Дзяцелавіцкі манастыр

Канстанцін Долмат, не маючы дзяцей "и движимый благочестивой ревностью о поддержании православия, преследуемого уже возникшей тогда унией, с согласия и жаления своей жены Анны из дома Юрковских" запісаў на Дзяцелавіцкую Прэабражэнскую царкву свае маёнткі — вёскі Дзяцелавічы, Лулінец і Мелясніцу разам з жыхарамі. У дароўным запісе была пастаўлена ўмова, каб кіева-пячэрскія манахі заснавалі ў Дзяцелавічах мужчынскі манастыр, падпарадкаваны Канстанцінопальскаму патрыярху і Кіеўскаму мітрапаліту.

Паміж 1622 і 1625 гг. адбылося ўзвядзенне манастыра. "Назву сваю гэты манастыр мае па сялу Дзяцелавічы, пры якім і пры рацэ Малай Цне становішча сваё мае, будучы абкружаны лясамі і балотамі. Начальства там здаўна ігуменскае, але калі дакладна і кім зацверджана, аб тым звестак няма... Царква там стаіць у імя Прэабражэння Гасподняга, драўляная, новая, іншыя манастырскія будынкі, а менавіта келляў для настаяцеля і браціі — дзесяць, паварня з пякарняю, амбара для хлеба і ўтрымання харчовых прыпасаў, хлявы і канюшні — усе драўляныя".

Дзятлавічы

У 1566 г. Станіслаў Андрэевіч Давойна — стрыечны брат полацкага ваяводы Станіслава Давойны, які трапіў у маскоўскі палон, — ад імя свайго родзіча прадаў шляхціцу Паўлу Падарэўскаму сяло Дзяцелавічы. У 1567 г. гэты ўласнік маёнтка павінен быў ставіць у войска ВКЛ конных воінаў, гэта азначае, што Дзяцелавічы налічвалі каля 40 сялянскіх двароў. Гэта быў першы шляхецкі маёнтак на Лунінеччыне, які ўжо не быў задаткам да вялізных магнацкіх вотчын. У 1578, 1580, 1581 гг. Дзяцелавічы — двор-цэнтр маёнтка Наваградскага павета, уласнасць Мікалая Паўлавіча Падарэўскага, мае 60 служб сялян-даннікаў. У 1588 г. Дзяцелавічы — сяло Наваградскага павета, уласнасць Мікалая Падарэўскага. У 1599 г. — мястэчка Наваградскага павета. У 1604 г. — маёнтак Наваградскага павета, уласнасць Ганны Мікалаеўны Падарэўскай і яе мужа Крыштофа Коса, а таксама Адама Падарэўскага, яе дзядзькі, раздзел, абмежаванне.