Населеныя славянамі, крывічамі-полаўцамі – нашымі далёкімі продкамі ў глыбокай старажытнасці, землі сучаснага Чашніцкага раёна ўваходзілі ў склад Полацкай зямлі. На тэрыторыі раёна існавалі два княствы – Лукомскае і Чарэйскае.
Чашніцкі раён займаў цэнтральнае месца ў Полацкім княстве і знаходзіўся паміж такімі гістарычнымі цэнтрамі як Полацк, Віцебск, Орша, Мінск. Землі раёна служылі арэнай ваенных сутычак і шмат разоў знішчаліся. Татарскае войска не кранула Чашніцкі раён, але ў канцы XII ст. пачаліся сутычкі полацкіх князёў з літоўцамі. У 1386 годзе, калі раздробленая на ўдзельныя княствы і паслабленая міжусобнымі сутычкамі Полацкая зямля была пад літоўцамі, тэрыторыя раёна зноў падверглася вогненнаму знішчэнню. 1432–1435 гг. азнаменаваліся новымі разбурэннямі. Свідрыгайла захапіў Лукомль і разграбіў Чарэйскае княства.
Першае ўпамінанне пра Чашнікі адносіцца да 1504 г. ў пераліку буйнейшых пасяленняў Полацкага ваяводства.
Існуе некалькі тлумачэнняў паходжання назвы горада: горад стаіць у нізкім месцы, у Чашніцкай нізіне, нібы ў чашы (адносна люстэрка Лукомскага возера ляжыць на 35 метраў ніжэй); ганчары выраблялі збаны, гарлачы, міскі, чашкі; ад слова «чашнік» – прадстаўнік княжацкай адміністрацыі, які наглядаў за пчалярствам і мёдаварэннем для патрэб княжацкага палаца.
Чашнікі з даўніх часоў адносіліся да спецыфічных тыпаў пасяленняў – мястэчак. Мястэчкі ўзнікалі каля торных дарог, манастыроў, маёнткаў феадалаў, дзе існавалі бойкія кірмашы, вёўся разнастайны гандаль. Адносіліся Чашнікі да групы мястэчак прыватна-ўласніцкіх, свецкіх. У XVI ст. яны ўваходзілі ў Полацкае ваяводства ВКЛ, належалі князям Лукомскім, Радзівілам (разам з воласцю), з канца XVI ст. – Кішкам, у пачатку XVII ст. – Друцкім-Сакалінскім, потым –Сапегам, з 1633 г. – Казаноўскім, з 1649 г. і 1670 г. – Слушкам (Служкам), пасля 1722 г. – С. Быкоўскаму-Лапоце, з 1785 г. – Валадковічам.
Сур'ёзныя баявыя дзеянні праходзілі на чашніцкай зямлі ў ходзе Лівонскай вайны 1558–1558 гг. Падчас бітвы пры Уле 26 студзеня 1564 года войска на чале з вялікім гетманам ВКЛ Мікалаем Радзівілам Рудым нечаканым ударам разграміла 25-тысячную армію князя П. Шуйскага. Чашнікамі ў той час валодала пані ваяводзіна, удава віцебскага ваяводы Станіслава Кішкі Ганна Радзівілаўна. Чашнікі разам з Улай, якая ляжала ў 7 вярстах ад Чашнікаў, недалёка ад вёскі Іванск, уяўлялі значны маёнткавы абшар, да якога адносіліся вёскі Павулле, Жэрына, а таксама Іванск, Дзямідавічы, Копцевічы і іншыя. Гэта пацвярджаецца перапісам войска ў 1568 г., дзе маёнткі Чашнікі і Ула згадваліся як валоданні Ганны Радзівілаўны, межавалі з валоданнямі маёнтка ў в. Баліна і Лукомскай воласцю.
У 1568 г. пад Чашнікамі пацярпелі паражэнне атрад татараў пад камандаваннем Амурата і рускае войска на чале з князем Палецкім, разбітыя гетманам Раманам Сангушкам. У 1580 г. кароль Стэфан Баторый у Чашніках прымаў Ф. Шышмарова, пасла Івана IV Жахлівага. У 1633 г. і пазней да Чашніцкага маёнтка належалі Латыгалічы. Акрамя гэтага, Чашнікам належалі мястэчка і слабада з аднолькавай назвай Валосавічы (цяпер у Лепельскім раёне), засценак у Краснай Луцэ і слабада Забаенне ( сучасныя вёскі Красналукі і Забаенне). Інвентары Чашнікаў 1629 і 1633 гг. паказваюць пачатковы этап развіцця паселішча, якое складалася ў той час з асноўнай часткі і слабод. Цэнтрам мястэчка служыла гандлёвая плошча, дзе знаходзіліся царква са званіцай (з 3 званамі розных памераў), 16 крам і 4 мяшчанскія двары. Ад плошчы ў радыяльных напрамках разыходзіліся 3 вуліцы – дарогі: Іванская (ішла да панскай сядзібы), Лукомская (да Лукомля), Цяпінская (да мястэчка Цяпіна).
Не абмінула бокам Чашніччыну і Паўночная вайна 1700–1721 гг. Па землях прайшлі рускія, польскія і шведскія войскі. Штаб-кватэра князя Меньшыкава часова размяшчалася ў в. Чарэя, а генерала Рэпніна – у в. Лукомль. 19 кастрычніка і 2 лістапада 1708 года пад Чашнікамі адбыліся две бітвы паміж рускімі войскамі пад кіраўніцтвам Б. П. Шарамецьева і шведамі. Мястэчка і замак былі спалены.
У першай палове XVII ст. адбыўся новы этап развіцця мястэчка – у выніку асваення зарэчных тэрыторый утварыліся 3 слабады. Зрабілі і ўпарадкаванне зямель. Кожная гаспадарка мела ў сярэднім каля 1,5 га зямлі, якая падзялялася на дваровую, агародную, сенажатную і ворную. У сярэдзіне XIX ст. тут налічвалася каля 2,5 тысяч жыхароў, сярод якіх нямала было лоцманаў, што наймаліся вясной на баркі, праводзячы іх па Дзвіне да Рыгі. У пачатку XX ст. колькасць жыхароў вырасла амаль да 5 тысяч: існавала 703 драўляных і 48 мураваных дамоў. Многа нашых продкаў загінула ад эпідэміі, пра што сведчыць пісьмо літоўскага гетмана Рыгора Хадкевіча кіеўскаму кашталяну Паўлу Сапегу.
У 80-х – 90-х гг. XVIII ст. мястэчка Чашнікі атрымала розныя гандлёвыя прывілеі. У 1772 г. пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай цэнтрам Полацкага ваяводства сталі Чашнікі, праіснавалі ў гэтай іпастасі да 1793 г. З 1793 г. мястэчка ўвайшло ў склад Расійскай імперыі і адносілася да Лепельскага павета Віцебскай губерні.
У канцы XVIII ст. адбылася значная падзея ў жыцці Чашнікаў, якая вызначыла лёс і род заняткаў многіх яго жыхароў. У 1797 годзе пад надзорам генерала Вітэ пачалося будаўніцтва Бярэзінскай воднай сістэмы (звязвала басейны Дняпра і і Заходняй Дзвіны). Быў пабудаваны Чашніцкі канал (1214 м) з двума шлюзамі на ім; уздоўж канала былі пасаджаны бярозы, што вельмі ўпрыгожвала мястэчка. Пабудавалі прыстань, майстэрні па вырабе гандлёвых суднаў, больш за 40 складоў. Местачкоўцы, працуючы на будаўніцтве шлюзаў, добра авалодалі цяслярнай справай. Жыхары Чашнікаў і навакольных вёсак сталі спасцігаць нялёгкую справу плытагонаў.
Мірныя справы местачкоўцаў былі прыпынены ваеннымі падзеямі 1812 г. Чашніцкія баі адбыліся 31 кастрычніка і 14 лістапада паміж расійскім корпусам генерала П. Х. Вітгенштэйна (30 тыс. чалавек), які рухаўся з Курляндскай губерні, і французскімі карпусамі маршалаў К. Віктора і Н. Ш. Удзіно. Мэта расійскіх войск – не дапусціць адступлення арміі Напалеона I цераз Полацк і Лепель. Французскі корпус Л. Сен-Сіра (Удзіно) пасля бою пад Полацкам адступаў ад горада, потым каля Чашнікаў аб'яднаўся з корпусам Віктора, які рухаўся са Смаленска. Гэтыя карпусы (46 тыс. чалавек) атрымалі загад вярнуць занятыя расійскімі войскамі Полацк і Лепель і адкінуць Вітгенштэйна за Заходнюю Дзвіну. У баі 31 кастрычніка расійскія войскі адцяснілі французскі авангард за ракой Лукомка, але, не маючы сувязі з М. І. Кутузавым, прыпынілі наступленне. У баі 14 лістапада расійскі корпус паспяхова адбіў усе атакі французскіх войскаў і ўтрымаў занятыя пазіцыі. На наступны дзень французскія карпусы пачалі адступленне па дарозе на Бешанковічы. План Напалеона быў сарваны.
Звязаны Чашнікі і з падзеямі нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863–1864 гг. Тады ў касцёле размяшчаўся апорны пункт супраціўлення карным войскам, накіраваным на падаўленне паўстання. Пасля гэтай падзеі каталіцкі касцёл ператварылі ў праваслаўную царкву – Мікалаеўскую.
У другой палове XIX ст. у Чашніках пачалося будаўніцтва невялікіх прадпрыемстваў, у канцы XIX ст. пан Валадковіч разгарнуў будоўлю вялікай па тым часе папяровай фабрыкі. У той перыяд пашырылася тэрыторыя горада, забудоўваліся паўднёвая і ўсходняя яго часткі.
Будаўніцтва папяровай фабрыкі «Скіна» спрыяла ўзнікненню ў Чашніках асноўнага касцяка пралетарыяту, які быў сур'ёзнай рэвалюцыйнай сілай. Вялікае значэнне ў развіцці рэвалюцыйнага руху ў Чашніках і навакольных вёсках мела тое, што значная колькасць насельніцтва займалася лесасплавам. Разам са сплаўшчыкамі – плытагонамі ў гарады ішлі на заробкі многія жыхары раёна. Адтуль яны вярталіся ўзбагачаныя рэвалюцыйнымі ведамі і ідэямі. Рэвалюцыянізацыі сялянства садзейнічала ў першую чаргу цяжкае эканамічнае становішча.
Росту самасвядомасці садзейнічала агітацыйная дзейнасць Віцебскай групы РСДРП. Яны выдзялялі са сваіх радоў агітатараў, якія вялі работу сярод насельніцтва. Ужо ў 1905 г. пад уплывам рабочых папяровай фабрыкі «Скіна» адбыліся сялянскія хваляванні. 28 чэрвеня 1905 года рабочыя правялі мітынг супраць Булыгінскай Думы. У канспіратыўных мэтах мітынг адбыўся на яўрэйскіх могілках. 23(5) жніўня 1905 года ў Чашніках правялі аднадзённую забастоўку пратэсту супраць Дзяржаўнай думы. Пасля паражэння снежаньскага ўзброенага паўстання 1905 г. назіраецца спад стачачнай барацьбы. Але ўжо ў 1906 г. рабочыя папяровай фабрыкі «Скіна» зноў пачалі збірацца на сходы. Часцей за ўсё яны праходзілі ў лесе. Абмяркоўвалі пытанні павышэння заработнай платы, скарачэння працоўнага дня, паляпшэння ўмоў працы.
Барацьба рабочага класа станавілася ўсё больш арганізаванай і наступальнай. У краіне складвалася рэвалюцыйная сітуацыя.
Подробнее...