Гісторыя. Шумілінскі раён. Вялікая Айчынная вайна

Да 23 лістапада 1961 г. Шумілінскі раён называўся Сіроцінскім раёнам. У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны ў раёне з добраахвотнікаў былі створаны знішчальныя фарміраванні, якія патрулявалі дарогі, вялі барацьбу з варожымі парашутыстамі і дыверсантамі. У пачатку ліпеня 1941 г. на Шуміліншчыне вялі абарончыя баі 174-я і 186-я стралковыя дывізіі, але стрымаць колькасна перавышаючыя сілы ворага не змаглі. 8 ліпеня 1941 г. гітлераўцы захапілі Шуміліна. За час акупацыі яны правялі на тэрыторыі раёна карныя аперацыі № 95 (жнівень 1942), «Маланка» (верасень–кастрычнік 1942), «Зімовы лес» (снежань 1942 – студзень 1943), «Грамавы ўдар» (сакавік–красавік 1943); 133 вёскі (з 342) разам з 1967 жыхарамі, гітлераўцы знішчылі за гады акупацыі раёна, 24 з іх не адноўлены, 8 (Бачканы, Дражакі, Заазер'е, Залессе, Зуева, Папова, Шчамілаўка, Ямішча) занесены ў мемарыяльны комплекс «Хатынь». Каля 800 шумілінцаў былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію.

На тэрыторыі раёна дзейнічалі Сіроцінскія падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ, Обальскае антыфашысцкае падполле, партызанскія брыгады імя С. М. Кароткіна, імя Леніна, імя Чапаева, 1-я Віцебская, асобны партызанскі атрад «Трэція».

Обальскае антыфашысцкае падполле дзейнічала з пачатку 1942 г. да жніўня 1943 г. Складалася з моладзі пасёлка Обаль, вёсак Ушалы, Зуі, Масцішча, Ферма; аб'ядноўвала 38 чалавек, 3 групы: Обальскую, Масцішчанскую, Ушальскую. Узначальваў камітэт з 9 чалавек: Е. С. Зянькова (сакратар), Н. А. Азоліна, М. С. Дзяменцьева, Е. І., І. В. і Я. Я. Езавітавы, М. П. Лузгіна, З. М. Партнова, В. М. Шашкова. Падпольшчыкі здабывалі і перадавалі партызанам зброю, медыкаменты, звесткі аб размяшчэнні варожых войск, пра рух эшалонаў, забяспечвалі партызанскіх разведчыкаў дакументамі, рабілі дыверсіі на варожых аб'ектах, знішчалі акупантаў і іх тэхніку, вялі агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро. Дзякуючы звесткам падпольшчыкаў, савецкія самалёты знішчылі на чыгуначнай станцыі Обаль 4 эшалоны з танкамі. 19 жніўня 1942 г. Н. А. Азоліна ўзарвала вадакачку на станцыі Обаль, у выніку 11 вайсковых эшалонаў былі затрыманы на станцыі на некалькі дзён. Е. І. Езавітаў узарваў легкавую аўтамашыну з афіцэрамі, Я. Я. Езавітаў – 3 матавозы і экскаватар на торфзаводзе, З. Д. Лузгіна спаліла льнозавод і склады, якія знаходзіліся побач. Летам 1943 г. М. П. Аляксееў падарваў цыстэрну на станцыі Лоўжа: згарэлі эшалон з боепрыпасамі, будынак станцыі, прадуктовы склад. Усяго падпольшчыкі зрабілі 21 дыверсію: спалілі пілараму, электрастанцыю, некалькі мастоў і інш.

У 1942–1943 гг. гітлераўцы арыштавалі і пасля катаванняў расстралялі 12 падпольшчыкаў, пазней загінулі яшчэ 4 удзельнікі падполля. Члены арганізацыі, што пазбеглі арышту, сталі партызанамі брыгады імя Леніна. Е. С. Зяньковай і З. М. Партновай прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Імем Е. С. Зяньковай названа вуліца ў Віцебску, імем З. М. Партновай – вуліцы ў Санкт-Пецярбургу, Полацку і г. п. Обаль. У 1965 г. створаны музей Обальскага камсамольскага падполля.

Вясной 1942 г. на тэрыторыі раёна з асобных партызанскіх груп, сфарміраваных як з мясцовых жыхароў, так і байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі, якія не змаглі вырвацца з варожага акружэння, пачалі стварацца першыя партызанскія атрады – «Мсцівец» (камандзір М. А. Сакмаркін), «Грозны» (У. М. Талаквадзе), імя Варашылава (В. Р. Несцераў), якія 20 чэрвеня 1942 г. аб'ядналіся ў Сіроцінскую партызанскую брыгаду (на 1 кастрычніка 1942 г. налічвала 1422 байцы).

23 ліпеня 1942 г. партызаны атрада імя Варашылава правялі аперацыю па вызваленні некалькіх соцень савецкіх грамадзян, якіх павінны былі расстраляць фашысцкія карнікі. Партызаны ў адным з баёў разграмілі нямецкі атрад веласіпедыстаў, завалодалі іх дакументамі і даведаліся пра планы інспекцыі варожых гарнізонаў. Пераапранутыя ў нямецкую форму трое партызан прыбылі ў гарнізон, Б. К. Маркіянаў у мундзіры гаўптмана загадаў у іх прысутнасці неадкладна расстраляць зняволеных. Калі вязняў прывялі да ямы, партызаны знішчылі канваіраў, а зняволеным загадалі бегчы ў лес да партызан. Таксама былі ліквідаваны гітлераўскія гарнізоны ў вёсках Кардон і Андрэева.

29 ліпеня 1942 г. партызаны атрада «Мсцівец» правялі аперацыю па разгроме нямецка-фашысцкага гарнізона на чыгуначнай станцыі Язвіна на лініі Полацк – Віцебск. Партызаны наблізіліся да чыгуначнага насыпу, адкрылі агонь па будынку станцыі, закідалі гранатамі інтэрнат аховы і штурмам захапілі вакзал, абстралялі адыходзячы ад станцыі эшалон, які неўзабаве падарваўся на міне. У выніку ўзрыву знішчаны цягнік і 8 вагонаў, шмат гітлераўцаў. Партызаны разбурылі ўсю станцыйную гаспадарку, разбілі апаратуру, знішчылі каля 100 м чыгуначнага пуці, пашкодзілі 300 м тэлефоннай сувязі, знішчылі больш за 50 гітлераўцаў, захапілі 22 вінтоўкі. У выніку аперацыі рух цягнікоў быў спынены на 2 сутак.

У ліпені–жніўні 1942 г. партызаны брыгады разграмілі варожыя гарнізоны ў Сіроціне, Лоўжы. Галоўным аб'ектам баявой дзейнасці брыгады была чыгунка Віцебск – Полацк. 3 25 снежня 1942 г. праціўнік колькасцю 10 тыс. чалавек імкнуўся знішчыць партызан у трохвугольніку чыгунак на Невель, Віцебск, Полацк. Пасля цяжкіх 10-дзённых баёў брыгада выйшла ў Расонскі раён. 7 лютага 1943 г. пры прарыве ў ранейшы раён дыслакацыі адбыўся падзел брыгады на 2 часткі. Паводле ўказання Беларускага штаба партызанскага руху, з перайшоўшых у Сіроцінскі раён атрадаў была арганізавана брыгада імя Леніна. Атрады, якія засталіся ў Расонскім раёне, былі аб'яднаны ў брыгаду імя Дзяржынскага, а ў чэрвені 1943 г. яна была названа імем яе першага камандзіра С. М. Кароткіна.

Партызанская брыгада імя Леніна, якая дзейнічала ў Сіроцінскім раёне, на 1 студзеня налічвала 834 чалавекі. Партызаны разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Мішневічы (сакавік 1943), Дворышча (чэрвень 1943 ), Кардон (чэрвень 1943), Лявонава (ліпень 1943). У час правядзення аперацыі «рэйкавая вайна» падарвалі і сапсавалі больш за 1,8 тыс. рэек. У час Лепельскай аперацыі 1943 г. брыгада прыкрывала з усходу і паўночнага ўсходу ўдарную Лепельскую групоўку партызан ад варожых гарнізонаў.

Алена Паўлаўна Сураўнёва (нарадзілася ў 1925 г. у в. Папова Шумілінскага раёна) у канцы 1942 г. трапіла ў спецгрупу разведвальнага аддзела штаба Калінінскага фронту. Яна збірала звесткі аб перамяшчэннях фашысцкіх войск, якія неадкладна перадаваліся ў штаб фронту. У 1943 г. яе, ужо вопытную разведчыцу, пераправілі праз лінію фронту і накіравалі ў складзе спецгрупы разведчыкаў на мяжу Верхнядзвінскага і Себежскага раёнаў. Камандаванню патрэбны былі звесткі аб складзе і колькасці войск у фашысцкім гарнізоне горада Себежа. Алена наладзіла сувязь са старой себежскай настаўніцай, якая дапамагла разведчыцы выканаць заданне. 23 мая 1944 г., вяртаючыся з задання, яна трапіла ў засаду. На допытах дзяўчына трымалася мужна, не выдала нікога, гітлераўцы нанеслі разведчыцы 15 штыкавых ран, на плячах выразалі пяціканцовую зорку. Пасмяротна А. П. Сураўнёва ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені.

Шумілінскі раён вызвалены войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай (23–28 чэрвеня 1944) наступальнай аперацыі часцямі 6-й гвардзейскай арміі, 360-й стралковай дывізіі 4-й ударнай арміі, злучэннямі 1-га і 60-га стралковых карпусоў 43-й арміі. Гарадскі пасёлак Шуміліна вызвалены 23 чэрвеня 1944 г. часцямі 179-й стралковай дывізіі ва ўзаемадзеянні з 360-й стралковай дывізіяй, 10-й асобнай танкавай брыгадай і 39-м гвардзейскім мінамётным палком 43-й арміі, гарадскі пасёлак Обаль – 26 чэрвеня 1944 г. часцямі 47-й стралковай дывізіі 6-й гвардзейскай арміі. За мужнасць і гераізм, праяўленыя пры вызваленні Шумілінскага раёна, больш за 100 воінаў удастоены звання Героя Савецкага Саюза.

На Шуміліншчыне нарадзіліся Героі Савецкага Саюза малодшы лейтэнант П. А. Акуцыёнак, падпольшчыца Е. С. Зянькова, падпалкоўнік М. А. Ласкуноў , маёр М. К. Спірыдэнка, маёр Д. М. Мінчугоў, партыйны і дзяржаўны дзеяч, адзін з кіраўнікоў падполля і партызанскага руху на Беларусі П. З. Калінін.

У кнізе «Памяць. Шумілінскі раён» названы прозвішчы 7744 савецкіх воінаў, якія загінулі ў 1941–1944 гг. і пахаваны на тэрыторыі раёна; прозвішчы 2000 воінаў-землякоў, што загінулі ці прапалі без вестак на франтах вайны; прозвішчы 1027 партызан, падпольшчыкаў, асоб, якія садзейнічалі партызанскаму руху, членаў іх сем'яў і мірных жыхароў – ахвяр фашысцкага тэрору.

 

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter