28 чэрвеня 1944 года Чашніцкі раён быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Было разбурана 187 населеных пунктаў, прычым спаленыя вёскі Чырвоная Раніца, Беларусь, Ярынова, Стайчаўка, Двор і іншыя так і не аднавіліся. Усяго было спалена 2440 двароў, знішчана звыш 3,5 тысяч чалавек. Звыш 1600 чалавек было адагнана ў Германію. Каля 7 тысяч загінула ў барацьбе з ворагам на франтах Вялікай Айчыннай вайны і ў партызанскіх атрадах.
Многія сем'і вымушаны былі жыць у землянках. Гаспадарка калгасаў і саўгасаў, а таксама сельскіх жыхароў была разрабавана. Гэта выклікала масавы голад і хваробы. Прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі была вельмі нізкай. У першыя пасляваенныя годы праца калгаснікаў амаль не аплачвалася. За налічаныя працадні ў канцы года сяляне атрымлівалі невялікую колькасць зерня, алею і нязначную суму грошай. Такое ж становішча было і ў прамысловасці. Былі разбураны папяровая фабрыка «Чырвоная зорка», торфапрадпрыемства «1-е Мая», ільнозаводы ў Чашніках і Замачку, спіртзавод, чыгунка Орша–Лепель.Каля 70 % школ было знішчана, але ў многіх населеных пунктах школы пачалі працаваць ужо 1 верасня 1944 года.
Паступова аднаўляліся калгасы і саўгасы, пачалі працаваць МТС у Чашніках, Вятна і Пачаевічах. У канцы 40-х гг. узнавілі работу папяровая фабрыка «Чырвоная Зорка», цагельныя заводы ў Руці і Гілях, ільнозавод і спіртзавод у Чашніках, торфапрадпрыемства «1-е Мая». У канцы 1949 г. была пабудавана Лукомская міжкалгасная ГЭС. З яе пускам 2/3 усіх калгасаў раёна атрымалі электраэнергію. Гэта дазволіла арганізаваць у калгасах дзевяці сельсаветаў электрамалацьбу, электрадаенне кароў, асвятленне жылых і гасападарчых пабудоў. Ужо ў 1944 г. было пабудавана 178 жылых дамоў, а ў 1945 г. – 370 дамоў.
У верасні 1945 г. была адноўлена першая, у 1948 г. – другая, у 1950 г. – трэцяя папераробчая машына на фабрыцы «Чырвоная зорка». З 1959 г. пачалася мадэрнізацыя і ўкараненне новай тэхнікі. У 1960 г былі ўведзены ў эксплуатацыю рулонаўпаковачная машына і цэх шырпатрэбу. Першая чарга завода керамзітавага гравію была ўведзена ў эксплуатацыю ў лістападзе 1976 г., другая – у верасні 1983 г. У 1975 г. быў створаны завод «Этон» як філіял Віцебскага завода тэхналагічнага абсталявання «Эвістар».
25 снежня 1962 года раён скасаваны, тэрыторыя перададзена Бешанковіцкаму раёну, 6 студзеня 1965 года раён зноў утвораны на ранейшай тэрыторыі, адначасова далучаны 2 сельсаветы Лепельскага раёна.
У лютым 1964 г. пачаліся падрыхтоўчыя работы па будаўніцтву магутнай электрастанцыі Лукомскай ДРЭС на ўсходнім беразе Лукомскага возера. Для будаўнікоў электрастанцыі паралельна ўзводзіўся пасёлак энергетыкаў. 31 снежня 1965 года пераўтвораны ў гарадскі пасёлак Новалукомль. 22 снежня 1969 года ва ўрачыстай абстаноўцы быў выведзены на рабочы рэжым і даў ток у энергасістэму першы энергаблок магутнасцю 300 тыс. кілават. 8 жніўня 1970 года быў уведзены другі энергаблок, а 9 снежня – трэці. У 1991 г. пачаўся паступовы перавод на карыстанне больш экалагічна чыстым і танным прыродным газам замест мазуту.
8 снежня 1991 года быў дэнансаваны дагавор аб утварэнні СССР і замест яе стварылася СНД. Эканамічныя і гандлёвыя сувязі паміж рэспублікамі абарваліся. Ва ўмовах рыначных рэформ, якія атрымалі назву «шокавай тэрапіі», прадукцыя прадпрымстваў раёна стала неканкурэнтаздольнай. У выніку гэтага рэзка пагоршылася матэрыяльнае становішча і жыццёвы ўзровень насельніцтва. Крызіс прывёў да вострага дэфіцыту тавараў народнага спажывання, да ўвядзення картачнай і талоннай сістэмы, чэргаў. Многія жыхары раёна звальняліся з прадпрыемстваў. Усё гэта прывяло да жорсткай эканоміи ўсіх рэсурсаў, тэхнічнай мадэрнізацыи і рэканструкцыі прадпрыемстваў. З гэтага часу назіраецца тэндэнцыя зніжэння нараджальнасці, колькасць насельнітва пастаянна скарачаецца. У 1990-х гг. рэзка скарацілася колькасць вучняў. У 1990–1991 гг. у раёне налічвалася 41 школа, у 2005–2006 гг. – 21.
Адным з прыярэтэтных накірункаў палітыкі з'яўлялася аднаўленне і адраджэнне вёскі.
Спачатку ўсе саўгасы раёна ў 2000 г. былі пераўтвораны ў камунальныя унітарныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы (КУСХП). Адсталыя калгасы былі далучаны да больш заможных і паспяховых суседзяў. Так, у 2001 г. калгас імя Куйбышава быў далучаны да калгаса «Перамога». У 2003 г. калгасы былі пераўтвораны ў сельскагаспадарчыя кааператывы (СВК). Ужо ў 2004 г. ураджайнасць зерневых культур, бульбы і льну павысілася ў параўнанні з 1990 г.. З 2004 г. пачалі вырошчваць цукровыя буракі. У 2000 г. 35% прадпрыемстваў былі стратнымі, у 2005 г. – 2,5%. За 2005 г. на 6 % павялічыўся рознічны таваразварот. Тэмпы росту аб'ёмаў вытворчасці таварнай прадукцыі за 2006 г. склалі 12,5%, тэмпы росту вытворчасці таварнай прадукцыі за 2006 г. павялічыліся на 8,6%.
На 2015 г. на Чашніччыне дзейнічаюць прадпрыемствы сельскай гаспадаркі, энергетычнай, машынабудаўнічай, папяровай, харчовай прамысловасці і іншыя. У раёне ліцэй, гімназія, 13 сярэдніх і 3 базавыя школы, 2 школы мастацтваў, ДЮСШ алімпійскага рэзерву, фізкультурна-аздараўленчы клуб «Скіна», 11 дашкольных устаноў, цэнтры: сацыяльна-педагагічны, карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, фізкультурна-аздараўленчы клуб «Венера». Працуюць раённыя Цэнтр дзяцей і моладзі, Цэнтр культуры і народнай творчасці, гарадскі дом культуры (г. Чашнікі), Дом рамёстваў, культурна-спартыўны цэнтр, Дом фальклору, 6 сельскіх дамоў культуры, 5 сельскіх клубаў, аўтаклуб, Палац культуры (г. Новалукомль), 2 сельскія клубы-бібліятэкі, гістарычны музей. У сістэме аховы здароўя 3 бальніцы, 5 сельскіх урачэбных амбулаторый агульнай практыкі, 13 ФАПАў, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Выдаецца газета «Чырвоны прамень». Дзейнічаюць 14 рэлігійных абшчын, у тым ліку 6 праваслаўных, 2 каталіцкія, 2 евангельскіх хрысціян-баптыстаў, 4 хрысціян веры евангельскай.
Подробнее...