Сёлета сярод разнастайных юбілейных дат вылучаецца адна – адметна клецкая. 90 гадоў таму назад у горадзе пачала дзейнічаць беларуская гімназія. Беларуская не толькі па назве, але і па духу. Яна праіснавала ўсяго сем гадоў. Але сам гэты факт дазваляе паставіць наш горад у адзін шэраг з цэнтрамі нацыянальна-культурнага жыцця на абшарах ІІ Рэчы Паспалітай, своеасаблівымі крэпасцямі на шляху паланізацыі. На вялікі жаль, і да сённяшняга дня гісторыя гімназіі амаль не вывучана. Гэтак жа мала вядома і пра людзей, што стаялі ля яе вытокаў. Чамусьці з мясцовага кантэксту выпала імя стваральніка навучальнай установы таленавітага настаўніка і патрыёта Язэпа Канстанцінавіча Шнаркевіча. Ён нават не згадваецца ў раённай кнізе “Памяць”.
Язэп Шнаркевіч нарадзіўся 22 чэрвеня 1888 г. у вёсцы Саская Ліпка каля Нясвіжа. Скончыў мясцовую настаўніцкую семінарыю. Працаваў у народнай школе ў Вялікім Сяле каля Койданава, пасля выкладаў рускую мову і геаметрыю ў Гомельскай чыгуначнай школе. Адсюль жа паступіў у Магілёўскі настаўніцкі інстытут, пасля заканчэння якога быў мабілізаваны ў войска. Адбылося гэта ў самы разгар сусветнай вайны, летам 1916 г. Служба праходзіла ў запасным палку, потым была рэвалюцыя і курсы тэлеграфістаў. На пачатку 1918 г. Язэп Канстанцінавіч змог вярнуцца да настаўніцкай працы, атрымаўшы прызначэнне ў адну з беларускіх школ Мінска. Праўда, гэту школу яшчэ належала арганізаваць.
Па тым часе ўстановы з беларускай мовай выкладання былі нечым новым, і не ўсе ўспрымалі іх як належнае. Многія лічылі, што школа якраз-такі павінна “дапамагчы” пазбавіцца сваёй мовы і перайсці на больш “культурную” рускую ці польскую. А тут усё адбывалася наадварот. На шчасце, былі і другія. Пазней Я.Шнаркевіч згадваў свайго першага вучня, які прыйшоў запісвацца на заняткі: “Быў гэта зусім малы хлопец гадоў васьмі, сын нейкага рабочага, яшчэ няграматны, белагаловы, з белым дзіцячым тварам, на якім свяціліся ясныя сінія вочкі. Звалі яго Андрэем Андрэевым. Не зважаючы на вялікую адлегласць, холад, снежныя заносы, агульны неспакой з прычыны акупацыі, гэты вучань быў адным з самых акуратных і пільных. Як я пасля даведаўся, бацька яго пасылаў свядома ў беларускую школу, сваю родную. Усяго ж набралася каля 60 навучэнцаў.
Восенню 1919 г. ужо пры польскай акупацыі Я.Шнаркевіч быў прызначаны выкладчыкам беларусазнаўства (мовы, гісторыі і геаграфіі) у вышэйшую пачатковую школу Мінска, а неўзабаве ўзначаліў гэту ўстанову і цалкам беларусізаваў яе. Праз шмат гадоў да Язэпа Канстанцінавіча напіша яго былы вучань Мікалай Улашчык, выдатны гісторык і даследчык нашай мінуўшчыны: “Памятаю Вас маладым… Вы гаворыце, што свае мовы і свайго народа нельга саромецца, а трэба любіць, што мы такі ж народ, як і іншыя, што ў нас ёсць свая гісторыя. Усё гэта для нас, хлапчукоў, было надзвычайна новым і дзіўным, бо ўсё наша кароткае жыццё нас вучылі, што беларускасці трэба як мага скарэй пазбавіцца…”. Адначасова з педагагічнай дзейнасцю Я.Шнаркевіч узначальваў “Беларускі вучыцельскі саюз”, адной з галоўных мэт якога была матэрыяльная падтрымка настаўнікаў. Усяго ж у Мінску дзейнічала 10 беларускіх школ, дзе працавалі 42 настаўнікі і займаліся 1 113 вучняў. Наконт апошніх Язэп Канстанцінавіч адзначаў: “Вучыцца ў школе самая бедната, якая не пагарджае сваёй мовай, але не мае чым плаціць за навуку”.
Летам 1920 г. Шнаркевіч пачаў працаваць у народным камісарыяце асветы БССР. А ўжо ў лістападзе таго ж года накіраваўся ў Заходнюю Беларусь, якая ўвайшла ў склад Польскай дзяржавы, для разгортвання там культурна-асветніцкай дзейнасці.
Яго стараннямі ў 1921 г. у Нясвіжы на базе першых класаў жаночай гімназіі паўстала прыватная беларуская гімназія. Адбылося гэта якраз тады, калі спецыяльным цыркулярам прадугледжвалася паступовая ліквідацыя такіх школ, а беларускую мову забаранялася вывучаць нават як дадатковы прадмет. Не дзіўна, што з першых жа дзён гімназіі давялося весці барацьбу за існаванне. Яшчэ да пачатку навучальнага года ўлады па надуманых прычынах пазбавілі яе памяшкання, і заняткі прыйшлося праводзіць па хатах у несвіжан. Язэп Шнаркевіч сам выкладаў усе агульнаадукацыйныя прадметы і беларускую мову. Закон Божы, нямецкую і польскую мовы вялі асобныя настаўнікі. Улічваючы тое, што ў Нясвіжы ўжо дзейнічалі руская і польская гімназіі, беларусам трэба было трымаць належны ўзровень. Матэрыяльны стан прыватнай установы наўпрост залежаў ад колькасці навучэнцаў, якія плацілі за вучобу. І наша школа рабілася ўсё больш папулярнай. На наступны год перавесціся ў яе пажадалі больш чым пяцьдзясят чалавек з “гімназій-канкурэнтаў”. Умацоўваўся і педагагічны склад.
Поспехі гімназіі настолькі занепакоілі ўладу, што тая ўвогуле забараніла яе дзейнасць у 1923/24 навучальным годзе. Рашэнне, сярод іншага, тлумачылі адсутнасцю памяшкання (!), малой колькасцю вучняў і тым, што беларусы не маюць патрэбы ва ўласнай сярэдняй школе. Нібы ў адказ на гэта з навакольных вёсак і мястэчак было пададзена паўтары сотні заяў аб прыёме дзяцей у беларускія класы. Маючы такі козыр, Шнаркевіч пачаў дамагацца адкрыцця паўнавартаснай васьмікласнай гімназіі і… не дабіўся нічога. У Нясвіжы не знайшлося ніводнага памяшкання, якое б санітарны ўрач прызнаў прыгодным для размяшчэння навучальнай установы! Цэлы год вучні і настаўнікі займаліся нелегальна, на прыватных кватэрах. Гэта дало магчымасць захаваць ядро школы, а вясною 1924 г. было вырашана перавесці яе ў Клецк.
Тут удалося дамовіцца з домаўладальнікам Рэйзіным аб арэндзе памяшкання. Здавалася, што галоўная перашкода на шляху арганізацыі гімназіі пройдзена. Але здарылася неспадзяванае. Калі школьны інвентар перавозілі з Нясвіжа ў Клецк, у дом Рэйзіна ўварвалася група агрэсіўна настроенай яўрэйскай моладзі, якая заявіла, што ў будынку размесціцца іх культурна-асветніцкая арганізацыя “Тарбут”. Пра тое, каб дзяліць дом і займацца па зменах, яны не хацелі нават чуць. Хаця захоп памяшкання адбыўся без ведама гаспадара, органы ўлады ніяк не адрэагавалі на гэта. У справу ўмяшаўся аўтарытэтны яўрэйскі дзеяч доктар Выгодзкі. Ён заклікаў адзінаверцаў шукаць паразумення з беларусамі, але відавочна за спінамі “тарбутаўцаў” стаяў нехта больш магутны, каму было выгадна, каб беларусы і яўрэі марнавалі сілы на міжусобную барацьбу. На сітуацыю з гімназіяй негатыўна ўплывала і агульная атмасфера, што склалася ў прыграніччы ў 1924 г., калі актыўнасць прасавецкіх дыверсантаў дасягнула свайго піка. На Клеччыне партызанамі быў забіты памешчык Свянціцкі. Ворагі гімназіі распаўсюджвалі ілжывыя плёткі аб дачыненні да гэтага беларускіх актывістаў, прыпісваючы ім антыдзяржаўную прапаганду. Бацькоў заклікалі байкатаваць гімназію, не прымаць на кватэры яе вучняў і настаўнікаў. На словах жа польскія ўлады ўсяляк запэўнівалі, што будуць спрыяць адкрыццю гімназіі, вось толькі трэба яшчэ некаторыя фармальнасці залагодзіць… У такіх умовах фарміраваўся педагагічны калектыў, праводзіліся ўступныя экзамены, ішла арганізацыйная праца.
Кляччанін Навіцкі прапанаваў свой дом у якасці часовага прытулку для школы. У двух пакоях днём ішлі заняткі, а ўначы на саламяных матрасах спалі настаўнікі і прыезджыя вучні. Пастаянныя паездкі Шнаркевіча ў школьны кураторыум і шторазовыя запэўніванні, што ўсё будзе добра, давалі надзею на лепшае. Здавалася, яшчэ трохі і гімназія пачне працаваць у нармальным рэжыме. І калі Шнаркевіча выклікалі ў Нясвіжскае павятовае стараства, ён нават падумаць не мог, што яго чакае. А там настаўніку выдалі афіцыйную паперу, дзе значылася, што “Язэп Шнаркевіч, сын Канстанціна, грамадзянін Гарадзейскай гміны Нясвіжскага павета, займае выразна варожую пазіцыю ў адносінах да польскай дзяржавы”. На гэтай падставе яму не толькі не дазволілі ўтрымліваць гімназію, але і зусім забаранілі выкладаць у школе. І ўвогуле знаходзіцца з такім “воўчым білетам” у прыгранічнай паласе было небяспечна. Арыштаваць маглі ў любы момант. Заставалася адзінае выйсце – ад’езд у глыб краіны.
Цяпер матывацыя польскіх урадаўцаў стала яснай. Аддаляючы Шнаркевіча ад школы, яны разлічвалі паставіць гімназію ў бязвыхаднае становішча і змусіць яе да самаліквідацыі. Аднак тут улады пралічыліся. Язэп Шнаркевіч сапраўды быў найбольш энергічным, але далёка не адзіным беларускім настаўнікам. Побач з ім стаялі такія патрыёты, як Рыгор Якубёнак, Вячаслаў Арэнь, Ганна Малойла, Антон Якімовіч. І самае галоўнае – за імі была падтрымка насельніцтва. Пад націскам шматлікіх дэлегацый бацькоў школьны куратар быў вымушаны дазволіць адкрыццё ў Клецку 1-4 класаў гімназіі з правам паступовага развіцця да 8 класаў уключна. Вось толькі Я.Шнаркевіч быў вымушаны з’ехаць у Вільню…
Ад нацыянальнага руху ён не адышоў. Выкладаў у Віленскай гімназіі, быў актывістам Таварыства беларускай школы. За свае погляды двойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі, пазбаўляўся працы. Настаўнічаў і ў гады Другой сусветнай вайны. А вось пазней да педагагічнай дзейнасці не вяртаўся, заняўся агародніцтвам і пчалярствам. Памёр у Вільні 30 лістапада 1974 г.
Подробнее...