Дзятлавічы

У 1566 г. Станіслаў Андрэевіч Давойна — стрыечны брат полацкага ваяводы Станіслава Давойны, які трапіў у маскоўскі палон, — ад імя свайго родзіча прадаў шляхціцу Паўлу Падарэўскаму сяло Дзяцелавічы. У 1567 г. гэты ўласнік маёнтка павінен быў ставіць у войска ВКЛ конных воінаў, гэта азначае, што Дзяцелавічы налічвалі каля 40 сялянскіх двароў. Гэта быў першы шляхецкі маёнтак на Лунінеччыне, які ўжо не быў задаткам да вялізных магнацкіх вотчын. У 1578, 1580, 1581 гг. Дзяцелавічы — двор-цэнтр маёнтка Наваградскага павета, уласнасць Мікалая Паўлавіча Падарэўскага, мае 60 служб сялян-даннікаў. У 1588 г. Дзяцелавічы — сяло Наваградскага павета, уласнасць Мікалая Падарэўскага. У 1599 г. — мястэчка Наваградскага павета. У 1604 г. — маёнтак Наваградскага павета, уласнасць Ганны Мікалаеўны Падарэўскай і яе мужа Крыштофа Коса, а таксама Адама Падарэўскага, яе дзядзькі, раздзел, абмежаванне.

Хутка Падарэўскія прадалі Дзяцелавічы Якубу Кунцэвічу. Апошні прыходзіўся родзічам Барбары Нарушэвіч, ад якой набыў належачы ёй маёнтак Лунінец. У 1618 г. Якуб Кунцэвіч разам з сынам Мікалаем прадалі Лунінец і Дзяцелавічы Канстанціну Багданавічу Долмату. У 1620 г. — 68 валок зямлі.

Асаблівасцю маёнтка былі вялікія сялянскія надзелы — тыповым быў надзел не ў паўвалокі, а ў цэлую валоку. Тут 6,5 валокі часова пуставалі, а астатнія 61,5 — належалі 5 баярскім і 58 сялянскім дварам. У Дзяцелавічах з 1 валокі належала плаціць чынш у памеры 1 капы (60 грошаў). Але тут з'явілася так званая "пашня дворская" — панская ворыўная зямля, якую сяляне павінны былі апрацоўваць узамен іншых павіннасцей. 3 кожнай валокі трэба было адпрацаваць на ёй 2 дні ў тыдзень. Апрача чыншу і прыгону, захоўвалася і натуральная даніна (дзякло) у памеры 1 медніцы мёду ёмкасцю ў 28 кварт (крыху менш 20 літраў), па дзежцы жыта і аўса, 3 курыцы і 10 яек у год.

Міхась Спірыдонаў


Прэабражэнская царква. Знаходзіцца на паўночны ўсход ад вёскі, недалёка ад ракі Цна. Пабудавана ў 1823 г. на сродкі Дзяцелавіцкага манастыра. У 1855 г. манастырская царква стала прыходскай, прыбытак 75 рублёў у год, 37 дзесяцін царкоўнай зямлі — ворыва і сенажацяў. У 1859 г. пасаду свяшчэнніка займаў студэнт семінарыі Дзіанісій Навіцкі, а псаломшчыка — Лявонцій Вячорка. У іх карыстанні знаходзіліся 2 жылыя будынкі, 2 амбары, варыўня, 2 гумны і 4 хлявы. У 1871 г. царква была нязначна перароблена. У красавіку 1873 г. пры царкве створана прыходскае папячыцельства, членамі якога былі выбраны сяляне Мірон Канапацкі, Аляксей Жук, Якім Канапацкі, Апанас Насковіч, Стэфан Кацуба, Лонгін Навіцкі, Лука Леўшыц. Прыхаджан 500 душ мужчынскага і 587 — жаночага полу, "рэчамі царква дастатковая". У 1876 г. для настаяцеля царквы быў перароблены дом з амбара на сродкі прыхаджан, пакрыты чаротам, "халодны і не змястоўны". У 1879 г. у прыходзе 2 могілак. Адны — царкоўныя — абнесены драўлянай агароджай, якую зрабілі прыхаджане. Аб старых — манастырскіх — адзначана: "Паблізу сяла ёсць гара, на якой шмат адкрываецца чалавечых касцей, а у самым паселішчы ёсць месца крыху ўзвышанае, на якім пад навесам стаіць ікона, а побач з ёю — тры крыжы. На абодва гэтыя месцы старажылы ўказваюць як на былыя могілкі". У склад прыходу, акрамя Дзятлавіч, уваходзяць вёскі Бараўцы і Купаўцы, прыхаджан 580 мужчын і 520 жанчын, усе сяляне і земляробы, рэлігійнасць іх "у задавальняючым стане". Сярод прыхаджан распаўсюджаны розныя забабоны, напрыклад звычай разводзіць вечарам агонь у варотах дома, дзе хто-небудзь памёр, каб "нябожчык пагрэў ногі". Багадзельні і школы не было, "ад чаго працэнт пісьменнасці ледзь заўважаны". У 1879 г. мела выгляд даўгаватага крыжа з пяццю купаламі, накрытымі белай бляхай і гонтавым дахам. Рамантавалася ў 1870—1871 гг. Адзначалася, што "в стенах и крыше здание церкви не совсем прочное", хаця і быў зроблены рамонт. Звонку царКва не "была пафарбавана, як і сцены ўнутры, дах жа быў чырвонага колеру, столь падшыта дошкамі, падлога драўляная. Ацяплення не было. Унутраная паверхня складала 30 кв.сажняў.

Царква мела два прастолы: галоўны — у імя Прэабражэння Гасподня і прыдзельны — у імя Свяціцеля Мікалая. Шасціярусны іканастас складаўся з 50 "ікон старога пісьма", частка рам якіх была пакрыта пазалотай. Відавочна, іканастас Дзяцелавіцкай царквы ўяўляў мастацкую каштоўнасць, ствараўся ж на працягу амаль двух стагоддзяў. Аб старых манастырскіх часінах нагадвалі і своеасаблівыя пячоры — "под всею церковью были устроены погреба, в которых имеется много гробов, но, кому они принадлежат, неизвестно".

У 80-ых гадах XIX ст. у Дзяцелавіцкай царкве меўся яшчэ посуд, які раней належаў манастыру. На дне аднаго з сярэбраных сасудаў чыталася: "Сию чашу... в Киево-Печорскую лавру церковь соборную дал тоя ж лаври иеромонах Иезекииль Богодуховский. 1763 года месяца марта 18 числа". Самым значным па старажытнасці і каштоўнасці лічыўся запрастольны крыж. З надпісу на ім вынікала, што крыж пастаўлены "при державе пресветлого короля нашего Станислава... Благочестивейшей... императрице Екатерине Алексеевне... и наследнике ея... Великом князе Павле Петровиче " з благаславення Свяцейшага Сінода і архімандрыта Кіева-Пячорскай лаўры Власевіча. Надпіс нагадваў, штў манастыр стварыўся тщанием прежде бывших игуменов" манахамі. Апошні радок - аб тым, што крыж зроблены "при игумене обители сия Всечестном иеромонахе Руфе Дунаевском. 1766 г. июля 13."

З манастырскіх рэліквій у царкве засталося "одно рукописное Евангелие в бархатном переплете без означения когда и кем оно писано". Другое Евангелле — богаслужбовае у металічным з фініфцю акладзе. І ўсё ж Прэабражэнская царква ў Дзяцелавічах лічылася беднай. Увесь царкоўны посуд быў з нізкапробнага срэбра, малакаштоўны, "ризница может быть определена не очень достаточною, из 14 риз только 3 годных к употреблению". Не ўпамінаецца аб манастырскай бібліятэцы. "В церковном архиве метрические книги имеются с 1812 г., а церковные реестры — с 1863, т.е. со времени открытия прихода". З вышэйсказанага зразумела, што ад манастырскай маёмасці амаль нічога не засталося.

Асобна ад царквы была пабудавана званіца. Пяць званоў мелі адпаведна вагу 25 пудоў 28 фунтаў; 18, 15, 10 і 1 пуд. Трэці звон быў з імянным над пісам: "Слил Андрей Волондовски из Рожаней. Буди меня Господне благословенно от ныне и во веках".

Па апісанню 1990 г., кампазіцыя будынка развіта па падоўжанай восі да галоўнага квадратнага ў плане аб'ёму далучаны з усходу група алтарных памяшканняў (апсіда і 2 рызніцы), з захаду — бабінец з 2 бакоўкамі. Асноўны зруб завершаны купалам з васьмерыковым светлавым барабанам, накрытым шатровым дахам. Чатыры чацверыковыя вежы са складанымі барачнымі купалкамі размешчаны на вуглах пабудовы і разам з цэнтральным купалам утвараюць завершаную цэнтрычную кампазіцыю. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі. Прамавугольныя аконныя праёмы аздоблены ліштвамі. Трохсветлавы асноўны аб'ём злучаецца праёмамі з бабінцам і гранёным алтарным зрубам. На паўднёвым баку царквы размешчаны двух'ярусная званіца зрубна-каркаснай канструкцыі (васьмярык на чацверыку), увянчаная шатровым дахам.

Царква — прыклад драўляных культурных пабудоў з рысамі архітэктуры барока і класіцызму.

У 60-ыя гады ўнутранае ўбранне дарквы было разбурана.

У 1848 г. Дзятлавічы — сяло дзяржаўнае (казённае). У 1879 г. у вёсцы адкрыты вадамерны пост. У 1884 г. Дзятлавічы — вёска ва ўсходняй частцы Пінскага павета Лунінскай воласці, над ракой Цна з правага боку ў 1-ай Лагішынскай паліцэйскай акрузе, у 1-ай Пагосцкай судовай і ваеннай акрузе. Пасля адкрыцця ўчастка Баранавічы — Лунінец Палескай чыгункі ў снежні 1884 г. у 2 км ад вёскі створана станцыя Дзятлавічы. Тут спыняўся на 2 хвіліны паштовы поезд № 3 і таварна-пасажырскі — № 7. Начальнікам станцыі Дзятлавічы ў пачатку XX ст. быў П.Д. Чудзіновіч.
Леў Коласаў

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter