Клеччына на старонках польскіх выданняў
Збіраючы матэрыял па гісторыі родных мясцін раз-пораз трапляў на згадкі пра іх у польскіх выданнях 1920-30-х гг. Праваднікі для турыстаў, краязнаўчыя і папулярныя часопісы не абыходзілі ўвагаю наш край. Вось некаторыя прыклады такіх матэрыялаў.
Кніжка “Праваднік па Мінскай губерніі” ўбачыла свет у Варшаве ў 1919 г. Яна зусім невялікая. Усяго 36 старонак. У апісанні Слуцкага павета пералічаны найбольш цікавыя з гістарычнага боку населеныя пункты. Сярод іх сустракаем Клецк, Сіняўку, Галынку і Радзівілімонты. Пра сам горад напісана наступнае: “Мястэчка Клецк над ракою Лань у 60 вярстах ад Слуцка. Стары горад, які згадваецца ўжо ў ХІ ст., у часы Жыгімонта Аўгуста быў перададзены Радзівілам, якія ў 1586 г. утварылі клецкую ардынацыю з рэзідэнцыяй у Радзівілімонтах. У 1874 г. ардынацыя была аб’яднана з Нясвіжскай. Мураваны касцёл вядомы з 1550 г. Мясцовасць гэта вядомая дзякуючы перамозе над татарамі, якія пустошылі край, атрыманай у 1506 г. польскім войскам пад камандаваннем князя Міхаіла Глінскага”. Не тлумачыцца, на якой падставе атрады наваградскай, менскай, гарадзенскай шляхты, сярод якой не было ніводнага паляка, ператварыліся ў “войска польскае”. Але трэба ўлічваць, што кніга сярод іншага павінна была паказаць “адвечную польскасць” Міншчыны. Таму не варта чакаць ад яе поўнай гістарычнай аб’ектыўнасці.