Князь-Бор

Маляўнічы, светлы дубовы гай падступае да самай вёскі. Магутныя ствалы з шэрай, нібы літой карой падпіраюць, здаецца, само неба. Такое ўражанне, нібы I. Шышкін пісаў у гэтай дуброве сваю вядомую карціну «Дождж у дубовым лесе». За гаем — нізіна, зараснікі лазы — і шырокія прырэчныя лугі з азёрамі і старыцамі, з магутнымі дубамі- асілкамі, не раз адзначанымі маланкамі, напалову сухімі, але надзвычай жывучымі. Сцяжынка выводзіць на бераг ракі. Тут ціхая лясная Случ уліваецца ў паўнаводную Прыпяць...