Пасляваенны перыяд

Адразу пасля вызвалення раёна пачалося аднаўленне гаспадаркі раёна. Да верасня 1944 г. былі адноулены 3 цагельныя заводы, лесапільны завод, воўначасальная фабрыка, 3 вапнавыя заводы, 11 млыноў, электрастанцыя. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, разбурэнні, раён ужо з ураджаю 1944г. паставіў дзяржаве 108407 пудоў хлеба, 159898-бульбы, 2790-мяса, 16531 пуд сена.

Праўда, асноўны ўклад у гэтыя пастаўкі зрабілі аднаасобніцкія гаспадаркі. Дапамога дзяржавы вызваленнаму раёну ў першаю чаргу заключалася ў пастаўцы тэхнікі. Так у зводцы МТС за 18 сакавіка 1945г. адзначалася, што да веснавых палявых работ былі адрамантаваны 4 трактары з 5 і прычапны інвентар да іх. Курс на калектывізацыю набываў усе больш прыхільнікаў. Асабліва шырокі размах набыла калектывізацыя ў 1949г., а да канца 1950г. яна была практычна закончана. Да канца 1950г. ў раёне ўжо дзейнічала 145 калектыўных гаспадарак. Адбываліся змены ў індустрыяльным развіцці раёна. Пачалі дзейнічаць Міжрэчанская і Міёрская гідраэлектрастанцыя, якія ў 1948г. Выпрацавалі 45300квт\гадзін электраэнергіі, уведзены 4 млыны, арганізавана некалькі кааператыўных арцеляў. За 1949г. прамысловасць выпусціла валавой прадукцыі на 692025руб. Да 1950 года ў раёне была ліквідавана непісьменнасць. Да 1950г. вытворчасць прамысловай прадукцыі ў параўнанні з даваенным узроўнем падвоілася. Пачаўся наступны этап у развіцці сельскай гаспаларкі – узбуйненне калгасаў.

Адразу пасля вызвалення частымі былі бандыцкія вылазкі. Ім  супрацьстаялі  вопытныя міліцыянеры. Але дзяржаўны рэпрэсіўны апарат  дзейнічаў не толькі супраць былых фашысцкіх прыслугачоў-паліцэйскіх, дэзерціраў, ”зяленых”. Яшчэ да вайны пачаліся першыя высяленні, якія ў першую чаргу закранулі буйных землеўладальнікаў і прадстаунікоў польскай адміністрацыі. Пазней пералік рэпрэсіраваных пашыраўся: ”нядобранадзейныя”, “андэрсаўцы”, ”раскулачаныя”. Але, на шчасце, вялікага размаху высяленні не набылі. Многія незадаволенныя сталінскімі парадкамі мелі магчымасць афіцыйна выехаць у суседнюю Польшчу ў якасці рэпатрыянтаў.

 

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter