права лічыла, што бясспрэчным доказам права ўласнасці з’яўляецца гаспадаранне, якое робіцца з пазіцыі «добрага гаспадара». У Жалудку гаспадарка вялася менавіта такім чынам. Высокі ўзровень аграрнай, лясной, жывёлагадоўчай і рыбнай гаспадарак даваў добрыя вынікі.

Прамысловасць маёнтка не абмяжоўвалася вялікім тартакам з сушылкай і млынам у Зачэпічах (у Зачэпічах князь у 1933 г. пабудаваў драўляную капліцу, куды прыязджаў ксёндз з Жалудка). Маёнтак меў дзве вінакурні (спіртзавода) і сваю электроўню, якая акрамя маёнтка асвятляла яшчэ і мястэчка. Паляпшэнне эканамічнай сітуацыі ў другой палове 1930-х гг. дазволіла значна пашырыць тартакі. Да канца 1930-х гг. тут быў адзін паравы і два водныя млыны, гадоўля пародзістых коней і кароў. Яшчэ ў 1902 г. маёнткі Жалудок і Ліпічна злучыла тэлефонная сувязь, да канца 1930-х гг. тэлефонная сувязь злучала паміж сабой усе суседнія маёнткі.

Арыгінальна было вырашанае водазабеспячэнне Жалудоцкага палаца. Вада да яго паступала з крыніц за 2 км ад палаца самацёкам. На месцы вада фільтравалася і запампоўвалася ў рэзервуар на 3-м паверсе будынка з дапамогай помпаў, якія працавалі на сціснутым паветры. Для працы помпаў на працягу месяца дастаткова было двух балонаў са сціснутым паветрам.

Чацвярцінскія ніколі не ашчаджалі грошай для грамадскіх патрэбаў. «За польскім часам» князь быў сталым старшынёй Павятовага звязу землеўладальнікаў і дэлегатам ад павета ў ваяводскім звязе, дзе меў пасаду члена кіраўніцтва. Княгіня за свае грошы ўтрымлівала ткацкія майстэрні і ўстанову, якая апекавалася дзецьмі рабочых маёнтка.

Князі фінансавалі шматлікія грамадскія і харытатыўныя акцыі. Усталявалася традыцыя, што на ўсе грамадскія акцыі адзін Жалудок даваў столькі ж грошай, колькі ўсе астатнія землеўладальнікі павета.

Князі і адміністрацыя Жалудка бралі чынны ўдзел у працах сельскагаспадарчых вясковых гурткоў (колаў), княжна ўдзельнічала ва ўсіх жаночых таварыствах, такіх як кола землеўладальніц, кола вясковых гаспадынь і іншых, часта фінансавала мерапрыемствы, якія праводзілі гэтыя арганізацыі. Сусед Андрэй Раствароўскі успамінаў:

«…грамадскія справы… прыбывалі амаль што з кожным выездам. Гэтых выездаў было шмат, таму князь Людвік Чацвярцінскі, старшыня Звязу землеўладальнікаў і праз нейкі час Сельскагаспадарчага Таварыства, Стась Ваньковіч (землеўладальнік, сваяк Раствароўскага — Л. Л.) і я былі змушаны часта начаваць у Лідзе, супольна нанялі пакой… Нашым чацвёртым таварышам быў Юзаф Славінскі, адміністратар з Жалудка. …У Коле вясковых гаспадынь… старшынствавала княгіня Ружа Чацвярцінская. Да абавязковых атрыбутаў начлегу належала вячэрняя партыя ў брыдж і неяк хутка аказалася, што я не самы дрэнны гулец. …Пасля брыджу часта наступала партыя чагосьці хуткага, звычайна покеру, які спадабаўся князю. Але князь ніколі не граў настойліва і з высокімі стаўкамі».

Сусед Караль Лясковіч пісаў, што «сям’я Чацвярцінскіх мела вялікі аўтарытэт, цешылася павагай і сімпатыяй. Дабрыня і дабрачыннасць гэтай сям’і была добра вядомая сялянам, і яны неаднаразова ёй карысталіся. Жалудок у нашым павеце з’яўляўся моцным культурным асяродкам».

Сучаснікі адзначалі, што Людвік Чацвярцінскі быў гарачым апекуном мясцовага краязнаўчага руху.

Жалудок Чацвярцінскіх славіўся сваімі паляваннямі, якія князь ладзіў для гасцей у сваіх занёманскіх пушчах. У Першую сусветную вайну ў лясах быў цалкам вынішчаны лось, але паляўнічым хапала сарнаў, ваўкоў, рысяў, дзікоў, зайцаў. Фелікс Дангель адзначыў, што ў 1936 г. Людвік Чацвярцінскі падстрэліў свайго сотага ваўка.

Князі Чацвярцінскія мелі 5 дзяцей, 3 сыноў і 2 дачок:

— Ежы, старэйшы сын, юрыст. Перад Другой сусветнай вайной займаў пасаду віцэ-старасты Касцянскага павета ў Вялікай Польшчы. Афіцэр рэзерву, падчас вайны — вязень Офлага ў Германіі, пасля вайны — эмігрант, разам з маці жыў у Брусэлі, дзе ажаніўся з графіняй Жалтоўскай. Меў 2 сыноў і 2 дачок.

— Станіслаў, быў жанаты з Евай Буксхэўдэн. Усю Другую сусветную вайну правёў у нямецкіх турмах і лагерах. Пасля вайны за нейкую малую правіннасць быў арыштаваны службай бяспекі ПНР і вызвалены толькі ў 1956 г. Пасля вызвалення пачаў дабівацца права на эміграцыю ў Канаду, у 1961 г. эміграваў туды разам з сям’ёй. Меў 5 сыноў і 4 дачок.

— Андрэй, трэці сын. Афіцэр рэзерву 3-га палка грохаўскіх уланаў, у верасні 1939 г. прызваны на службу. Расстраляны каля Скідзеля разам з жонкай (жонка з дому графаў Тараноўскіх).

— Ружа, старэйшая дачка, чацвёртае дзіця ў сям’і. Перад Другой сусветнай вайной выйшла замуж за графа Плятэра з Лужкоў Дзісненскага павета. Падчас вайны выехала ў Швейцарыю, дзе і жыла потым. Мела 2 сыноў і 1 дачку.

— Марыя, малодшае дзіця. Падчас вайны выехала ў Францыю. Там закончыла курс медыцыны і працавала лекаркай недалёка ад Парыжа. Мела сына і дачку. Пасля разводу другі раз выйшла замуж за Раствароўскага.

У верасні 1939 г. князь Людвік не паслухаў парады свайго адміністратара Юзафа Славінскага, які ўгаворваў яго неадкладна пакінуць Жалудок. Замест таго, каб на аўтамабілі ці коньмі ехаць у бок літоўскай мяжы, князь вырашыў ехаць у Вільню чыгункай. У Лідзе на чыгуначнай станцыі быў апазнаны і разам з жонкай арыштаваны. Пазнаць яго было няцяжка бо ён меў рост 190 см, вельмі характэрны профіль твару і характэрную вымову.

Чацвярцінскіх пасадзілі ў мясцовую турму, дзе яны прабылі 7 месяцаў, пасля чаго адвезлі ў Маскву. Там, па просьбе італьянскага караля Віктара-Імануіла III, Чацвярцінскія былі вызваленыя і адпраўленыя ў маёнтак свайго брата на тэрыторыю Польшчы, акупаваную нацысцкай Германіяй. Але з прычыны дыверсійнай акцыі ў ваколіцах маёнтка князь як закладнік быў арыштаваны і вывезены ў лагер Асвенцім, дзе і памёр у 1941 г.

 

Похожие материалы


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter