Клеччына на старонках польскіх выданняў

Збіраючы матэрыял па гісторыі родных мясцін раз-пораз трапляў на згадкі пра іх у польскіх выданнях 1920-30-х гг. Праваднікі для турыстаў, краязнаўчыя і папулярныя часопісы не абыходзілі ўвагаю наш край. Вось некаторыя прыклады такіх матэрыялаў.

Кніжка “Праваднік па Мінскай губерніі” ўбачыла свет у Варшаве ў 1919 г. Яна зусім невялікая. Усяго 36 старонак. У апісанні Слуцкага павета пералічаны найбольш цікавыя з гістарычнага боку населеныя пункты. Сярод іх сустракаем Клецк, Сіняўку, Галынку і Радзівілімонты. Пра сам горад напісана наступнае: “Мястэчка Клецк над ракою Лань у 60 вярстах ад Слуцка. Стары горад, які згадваецца ўжо ў ХІ ст., у часы Жыгімонта Аўгуста быў перададзены Радзівілам, якія ў 1586 г. утварылі клецкую ардынацыю з рэзідэнцыяй у Радзівілімонтах. У 1874 г. ардынацыя была аб’яднана з Нясвіжскай. Мураваны касцёл вядомы з 1550 г. Мясцовасць гэта вядомая дзякуючы перамозе над татарамі, якія пустошылі край, атрыманай у 1506 г. польскім войскам пад камандаваннем князя Міхаіла Глінскага”. Не тлумачыцца, на якой падставе атрады наваградскай, менскай, гарадзенскай шляхты, сярод якой не было ніводнага паляка, ператварыліся ў “войска польскае”. Але трэба ўлічваць, што кніга сярод іншага павінна была паказаць “адвечную польскасць” Міншчыны. Таму не варта чакаць ад яе поўнай гістарычнай аб’ектыўнасці.

З Сіняўкай – значнай паштовай станцыяй на Брэст-Маскоўскай шашы і княжацкай рэзідэнцыяй Радзівілімонты – усё зразумела. А вось чым заслужыла ўвагі Галынка? “Вёска… над ракою Нача, на мяжы з Палессем, даўняя спадчына Вендорфаў, апісаная ва “Ўспамінах” Евы з Вендорфаў Фялінскай, якая правяла тут свае маладыя гады”. Нашу зямлячку шанавалі суседзі, і прыкра, што яе ўспаміны да гэтага часу не выдадзены ў перакладзе на беларускую мову.

Згадку пра Клецк знаходзім на старонках “Ілюстраванага штотыднёвіка” ў лістападзе 1924 г. “Дзіўнае ўражанне робіць Клецк на падарожніка з захаду (маецца на ўвазе ўласна Польшча – А.Б.). Рынак, што сваімі памерамі не саступае кракаўскаму, абстаўлены драўлянымі дамкамі, выступаючыя дахі якіх падперты драўлянымі ж калонамі. Гандлёвыя рады ўтвараюць чатырохкутнік базару з яшчэ адным рынкам усярэдзіне. Вельмі прыгожы і звонку, і з сярэдзіны касцёл, фундаваны каралевай Бонай, у яго сцены ўмураваны каменныя ядры, сабраныя пасля нейкай бітвы з войскамі Вялікага Княства Маскоўскага. У барочнай бажніцы схіліліся над Талмудам вучні вышэйшай школы равінаў. Мястэчка налічвае каля 7000 дастаткова заможных гаспадароў, але няма ў ім ні рэстарана, ні кавярні. У адзіным так званым “гатэлі” сцены “нумароў” не даходзяць да столі, утвараючы цыркуляцыю гукаў і паветра. Умывальнік на ўвесь гатэль толькі адзін…”. Далей аўтар з іроніяй паведамляе, што незадоўга да яго прыезду ў Клецку адбылася самая радыкальная за апошнія паўтары сотні гадоў “рэформа”: бурмістр забараніў… козам і свінням хадзіць па Рыначнай плошчы.

Цікава параўнаць гэта апісанне са звесткамі першага тома “Правадніка па Польшчы”, выдадзенага ў 1935 г. “Мястэчка Клецк налічвае каля 6000 жыхароў, пераважна яўрэяў. На Рыначнай плошчы знаходзяцца гатэлі Гелера, Гельфанда і Лібермана, кошт ад 1 да 2 злотых; рэстараны – Фядзюшына, Абрамовіча і Брожка. Аўтобусная станцыя на Рынку”. Як бачым, прагрэс відавочны.

Пра гісторыю Клецка “Праваднік…” паведамляе: “Горад быў заснаваны ў ХІ або ХІІ ст. і ў той час быў удзельнай сталіцай дрыгавічоў. У XVI ст. некалькі разоў падвяргаўся татарскім набегам, з якіх найбольш памятны набег 1506 г., калі нападнікі былі разбіты князем Міхаілам Глінскім. Падчас бітвы загінула каля 20000 татар, а кроў з поля бітвы заліла прылеглы стаў, які з таго часу пачалі называць Красным Ставам. У 1660 г. праз Клецк праходзіла войска Хаванскага, а ў 1706 г. тут прабыў тры дні Карл ХІІ”. Турыстам прапануецца агледзець найбольш цікавыя помнікі: “На ўскрайку мястэчка, пры дарозе да в.Пшэароўшчына (Бравароўшчына – А.Б.) – фарны касцёл, закладзены ў 1450 г. Андрэем Маствілавіцкім і скончаны на сродкі каралевы Боны. На Рынку – праваслаўная царква – колішні дамініканскі касцёл, фундаваны Станіславам Радзівілам, а таксама – барочная яўрэйская сінагога”. Найбольш цікаўныя падарожнікі маглі, атрымаўшы пропуск у Нясвіжскім павятовым старастве, наведаць савецка-польскую мяжу і, з дазволу афіцэраў Корпуса пагранічнай аховы, агледзець стражніцы, казармы, азнаёміцца з жыццём пагранічнікаў.

З краязнаўчага часопіса “Зямля” можна дазнацца, што ў 1925 г. у Клецку сталі брукаваць вуліцы і распачалі электрыфікацыю мястэчка. З іншых адметных падзей таго года згадваецца, што жыхары вёскі Панача першымі ва ўсім Наваградскім ваяводстве згадзіліся на правядзенне камасацыі (рассялення на хутары). Тады ж было вырашана адкрыць у Клецку рамесную школу, але гэта рашэнне, верагодна, так і не ўвасобілася ў жыццё.
Акрамя таго, у згаданых выданнях змяшчалася нямала цікавых фотаздымкаў. “Ілюстраваны штотыднёвік” у 1925 г. надрукаваў два здымкі клецкага рынка, а таксама – сядзіб у Янавічах і Лецяшыне. На старонках спецыяльнага выпуску “Зямлі”, прысвечанага Наваградскаму ваяводству, сустракаюцца здымкі, зробленыя ў Клецку, Галынцы, Лецяшыне, Радзівілімонтах, Навадворках. Аўтарам некаторых з іх быў вядомы фотамастак Ян Булгак.

Безумоўна, прыведзеная інфармацыя не заўсёды дакладная ў сваёй гістарычнай частцы. Але яна дазваляе зірнуць на Клеччыну вачыма польскіх краязнаўцаў мінулага стагоддзя. Нешта можна аспрэчыць, з нечым згадзіцца. А ў цэлым атрымліваецца някепскі “абмен вопытам” паміж эпохамі.

 

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter