Гісторыя. Талачынскі раён. Рэвалюцыйныя падзеі і ўстанаўленне савецкай улады

У кастрычніку 1917 г. у горадзе ўстаноўлена Савецкая ўлада. Ваенна-рэвалюцыйныя камітэты, створаныя пры Саветах у Сянно і Оршы, пачалі мерапрыемствы па ўстанаўленні Савецкай улады. У лістападзе надзвычайны сход сялянскіх таварыстваў Аршанскага павета прыняў рэзалюцыю аб прызнанні і падтрымцы СНК і ажыццяўленні Дэкрэта аб зямлі, выбараў часовага бюро па сялянскіх справах. У лістападзе 1917 г. быў створаны Талачынскі местачковы Савет. У яго ўваходзіла 1008 салдат і 600 рабочых. Пры Савеце дзейнічалі аддзелы: народнай адукацыі, фінансавы, культурна-асветны, ваенны.

Праводзілася работа па адкрыцці школ, бібліятэк, клубаў, ствараліся харчовыя запасы. Ваенны аддзел займаўся пытаннямі прызыву ў Чырвоную Армію.

18лютага 1918 г. войскі кайзераўскай Германіі, парушыўшы ўмовы перамір’я, пачалі наступленне па ўсім фронце супраць Савецкай дзяржавы. У ліку акупіраваных аказаліся Талачын, Стараталачынская, Коханаўская воласці і іншыя тэрыторыі сучаснай Талачыншчыны. Але не пераможным маршам рухаліся кайзераўскія войскі па нашай зямлі. Яны сустракалі ўпартае супраціўленне.

25кастрычніка 1918 г. Талачын, Коханаўская, Стараталачынская воласці былі вызвалены часцямі Чырвонай Арміі. Пачаліся мерапрыемствы па аднаўленні Савецкай улады. Ствараліся валасныя местачковыя рэўкамы, якія падтрымлівалі рэвалюцыйны парадак, вялі барацьбу супраць контррэвалюцыйных элементаў, удзельнічалі ў забеспячэнні Чырвонай Арміі прадуктамі харчавання і абмундзіраваннем, прыцягвалі насельніцтва да работ на дапамогу фронту.

Вясной 1919 г. Савецкая рэспубліка аказалася ў вогненным кальцы франтоў. З мая 1919 г. амаль год у Талачыне дыслацыраваўся 38 авіяатрад Заходняй ваеннай акругі.

У 1918–1919 гг. праведзены шэраг эканамічных і палітычных мерапрыемстваў, што ўвайшлі ў гісторыю як ваенны камунізм.

У цяжкіх умовах вайны, каб дапамагчы дзяржаве, прадстаўнікі камбедаў Стараталачынскай воласці і Талачына ў студзені 1919 г. вырашылі правесці надзвычайны падатак у суме 200 тыс. руб. на воласць і 25 тыс. руб. на Талачын. Жыхары Талачына актыўна змагаліся на франтах грамадзянскай вайны. У студзені 1920 г. Стараталачынскі валвыканкам правёў «Тыдзень нарыхтоўкі паліва і дастаўкі харчовых прадуктаў на ссыпныя пункты», а ў лютым 1920 г. па ўсім Аршанскім павеце праведзены «Тыдзень фронту і транспарту».

У гэты цяжкі час вялося і культурнае будаўніцтва. У вёсках ствараліся і дзейнічалі саўгасы, камуны, таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі, кааператывы, адкрываліся школы, хаты–чытальні, клубы, бальніцы.

Аршанскі павятовы з’езд камсамольскіх арганізацый у пачатку 1920 г. адзначыў як вельмі станоўчую з’яву тое, што ў камсамольскіх арганізацыях Талачына створаны гурткі палітычнай граматы і мастацкай самадзейнасці, што ў шэрагу вёсак камсамольцы абслугоўваюць хаты–чытальні.

У 1924 г. у складзе Аршанскай акругі былі створаны раёны Талачынскі і Коханаўскі. Праз 7 гадоў, у ліпені 1931 г., Коханаўскі раён быў скасаваны, і да Талачынскага далучаны Аболецкі, Алёнавіцкі, Коханаўскі, Палюдаўскі, Пярэвалачненскі, Сіманаўскі (Замасцянскі) сельсаветы.

Першыя сацыялістычныя пераўтварэнні ў сельскай гаспадарцы – стварэнне саўгасаў, камун і арцеляў у 1919–1920 гг. На Талачыншчыне створаны саўгас «Райцы» (з 1965 г. племзавод «Рэканструктар»), камуны ў былых маёнтках Багрынава, Азерцы, Манастыры (цяпер Палявая).

У 1929 г. у раёне разгарнулася калектывізацыя. Істотную ролю ў падрыхтоўцы сялян да пераходу на калектыўныя метады вядзення сельскай гаспадаркі адыгралі камуны. Так, адна з першых у раёне камун, што існавала ў в. Манастыры, у пачатку калектывізацыі ператварылася ў калгас. Камуна ў в. Забайкал з 17 сялянскіх гаспадарак у 1929 г. была пераўтворана ў калгас імя В. П. Чкалава. Сярод першых яго арганізатараў быў Ю. Е. Летнікаў. У ліку першых у раёне ўзніклі калгасы «Перамога» (Талачын), «VI з’езд Саветаў» (в. Забалацце), «Зялёныя Дубы» (в. Жураўлі), «Волга» (пас. Забалацце). 80 сем’яў Юзафполля і Зарэчча аб’ядналіся ў калгас «XII з’езд КП(б)Б».

Адным з галоўных кірункаў сельскагаспадарчай спецыялізацыі раёна было развіццё льнаводства. У 1932 г. у строй уступіў Талачынскі льнозавод, які працаваў на мясцовай сыравіне. Аналагічнае прадпрыемства будавалася ў Коханаве.

3 прамысловых прадпрыемстваў у канцы 20-х – пачатку 30-х гг. на Талачыншчыне функцыяніравалі пладова-вінны ў Азерцах, спіртавы ў Гаршчэўшчыне, два цагельныя заводы, райпрамкамбінат. У 1932 г. утвораны Талачынскі масласырзавод, дзе быў устаноўлены сепаратар прадукцыйнасцю 1000 літраў за гадзіну і маслапрыгатавальнік ёмістасцю 400 літраў.

Цікавую інфармацыю аб эканамічным развіцці Талачыншчыны пачатку 30-х гг. дае статыстычны даведнік «Усе раёны БССР», выдадзены ў 1933 г. у Мінску. Насельніцтва раёна складала 89 282 чалавекі. Паводле тытульнага спіса за 1931 год у раёне налічвалася 75 прадпрыемстваў, сярод якіх былі: арцелі смалакурная, дрэваапрацоўчая, ткацкая, сукнавальная і фарбавальная, аўчынная, кравецкія (2), шавецкія (6), тарфяныя (4), кавальскія (4), цагельныя (8); заводы льноапрацоўчыя (3), аўчына-футравы, лесазавод, крухмальны, спіртзавод, пладова-вінны; таксама працавалі 12 кузняў, сукнавальня, нафтавы і 10 вадзяных млыноў, хлебапякарня, кандытарская і інш. У 1932 г. на 22 дзяржаўных і 54 кааператыўных прадпрыемствах працавала 1060 чалавек. Спажывецкая кааперацыя раёна мела 23 сельпо, 47 гандлёвых адзінак.

У раёне налічвалася 14 689 гаспадарак, з іх на 1 студзеня 1933 г. калектывізавана 4593. Было 197 калгасаў. Яны мелі 28 свінагадоўчых ферм, 26 малочных; 29 па вырошчванні маладняка, 2 каняводчыя фермы. Большасць саўгасаў («Райцы», «Лемніца», «Крывое», «Скрыншчына», «Рубеж», «Кулікоўка») мелі свінаводчы кірунак. Машынны парк раённай МТС складаў 14 трактароў, 15 складаных малатарняў, 80 ільноцерабілак.

Сетка навучальных устаноў раёна на 1 студзеня 1933 г.: 145 чатырохгадовых школ, у іх 13 001 вучань, 278 настаўнікаў, 1 ФЗС (163 вучні, 2 настаўнікі), 28 школ сялянскай моладзі (1940 вучняў, 79 настаўнікаў), 1 тэхнікум (сельскагаспадарчы ў Коханаве), у ім 95 студэнтаў, 4 настаўнікі.

3 1931 г. выдаецца раённая газета «Калгаснік Талачыншчыны».

У 1939 г. працавалі 438 прамысловых прадпрыемстваў (2665 рабочых). У структуры раёна былі наступныя галіны прамысловасці: торфаздабываючая (143 прадпрыемствы, 745 рабочых), абутковая (9; 92),швейная (6; 52), металаапрацоўчая (180; 282), дрэваапрацоўчая (23; 103), харчовая (30; 365), лесараспрацоўкі і лесасплаў (7; 742), цагельная (4; 17), паліграфічная (1; 10); працавала 13 механічных млыноў.

На 1 студзеня 1940 г. у Талачынскім раёне, які займаў плошчу 1,3 тыс. км2, было 18 сельсаветаў: Аболецкі, Азярэцкі, Алёнавіцкі, Высока-Гарадзецкі, Валосаўскі, Воўкавіцкі, Друцкі, Еўлахоўскі, Коханаўскі, Навасельскі, Няклюдаўскі, Палюдаўскі, Плоскаўскі, Пярэвалачненскі, Рыдамльскі, Сакалінскі, Славенскі, Сіманаўскі. У раёне налічваліся 201 калгас, 3 МТС, 1 племзавод, 11 125 сялянскіх гаспадарак; 10 947 двароў калгаснікаў.

3 устаноў аховы здароўя дзейнічалі 4 бальніцы на 105 ложкаў, 7 амбулаторных паліклінік, 14 фельчарска-акушэрскіх пунктаў, 5 аптэк. Працавала 18 урачоў, 23 фельчары, 38 медсясцёр. Былі 3 дзіцячыя сады на 148 месцаў.

У раёне дзейнічалі 117 школ усіх тыпаў (у іх займаліся 14424 вучні, працавалі 490 настаўнікаў), 50 клубных устаноў, у т. л. 25 калгасных, 18 хат–чытальняў, 94 бібліятэкі, 4 кінаўстаноўкі, з іх 2 гукавыя.

Такім быў эканамічны стан Талачынскага раёна на пачатак 40-х гг.

 

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter