Рэвалюцыйныя падзеі і ўстанаўленне Савецкай улады

Да 1919 г. на тэрыторыі, якая ўваходзіць у склад сучаснага Лёзненскага раёна, былі 4 воласці: Веляшковіцкая (уваходзіла ў склад Віцебскага павета Віцебскай губерні), Лёзненская, Высачанская, Дабрамыслянская (уваходзілі ў склад Аршанскага павета Магілёўскай губерні).

Праз два тыдні пасля перамогі Кастрычніцкага ўзброенага паўстання ў Петраградзе і абвяшчэння Савецкай улады надзвычайны сход сялянскіх таварыстваў Аршанскага павета прыняў рэзалюцыю аб прызнанні і падтрымцы Савета народных камісараў і ажыццяўленні Дэкрэта аб зямлі, выбраў часовае бюро па сялянскіх справах, у якое ўвайшоў і прадстаўнік ад Лёзненскай і Дабрамыслянскай валасцей - Камісараў. Бюро стала аддзелам Аршанскага павятовага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта. Адным з першых у пачатку 1918 г. быў арганізаваны Бабінавіцкі местачковы Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Валасныя органы Савецкай улады ствараліся ў студзені, лютым і сакавіку 1918 г.

Звергнуць Савецкую ўладу першымі спрабавалі польскія легіянеры з корпуса генерала Доўбар-Мусніцкага, якія ўзнялі мяцеж у пачатку 1918 г. Яны размяшчаліся і ў раёне населеных пунктаў Высачаны, Крынкі, Бабінавічы і Дабрамыслі.

Для абароны заваёў Кастрычніцкай рэвалюцыі стварыліся ваенна-рэвалюцыйныя камітэты.  2 мая 1918 г. быў створаны Дабрамыслянскі РВК на чале з М.Л. Левянковым. У той жа дзень быў аб'яўлены прызыў у атрад Чырвонай гвардыі, у які запісалася 25 чалавек. Атрад у ліпені 1918 г. удзельнічаў у падаўленні контррэвалюцыйнага мяцяжу ў Дабрамыслянскай воласці. Пазней рэўкамы былі створаны ў Высачанах, Лёзне, Бабінавічах, Калышках, Веляшковічах.

У сакавіку-верасні 1918 г. у 12 паветах Заходняй вобласці было нацыяналізавана 31 прамысловае прадпрыемства, у тым ліку і Высачанская льнопрадзільная фабрыка. Аднаўлялася работа прамысловых прадпрыемстваў. Працоўныя змагаліся з эканамічнай разрухай, дапамагалі Чырвонай Арміі. Але становішча  заставалася надзвычай цяжкім, рабочыя і служачыя цярпелі вялікія матэрыяльныя нястачы. У акце прыняцця ў Віцебскі павет і губерню Дабрамыслянскай воласці ў пачатку жніўня 1919 г. гэта становішча характарызуецца так: «Зямля ў воласці апрацавана не ўся з-за адсутнасці насення. Харчовае пытанне нездавальняючае. Насельніцтва моцна пакутуе з-за адсутнасці прадметаў першай неабходнасці: солі, цукру, газы, мануфактуры, кос, плугоў і г. д. На гэтай глебе моцна развіта спекуляцыя... У воласці ёсць адзіны культурны маёнтак «Зачэрня», у якім налічваецца 22 каровы, 5 коней і 10 галоў дробнай жывёлы. Зямлі апрацавана частка, астатняя пустуе. Акрамя таго, маюцца маёнтак «Перамонт», дзе зямля апрацоўваецца часткова, пяццю-шасцю сямействамі, і маёнтак «Заазер'е», дзе амаль уся зямля пустуе».

Ва ўмовах эканамічнай разрухі адбываліся пераўтварэнні ў галіне культуры. 29 верасня 1918 г. заснавана Лёзненскае культурна-асветнае таварыства, якое адкрывала школы для дарослых, бібліятэкі, хаты-чытальні, арганізоўвала народныя чытанні, лекцыі, народныя вечары, спектаклі, канцэрты, займалася пытаннямі пазашкольнага выхавання дзяцей. У 1918-19 гг. былі створаны Лёзненская грамадская бібліятэка з аддзеламі ў весках Завольша, Малькава, Лёзненскі гурток пралетарскай культуры, культурна-асветны гурток вёсак Матушова, Куляціна, Макаранкі. Адбываліся змены ў сістэме народнай адукацыі.

У жніўні 1919 г. адбыліся змены ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле - Лёзненская, Высачанская і Дабрамыслянская воласці ўвайшлі ў склад Віцебскага павета Віцебскай губерні. Была прынята пастанова скасаваць гарадскі Савет заштатнага г. Бабінавічы, а замест яго стварыць пасялковы Савет. Паводле звестак, на 20 жніўня 1919 г. у Веляшковіцкай воласці было 13 631, у Лёзненскай - 9394, у Дабрамыслянскай - 10 122, у Высачанскай - 11 886 жыхароў.

 У Лёзне насельніцтва было 2055, Калышках - 1433, Бабінавічах - 1386, Дабрамыслях - 603 чалавекі.

У сувязі з абвастрэннем абстаноўкі на фронце ў маі 1919 г. Лёзненскі валвыканкам прыняў тэрміновыя меры для ўзмацнення ваеннай работы. Сельскім Саветам было загадана ахоўваць чыгунку і масты, за выкананнем быў наладжаны строгі кантроль, быў праведзены збор грашовых сродкаў на карысць чырвонаармейцаў, якія па магчымасці забяспечваліся хлебным пайком, кватэрамі, агародамі.

Ва ўмовах грамадзянскай вайны цяжкае эканамічнае становішча насельніцтва, голад, захворванні, нястача хлеба і солі яшчэ больш пагаршаліся харчразвёрсткай. 31 кастрычніка 1920 г. газета «Звязда» паведамляла: «Сяляне Лёзненскай і Веляшковіцкай валасцей Віцебскай губерні здалі звыш гадавога хлебнага нараду 500 пудоў хлеба кожная». Такім чынам, пасля здачы харчразвёрсткі сялянскія двары засталіся пустымі.

Новыя абставіны пасля грамадзянскай вайны патрабавалі ўмацавання саюзу рабочага класа і сялянства на эканамічнай аснове. Для аднаўлення эканомікі неабходна было паскорыць развіццё сельскай гаспадаркі.

У гады нэпа праводзіўся курс на каапераванне дробнай вытворчасці. Так, 1 снежня 1921 г. пачаў фактычную работу Віцебскі тэкстыльны трэст, у які ўвайшлі Высачанская льнопрадзільная фабрыка «Высачаны» і завод «Касцяёва» Высачанскай воласці.

У вёсцы пашыраліся спажывецкія, крэдытныя і збытавыя кааператывы, ствараліся калектыўныя гаспадаркі, аднаўляліся саўгасы.

Асобую ролю ў аднаўленчы перыяд адыгрывалі сельскагаспадарчыя камуны, створаныя яшчэ ў 1918-19 гг., працоўныя арцелі, таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі. У Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці захоўваецца акт ад 16 мая 1922 г., у якім адзначана, што ўжо ў 1918 г. у Дабрамыслянскай воласці была створана камуна «Вішняк». Складалася яна  з 7 сем'яў:  Канстанціна Кавалёва, Міхаіла Сарокіна, Мяфодзія Гапеева,  Ільі  Ільюшчанкі,  Міхаіла Сцепаненкі, Акуліны Голубевай і Сцепаніды Яшчанкавай. У ліпені 1919 г. у камуну ўваходзіла 15 сем'яў. У ёй было 18 кароў, 6 коней і 12 галоў іншай жывёлы. У кастрычніку 1924 г. камуна «Вішняк» перададзена ў склад працоўнай земляробчай арцелі імя Вінчэўскага.

Паводле  звестак, на май 1919 г. у Веляшковіцкай воласці  былі  камуны «Прагрэс», «Кавалі», «Зібяргува», «Хучэўская», у Каралёўскай воласці - «Стасева», «Хацямлянская» і «Кавалі».

Першыя саўгасы на Лёзненшчыне былі створаны ў 1918-19 гг. У лістападзе 1918 г. арганізаваны саўгас «Крынкі». У 1920 г. у гаспадарцы было 325 дзесяцін зямлі, у тым ліку пад ворывам - 196, лугамі - 69, садамі - 5, агародамі - 3, паркам - 3. Іншыя землі склалі 52 дзесяціны. Абслугоўвалі гаспадарку 17 рабочых-паляводаў, 5 жывёлаводаў, 4 тэхнічныя работнікі.

У 1919 г. арганізаваны саўгас «Адаменкі». У 1920 г. у гаспадарцы было 452 дзесяціны зямлі, 35 коней, 63 каровы, 15 авечак, 19 свіней і інш., працавала 17 рабочых  і служачых.

Паводле звестак, на 31 студзеня 1922 г. на Лёзненшчыне існавалі саўгасы  «Міхайлова», «Зачэрня», «Емельянова», «Завольша», «Альхімкава», «Перамонт», «Станіславова-Чарнаручча».

Лёзненшчына стаяла напярэдадні калектывізацыі, якая павінна была ўмацаваць новы лад.

У 1925 годзе створана першая арцель у в. Малькава пад назвай “1 Мая”. Гэта быў першы калгас са сваім статутам,  старшынёй якога быў Сяргей Церахаў.

Прамысловасць раёна на той час пераважна вырабляла запалкі, цэглу, віно, муку, апрацоўвала лён, скуры і лес.

Расла спажывецкая кааперацыя, якая дапамагала сялянам у продажы прадуктаў жывёлагадоўлі, лёну, бульбы, малака, забяспечвала насельніцтва прамысловымі таварамі, давала грашовыя і рэчавыя пазыкі.

Работа па аднаўленні народнай гаспадаркі прынесла пэўныя вынікі. Будаваліся новыя і рэканструяваліся ўжо існуючыя прадпрыемствы, пачалося будаўніцтва электрастанцый у Лёзне.  

 

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter