История Любани. Часть 1

Любань – так называецца наш горад. Так назвалі свае паселішча старажытныя жыхары, якія рассяліліся на крутым высокім беразе ракі. Люба было ім тут жыць. Густы лес з трох бакоў абступаў паселішча, абараняў і карміў яго жыхароў .    А з чацвертага боку працякала рака, паўнаводная,  з маляўнічымі берагамі, багатая рыбай. Назву ей далі старажытныя  паляўнічыя, якія  займаліся  збіральніцтвам і рыбалоўствам; затым пачалі апрацоўваць зямлю і разводзіць хатніх жывел, будаваць паўзямлянкавае жытло, вырабляць ляпны посуд з гліны. Аб першых насельніках  на месцы сучаснага горада ўзгадваюць артэфакты, якія можна ўбачыць у экспазіцыі нашага музея.  Менавіта першыя жыхары балцкага паходжання   далі назву рацэ. «Арэса»  на іх мове азначала «рака, на беразе якой жывуць арасы» (невялікія птушкі).  Рака была для іх і абаронцай, і адзінай дарогай праз непраходныя забалочаныя масівы ад аднаго вострава да другога. Рака была для іх жывой істотай, да якой яны звярталіся з просьбамі, а калі яна наносіла шкоду, білі яе прутамі.

Арэсу паілі сваімі водамі шматлікія прытокі – рачулкі і ручайкі. Найбольшыя з іх ўпадалі ў Арэсу каля Любаня -  рэкі Таліца і Калодня. 

У VIII-IX стст. на прыарэсскіх далінах рассяляюцца славяне. Мясцовае насельніцтва было часткова выцеснены альбо асімілявана. Большасць назваў населеных пунктаў нашага краю, у тым ліку і Любань,  маюць менавіта  славянскае паходжанне.

У Х-ХІІ стст. у . Любаншчына ўвайшла ў склад адной  з першых дзяржаў на беларускіх землях -Турава - Пінскага княства, а ў ХІІ-ХІІІ  стст. - Слуцкага ўдзельнага княства.

Упершыню у пісьмовых крыніцах Любань упамінаецца пад 1566 годам як мястэчка Ярэміцкай воласці  ў складзе Слуцкага ўдзельнага княства. У гэты час тут налічвалася 35 дымоў, якім належала 20 валок (425 гектараў ) ворнай зямлі. Жыхары мястэчка лічыліся мяшчанамі і ў прававых адносінах былі адмежаваны ад сялян. Як і навакольныя вескі, мястэчка Любань належала князям Алелькавічам.  У 1582 годзе пры падзеле княства паміж братамі Алелькавічамі яно само і землі па Арэсе дасталіся малодшаму з братоў-Аляксандру Юр'евічу.

Алелькавічы - адзін з выбітных магнацкіх радоў Беларусі, які адыгрываў значную ролю ў грамадскім жыцці Вялікага Княства Літоўскага ў XV-XVI стагоддзях. Яны займалі высокія пасады ў органах кіравання дзяржавай. Пад іх харугвамі нашы продкі прымалі ўдзел у Грунвальдскай бітве, бітве пад Оршай і Лівонскай вайне. Не аднойчы на працягу XVI ст. баранілі сваю зямлю ад набегаў крымчакоў, якія рабавалі сялянскія гаспадаркі, а маладых мужчын і  жанчын забіралі ў рабства. У 1589 годзе князь Аляксандр перадаў мястэчка Любань разам з вескай Таль у часовае ўтрыманне мешчаніну з г.Слуцка Тышкевічу, якому ен не вярнуў своечасова пазыку у  памеры 4100 літоўскіх злотых. Тышкевіч атрымаў права збору павіннасцяў і суда над насельніцтвам мястэчка. Толькі ў 1621 годзе  Любань былў вернуты правапераемнікам Алелькавічаў – Радзівілам, ва ўладанне якіх мястэчка перайшло ў пачатку XVII ст.. 

Менавіта з Радзівіламі звязана далейшая гісторыя нашага горада.  Па загаду Радзівіла і пры яго падтрымцы  ў  1603 годзе Томаш Макоўскі, прыдворны мастак, гравер і землямер Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі, упершыню склаў падрабязную карту Вялікага княства Літоўскага. Да нашага часу захавалася  другое выданне карты 1613 года, на якой сярод тысячы іншых населеных пунктаў Вялікага княства Літоўскага сустракаецца Любань. Гэта першая картаграфічная згадка мястэчка Любань.  З'яўленне яго на гэтай карце, а затым і на карце Данкертсаў (Амстэрдам, 1695 г.) сведчыць аб тым, што Любань ўяўляў сабой значную адзінку палітыка-эканамічнай сістэмы Вялікага Княства Літоўскага.  У 1648 годзе ў мястэчку Любань быў 81 дым, 33 валокі ворнай зямлі (каля 705 гектараў). Асноўным заняткам жыхароў мястэчка было земляробства.

У сярэдзіне XVII стагоддзя праз Любань пралягалі шляхі казацка-сялянскага паўстання, затым руска - польскай вайны. Пасля няўдалай асады Слуцка ў верасні 1654 года рускае войска пад камандаваннем Трубяцкога адступіла на ўсход Любанскім трактам. Колькасць насельніцтва ў выніку гэтых падзей скарацілася і толькі ў канцы стагоддзя назіраецца яго рост.

З мэтай зацікавіць местачкоўцаў вынікамі сваей працы, адмяжаваць іх у прававых адносінах ад прыгонных сялян  Багуслаў Радзівіл  28 лістапада 1661 года, спасылаючыся на старажытны інвентар, зацвердзіў Статут  мястэчка Любань.     Статут рэгуляваў сацыяльны статус жыхароў мястэчка і іх павіннасці. Статут уводзіў  самакіраванне на чале з бургамістрам з правам апеляцыі да старасты Слуцкага княства. Згодна Статуту  Багуслава Радзівіла жыхары мястэчка былі абавязаны плаціць чынш за карыстанне зямлей у магнацкую казну ў памеры 10 злотых у год з валокі. У 1682 годзе гэтая сума была павялічана да 12,5 злотых. У той час гэтая сума была роўная кошту 6 баранаў, 18 гусакоў і 24 вазоў дроў. На чале мястэчка стаяла мяшчанская ўправа. Жыхары былі вызвалены ад работ на карысць магната, але абавязаны былі працаваць на будаўніцтве фартыфікацыйных збудаванняў, гацяў, плацін, мастоў, дарог. Сярод павіннасцяў жыхароў мястэчка, якія захаваліся і ў 18 ст. - дастаўка на панскі двор 200 гарнцаў (1 гарнец роўны 3,2 л) малочных прадуктаў, адной курыцы з двара, выплата 0,5 злотага у год на ўтрыманне слуцкага гарнізона і 1 злотага на будаўніцтва фартыфікацыйных збудаванняў у г. Слуцку. Жыхары мястэчка  павінны былі выходзіць на талаку падчас уборкі ўраджаю.

Асобыя адносіны да жыхароў мястэчка з боку магнацкай адміністрацыі  далі плен:  у канцы XVII ст. назіраецца  бурны рост гаспадарчага жыцця, павялічваецца колькасць насельніцтва: у 1682 годзе ў Любані налічваецца 100 дамоў, пражывае 600-650 жыхароў.     Герб на той час Любань не атрымаў.

20 красавіка 1996 года рашэннем Любанскага раеннага выканаўчага камітэта было зацверджана Палажэнне аб гербе горада Любань, які адлюстроўвае гістарычныя, прыродныя, нацыянальныя і мастацкія традыцыі Любаншчыны.  

Герб мае традыцыйную для беларускіх гербаў форму варажскага шчыта, які перасечаны паніжаным залатым поясам і мае падножжа чырвонага колеру.  У верхнім блакітным полі  вырастае залаты чарот, на большых лістах якога дзве залатыя  птушкі.

Эмалі і метал герба нашага горада – «гістарычныя»: чырвоны – радавы колер Алелькавічаў, залаты – Радзівілаў. Але можна сказаць, што чырвоны колер у традыцыйнай культуры беларусаў заўседы быў сімвалам жыцця, а залаты – багацця, гонару і славы. Блакітны колер герба горада Любань сімвалізуе прыродныя асаблівасці краю, іх прыгажосць і веліч.  Стылізаваныя відарысы чарота і птушкі адлюстроўваюць беларускае традыцыйнае дэкаратыўна-прыкланое мастацтва, менавіта, саломапляценне, якое было распаўсюджана шырока і на тэрыторыі Любаншчыны. Птушкі сімвалізуюць дабро, гасціннасць, аптымізм.  Так знайшлі спалучэнне у гербе горада Любань заходнееўрапейскія геральдычныя каноны  і ярка выражаны нацыянальны змест.

5 мая 1996 г. герб горада Любань «Залаты чарот» занесены  ў Гербавы матрыкул Рэспублікі Беларусь. 

Васемнаццатае  стагоддзе  ў гісторыі нашага  горада даследавана слаба. На жаль, у музеі не маецца дакументаў, якія б раскрывалі сацыяльна-эканамічнае становішча жыхароў мястэчка Любань у гэты час. І толькі звесткі  з агульнай  гісторыі Рэчы Паспалітай, у склад якой ў гэты час  ўваходзіла Беларусь, у тым ліку і Любань, дазваляюць скласці агульнае ўяўленне пра жыцце  нашых продкаў у гэты час.  

XVIII стагоддзе гістарычна распадаецца на дзве часткі: першая — час разбурэнняў і палітычнай нестабільнасці, другая – час эканамічных і палітычных рэформ, якая заканчваецца падзеламі Рэчы Паспалітай.

Стагоддзе пачалося  з грамадзянскай вайны за ўладу паміж родам Сапегаў і канфедэрацыяй Радзівілаў, Пацаў і Агінскіх ў 1696-1702г.г. Затым  праз беларускія землі прайшла Вялікая Паўночная вайна 1700-1721г.г., якая  стала дэмаграфічнай і эканамічнай катастрофай для Рэчы Паспалітай.  У выніку  вайны загінула каля 40% насельніцтва, знішчана каля паловы рабочай жывелы, былі страчаны да 60-70%  пасяўных плошчаў, зніклі цэлыя вескі. Як і ў 50-60 гг. XVII стагоддзя, асабліва пацярпелі гарады, многія з іх апусцелі, рамяство і гандаль прыйшлі ў заняпад. Наступіла гаспадарчае спусташэнне.  Не спрыяў эканамічнаму адраджэнню і палітычны крызіс у Рэчы Паспалітай: бясконцая барацьба паміж магнацкімі групоўкамі за ўладу  яшчэ больш аслабляла краіну.

Другая  палова XVIII ст. — час гаспадарчага  адраджэння. За 30-40 пасляваенных гадоў насельніцтва амаль падвоілася. Спусцелыя палі былі апрацаваны, удвая вырасла пагалоўе жывелы. Феадалы, імкнучыся хутчэй аднавіць сваю гаспадарку, а таксама павялічыць свае даходы, вымушаны былі некалькі паслабіць эксплуатацыю сялян. Бывалі выпадкі, калі  землеўласнікі нават вызвалялі сялян на некалькі гадоў ад усіх альбо некаторых павіннасцей і нярэдка дапамаглі ім  жывелай, збожжам, лесам, грашыма і г. д.

У Нацыянальным гістарычным архіве РБ захоўваюцца дакументы аб адносінах паміж  Радзівіламі  і жыхарамі падуласных ім зямель сучаснай Любаншчыны. У 60-я гады XVIII ст. былі складзены інвентарныя вопісы маенткаў,  зроблены калькуляцыі сабекошту гадавога даходу маентка Ярэмічы, у складзе якога было мястэчка Любань, выдаткаваны  пэўныя сумы на будаўнічыя і рамонтныя работы.         

Але ўсе спробы аднавіць краіну пасля ваенных разбурэнняў пацярпелі крах. Больш моцныя суседзі – Аўстрыйская імперыя, Прусія і Расія – у 1772 г. падпісалі дамову аб падзеле Рэчы Паспалітай. Праз некаторы час (1793 г.) адбыўся другі падзел, у выніку якога центральныя землі сучаснай Беларусі, у тым ліку і Любаншчына, увайшлі ў склад Расійскай імперыі.  Менавіта гэтыя падзеі канца XVIII ст. непасрэдна закранулі Любань.  

У ноч з 3 на 4 верасня 1794 г. з вечара да раніцы жыхары мястэчка чулі гарматныя выбухі і ружэйныя стрэлы, крыкі людзей і іржанне коней. На пераправе праз Арэсу ішоў бой. Магчыма, местачкоўцы з Любані не ведалі, што другі падзел Рэчы Паспалітай вызваў жорсткую барацьбу паміж прыхільнікамі рэформ і канфедэратамі,  падштурхнуў краіну  да нацыянальна-вызваленчага паўстання.

Паўстанне пачалося 12 сакавіка 1794 года  мецяжом кавалерыйскай брыгады Антона Мадаліньскага, да якога ў хуткім часе  далучыліся іншыя часці арміі Рэчы Паспалітай. Паўстанне ўзначаліў  Тадэвуш Анджэй Банавентура Касцюшка. Акт паўстання, апублікаваны 24 сакавіка 1794 года у Кракаве,  абвясціў аднаўленне Рэчы Паспалітай ў межах 1772 г. і працяг рэформ.

Ідэі  паўстанцаў неабходна было данесці да насельніцтва. З мэтай узняць на барацьбу супраць расійскіх войск жыхароў цэнтральнай часткі Беларусі былі выдадзены Універсалы да жыхароў беларускіх зямель і арганізаваны рэйды. Адзін з такіх рэйдаў узначаліў  паплечнік і аднадумца Т.Касцюшкі палкоўнік Стэфан Грабоўскі. На чале атрада, у якім было 800 чалавек рэгулярнага войска і 1000 добраахвотнікаў з пяццю гарматамі ен   рушыў па Міншчыне ў тыл рускіх войскаў. Грабоўскі меў на мэце ўзняць паўстанне на новую магутную хвалю, папоўніць войска здольнымі байцамі, узняць насельніцтва на выступленне супраць расійскага панавання.  Шлях атрада пачаўся з-пад Вільні, праходзіў праз  Івянец, Ракаў, Мінск, Койданава, Пухавічы, Лапічы і  далей на Бабруйск.  Да паўстанцаў далучалася мясцовае насельніцтва як з сялян, так і  са шляхты, якой надавалася перавага пры залічэнні ў войска. Ўздагон Грабоўскаму рынулася конніца рускага генерала Цыцыанава, таму Грабоўскі са сваім атрадам вымушаны быў ад Бабруйска павярнуць на захад да Слуцка.   К вечару 3 верасня ен выйшаў да ракі Арэсы каля мястэчка Любань

Са справаздачы генерала П.Цыцыанава генерал-фельдмаршалу М.Рэпніну аб бітве пад Любанню, якая была складзена ў карчме пры Арэсе паблізу мястэчка Любань:“Видя крайнее изнурение войск моего начальства от одиннадцатидневного беспрерывного марша, сделав более восьмидесяти миль… терял я всю надежду в успехе моего преследования за неприятелем… Я услышал, что он ( Грабоўскі-прым. аўтара)  от стычки с моим авангардом под Глуском, потеряв там около ста человек в убитых, раненых и пленных, кинулся по слуцкой дороге и с оной своротил от деревни Осевцы влево к переправе чрез реку Орезу при Любане, зная, что переправа его задержит по причине непомерной широты той реки в том месте … вознамерился я, переправясь поспешно при корчме Орезе на паром спущенном ими и паки возвращенном, а частью вплавь, перерезать ему путь» (АЗПРІ, ф. 79, воп. 6, спр. 1841, л. 232-233. Падрабязная справаздача П. Цыцыанава М. Рэпніну пра бой пад Любанню 29жніўня).

Руская конніца пераправілася на правы бераг ракі і павярнула да маентка Ярэмічы. Левы фланг рускіх войск прыкрывала непраходнае балота, справа – лес і балота. Паміж імі і паўстанцамі завязаўся бой. Імклівае наступленне рускіх тройчы прымушала  атрад Грабоўскага адступаць, зноў выстройваць парадкі і адбіваць атакі. У трэці раз па адступаючым паўстанцам ударыла конніца.

Цыцыянаў піша:« … неприятель ретировался в Любань и выслал майора Нелепца просить пощады, сдаваясь на мою дискрецию. Я принял то предложение и полковник Грабовской со всеми штаб и обер-офицерами и всем войском сдался военнопленным. Тут я из великодушия, свойственного победоносному российскому войску, возвратил штаб и обер-офицерам их   шпаги» (АЗПРI, ф. 79, воп. 6, спр. 1841, л. 232-233 Падрабязная справаздача П. Цыцыанава М. Рэпніну пра бой пад Любанню). 

Пасля  паражэння асноўных сіл паўстанцаў рэшткі атрада Грабоўскага з левага берага Арэсы, не атрымаўшы звестак аб зыходзе бою і зрабіўшы яшчэ некалькі стрэлаў, здаліся ў палон.  Сярод трафеяў у Цыцыянава аказалася 5 гармат, 2242 рубля грошай, 61 чалавек палонных штаб і обер-афіцэраў,  больш за тыясчу палонных са зброяй байцоў, коні і артылерыя. Паўстанцы страцілі каля двухсот забітымі, да ста чалавек сярод іх былі параненыя, каля двухсот патанулі пры пераправе праз Арэсу. Рэйд С. Грабоўскага пацярпеў паражэнне. А праз некаторы час паўстанне на чале з Т. Касцюшкам было падаўлена, і ў 1795 г. адбыўся трэці падзел Рэсы Паспалітай, у выніку якога уся тэрыторыя сучаснай Беларусі была ўключана ў склад расійскай імперыі.

На далучаных землях распаўсюдзілася адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне Расіскай імперыі: былі створаны 5 губерній, якія  складаліся з паветаў, а тыя ў сваю чаргу -  з валасцей.  Мястэчка Любань  было аднесена да Забалацкай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні. У 1799 г. у  Любані налічвалася  78  двароў, пражывала 416 чалавек  (з “Книги учета по выбору податей с мещан и крестьян. Местечко Любань. НГАБ, Ф.694, воп.2, спр.4328). Сярод пералічаных  прозвішчаў карэнных жыхароў часцей за ўсіх сустракаюцца Божкі і Абчынцы.

 

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter