Гісторыя. Шумілінскі раён. Пасляваенны перыяд
Пасляваеннай разрусе працаўнікі Шуміліншчыны супрацьпаставілі мужнасць, самаадданую працу, згуртаванасць і веру ў поспех. У цяжкую хвіліну людзі прыходзілі на дапамогу адзін аднаму, думаючы ў першую чаргу аб дзецях і хлебе. Рашэннем Сіроцінскага райвыканкама 2 кастрычніка 1944 г. была створана спецыяльная камісія па ўладкаванні дзяцей-сірот. Да вясны 1945 г. у раёне заставалася яшчэ замініравана плошча ў 360 га, з іх 120 га раллі. Для вызвалення зраненай, абпаленай зямлі было падрыхтавана на спецыяльных курсах каля ста спецыялістаў па размініраванні. Вясновая сяўба праходзіла ў неверагодна цяжкіх умовах. Насенне калгаснікам прыходзілася насіць на сабе здалёку, часам за 40 кіламетраў. Не на чым было араць, не хапала працоўных рук.