Гісторыя. Чашніцкі раён. Пасляваенны перыяд
28 чэрвеня 1944 года Чашніцкі раён быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Было разбурана 187 населеных пунктаў, прычым спаленыя вёскі Чырвоная Раніца, Беларусь, Ярынова, Стайчаўка, Двор і іншыя так і не аднавіліся. Усяго было спалена 2440 двароў, знішчана звыш 3,5 тысяч чалавек. Звыш 1600 чалавек было адагнана ў Германію. Каля 7 тысяч загінула ў барацьбе з ворагам на франтах Вялікай Айчыннай вайны і ў партызанскіх атрадах.
Многія сем'і вымушаны былі жыць у землянках. Гаспадарка калгасаў і саўгасаў, а таксама сельскіх жыхароў была разрабавана. Гэта выклікала масавы голад і хваробы. Прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі была вельмі нізкай. У першыя пасляваенныя годы праца калгаснікаў амаль не аплачвалася. За налічаныя працадні ў канцы года сяляне атрымлівалі невялікую колькасць зерня, алею і нязначную суму грошай. Такое ж становішча было і ў прамысловасці. Былі разбураны папяровая фабрыка «Чырвоная зорка», торфапрадпрыемства «1-е Мая», ільнозаводы ў Чашніках і Замачку, спіртзавод, чыгунка Орша–Лепель.Каля 70 % школ было знішчана, але ў многіх населеных пунктах школы пачалі працаваць ужо 1 верасня 1944 года.